Фізіка “на пальцах”

- 12:12Якасць адукацыі

Прагледзеўшы акаўнт у Instagram аспіранта фізічнага факультэта БДУ Паўла Лабацэвіча, можна даведацца пра тое, як утвараюцца ледзяшы, лётаюць ракеты ці рухаюцца спінеры. Зразумець сутнасць дысперсіі і разабрацца ў тым, адкуль і чаму вясёлка мае такую звыклую для нас форму. Павел — аўтар Instagram-праекта “Фізіка для ўсіх”, які праз малюнкі і подпісы да іх тлумачыць нават самым заўзятым лірыкам цікавыя фізічныя з’явы.

Падчас студэнцтва малады навуковец быў старшынёй студэнцкага савета па якасці адукацыі, стаяў ля вытокаў праекта “Навука на пальцах”, удзельнічаў у прасоўванні лекторыя па эксперыментальнай фізіцы, некаторы час арганізоўваў алімпіяды па фізіцы ў БДУ. Сёлета малады аспірант працуе малодшым навуковым супрацоўнікам на кафедры БДУ, рыхтуе кандыдацкую дысертацыю па паўправадніковых лазерах. Нядаўна ён прыняў удзел у міжнародным праекце Science Slam, падчас правядзення якога маладыя вучоныя ў форме стэндапа расказваюць пра свае даследаванні і дасягненні, дзе прадставіў аўтарскі праект па папулярызацыі навукі “Фізіка для ўсіх”. Праект уяўляе сабой ілюстрацыйны акаўнт у Instagram https://www.instagram.com/young_phys/.

Першым штуршком для стварэння праекта “Фізіка для ўсіх” стала тое, што простая для хлопца фізіка адпужвала большасць яго знаёмых. У нейкі момант Паўлу стала крыўдна, што захапляльная навука застаецца нібыта “за бортам” з-за статусу складанасці і фундаментальнасці. Таму ён і зацікавіўся тым, каб яе папулярызаваць, лёгка і даступна тлумачыць жадаючым навуковую інфармацыю.

Яшчэ са школьных гадоў Павел заўважыў за сабой такую з’яву: яму прасцей запамінаць інфармацыю, калі ў гэты момант ён нешта малюе. Гэтая асаблівасць адыграла галоўную ролю пры стварэнні праекта “Фізіка для ўсіх”.

— 80% інфармацыі чалавек атрымлівае дзякуючы зроку. Таму я разумеў, што ствараць трэба было праект даступны візуальна — малюнкавы. Сумненняў, дзе распаўсюджваць малюнкавую інфармацыю, не было, для гэтага існуе спецыялізаваная сацыяльная сетка — Instagram. Калі распрацоўваў акаўнт, разумеў, што данесці інфармацыю праз складаны сур’ёзны малюнак не атрымаецца, таму што гэта папросту не будзе цікава моладзі. Малюю скетчы — алоўкавыя эскізы. На малюнак ідзе ад дзвюх гадзін да пары дзён, пры гэтым адну замалёўку магу перарабляць па некалькі разоў, — расказвае малады навуковец. — Першы час я рабіў праект уціхую. Стварыў акаўнт, размясціў у ім адзін малюнак з подпісам, другі, не раскрываючы аўтарства. Паступова ўбачыў, што ўсталёўваецца тэндэнцыя — людзі пачынаюць падпісвацца, каменціраваць, задаваць пытанні.

Калі Павел убачыў цікавасць з боку наведвальнікаў акаўнту — раскрыў сябе і папрасіў дапамогі сяброў, якія займаюцца адміністраваннем груп у сацыяльных сетках, у прасоўванні праекта. Колькасць цікаўных адразу павялічылася. На сёння праект налічвае амаль 2000 падпісчыкаў. Усю работу ад падрыхтоўкі матэрыялаў да падтрымкі акаўнту аспірант выконвае сам, таму пэўнага графіка публікацый няма.

— Тэмы, якія я выбіраю для публікацый, выпадковыя, але звязаны са штодзённым жыццём: ад прыродных з’яў да такіх папулярных зараз спінераў. Часам падпісанты самі просяць патлумачыць тую ці іншую цікавую ім з’яву. Упэўнены, што скрыня сюжэтаў для публікацый невычарпальная. Каб апісаць усё ў нашай рэчаіснасці з пункту гледжання фізікі, трэба пражыць не адно жыццё, — гаворыць Павел Лабацэвіч.

У рамках свайго праекта Павел вырашыў праверыць вядомую яшчэ са школьнага курса фразу: атам настолькі меншы за баскетбольны мяч, наколькі баскетбольны мяч меншы за Зямлю. Аказалася, што закон для баскетбольнага мяча не спрацоўвае. Калі стаў падбіраць і ўдакладняць даныя, высветліў, што робяць фразу карэктнай толькі мячык для гольфа і атам кіслароду. Такім чынам, Паўлу ўдаецца не толькі тлумачыць фізіку “на пальцах”, але ў той жа час і ўдакладніць вядомыя навуковыя сцвярджэнні.

— Час ад часу праглядаю статыстыку наведванняў Instagram-старонкі і заўважаю, што асноўная маса падпісаных на акаўнт — школьнікі і студэнты. Атрымліваю ад іх зваротную сувязь — задаюць пытанні, прапаноўваюць тэмы, уступаюць у дыскусію. Таксама ў школе вучыцца мая сястра, брат толькі скончыў. Яны пастаянна просяць тлумачэння таго, што не зразумелі на ўроках фізікі. Таму галоўная мэта, якую я стаўлю перад сабой, — каб створаны мной рэсурс працаваў для вучняў, дапамагаў ім спасцігаць складаную навуку без цяжкасцей, а таксама працаваў і для настаўнікаў падчас падрыхтоўкі да ўрокаў. Адчуў на сабе: калі педагогі і выкладчыкі тлумачаць табе тэорыю, але не звязваюць патлумачанае з рэчаіснасцю, не расказваюць, як і дзе можна прымяніць атрыманыя веды, гэтыя веды ў галаве надоўга не асядуць. Просты прыклад: дэкартава сістэма каардынат, якую доўга і марудна вывучаюць у школе. Калі праілюстраваць, што стварэнне камп’ютарных гульняў заснавана на той жа сістэме каардынат, дзе гулец успрымаецца камп’ютарам як кропка ў сістэме, якая рухаецца, мяняе сваё становішча, вывучэнне тэмы ў школе і ўсе звязаныя з ім “графічныя пакуты” становяцца для вучня больш зразумелымі, — перакананы аспірант фізічнага факультэта БДУ. — Фармат Instagramа ставіць свае рамкі — гэта павінны быць цікавыя фотаздымкі ці малюнкі і невялікія подпісы да іх. Магчыма, хацелася б пісаць больш, але ці будуць школьнікі чытаць вялізныя тэксты? Таму працую над тым, каб інфармацыя была як мага больш сціснутай, але не губляла сваёй каштоўнасці.

— Самае складанае — трымаць баланс. Гэта значыць данесці фізічныя тэрміны і з’явы да аўдыторыі з дапамогай як мага больш даступнага тлумачэння, але не перайсці тую мяжу, калі апускаешся ў сваіх тлумачэннях да прымітывізму. Большую частку часу займае не само маляванне, а абдумванне таго, як лепш прадставіць выбраную з’яву, каб яна была займальнай і даступнай для маладога пакалення. Некаторыя эфекты, якія апісваю ў сваім рэсурсе, сам для сябе адкрываю нанова. Калі выбіраю тэму, не спадзяюся толькі на свае веды, а разбіраюся ў ёй дасканала, шукаю дадатковую літаратуру, карыстаюся спецыялізаванымі інтэрнэт-рэсурсамі, пасля перапрацоўваю ўсё ў выглядзе малюнка.

Нядаўна малады навуковец завёў яшчэ і твітэр-акаўнт Young_phys. Спецыфіка гэтай сацыяльнай сеткі — кароткія паведамленні, таму фармат выкладання інфармацыі там іншы, ён не паўтарае інстаграм-версію “Фізіка для ўсіх”.

— Я не стаўлю сваёй мэтай зрабіць так, каб карыстальнікі маімі рэсурсамі зразумелі фізіку, але спадзяюся, што гэта зробіць іх больш адукаванымі, пашырыць іх кругагляд. Усім вядома, чым шырэйшы ў цябе кругагляд, тым больш упэўненым ты сябе адчуваеш, — перакананы Павел.

Аўтар “Фізікі для ўсіх” мае мноства ідэй па пашырэнні праекта, але яму ўвесь час даводзіцца ўзважваць, наколькі гэта магчыма рэалізаваць ва ўмовах пастаяннай занятасці.

— Калі разважаць глабальна, хацелася б стварыць спецыялізаваны сайт, на якім будуць размешчаны раздзелы з цікавай інфармацыяй не толькі па фізіцы, але і па іншых галінах ведаў. Матэматыку, а тым больш мову, біялогію і хімію таксама можна падаць вельмі арыгінальна, проста і цікава для ўсіх. Напрыклад, мая сяброўка займаецца вывучэннем лацінскай мовы. Заўважаю, калі праглядваю яе літаратуру, што многія беларускія словы маюць лацінскія карані. Здаецца, калі правільна падаць і развіць гэтую тэму, можна стварыць займальны рэсурс для школьнікаў і студэнтаў. Таксама ён быў бы карысны і настаўнікам-беларусазнаўцам, — дзеліцца ідэямі аўтар праекта.

Жадаем Паўлу поспехаў у ажыццяўленні планаў!

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.