Фларыстыка: прафесіі няма, але ёсць прафесіяналы

- 10:41Рознае, Якасць адукацыі

Шамаціць лісце пад нагамі, ідзе дождж, гарадскія пейзажы апранаюць шэрую вопратку… Але не спяшайцеся развітвацца з летам. Ва ўсякім разе, пакуль вы не завітаеце ў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Тут толькі нядаўна зацвілі сады падчас Рэспубліканскага конкурсу “Фестываль садоў і кветак”. Мерапрыемства стала самым феерычным этапам мегапраекта “Упрыгожым Беларусь кветкамі”, прымеркаванага да Года культуры і арганізаванага Міністэрствам адукацыі і Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства.

На фестываль з’ехаліся 75 юных фларыстаў з розных куткоў Беларусі. На суд журы яны прадставілі свае “Сады ў мініяцюры”, фларыстычныя аб’екты для саду “Беларусь — крыніца натхнення”, а ўдзельнікі намінацыі “Справа ў капелюшы” правялі паказ фларыстычных капелюшоў.

Арганізатары правялі сапраўднае свята для ўдзельнікаў і гледачоў. Фларысты падрыхтавалі капелюшы загадзя, а вось аздабленне стваралі ўжо падчас фестывалю.

“Мы, члены журы, адзначылі, наколькі ўдала падабраны расліны да форм капелюшоў, — гаворыць Лідзія Паўлаўна Каліноўская, старшыня журы і намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. — І гэта не проста экспромт. Напрыклад, каб на светла-салатавым капелюшы ў верасні распусціліся браткі, гэтыя кветкі былі пасеяны спецыяльна для конкурсу. Цікавая ідэя капелюша, які дзяўчына звязала для сваёй бабулі, а потым дэкарыравала такімі ж палявымі кветкамі, якія яе бабуля ў юнацтве збірала на лузе. Мы ведаем, што капелюшовы рух асабліва быў развіты ў XVIII стагоддзі. І гэты перыяд на фестывалі быў прадстаўлены ва ўсёй красе: на капелюшах былі караблі, дамы ў архітэктурных стылях XVIII стагоддзя. Гэта значыць, што дзеці не проста стваралі капелюшы, а яшчэ паглыбляліся ў гісторыю, знаёміліся з мастацтвам. У капелюшах спалучалася шмат нетрадыцыйных матэрыялаў. Напрыклад, адна з самых прыгожых кветак — архідэя — упрыгожыла зеленаваты каўпак з лямцу”.

Капелюшы, перш чым стаць выставачнымі экспанатамі (на жаль, тэрмін іх жыцця кароткі), “выгульваліся”. Модны паказ арганізавалі прафесійныя мадэлі, якія дапаўнялі вобразы вячэрнімі сукенкамі і арыгінальнымі аксесуарамі. Хаця выглядала не менш прыгожа, калі на імправізаваны подыум выходзілі самі аўтары работ і проста госці фестывалю.

Лепшым дызайнерам капелюшоў стала Надзея Касянок, выхаванка ЦДАДіМ Пінска. Расказваючы пра тонкасці і сакрэты любой фларыстычнай кампазіцыі, Надзея вылучае меру: “Кожны фларыст імкнецца стварыць нешта новае, крэатыўнае, таму часта ёсць спакуса забыцца пра меру. Тут важна ўявіць кампазіцыю, абдумаць, з чаго яна будзе складацца, і не адыходзіць ад задумы, не дабаўляць іншыя кампаненты ці кветкі толькі таму, што яны прыгожыя”.

Апошнім часам усё большую папулярнасць набывае ландшафтны дызайн. Уменне здзіўляць на фестывалі выяўляла намінацыя “Сады ў мініяцюры”. Ствараліся кампазіцыі з раслін, якія ўяўляюць сабой рэальны ландшафт, толькі ў мініяцюры. Гэта складаная задача нават для прафесійных ландшафтных дызайнераў, бо на рэальным участку агульнае ўражанне стварае не столькі планіроўка, колькі прыгажосць раслін: веліч дрэў і шэпт ветру ў іх галінах, статыка хвойнікаў і дынаміка ампельных, журчанне вады і гульня промняў сонца, адчуванне прахалоды ў цені ў спякотны дзень… У мініяцюрным садзе ўсе гэтыя інструменты не даступныя). На першае месца выходзіць ідэя стварэння саду, уменне намаляваць яе мініяцюрнымі раслінамі, пры гэтым дызайн павінен захаваць свой прывабны выгляд ажно да Новага года. Для гэтага трэба ведаць расліны, правілы іх догляду і сумяшчэння.

На суд журы былі прадстаўлены 33 міні-сады: паменшаная копія ўчастка экалагічнага цэнтра і сад з мар, пясчаныя пустыні і непралазныя джунглі, сад чараўніцы і вясковы сад з агародам, запаведнік, горад-сад, сады з вадаёмамі, населенымі рыбкамі, альпінарыямі, басейнамі, зонамі адпачынку… Было шмат арыгінальных ідэй размяшчэння садоў: карані яны пусцілі і ў каробках, скрынях, і ў кошыках, садовых вёдрах, слоіках, і нават у чамадане. Але журы найбольш спадабалася ідэя Карыны Сімановіч, выхаванкі Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, якая пасадзіла свой сад адразу ў тры бітыя гаршкі, стварыўшы рэльеф з узвышшамі і нізінамі.

Калі часу прыдумаць і стварыць штосьці арыгінальнае ў юных ландшафтных дызайнераў было дастаткова, бо працавалі яны дома, то на стварэнне фларыстычных аб’ектаў на тэму “Беларусь — крыніца натхнення” арганізатары далі ўдзельнікам толькі 2 гадзіны. Таксама ім прапанавалі сена, салому, шышкі, мох, лішайнікі, кветкі. У выніку на цэнтральнай алеі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства з’явілася 7 арт-аб’ектаў — па адным ад каманды кожнай вобласці і Мінска. Жывёлы, птушкі і нават насякомыя з прыродных матэрыялаў ажывілі па-асенняму ціхі куток. Пераможцай стала каманда Гомельскай вобласці, якая стварыла прыгажуню з калаўротам.

“Фестываль садоў і кветак” яшчэ раз даказаў, што беларуская фларыстыка мае будучыню. Нічога, што пакуль у нас няма прафесіі фларыст, галоўнае, у нас ёсць прафесіяналы”, — падагульніла Лідзія Паўлаўна.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.