Формула поспеху для кожнага

- 11:22Сацыяльны ракурс

Днямі ў галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў рамках праекта “Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю”, які рэалізоўвае грамадскае аб’яднанне Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці USAID, адбылося адкрыццё фотавыставы “Жыццё”. Галоўнымі яе героямі сталі першая ў краіне фотамадэль з ДЦП Ангеліна Уэльская і акцёр з сіндромам Даўна Андрэй Гарбаценка. Два таленты — шчырыя, адкрытыя, маладыя людзі, жыццё якіх — прыклад сапраўднай мужнасці і прыгажосці.

На выставе прадстаўлены партрэты, знятыя фатографамі Іванам Бесерам і Андрэем Казекам пры дапамозе аператара Аляксандра Пятрова і прафесійнага візажыста міжнароднага класа Марыі Дарапіевіч.
Як расказала кіраўнік праекта “Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю” Ірына Логвін (БелАДДІіМІ), арганізатары выставы звярнулі ўвагу на жыццё людзей, якія доўгі час былі выключаны з жыцця грамадства і ў адносінах да якіх склалася шмат стэрэатыпаў. Два героі, дзве гісторыі… Але паміж імі вялікая розніца. Ангеліна выхоўвалася ў сям’і, яе акружалі любоў і падтрымка блізкіх людзей. Ад Андрэя яшчэ пры нараджэнні адмовіліся бацькі, ён выхоўваўся ў інтэрнаце. Дзяўчына — навучэнка аддзялення “Тэатральнае мастацтва” магістратуры акадэміі мастацтваў. Яе розум, прыгажосць і рашучасць пацвярджаюць, што чалавек можа адчуваць сябе свабодным, нават калі ў яго ёсць інваліднасць. Усё залежыць ад таго, як ты ўспрымаеш свет. Формула поспеху Ангеліны: “ДЦП — гэта не перашкода. Перашкод увогуле не бывае. Дзеля здзяйснення сваёй мары трэба адкінуць усе стэрэатыпы і страхі”.Успамінаючы пра фотасесію, Ангеліна расчулілася ледзь не да слёз. Сам факт, што яна фотамадэль, пазіравала ў тэатры, вельмі многа значыў для яе. “Мае мары ажыццявіліся. Я адчувала сябе ў сваёй стыхіі, — гаворыць дзяўчына. — Мяне падтрымлівала мама. Дзякуючы ёй, я адчувала сілу і ўпэўненасць, верыла, што шмат змагу”. Падтрымка блізкіх робіць сапраўдныя цуды.
Нават той, хто здольны бачыць толькі яркае святло, іграе на фартэпіяна не горш за тых, хто падглядае ў ноты. Прыклад таго — дзевяцігадовы Ваня Цэдрык, які з упэўненасцю заяўляе, што ў будучыні абавязкова стане прафесійным музыкантам. Ён, дарэчы, удзельнічаў у адкрыцці фотавыставы.
Андрэй Гарбаценка, 51-гадовы акцёр аматарскага тэатра, знайшоў сваё прызванне ў свядомым узросце. У яго сіндром Даўна, але чалавек ён надзвычай адкрыты, жыве рэальнымі праблемамі. Падчас падрыхтоўкі выставы, як і ў Ангеліны, здзейснілася яго мара — ён ступіў на падмосткі тэатральнай сцэны. Андрэй спадзяецца, што сам факт з’яўлення такой выставы падштурхне развіццё так званага дэвіянтнага тэатра і дэвіянтнага мастацтва ў цэлым. Фотавыстава “Жыццё” будзе доўжыцца да канца сакавіка.

***

У рамках праекта “Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю” тэатрам “Залюстаркоўе” і ГА “БелАДДІіМІ” быў прадстаўлены спектакль “Сярэбраныя крылы”, прэм’ера якога адбылася днямі ў канцэртнай зале “Мінск”.
Ідэя гэтай тэатральнай пастаноўкі — новы погляд на чалавека з інваліднасцю. У аснове яе — балада, напісаная Валерыем Аляксеевым, які мае інваліднасць (ён страціў руку), але імкнецца максімальна рэалізаваць сябе: піша п’есы, музычныя творы. Рэжысёр спектакля “Сярэбраныя крылы” — Кацярына Гавура. У імпрэзе ўдзельнічалі дзеці з ансамбля “Каляды”, танцавальнага калектыву “ІрысШоу” Цэнтра пазашкольнай работы “Золак”, дзіцячага фальклорнага ансамбля “Святкі”, юныя артысты тэатра “Залюстаркоўе”, “Студыі Мульцікс”. На працягу спектакля гучалі музычныя творы, напісаныя Валерыем Аляксеевым, якія выконвалі ўдзельнікі рок-групы “Зямля Каралевы Мод”.
Балада “Сярэбраныя крылы” аб тым, што ўсе людзі ўспрымаюць свет са свайго пункта погляду, які ім найбольш зразумелы. Каб асэнсаваць пазіцыю іншага чалавека, неабходна — і даволі часта — зламаць стэрэатыпы свайго ўспрымання, але не кожны здольны на гэта. Важна пакласці пачатак новаму асэнсаванню. Аўтар піша ў баладзе: “Гэтая гісторыя здарылася, калі нашы прабабулі і прадзеды былі зусім юнымі. У цэнтры Зямлі, у горадзе ўсіх гарадоў, нарадзіўся аднакрылы хлопчык. Якім будзе працяг гісторыі, як вы думаеце? Горад стане горадам крылатых людзей? …Хвілінку цярпення — і вы ўсё ўбачыце самі”.
Да завяршэння праекта плануецца яшчэ адна прэм’ера тэатральнай пастаноўкі на беларускай мове — “Загадкавае начное забойства сабакі” па матывах аднайменнага рамана англійскага пісьменніка Марка Хэдана. Галоўны герой твора — 15-гадовы хлопчык з аўтызмам. Аднойчы ён знайшоў у садзе мёртвага суседскага сабаку з садовымі віламі ў баку і вырашыў расследаваць забойства.
У спектаклі будуць заняты студэнты-трэцякурснікі — акцёры драматычнага тэатра і кіно Беларускай акадэміі мастацтваў. Усе яны займаюцца ў майстэрні народнага артыста Беларусі Мікалая Кірычэнкі. Эксперыментальная пастаноўка пройдзе ў красавіку 2016 года.
Беларускае радыё “Культура” (праграма “Мэры Попінс”) і БелАДДІіМІ рэалізуюць яшчэ адзін праект — “Усе дзеці таленавітыя”, вядучай якога стала Таццяна Гулевіч. Мэта яго — паказаць і даказаць, што абмежаванняў для творчасці не існуе. Далучыцца да праекта могуць усе дзеці да 18 гадоў з асаблівасцямі развіцця (у тым ліку і з рэгіёнаў) і прадставіць свае таленты — вакальныя і па ігры на музычных інструментах, танцавальныя нумары, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вышыўкі, фатаграфіі, малюнкі і інш. Гэта не конкурс, а ўвасабленне, прадстаўленне шырокай грамадскасці дзіцячых талентаў.
Стартаваў праект 1 сакавіка. Да канца мая таксама адбудуцца 15 інтэрв’ю на радыё з дзецьмі і іх бацькамі аб сямейных традыцыях, выхаванні, дзіцячых талентах і планах на будучыню. А 1 чэрвеня да Дня абароны дзяцей пройдзе інклюзіўны канцэрт на адкрытай пляцоўцы “Дома радыё”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.