Фізіка: эксперымент у школе і ў жыцці

У знаёмых Таццяны Гайфулаўны Цюшкевіч ніколі не было сумненняў, што яна будзе настаўніцай: маці працавала ў БрДПУ імя А.С.Пушкіна з дня яго заснавання, бабуля была гувернанткай — вучыла чужых дзетак. Хаця будучы педагог і марыла аб прафесіі ўрача, агульнае меркаванне адыграла сваю ролю. Яна пайшла ў педагогі. Сёлета настаўніца фізікі намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце сярэдняй школы Тэльмаў-1 Брэсцкага раёна Таццяна Гайфулаўна Цюшкевіч святкуе 30-гадовы юбілей педагагічнай дзейнасці.

“Чаму абрала менавіта фізіку? Шчыра кажучы, больш любіла матэматыку — школьніцай магла гадзінамі сядзець над трыганаметрычнымі тоеснасцямі. Але добра разумела, што матэматыку або любіш, або не. А прымусіць палюбіць матэматыку дзяцей, якім яна нецікава, практычна немагчыма. З фізікай жа зусім іншая справа. Тут дастаткова нейкага незвычайнага эксперымента — і ўсё, вочы дзіцяці загарэліся, яму цікава”.

Нестандартны падыход да стандартных тэм

Таццяна Гайфулаўна прагная да ўсяго новага, эксперыментуе не толькі на ўроках, але і ў асабістым жыцці: мае 35-гадовы стаж кіравання аўтамабілем (вадзіцель-прафесіянал катэгорый В і С), займалася парашутным спортам, танцавала ў калектыве “Брэстаўчанка”, займалася дайвінгам, упэўнена стаіць на каньках і плавае ў басейне, зараз захапілася горнымі лыжамі, а таксама спявае ў акадэмічным польскім хоры Zgoda. Такі ж эксперыментатарскі падыход у педагога і пры выкладанні фізікі: Т.Г.Цюшкевіч любіць нестандартныя ўрокі, спаборніцтвы, гульні, урокі-блокі, урокі — прэс-канферэнцыі, для малодшых навучэнцаў — урокі-казкі і ўрокі-крыжаванкі.

“Нядаўна праводзіла ў адным з класаў урок-даследаванне на тэму “Чалавек — крыніца механічных хваль”. Напрыклад, вы ведаеце такі незвычайны факт, што за 8,5 гадзіны лыжнага прабегу на 100 км сэрца спартсмена перапампоўвае 35 тон крыві — цэлую чыгуначную цыстэрну? Мы з навучэнцамі ўжо ведаем. Даспадобы мне інтэграваныя ўрокі. Напрыклад, калі тлумачу дзецям дзеянне сілы, то мы ўспамінаем байку “Лебедзь, рак ды шчупак” і разглядаем твор Крылова з пункту гледжання механікі. Байка пераўтвараецца ў механічную задачу на складанне некалькіх сіл, якія дзейнічаюць пад вуглом адна да адной. Такі незвычайны падыход у метадах выкладання, адсутнасць фармалізму на ўроку заўсёды падабаецца і школьнікам сярэдніх класаў, і старшакласнікам”.

Кожны ўрок настаўніцы своеасаблівы. Наколькі ён адрозніваецца ад папярэдняга, залежыць ад многага: ад тэмы, ад месца гэтага ўрока ў тэме, ад насторою і падрыхтаванасці класа, лагічнасці, дарэчнасці і іншга. Таццяна Гайфулаўна мае сваё прафесійнае меркаванне наконт кожнага з сучасных метадаў выкладання, але не ўжывае ні адзін з іх у частым выглядзе. Кампілюе, запазычвае тое, што, па яе меркаванні, спрацуе з яе навучэнцамі. На ўроках карыстаецца і аўтарскімі напрацоўкамі — сістэмай плюсоў-мінусаў, апорных канспектаў.

“Калі мне патрэбна зрабіць тэарэтычнае апытанне, складаю фізічны дыктант на 10 пытанняў рознага ўзроўню складанасці і рознай накіраванасці, карыстаюся прыёмам “Дзесяць пытанняў — дзесяць адказаў” на звычайных уроках. Гэта вельмі вынікова, бо пісьмовым апытаннем можна ахапіць увесь клас”.

Не сорамна не ведаць — сорамна не вучыцца

У свой час настаўніца працавала па эксперыменце “Апрабацыя 12-гадовага навучання”. Тады ёй была прапанавала праца ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. І хоць сямейныя абставіны не дазволілі перабрацца ў сталіцу, работу над сабой педагог не спыняе і зараз.

“Ёсць добрая прымаўка на гэтую тэму: “Не сорамна не ведаць — сорамна не вучыцца”. Без самаадукацыі настаўнік памірае як прафесіянал. У рабоце намесніка дырэктара я таксама пільную ўвагу ўдзяляю самаадукацыі. Некалькі гадоў назад на базе нашай школы праводзіўся раённы семінар, дзе мы з калегамі распрацавалі раённыя карты па самаадукацыі, а некалькі тыдняў назад я праводзіла раённы семінар “Сістэма работы настаўніка па абагульненні і апісанні вопыту дзейнасці ў рамках самаадукацыі”.

Калі плюшкінізм на карысць школе

“Асаблівасць фізікі — яе эксперыментальны характар, таму ўкамплектаванасць кабінета — найпершая неабходнасць выкладчыка. Наша школа адзначыла 70-гадовы юбілей, а сам яе будынак мае саракагадовую гісторыю. Зразумела, карыстаемся мы абсталяваннем, якое было набыта 40 гадоў назад. Тут трэба аддаць належнае маім калегам-папярэднікам, якія, як сапраўдныя плюшкіны, усё захавалі, а яшчэ і рацыяналізавалі, адкарэкціравалі. Настаўнікі фізікі ведаюць, што многія дэманстрацыйныя эксперыменты на старым абсталяванні не пакажаш, таму дапамагае сучасная тэхніка. У кожным кабінеце школы — свой камп’ютар”.

Часам настаўніца прапаноўвае дзяцям стаць удзельнікамі падрыхтоўкі да эксперымента, дае дамашнія эксперыментальныя работы. Вялікая эксперыментальная прастора для фізікі — цацкі, якія дэманструюць многія фізічныя законы: завадныя, інерцыйныя, з розным становішчам цэнтра цяжару, гіраскапічныя, гукавыя, магнітныя, цацкі, што дэманструюць сілу Архімеда. Падобных рэчаў у кабінеце Таццяны Гайфулаўны шмат.

Праграмныя нюансы

“У выкладанні любога школьнага прадмета ёсць свае нюансы і праблемы. Найбольш важная праблема ў выкладанні фізікі — “нажніцы” з матэматыкай. З праграмы па матэматыцы прыбралі вектары, а ў фізіцы без вектарных велічынь нікуды. Даводзіцца на ўроках фізікі цалкам тлумачыць, што такое вектар і як яго выкарыстоўваць. Тыя ж дзеянні са ступенямі: яны ў матэматыцы вывучаюцца ў канцы 6 класа, а ў фізіцы неабходны з самага пачатку курса. Ёсць нюансы і з вылічэннямі — я літаральна вучу дзяцей лічыць. Бывае, не хапае часу давесці задачу, якую рашаем у класе, да лагічнага адказу, які выяўляецца ў лічбе. Фізічны сэнс патлумачыш, а вылічэнні пакідаеш на самастойную дамашнюю работу, таму што ў класе ўсё ідзе вельмі марудна. Я ўжо некалькі гадоў параўноўваю адзнакі па матэматыцы і фізіцы: настаўнікі гэтых дысцыплін, не дамаўляючыся, ставяць практычна адную і тую ж адзнаку за чвэрць па сваіх прадметах. Гавару дзецям: “Вы можаце адкрыць сваю навуковую тэорыю, але падвесці яе пад матэматычную аснову”. Фізіка павінна быць у цесным кантакце з матэматыкай.

Дзеці сталі больш абыякавымі. Калі раней з-за “двойкі” перажывалі, яна была амаль што нонсэнсам, то зараз успрымаюць гэтую адзнаку амаль што абыякава. Перад усімі настаўнікамі стаіць праблема, як прыбраць гэтую абыякавасць”.

Турбуе Т.Г.Цюшкевіч і скарачэнне колькасці гадзін: з гэтага года з праграмы 6 класа прыбралі фізіку. Педагогі-псіхолагі прагназуюць максімум сензітыўнага (найбольш спрыяльнага) перыяду развіцця інтэлекту менавіта на 5—6 класы — у гэтым узросце, наадварот, патрэбна пачынаць курс прыродазнаўчых дысцыплін.

Вучыць знаходзіць ісціну

Галоўны прынцып Таццяны Гайфулаўны: вучань павінен дакладна ведаць, дзе знайсці адказ на пытанне, якое яго цікавіць. Добры настаўнік вучыць знаходзіць ісціну, а не распаўсюджвае яе. Самае галоўнае ў прафесіі — выклікаць у навучэнца цікавасць. А яго цікавасць напрамую залежыць ад цікавасці настаўніка. Таццяна Гайфулаўна пераканана: вучацца ў тых, каго любяць. Так адбываецца і з яе навучэнцамі, так было калісьці і з ёй, калі яна вельмі палюбіла тэрмадынаміку, слухаючы лекцыі педагога Людмілы Аляксееўны Вялічка. Зараз Т.Г.Цюшкевіч сама мае выпускнікоў, якія працягнулі адукацыю ў фізіка-матэматычным напрамку не столькі з-за любові да прадмета, колькі з-за прыхільнасці да педагога.

“Самым лепшым я лічу настаўніка, які можа патлумачыць праблемныя для ўспрымання тэмы на пальцах, простай мовай, напрыклад, з дапамогай аналогій, зразумелых дзецям. Майстэрства педагога менавіта ў гэтым. Да таго ж трэба размаўляць на адной мове з навучэнцам: напрыклад, спасцігаць інфармацыйныя тэхналогіі. Калі іх не асвоіць, дзецям ты будзеш нецікавы. Яшчэ на першую прыступку ў плане матывацыі навучэнцаў паставіла б знешні выгляд настаўніка — ахайнасць, прывабнасць.

Сёння мае мінулыя выпускнікі прыводзяць да мяне сваіх дзяцей, хоць я і вельмі патрабавальны педагог. Гэта дарагога каштуе. Не люблю і не прымаю, калі падчас урока нехта з навучэнцаў кажа, што не падрыхтаваны і тэмы не ведае. Заўсёды пытаюся ў адказ: “На экзамен ты таксама прыйдзеш з прадмовай, што не падрыхтаваўся?” Зразумела, бываюць і ўважлівыя прычыны, калі трэба зрабіць для навучэнца выключэнне, але практычна ніколі я не раблю патуранняў”.

Таццяна Гайфулаўна патрабавальная не толькі да іншых, але і да сябе. Хаця ў прафесіі яна ўжо 30 гадоў, да гэтага часу рыхтуецца да ўрокаў. У яе нават ёсць асабістая шкала ацэнкі заняткаў: звычайны ўрок — калі дзеці проста пакідаюць кабінет фізікі, цудоўны — калі вучні дзякуюць педагогу напрыканцы.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва Т.Г.ЦЮШКЕВІЧ.

Каментарыі да “Фізіка: эксперымент у школе і ў жыцці

  1. Екатерина Кривченя 03.02.2017 at 14:25 - Reply

    Добрый день!
    Прекрасная статья о прекрасном педагоге! Я была ее ученицей в 26 школе. Один из моих любимых учителей! Добрая, строгая, справедливая, умная, отзывчивая, грамотная, вообщем, просто обалденный преподаватель. Воспоминания о ней самые приятные. Всегда умела правильно построить работу на уроке и заинтересовать детей. Я думаю, со мной согласятся все ученики Татьяны Гайфулловны).
    Поздравляю с 30-летием профессиональной деятельности! Удачи и успехов во всех начинания и продолжениях! Здоровья и семейного благополучия!
    С уважением, Екатерина Кривченя.

  2. Ирина Лысюк 08.02.2017 at 21:44 - Reply

    Татьяна Гайфулловна забрала наш класс в сшN26 под классное руководство в 8 классе. Педагог от Бога — это про нашу самую лучшую классную! Строгая,но при этом справедливая, принципиальная и понимающая, коммуникативная и глубокая, открытая и мудрая, многогранная и разносторонняя. На уроках никогда не скучали. Татьяна Гайфулловна всегда подает материал в интересной и доступной форме, при этом она действительно зажигает интерес к предмету. Я,будучи абсолютным «лириком», никогда не питала особой любви к точным наукам, но благодаря подход у,профессионализм у и харизме нашей классной тяжелый для меня материал воспринимался легче и проще. История про то как классная сплотила наш класс и была самым лучшим (повторюсь,строгим но справедливым и при этом открытым и вдохновляющим ) классным руководителем,это материал еще для одной статьи.
    И именно благодаря Татьяне Гайфулловне и ее дочери Оли я попала в (!!!!) модельную школу и именно это определило мою дальнейшую судьбу и стало моей профессией.
    11″Б» выпустился из сшN26 в 2003 году…прошло 14 лет…каждые пару лет мы встречаемся с Татьяной Гайфулловной и одноклассниками и на каждой (!!!) встрече во главе стола первой произносит тост самая лучшая классная….пожалуй во всем мире!

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *