Педагагічная згуртаванасць

- 16:17Аўтарскія калонкі, Пункт погляду

Вольга ДУБОЎСКАЯ

 

 

 

 

 

У ёй рэфлексія, самавызначэнне, абмен вопытам, адданасць справе, прафесійны рост. Асаблівую моц гэтая згуртаванасць набывае летам, калі галоўны клопат настаўніка — вучыць — адыходзіць убок.

Канечне, многія жывуць выключна водпускам. Ён у настаўнікаў прыстойны. Але ўвагу прыцягваюць тыя, каму мала проста адпачыць. Ім яшчэ патрэбна перазагрузка. Толькі прафесійная. Гэтым настаўнікам патрэбна адчуць сябе на вастрыні сваёй прафесіі і свайго прафесіяналізму, таму яны не сядзяць дома, а пры першай магчымасці збіраюцца ў дарогу. Напрыклад, у метадычны летнік або на фестываль педмайстэрства.

Прыметнай падзеяй чэрвеня стаў рэспубліканскі семінар-злёт членаў клуба “Крыштальны журавель”, які аб’ядноўвае арганізатараў і ўдзельнікаў рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” розных гадоў. Некалькі дзён у Азёрах, што на Гродзеншчыне, панавала атмасфера натх­нення. Удзельнікі семінара з бляскам у вачах дзяліліся і з удзячнасцю прымалі ад калег назапашаны педагагічны і метадычны вопыт на практыкумах, уроках для дарослых, круглых сталах.

 А затым у Facebook я прачытала допіс настаўніка фізічнай культуры з магілёўскай гімназіі № 3, нашага пастаяннага аўтара Андрэя Бязлепкіна: “Чатырохдзённая работа ў рэжыме нон-стоп у асяроддзі фантастычных настаўнікаў краіны — вялікае задавальненне і гонар”. Так, “жураўлі” ўмеюць здзіўляць, знаходзячы новыя ідэі для прафесійнага росту. Гэта якраз тыя педагогі, якім патрэбна быць на вастрыні сваёй прафесіі, каб, напрык­лад, прананаваць калегам інструменты бізнес-тэхналогій у адукацыйным працэсе або расказаць пра эфектыўны пачатак урока.

Адчуванне педагагічнай згуртаванасці давялося перажыць самой, калі трапіла на Гомельскі абласны фестываль “Педагагічныя надзеі — 2022”. Апынуўшыся ў цэнтры падзей, зноў упэўнілася: псіхалагічныя трэнінгі, практыкумы, майстар-класы маюць не толькі функцыю навучання, яны выдатна працуюць на рэфлексію педагогаў, іх самавызначэнне і прафесійны рост. Цесныя зносіны з калегамі-аднадумцамі маюць гаючую сілу. Яны робяць нас моцнымі і ўпэўненымі, гатовымі без страху рухацца далей. Не сумняваюся, што сярод удзельнікаў “Педагагічных надзей” знойдуцца настаўнікі, гатовыя ўзяць самыя высокія вяршыні — стаць лепшымі педагогамі краіны.

Нядаўна завяршыў сваю работу метадычны летнік для настаўнікаў “Альхоўка-2022”. Сацыяльныя сеткі педагогаў проста стракацяць фотаздымкамі з гэтага вядомага на ўсю краіну мерапрыемства. Акрамя таго, удзель­нікі шчодра дзеляцца і сваімі эмоцыямі. “Як важна апынуцца ў патрэбны момант у патрэбным месцы сярод разумных, добрых, адкрытых, энергічных, таленавітых, крэатыўных людзей, якія гатовы дзяліцца сваімі ведамі і вопытам. Альхоўка — гэта месца сілы, энергіі, матывацыі, станоўчых эмоцый і яркіх падзей. Тыдзень супрацоўніцтва і кааперацыі, актыўнай і плённай працы дазволіў знайсці адказы на ўсе хвалюючыя пытанні побач з тымі, хто бачыць твой патэнцыял нават тады, калі ты сам не бачыш яго”, — падзялілася настаўніца геаграфіі са Слоніма Алена Бараноўская. 

Вось яна — каштоўнасць і моц педагагічнай згуртаванасці. Менавіта ў такім асяроддзі, сярод сяброў-аднадумцаў, мы знаходзім жаданне і натхненне на далейшую працу. На працу, якая будзе толькі ў радасць. А задаволены і ўпэўнены ў сабе настаўнік — гэта задаволеныя і ўпэўненыя ў сабе вучні. Таму вялікі дзякуй тым, хто арганізуе і праводзіць фестывалі і летнікі для педагогаў. Іх клопат прыносіць двайную выгаду.