Вынікі летняй аздараўленчай кампаніі былі падведзены на семінары-нарадзе ў НДЦ “Зубраня”. У ім удзельнічала больш за 170 прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, устаноў, што займаюцца арганізацыяй адпачынку і аздараўлення юных беларусаў. Адразу скажам, што планавыя аб’ёмы аздараўлення перавыкананы па ўсіх відах, а гэта, безумоўна, адзін з важных паказчыкаў удалага сезона.
Лічбы сведчаць…
Канкрэтныя вынікі аздараўленчай кампаніі на семінары агучыла Ларыса Васільеўна Емяльянчык, кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. І перш за ўсё спецыяліст звярнулася менавіта да аб’ёмаў аздараўлення, якія ў лагерах усіх тыпаў склалі 102,6% ад плана, а гэта 366 672 хлопчыкі і дзяўчынкі. У лагерах з дзённым знаходжаннем адпачыла 211 771 дзіця (100,9%) і ў лагерах з кругласутачным знаходжаннем — 154 901 чалавек, або 105,1% ад плана.
У 2017 годзе павялічылася агульная колькасць лагераў працы і адпачынку: 959 супраць 926 летась. Праўда, дзяцей у іх аздаравілася менш, чым у 2016 годзе: 15 544 супраць 15 871.
Усё больш дзяцей аздараўліваецца ў профільных лагерах, сёлета гэтая лічба склала 193 265 чалавек, а летась у такіх лагерах адпычыла прыкладна 173,5 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. Важна, што з’яўляюцца новыя профілі такіх летнікаў, накіраваныя на актуальныя віды дзейнасці. Цікавы, напрыклад, вопыт аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем “Чабарок” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, дзе была арганізавана работа па такім сучасным кірунку, як тэхнічная творчасць.
Павялічваецца колькасць дзяцей-інвалідаў, якія адпачываюць у лагерах: у 2014 годзе — 4276, у 2015 — 4713, у 2016 — 4751, у 2017 — 4880, што склала 102,7% да ўзроўню 2016 года (124,8% ад плана). Прадоўжана рэалізацыя мерапрыемстваў па аздараўленні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У 2017 годзе ў лагерах адпачылі 14 907 чалавек, што склала 98,9% ад узроўню 2016 года, або 117,9% ад плана. А колькасць падлеткаў, што стаяць на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх, якія аздаравіліся ў лагерах, склала 5344 чалавекі (у мінулым годзе — 6000).
Час адкрыццяў
У рамках летняй аздараўленчай кампаніі праходзіла рэспубліканская акцыя “Лета — час адкрыццяў”. Адным з яе галоўных мерапрыемстваў стаў фестываль аздараўленчых лагераў у НДЦ “Зубраня” ў жніўні 2017 года. У фестывалі прынялі ўдзел 14 каманд аздараўленчых лагераў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Напрыклад, быў прадстаўлены праект “ПДА-акадэмія”, накіраваны на знаёмства дзяцей з прафесіяй педагога дадатковай адукацыі (лагер з кругласутачным знаходжаннем “Першапраходзец” Краснасельскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці).
На Рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшы аздараўленчы лагер у намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэйшым” былі прадстаўлены 34 праекты, якія адлюстроўвалі розныя бакі арганізацыі выхаваўчай работы ў аздараўленчых лагерах. Асаблівасцю гэтага года з’яўляецца яркая прафарыентацыйная скіраванасць праектаў і папулярызацыя педагагічных прафесій.
Конкурс педагагічных каманд выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі “Формула разумнага лета” прайшоў з 22 па 24 кастрычніка 2017 года ў НДЦ “Зубраня” ўжо чацвёрты раз і другі раз — у рамках рэспубліканскага семінара-нарады, што дало магчымасць больш эфектыўна трансліраваць лепшы педагагічны вопыт у рэгіёны.
Адпачынак для сваіх, адпачынак для гасцей
Асноўная работа ў рамках акцыі праводзілася ў рэгіёнах. Так, у Брэсцкай вобласці традыцыйна асаблівая ўвага ўдзяляецца арганізацыі лагераў працы і адпачынку для падлеткаў 14—18 гадоў, а таксама профільных аздараўленчых лагераў. У летні перыяд у вобласці функцыянавалі 168 лагераў працы і адпачынку для аздараўлення 2959 (101% ад плана) дзяцей. Для 20 851 дзіцяці ва ўзросце 6—18 гадоў было арганізавана 568 профільных аздараўленчых лагераў, у тым ліку для 4325 падлеткаў 15—18 гадоў — 330 профільных лагераў.
У Віцебскай вобласці сумесна з сілавымі структурамі ў летні перыяд працавалі 100 лагераў абаронна-патрыятычнага профілю, у якіх знаходзілася 3657 падлеткаў. З воінскімі часцямі Міністэрства абароны і Дзяржаўнага пагранічнага камітэта арганізаваны 48 лагераў для 1885 навучэнцаў, з органамі МУС — 22 лагеры для 730 вучняў, з аддзеламі МНС — 30 лагераў для 1042 навучэнцаў.
У Гомельскай вобласці ў рамках рэалізацыі праекта “Прафесійныя канікулы” на базе ўстаноў адукацыі працавалі прафарыентацыйныя лагеры для навучэнцаў. На Гродзеншчыне на базе аздараўленчага лагера з кругласутачным знаходжаннем “Сузор’е” функцыянаваў лагер па профілі, напрамку дзейнасці “Здабытак Гродзенскага раёна”. У рамках профільнай змены працягвалася рэалізацыя распрацаванага ў 2016/2017 навучальным годзе ў Гродзенскім раённым цэнтры творасці дзяцей і моладзі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”.
Шырока выкарыстоўваўся патэнцыял выхаваўчага асяроддзя аздараўленчых лагераў Мінскай вобласці для рэалізацыі дзецьмі сваіх магчымасцей, развіцця сацыяльных кампетэнцый. У Слуцкім раёне ў ажыццяўленні праекта валанцёрскага атрада педагагічнай накіраванасці ў аздараўленчым лагеры “Зенітчыкі” ў гэтым годзе прыняло ўдзел больш за 50 падлеткаў, якія вучацца ў педагагічных класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Слуцкага раёна.
У летні перыяд на тэрыторыі Магілёўскай вобласці працавалі 100 спартыўных лагераў, у тым ліку 38 — з кругласутачным знаходжаннем і 62 — з дзённым. Сумясціў адпачынак і вучэбна-трэніровачны працэс 9721 выхаванец розных спартыўных устаноў вобласці.
У Мінску масава былі арганізаваны турысцка-краязнаўчыя кругласутачныя лагеры, у якіх адпачыў і набыў карысныя навыкі 6861 чалавек. Функцыянавалі яны, як правіла, на працягу 9 дзён, з выкарыстаннем палатак, размяшчаліся як на базе стацыянарных аздараўленчых лагераў, так і ў перасовачным рэжыме.
Павышаецца цікавасць замежных грамадзян да адпачынку і аздараўлення дзяцей у Беларусі. Гэтым летам на высокім узроўні быў рэалізаваны праект па аздараўленні дзяцей з Сірыі ў лагеры “Крынічка” філіяла “Мінская гарадская тэлефонная сетка” РУП “Белтэлекам” і НДЦ “Зубраня”. Ужо традыцыйным стаў праект па аздараўленні ў “Зубраняці” дзяцей з рэгіёнаў Японіі, што пацярпелі ад аварыі на АЭС “Фукусіма-1” і разбуральнага цунамі.
Паказчыкі аздараўлення дзяцей у 2017 годзе па рэгіёнах:
— Брэсцкая вобласць: 62 762 (102,1%);
— Віцебская вобласць: 45 437 (104,2%);
— Гомельская вобласць: 45 061 (103,2%);
— Гродзенская вобласць: 48 844 (104,5%);
— Мінская вобласць: 54 434 (101,5%);
— Магілёўская вобласць: 42 671 (101,6%);
— Мінск: 67 463 (102,0%).
Варта адзначыць і праект Міжнароднага палатачнага лагера сяброўства дзяцей славянскіх народаў “Крынічка-2017” Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці, які сёлета быў арганізаваны 25-ы раз.
Актыўную пазіцыю ў арганізацыі аздараўлення дзяцей у перыяд летніх канікул займаюць і ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Аздараўленчыя лагеры, што ствараюцца пры іх дапамозе, служаць пляцоўкай для творчага развіцця дзяцей.
Кантроль і падрыхтоўка
У большасці рэгіёнаў выбудавана дакладная сістэма па падрыхтоўцы кадраў для аздараўленчых лагераў і павышэнні іх кваліфікацыі ва ўзаемадзеянні органаў кіравання адукацыі, выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі, інстытутаў развіцця адукацыі, НДЦ “Зубраня” і іншых зацікаўленых структур.
Спрыяе павышэнню прафесіяналізму і метадычная работа ў аздараўленчых лагерах. А прымяненне сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій дазваляе ствараць міжлагерныя, рэгіянальныя і рэспубліканскія аб’яднанні, што робіць такую работу яшчэ больш эфектыўнай. Як, напрыклад, работу ў рамках віртуальнага метадычнага аб’яднання спецыялістаў сістэмы адпачынку і аздараўлення на базе НДЦ “Зубраня” (работа кансультацыйных пляцовак, правядзенне тэматычных заняткаў і канферэнцый, віртуальных семінараў па запытах аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, аздараўленчых лагераў і г.д.).
Прынятыя меры па стварэнні дадатковых умоў для бяспечнага знаходжання дзяцей у лагерах, па ўзмацненні асабістай адказнасці кіраўнікоў і педагагічных работнікаў за жыццё і здароўе школьнікаў, па арганізацыі пастаяннага кантролю мясцовых органаў выканаўчай улады і зацікаўленых служб за работай аздараўленчых лагераў, па прафілактыцы правапарушэнняў, па недапушчэнні ўжывання і распаўсюджвання курыльных сумесей дазволілі захаваць жыццё і здароўе дзяцей у перыяд летняй аздараўленчай кампаніі.
На будучыню
У абмеркаванні даклада прынялі ўдзел прадстаўнікі Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, міністэрстваў аховы здароўя, унутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях. Адбылося пленарнае пасяджэнне, на якім да ўдзельнікаў семінара звярнуўся Эдуард Валянцінавіч Тамільчык, начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі. Прайшла выстава метадычных матэрыялаў для арганізацыі летняга адпачынку “Рэцэпты нясумных канікул”.
За актыўны ўдзел у арганізацыі летняй аздараўленчай кампаніі 2017 года лепшыя спецыялісты былі адзначаны ўзнагародамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Таксама былі падведзены вынікі Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер, які праводзіўся па 5 намінацыях. Сярод лепшых — лагеры імя Марата Казея ВА “Беларуснафта”, “Дубрава” ААТ “Беларуськалій”, “Сузор’е” аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама, “Крынічка” аддзела адукацыі, спорту і турызму Старадарожскага райвыканкама, праект “Юныя лесаводы” (лагер працы і адпачынку сярэдняй школы № 25 Бабруйска) і іншыя.
Для ўдасканалення сістэмы адпачынку і аздараўлення дзяцей удзельнікі семінара-нарады ўнеслі шэраг прапаноў:
- правесці ў кастрычніку 2018 года II Рэспубліканскі педагагічны форум “Дзіцячы адпачынак і аздараўленне: сучасная тактыка і стратэгія будучыні”;
- пашырыць спектр адукацыйных паслуг, што прапаноўваюцца дзецям у лагерах;
- распрацаваць канцэпцыю стварэння інтэрнэт-партала аздараўленчых лагераў Рэспублікі Беларусь;
- уключыць у План мерапрыемстваў Міністэрства адукацыі на 2019 год правядзенне Рэспубліканскага конкурсу педагагічных каманд выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі;
- Міністэрству адукацыі сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва ўнесці змены ў Палажэнне аб Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшы аздараўленчы лагер;
- арганізаваць правядзенне навуковых даследаванняў па стварэнні інклюзіўнага адукацыйна-аздараўленчага асяроддзя ў выхаваўча-аздараўленчай установе адукацыі;
- стварыць адпаведныя арганізацыйныя, метадычныя і адміністрацыйныя ўмовы для павелічэння долі дзяцей, якія аздараўляюцца ў рэкрэацыйных зонах;
- забяспечыць больш плённае і рацыянальнае выкарыстанне існуючых загарадных аздараўленчых лагераў за кошт правядзення не менш чым чатырох паўнавартасных змен;
- актывізаваць работу па стварэнні міжшкольных і міжраённых аздараўленчых лагераў з мэтай памяншэння дысбалансу ў загружанасці аздараўленчых лагераў;
- прадоўжыць работу па развіцці сістэмы лагераў працы і адпачынку, удасканальваючы механізмы стварэння працоўных месцаў для гэтых устаноў.
Падрыхтавала Марына ХІДДЖАЗ.