Фундаментальнасць — крыніца гарантаванага поспеху

- 10:50Якасць адукацыі

У межах Адкрытага рэспубліканскага студэнцкага кар’ернага форуму прайшла панэльная дыскусія “Бізнес і адукацыя: скарачэнне адлегласці паміж акадэмічнай адукацыяй і запатрабаваннямі бізнесу”.

Гасцямі гутаркі сталі прарэктары БДУ Сяргей Ходзін і Аляксей Толсцік, а таксама спецыяльна запрошаныя госці — прадстаўнік TUT.BY Аляксандр Чэкан, супрацоўнік Альфа-Банка Рафал Юшчак, бізнесмены Аляксандр Мудрык, Дзмітрый Судакоў і Сяргей Маркаў. Эксперты абмяркоўвалі сістэму ўзаемадзеяння работадаўцаў і ўніверсітэтаў, перспектыву іх далейшага развіцця і супрацоўніцтва, падкрэсліваючы важнасць фундаментальнай адукацыі.


Першае і, па сутнасці, ключавое пытанне аб тым, што робіць універсітэт для скарачэння адлегласці паміж адукацыяй і запатрабаваннямі работадаўцаў, мадэратар мерапрыемства Павел Салаўёў накіраваў Аляксею Толсціку.

— Мяняецца свет і, вядома, мяняюцца патрабаванні да нашых выпускнікоў, — адзначыў Аляксей Леанідавіч. — Універсітэт стварае філіялы кафедр, дзе выкладаюць спецыялісты кампаній і прадпрыемстваў. Людзі, якія працуюць у галіне разглядаемага прадмета, здольны даць студэнтам шмат каштоўных практычных ведаў. У выніку якасць адукацыі значна павялічваецца.

Сяргей Мікалаевіч Ходзін расказаў, што ўстановы вышэйшай адукацыі імкнуцца актыўна ўзаемадзейнічаць з работадаўцамі.

— Вельмі важна, што палова членаў камісіі на дзяржаўным экзамене — прадстаўнікі кампаній і прадпрыемстваў, якія нараўне з выкладчыкамі ацэньваюць студэнтаў, — падкрэсліў прарэктар па выхаваўчай рабоце. — Гэта становіцца абавязковай умовай і дазваляе супаставіць патрабаванні да спецыяліста з боку заказчыка кадраў і самога ўніверсітэта.

Прадстаўнік TUT.BY Аляксандр Чэкан заўважыў, што ініцыятыва павінна ісці знізу, ад студэнтаў і выкладчыкаў.

— Хочаце навучыцца нечаму ў пэўнага спецыяліста — ідзіце да яго і запрашайце, — параіў ён. — Зацікаўлены спецыяліст адкажа на прапанову згодай. Прынамсі, так робім мы.


Дыскусія тым часам усё больш ажывала. Прадстаўнік бізнес-школы “Здесь и сейчас” Аляксандр Мудрык адзначыў, што ўстановы адукацыі валодаюць не самым высокім узроўнем зацікаўленасці ў супрацоўніцтве са спажыўцамі кадраў.

— Для таго каб пабудаваць сістэмнае супрацоўніцтва, трэба каля 6 гадоў, — заявіў прамоўца. Пры гэтым вялікай памылкай універсітэтаў бізнесмен лічыць практыка-арыентаванае навучанне, бо, па яго словах, на практыцы часта аказваецца, што спецыяліст мае вузкае разуменне нават той спецыяльнасці, якой авалодваў, а таксама вузкі кругагляд.

— Пры неабходнасці ўніверсітэцкія выкладчыкі могуць праходзіць стажыроўкі ў кампаніях, — гаворыць Аляксандр Мудрык. — Нам цяжка непасрэдна ўдзельнічаць у вучэбным працэсе, але падрыхтаваць выкладчыка з пункту гледжання патрабаванняў работадаўцаў да будучых спецыялістаў можна.

— Я не так даўно працую ў Беларусі і, магчыма, не да канца разумею сітуацыю, але я ніколі не гляджу на прыналежнасць спецыяліста да канкрэтнай установы адукацыі ці колькасць атрыманых ім дыпломаў, — заўважыў прадстаўнік Альфа-Банка Рафал Юшчак. — Мне важны менавіта сам чалавек. Калі ў чалавека ёсць патэнцыял, то яго можна сфарміраваць у любой прафесіі.

Уздымаліся пытанні аб важнасці фундаментальнай адукацыі.

— Раней выпускнікі ўніверсітэтаў ведалі базавыя прадметы, пачынаючы матэматыкай і заканчваючы культуралогіяй, маглі на кавалку паперы рашыць задачу па супрамаце. А зараз спецыялісты валодаюць шматлікімі праграмамі, але гэтага не могуць, што сведчыць пра слабую фундаментальную падрыхтоўку, — заўважыў Аляксандр Мудрык. Ён звярнуў увагу прысутных і на масавасць вышэйшай адукацыі. На яго думку, універсітэты павінны стаць элітарнымі.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУ.