Формула поспеху — дзелімся эфектыўным кіраўніцкім вопытам

- 11:40Людзі адукацыі

На працягу чатырох гадоў дырэктарам сярэдняй школы № 9 Кобрына працуе Галіна Мікалаеўна Дземідовіч. Раней яна ўзначальвала ў раёне Бярозаўскую базавую школу, у якую спачатку ўладкавалася настаўніцай хіміі і біялогіі, пасля — Буховіцкую сярэднюю школу. Агульны кіраўніцкі стаж Галіны Мікалаеўны складае 22 гады. Мая суразмоўніца — кіраўнік адкрытага прафесійнага клуба дырэктараў школ Кобрынскага раёна “Формула поспеху”, удзельнікі якога абменьваюцца эфектыўным кіраўніцкім вопытам.

— Галіна Мікалаеўна, якім, па вашым меркаванні, павінен быць паспяховы кіраўнік установы адукацыі?

— На мой погляд, асноўная задача кіраўніка навучальнай установы — ствараць умовы для забеспячэння якасці адукацыі з улікам адпаведных запытаў навучэнцаў і іх бацькоў. Вучэбны працэс варта арганізоўваюць так, каб выпускнікі школы былі канкурэнтаздольнымі ў грамадстве. Дырэктару неабходна клапаціцца і аб прафесійным развіцці педагогаў. Шмат намаганняў прыкладаць для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, якія яны ўзначальваюць. На гэта ідуць сродкі, атрыманыя ў тым ліку і ад пазабюджэтнай дзейнасці. Паспяховы дырэктар умее наладжваць зносіны з бацькамі. Калі, напрыклад, бацькі ўдзельнічаюць ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, то кіраўнік павінен абмяркоўваць з імі кірункі і прыярытэты гэтых затрат. Дырэктар працуе з людзьмі, а гэта, кажучы вобразна, падразумявае 24-гадзінную работу мозга. Ты пастаянна рэфлексуеш, аналізуеш, думаеш аб тым, што зроблена правільна, а што не, што патрабуецца, каб стала лепшым школьнае жыццё дзяцей, бацькоў і педагогаў. Бывае, вельмі стамляюся або няма настрою. Але калі прыходжу да дзяцей у клас, дзе выкладаю хімію і біялогію, у мяне з’яўляецца аптымізм, упэўненасць, энтузіязм.

— Ваша школа ўваходзіць у тройку лепшых агульнаадукацыйных устаноў раёна, а па некаторых паказчыках не саступае гімназіі. Раскажыце аб гэтым падрабязней.

— Сёння мы другія (пасля гімназіі) у рэйтынгу раёна па паказчыках якасці адукацыі. За апошнія чатыры гады навучэнцамі нашай школы атрыманы 92 дыпломы па выніках другога і трэцяга этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (адпаведна 81 і 11 дыпломаў), 28 дыпломаў па выніках раённай, абласной і рэспубліканскай навукова-практычных канферэнцый (адпаведна 24, 3 і 1). Дыплом ІІІ ступені на рэспубліканскай НПК у 2015/2016 навучальным годзе атрымаў навучэнец 11 класа Максім Давідзюк.

Праяўляюць сябе ў творчых конкурсах і нашы педагогі. У 2016/2017 навучальным годзе па выніках раённага конкурсу “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога” дыплом ІІ ступені заваявала Віталія Аляксандраўна Казарына, дыплом І ступені — Валянціна Пятроўна Чарота. Праграма факультатыўных заняткаў “Гуляем у футбол” настаўніцы фізічнай культуры і здароўя Святланы Мікалаеўны Астапук была зацверджана і рэкамендавана да выкарыстання Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Сваіх педагогаў мы накіроўваем на семінары, курсы павышэння кваліфікацыі. У школе наладжаны камп’ютарны ўсенавуч ІТ-тэхналогіям: 85 працэнтаў нашых настаўнікаў маюць сертыфікат карыстальніка ІКТ. Працуюць ва ўстанове і два раённыя рэсурсныя цэнтры — па матэматыцы і геаграфіі. Многіх нашых настаўнікаў матэматыкі ведаюць ва ўсім раёне. Ды і самую вялікую колькасць дыпломаў па гэтым прадмеце на алімпіядах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню сярод навучэнцаў Кобрынскага раёна маюць вучні нашай школы. Мы ганарымся і сваёй настаўніцай пачатковай школы Наталляй Мікалаеўнай Гапанюк, якая стала пераможцай абласнога і ўдзельніцай рэспубліканскага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”.

Нашы выпускнікі па выніках ЦТ на трэцім месцы пасля гімназіі і сярэдняй школы № 8 Кобрына. Працэнт паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі ў нас складае 67 — гэта чацвёрты вынік пасля гімназіі, сярэдніх школ №№ 2, 7.

— Якія асаблівасці адукацыйнага працэсу ў вашай установе?

— У пачатковай школе педагог закладвае аснову таго, каб дзіця было паспяховым на наступных ступенях навучання. У гэтым годзе мы распрацавалі праект па развіцці дзіцячай адоранасці на першай ступені навучання. Зараз ён знаходзіцца на экспертызе ў АПА. Плануецца, што праект набудзе статус рэспубліканскага інавацыйнага. Гэта дазволіць педагогам установы больш глыбока прааналізаваць сваю работу ў гэтым кірунку і ўзняць яе на больш высокі метадычны ўзровень. Аб рабоце з адоранымі дзецьмі гаворыцца вельмі многа і на розных узроўнях. Але яе метадычны складнік распрацаваны недастаткова. Не хапае і тэхналагічнай распрацоўкі працэсу: з чаго пачынаць заняткі з юнымі талентамі, як рухацца далей? Часцей гэта атрымліваецца праз ініцыятыву, знаходкі, вопыт педагогаў. У рамках інавацыйнага праекта мы будзем выпрацоўваць метадычны і тэхналагічны складнік работы з адоранымі навучэнцамі.

У школе створаны ўсе ўмовы для шматбаковага развіцця дзяцей. На другой ступені навучання ў рамках дапрофільнай падрыхтоўкі нашы вучні займаюцца ў 36 аб’яднаннях па інтарэсах, наведваюць факультатывы, удзельнічаюць у конкурсах (раённых, абласных, рэспубліканскіх) рознай накіраванасці. У школе дзейнічаюць 40 груп з платнымі паслугамі, якія наведваюць 500 навучэнцаў. Нядаўна, напрыклад, мы адкрылі новую платную паслугу па развіцці матэматычных здольнасцей навучэнцаў пачатковых класаў “Ментальная матэматыка” — гэта праграма развіцця здольнасцей і творчага патэнцыялу дзяцей з дапамогай арыфметычных вылічэнняў на лічыльніку абакусе. Для старшакласнікаў у школе арганізавана профільнае навучанне: філалагічнага кірунку (руская мова і англійская мова), эканамічнага (англійская мова і матэматыка), а таксама фізіка-матэматычнага (матэматыка і фізіка) і педагагічныя класы.

— Якая прафарыентацыйная работа са старшакласнікамі праводзіцца ў школе?

— З 2015 года ў нашай установе дзейнічае педагагічны клас — адзіны ў Кобрынскім раёне. Калі дакладней, то гэта група з 8 чалавек, якая сфарміравалася на базе профільных класаў — філалагічнага і фізіка-матэматычнага. Для будучых педагогаў чытаецца факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Старшакласнікі маюць магчымасць адчуць сябе ў ролі педагогаў падчас так званых педагагічных проб-іспытаў — на ўроках, выхаваўчых школьных мерапрыемствах. Напрыклад, будучыя настаўнікі гісторыі праводзяць урокі па гэтым прадмеце ў 7—8 класах. Некаторыя навучэнцы ўжо дакладна вырашылі, што адзіная прафесія, у якой яны сябе бачаць, педагагічная. Самая галоўная якасць педагога, канечне ж, любоў да дзяцей. Калі яна ёсць, то ўсе астатнія якасці могуць сфарміравацца. Ёсць вучні, якія зразумелі ў працэсе навучання, што гэта не іх прафесія, што таксама добра: значыць, выпадковыя людзі не пойдуць працаваць у школу.

Старшакласнікі з педагагічнай групы ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх, абласных конкурсах і даследчых канферэнцыях. Напрыклад, у Рэспубліканскім конкурсе, які праводзіў БДПУ імя Максіма Танка, “Лепшая віртуальная візітка педкласа”, для якой школьнікі здымалі відэаролік. У ім яны расказвалі пра сябе, сваю мару, пра тое, якой уяўляюць прафесію педагога. На сайце ўніверсітэта прайшло галасаванне, і ролік атрымаў 3-е месца.

У 2015/2016 навучальным годзе даследчы праект навучэнцаў 10-х профільных класаў “Імідж сучаснага педагога” ў раённым конкурсе даследчых работ быў адзначаны дыпломам І ступені, а ў абласной НПК — дыпломам ІІІ ступені. З гэтай работай яго аўтары выступалі перад дырэктарамі Кобрынскага раёна. Праводзячы даследаванне, яны вывучалі, які вобраз настаўніка склаўся ў кінематографе, пачынаючы з савецкіх часоў. Характарызавалі і сваіх педагогаў, расказвалі пра іх дасягненні і захапленні, разважалі пра прэстыж прафесіі. Навучэнцы зрабілі выснову, што над іміджам можна працаваць, што ён ёсць у кожнага, нават у таго, хто аб ім не задумваецца. У гэтым жа годзе навучэнец Максім Давідзюк з педагагічнай групы стаў пераможцам на рэспубліканскім этапе НПК з даследчай работай “Псіхалагізм вайны ў аповесці Б.Васільева “У спісах не значыўся” і рамане-споведзі С.Алексіевіч “Цынкавыя хлопчыкі” па прадмеце “Руская літаратура” — дыплом ІІІ ступені.

Па выніках першага абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу для навучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці “Будучыя педагогі пра школу будучыні” наша Насця Кірчук атрымала дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Літаратурная творчасць”. У другім рэспубліканскім этапе конкурсу, які праходзіў у БДПУ імя Максіма Танка, дзяўчына стала яго лаўрэатам. У 2016 годзе педагог-псіхолаг Кацярына Міхайлаўна Сідарук, якая праводзіць заняткі з нашымі будучымі настаўнікамі, прымала ўд зел у Рэспубліканскай канферэнцыі “Педагагічныя класы: вопыт, праблемы і перспектывы”. А ў рэспубліканскім конкурсе на лепшую метадычную распрацоўку сярод педагогаў, якія рэалізоўваюць праграмы профільнай педагагічнай падрыхтоўкі, работа Кацярыны Міхайлаўны была адзначана дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі “Эрудыцыя і крэатыўнасць”.

— Галіна Мікалаеўна, вы з’яўляецеся кіраўніком адкрытага прафесійнага клуба дырэктараў школ Кобрынскага раёна “Формула поспеху”. Якія пытанні абмяркоўваюць яго ўдзельнікі падчас сумесных сустрэч?

— Клуб быў створаны па ініцыятыве метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама ў 2009 годзе. Творчыя і ініцыятыўныя кіраўнікі ўстаноў адукацыі раёна, зацікаўленыя ў прафесійным і асобасным росце, далучыліся да гэтага метадычнага фарміравання. Дзейнасць клуба стала своеасаблівай праверкай гатоўнасці кіраўнікоў да самаразвіцця, самаўдасканалення і самарэалізацыі. Аб’яднанне з’яўляецца адкрытым прафесійным фарміраваннем. На сёння ў яго ўваходзіць амаль палова дырэктараў школ раёна, як гарадскіх, так і сельскіх. Работа ў клубе будуецца на прынцыпах роўнасці, самакіравання, узаемадзеяння. Яго ўдзельнікі падчас пасяджэнняў дзеляцца эфектыўным кіраўніцкім вопытам. Шмат увагі ўдзяляюць асваенню сучасных тэхналогій кіраўніцкага менеджменту, пытанням папярэджання прафесійнага выгарання, псіхалагічнай культуры кіраўніка, удасканаленню інфармацыйнага забеспячэння кіраўніцкай дзейнасці. Мы аказваем метадычную дапамогу маладым кіраўнікам па розных аспектах іх дзейнасці: па ахове працы, правядзенні педагагічных нарад, матэрыяльным стымуляванні работнікаў, па азнаямленні з нарматыўнай базай. Узнімаюцца і набалелыя пытанні, якія абмяркоўвае шырокая грамадскасць краіны. Мы ўсталявалі сяброўскія адносіны з клубным фарміраваннем педагогаў Столінскага і Драгічынскага раёнаў. Удзельнікаў нашага аб’яднання часта запрашаюць у якасці лектараў на курсы павышэння кваліфікацыі ў абласны ІРА. У мінулым годзе ў Брэсцкай вобласці праходзіў конкурс на лепшую метадычную распрацоўку па рабоце з кіраўніцкімі кадрамі, у якім мы прадстаўлялі абагульнены вопыт работы клуба і сталі пераможцамі.

— У агульнаадукацыйныя школы ўсё часцей прыходзяць дзеці з АПФР. Наколькі гатовы вашы спецыялісты да работы з імі?

— Некалькі гадоў назад мы ўпершыню прынялі ў сябе дзяцей з АПФР. Наша школа стала апорнай у горадзе па навучанні дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату (з ДЦП, на калясках). У пачатковай школе вучацца 7 такіх дзяцей. Паколькі яны маюць праблемы з перамяшчэннем, то побач з імі пастаянна знаходзіцца суправаджаючы цьютар. У нас створаны 3 інтэграваныя класы, дзе вучацца дзеці з сіндромам Даўна, затрымкай развіцця, аўтызмам.

Сёння хачу выказаць падзяку ўсяму свайму калектыву, у тым ліку намесніку дырэктара Валянціне Пятроўне Чароце, настаўніку-дэфектолагу Наталлі Уладзіміраўне Камарчук, усім спецыялістам, якія зрабілі ўсё, каб цёпла і шчыра былі прыняты дзеці з асаблівасцямі ў развіцці ў нашу школьную сям’ю. Гэтых вучняў вы ўбачыце не толькі на ўроках, але і на ўсіх выхаваўчых мерапрыемствах, якія праводзяцца ў школе. Звычайныя школьнікі хутка прынялі дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці, аднесліся да іх са спачуваннем, суперажываннем, заўсёды прыходзяць ім на дапамогу. Дзякуючы гэтаму, дзеці з АПФР сталі больш адкрытымі, у іх акрэсліўся прагрэс у плане навучання. На бацькоўскіх сходах я выказала шчырую падзяку ўсім бацькам за тое, што выхавалі чулых і спагадлівых дзяцей. У сваю чаргу, бацькі большасці вучняў выказалі меркаванне, што асаблівыя дзеці вельмі станоўча паўплывалі на іх дзяцей.

Раскажу пра нашага Яўгена Курмысу — вучня 8 класа. У яго расстройства аўтыстычнага спектра. Хлопчык прыйшоў да нас з іншай школы, дзе вучыўся ў інтэграваным класе. Бацькі папрасілі ўзяць яго ў звычайны клас. І яму спадабалася там вучыцца. Сёння Яўген добра вучыцца, удзельнічае і перамагае ў многіх алімпіядах і конкурсах, якія праводзяцца ў школе, у раёне і на вобласці. Асаблівага поспеху ён дасягнуў па матэматыцы і рускай мове.

— Галіна Мікалаеўна, якой вы бачыце сваю школу ў будучыні?

— Вельмі хочацца бачыць школу прыгожай, каб педагогі і навучэнцы маглі ў поўнай меры адчуць яе добрыя матэрыяльныя ўмовы. Сёння мы чакаем, калі ва ўстанове адбудзецца капітальны рамонт. За 4 гады ўдалося шмат зрабіць для ўмацавання матэрыяльнай і мадэрнізацыі інфармацыйна-тэхнічнай базы ўстановы: набыць новую камп’ютарную тэхніку, 4 інтэрактыўныя дошкі, тэлевізары, усталяваць сучаснае праграмнае забеспячэнне. Мяне непакояць і пытанні стварэння адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя для дзяцей з АПФР, якое ў нас часткова створана: ёсць пандус, пад’ёмнік, але неабходна яшчэ абсталяваць санвузлы, зрабіць поручні ў кабінетах, папоўніць адукацыйнае асяроддзе. Думаю, гэта будзе зроблена летам.

Але самае галоўнае, канечне, гэта спрыяльная для работы і навучання атмасфера ў школе, якая, безумоўна, пасадзейнічае раскрыццю і ўдасканаленню здольнасцей і магчымасцей дзяцей, праяўленню творчай энергіі педагогаў, павышэнню іх прафесійнага ўзроўню. Усё гэта ў выніку прывядзе да павышэння якасці адукацыі. А значыць, выпускнікі сярэдняй школы № 9 Кобрына будуць сацыялізаванымі, запатрабаванымі ў грамадстве, і ўзровень іх падрыхтоўкі будзе дастойна ацэнены.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.