Фотавыстава “Інклюзіўнае мацярынства” адкрылася ў Мінску

- 11:26Сацыяльны ракурс

“Інклюзіўнае мацярынства” — гэта праект аб моцных жанчынах, якія сталі мамамі насуперак стэрэатыпам, накшталт “пасля 40 гадоў нараджаць позна”, “з інваліднасцю не народзіш дзіця”, “усынавіла — працягвай быць гераіняй”. Як гэта, калі ты выбіваешся са звыклага для грамадства шаблону? Пра гэта і расказваюць гераіні з фотаздымкаў. Праект арганізаваны па ініцыятыве сацыяльна-дабрачыннай установы “Паблік Хелс” пры падтрымцы Мінгарвыканкама.

Гераіня выставы Ганна Шаўко.

…Мама, якая не бачыць і якая не чуе, мама з ментальнымі асаблівасцямі, мама на інваліднай калясцы, мама, якая перажыла анкалогію, мама, якая нарадзіла ў 44 гады, мама, якая ўсынавіла дзіця са складанымі дыягназамі. Хоць іх шлях вельмі складаны, але ён натхняе. Жанчыны дзеляцца патаемным і гавораць пра тое, што мацярынства — гэта цудоўна ў любым праяўленні, калі яно жаданае і свядомае. Як расказала дырэктар дабрачыннай установы “Паблік Хелс” Наталля Міранчук, гэты праект пра складанасці і пазітыўнае ўзаемадзеянне людзей, сістэм, сем’яў, структур, а таксама пра веру, каханне паміж мужчынам і жанчынай і любоў да дзяцей, боль, веру ў лепшае, смеласць быць не такім, як прынята. Выстава прымеркавана да Дня маці і адкрылася непасрэдна перад штогадовай афіцыйнай цырымоніяй узнагароджання ордэнам Маці.

Выстава праходзіць каля гарадской Ратушы ў Верхнім горадзе.


Адна з гераінь выставы — Ганна Шаўко, мама на інваліднай калясцы. Яна і яе муж Жэня — людзі з інваліднасцю.

…Пасля заканчэння 9 класа Аня паехала да сваякоў у Маскву. Аднойчы мыла вокны і выпала з пятага паверха. Пры няправільнай транспарціроўцы ў бальніцу ў Ані ссунуліся асколкі ў раздробленым пазванку. У машыне хуткай дапамогі яна ўжо перастала адчуваць ногі. Дзяўчына ўпала ў дэпрэсію, з дому не выходзіла амаль два гады. Аднойчы Ганна даведалася пра філіял Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў у сваім горадзе. І жыццё зайграла новымі фарбамі. Яна стала ўдзельніцай спартакіяд, інструктарам у летнім лагеры актыўнай рэабілітацыі і выкладчыцай камп’ютарных курсаў. Тут і сустрэла свайго будучага мужа. У 2016 го­дзе Аня і Жэня ажаніліся. Заўсёды хацелі дзяцей. Рыхтаваліся, здавалі аналізы і нават думалі пра ЭКА. Але атрымалася зацяжарыць натуральным чынам. Вырашылі нараджаць у сталічным цэнтры “Маці і дзіця”. Сям’я меркавала, што сутыкнецца з шэрагам праблем падчас цяжарнасці. Напрыклад, ультрагукавое даследаванне праводзілася на другім паверсе, трапіць туды было складана, бо ліфта не было. Ані неабходна было ўзважвацца падчас прыёму ўрача, а спецыяльных вагаў не было. У выніку ўзважвалі яе ў нарыхтоўчым пункце. Каляску асобна, яе — асобна.

“Існуе стэрэатып, што лю­дзі з інваліднасцю не павінны мець дзяцей, — гаворыць Ганна. — Для іх не створана спецыяльных умоў. Многія з-за націску ў грамадстве адчуваюць сябе не годнымі бацькоўства. А некаторых увогуле ўгаворваюць перапыніць цяжарнасць па шэрагу прычын. Мне з урачом пашанцавала. Я атрымала падтрымку. Калі я “паламалася”, думала, што ніколі не змагу мець дзяцей. Але, калі з’явілася больш інфармацыі, зразумела, што мацярынства — гэта рэальна. Узяўшы ўпершыню на рукі свой маленькі камячок, адчула сапраўднае шчасце! Сама даглядала дачку, а першы час да нас прыхо­дзіла сацыяльная нянька”.

“Трэба верыць у ся­бе, — гаворыць Яўген. — Не кожнаму здароваму чалавеку атрымліваецца стаць баць­кам. Дарэчы, 40% бясплоддзя ў сем’ях — гэта мужчынскі фактар, спрыяе гэтаму экалогія і маларухавы лад жыцця. Зараз мы задумваемся аб нараджэнні хлопчыка”.

Аня і Жэня — адны з арганізатараў спецыяльных лагераў ад Рэспублікан­скай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў. Тут асаблівая ўвага ўдзяляецца тэме дзетанараджэння. На станоўчых прыкладах яны тлумачаць, што дзеці — гэта выдатна і магчыма.

Надзея ЦЕРАХАВА.