Як вы ставіцеся да фізічнай культуры ва ўніверсітэце? Не, я не пра гульню за каманду факультэта ў футбол ці валейбол, не пра плаванне ў басейне або заняткі на сучасным стадыёне. І, канечне ж, не пра спартыўную залу, дзе можна заняцца модным кросфітам. Я пра тую фізкультуру, якая праходзіць у парках Горкага ці Чалюскінцаў.
Ці бачылі вы калі-небудзь гэтых гаротных студэнтаў, якія маршыруюць, хутка ходзяць або павольна бягуць па паркавых дарожках? Я бачыла.
І не адзін раз. Больш за тое, такой студэнткай цяпер з’яўляецца мая дачка, ад якой я ўжо не раз чула гэтыя “радасныя” воклічы: “О, сёння зноў гэтая фізра! Зноў давядзецца, бегаючы, гуляць па парку”.
Калі пачула гэта першы раз, то вельмі здзівілася, бо была пераканана, што такія заняткі фізкультурай даўно не праводзяцца. Гэтакі фізкультурны маветон. Мне здавалася, што перамены ва ўніверсітэцкім навучанні — больш прагрэсіўныя. Я была студэнткай крыху больш за 20 гадоў назад, і тады мы таксама, здаралася, займаліся ў парку. Але разам з тым, у нас былі заняткі на стадыёне і ў басейне. І, дарэчы, менавіта ва ўніверсітэцкім басейне мяне навучылі трымацца на вадзе і плаваць.
Але паркавыя забегі дачкі сведчаць пра тое, што “воз і цяпер там”. Канечне, я стараюся яе падбадзёрваць “трывалымі студэнцкімі традыцыямі”. Маўляў, які ты студэнт, калі ў цябе не было фізры ў гарадскім парку? Як гэта ты не бегала крос у доўгім плашчы і на абцасах? Гэта ж так весела! Сапраўды, раз-другі гэта можа быць весела. І зусім не весела было ад апошняй навіны, якую днямі агучыла дачка: “Нам сказалі, што на вуліцы будзем займацца нават тады, калі мароз стукне”.
І на маё крыху з’едлівае, але ж разважлівае: “Ну, хоць паветрам падыхаеце”, сходу зрэагавала: “Ага. Асабліва, калі холадна і пад нагамі хлюпае ці слізка. Акрамя таго, туды ж яшчэ дабрацца трэба! Фактычна атрымліваецца марнаванне часу!
А будзеш прагульваць — не здасі нарматывы і не атрымаеш залік. Няма заліку па фізкультуры — няма допуску да сесіі. Вось такая ў нас матывацыя”. І тут мая разважлівасць ушчэнт разбілася аб довады дачкі.
Сапраўды, нашто тая фізкультура, калі яна не выклікае хоць нейкага пазітыўнага настрою? Калі не бадзёрыць, а раздражняе? Я не супраць фізічнага выхавання ва ўніверсітэце і поўнасцю раздзяляю меркаванні выкладчыкаў і трэнераў, якія пастаянна паўтараюць сваім студэнтам, што рухі цела развіваюць мозг чалавека, што ўніверсітэцкая праграма па фізічным выхаванні накіравана на поўнае развіццё асобы. І, безумоўна, студэнт павінен развівацца не толькі духоўна і інтэлектуальна, але і фізічна, для чаго рэкамендуецца рэгулярна займацца фізкультурай.
Але ў любой справе поспеху можна дабіцца, калі рухацца насустрач адзін аднаму, а не ў розныя бакі. І ў пытанні з паркавай фізкультурай таксама ёсць рашэнне. Або стварайце адпаведныя ўмовы, або залічвайце ўсе тыя фізічныя актыўнасці, якімі студэнты займаюцца не толькі ў сценах універсітэта, але і за яго межамі. А вызвалены час можна выкарыстаць на рэалізацыю іншых карысных спраў і праектаў, якіх ва ўніверсітэтах шмат. Дарэчы, па меркаванні міністра адукацыі, паркавая фізкультура павінна адысці ў нябыт. Абсалютна згодна.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.