Кампанія па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў пачнецца ў Беларусі ў лістападзе 2017 года. Аб гэтым паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
Паводле слоў старшыні ЦВК, наступныя выбары ў краіне (гэта выбары дэпутатаў мясцовых саветаў) павінны прайсці не пазней за сярэдзіну лютага 2018 года. Гэта значыць, выбарчая кампанія стартуе ў сярэдзіне лістапада 2017 года.
Разважаючы наконт магчымасці сумяшчэння выбараў у Беларусі, Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу на пазіцыю прэзідэнта ў гэтым пытанні. “Ён усё ж такі лічыць несумяшчальнымі выбары, напрыклад, парламенцкія і прэзідэнцкія, напэўна, таму, што гэта дзве галоўныя выбарчыя кампаніі”, — заўважыла старшыня Цэнтрвыбаркама.
Пры гэтым Лідзія Ярмошына выказала меркаванне, што з мясцовымі выбарамі маглі б сумяшчацца парламенцкія. “Але я не думаю, што гэта наогул пытанне прынцыповае. Галоўнае, каб выбары праводзіліся з разумнай перыядычнасцю і каб людзі давяралі тым, каго яны выбралі”, — лічыць яна.
Аб прадаўжэнні дэпутацкіх паўнамоцтваў на год-два старшыня ЦВК выказалася пазітыўна, таму што ў Беларусі і так невялікія тэрміны ратацыі для ўсіх інстытутаў улады. “Таму, калі будуць павялічаны тэрміны паўнамоцтваў таго ці іншага выбарчага органа (вядома, у разумных межах), у гэтым няма нічога дрэннага. Прынамсі, гэта будзе садзейнічаць стабільнасці ўлады”, — рэзюмавала Лідзія Ярмошына.