Інваліднасць Аляксандр Махортаў атрымаў у 2000 годзе ў выніку дарожна-транспартнага здарэння, калі ехаў на матацыкле. Было яму тады толькі 17 гадоў. Сёння ў яго сваё прадпрыемства “Інва-Аўта-Сэрвіс”, якое Аляксандр адкрыў у 2011 годзе. У яго майстэрні пераабсталёўваюць аўтамабілі пад ручное кіраванне, каб зрабіць іх больш зручнымі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і перш за ўсё для людзей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. Зараз малады чалавек плануе рэалізаваць яшчэ адну бізнес-ідэю. У яго ёсць і захапленні. Аляксандр гуляе ў баскетбол на інвалідных калясках і лічыць, што галоўнае ў жыцці — не сумаваць.
Пасля аварыі былі нялёгкія гады аднаўлення і псіхалагічнай адаптацыі. Адчуванне, што жыццё працягваецца, што ўсё роўна ёсць дзеля чаго жыць, давалася няпроста. У многім дапамагалі сябры. Выратаваннем таксама былі вучоба, работа і хобі. Работа спачатку была самая простая: рабіў дома розныя пасведчанні, клеіў уліковыя кніжкі. Зарэкамендаваў сябе Аляксандр у гэтай справе вельмі добра. Захапляўся і спартыўнымі танцамі на калясках, не аднойчы станавіўся прызёрам спаборніцтваў на самых розных узроўнях, у тым ліку сярэбраным прызёрам на чэмпіянаце рэспублікі па спартыўных танцах на інвалідных калясках. Сёння ў Аляксандра ёсць сям’я — побач з ім маладая здаровая жанчына, можна сказаць, былая суседка (шмат гадоў жылі ў адным двары).
Да аварыі ён вучыўся ў вучылішчы машынабудавання пры заводзе МАЗ, авалодваў ведамі станочніка шырокага профілю. Пасля аварыі Аляксандр скончыў курсы самага рознага профілю пры пратэзным заводзе: набыў навыкі дызайнера, праекціроўшчыка, сістэмнага адміністратара, чарцёжніка-канструктара, аператара ЭВМ, аператара графікі. Падчас навучання на курсах удзельнічаў у спаборніцтвах па баскетболе на інвалідных калясках — на заводзе была каманда, якая часта выйгравала ў гульнях і ўдзельнічала нават у чэмпіянаце Еўропы па гэтым відзе спорту.
— Падчас навучання на курсах пры пратэзным заводзе адна фірма прапанавала мне добрую работу, звязаную з праектаваннем відэаназірання, — гаворыць Аляксандр. — Але цяжкасць была ў тым, што офіс фірмы знаходзіўся на 12-м паверсе, а ліфты ў будынку вельмі часта выходзілі са строю. Зразумела, што ніхто з супрацоўнікаў насіць мяне ўверх-уніз кожны дзень не мог, таму і з працаўладкаваннем у гэтую фірму нічога не атрымалася. Але я знайшоў работу на прадпрыемстве па працоўнай адаптацыі “Альфа-цім” пры таварыстве рэабілітацыйна-спартыўнага клуба інвалідаў, які займаўся вырабам спецыялізаваных калясак для розных відаў спорту. Паколькі вольны час у мяне ўсё ж заставаўся, паралельна я пачаў займацца пераабсталяваннем аўтамабіляў пад ручное кіраванне. Спачатку пераабсталяваў машыну сабе, потым пачаў дапамагаць знаёмым. Мой бізнес пачынаўся літаральна ў двары дома, дзе я жыў, а таксама на дачы. Паступова я ўдасканальваў навыкі, рабіў гэтую справу больш якасна і дакладна, з вялікім запасам тэхнічнай трываласці аўтамабіляў.
У памочніках у мяне з’явіўся рабочы, а колькасць заказчыкаў павялічвалася. Тады я і вырашыў адкрыць уласную справу. Напісаў бізнес-план, зарэгістраваўся ў службе занятасці як беспрацоўны і абвясціў яе супрацоўнікам аб сваім намеры. Праз пэўны час дзяржава выдзеліла мне субсідыю. Невялікую, але яе хапіла на пакупку неабходнага інструментарыю, запчастак для машын і на арэнду памяшкання.
За гады работы на прадпрыемстве ў Аляксандра было пераабсталявана больш за 500 машын! І хаця сайт яго кампаніі не працуе, работы толькі прыбаўляецца. Сталі паступаць заказы і з Расіі. Для расіян ён вырабляе механізм ручнога кіравання і адпраўляе яго заказной пасылкай, а расіяне ўстанаўліваюць яго на месцы або самі, або на любой станцый тэхнічнага абслугоўвання.
Зараз у штаце прадпрыемства “Інва-Аўта-Сэрвіс” пяць супрацоўнікаў. З іх трое маюць інваліднасць: Аляксандр, дырэктар, а таксама бухгалтар і спецыяліст па рэкламе, якія працуюць на адлегласці. Два аўтаслесары інваліднасці не маюць.
— Можа, каму-небудзь падасца, што мне было проста арганізоўваць свой бізнес, але скажу шчыра, што без дапамогі тых, хто аказваўся побач, я наўрад ці справіўся б, — адзначае Аляксандр. — Ідэя была мая, але бізнес-план мне крыху падкарэкціравалі. З арэндай памяшкання дапамог у свой час асабіста намеснік старшыні Мінгарвыканкама. Знайшліся і спонсары, якія пасадзейнічалі ў рамонце офіса, фарбаванні гаража, устаноўцы вокнаў, забяспечылі электраабсталяваннем — свяцільнямі, разеткамі і г.д.
Цяжкасцей з працаўладкаваннем на прадпрыемства людзей з інваліднасцю не было. Калі спецыяліст граматны і можа пакарыць сваёй пазітыўнасцю, то ўсё ў яго атрымаецца. Безумоўна, кожны работадаўца зацікаўлены ў тым, каб узяць прафесіянала, але няма нічога заганнага, калі гэта будзе чалавек з інваліднасцю. Дапамога прадпрыемству ад дзяржавы часткова ёсць. Паколькі ў штатным раскладзе больш як 50 працэнтаў людзей з інваліднасцю, то прадугледжана льготная плата за арэнду памяшканняў.
Выраб і ўстаноўка ручнога кіравання на аўтамабілі — гэта толькі адна з паслуг, якія аказваюць на прадпрыемстве Аляксандра. Кожны жадаючы тут можа яшчэ ўстанавіць аўташкло. Работнікі прадпрыемства пачалі рабіць таксама спецыяльныя трэнажоры для людзей з інваліднасцю — імітатары хадзьбы — рэабілітацыйныя прыстасаванні, якія выкарыстоўваюцца для ўзнаўлення рухальнага стэрэатыпа ў інвалідаў і пацыентаў з сур’ёзнымі неўралагічнымі парушэннямі, пасля траўм пазваночніка, інсультаў і паралічаў. За мяжой яны каштуюць вельмі дорага, у майстэрні Аляксандра Махортава імітатары хадзьбы прадаюцца па даступнай цане. Усяго такіх трэнажораў зроблена больш за 40. У планах Аляксандра — наладзіць выраб поручняў, пад’ёмнікаў для лесвіц, пандусаў і іншых тэхнічных сродкаў рэабілітацыі для людзей з інваліднасцю.
Безумоўна, займаць нішу, якая амаль не мае канкурэнтаў, заманліва. Але сітуацыя на рынку ўвесь час мяняецца, і трэба пастаянна думаць над нейкай новай спецыфічнай дзейнасцю, вынікі і прадукцыя якой будуць запатрабаваны не толькі сёння, але і заўтра.
— Часам здзіўляе, калі людзі з інваліднасцю вучацца прафесіі, у якой ніколі працаваць не будуць, — гаворыць Аляксандр. — Навошта гэта ім? Я, напрыклад, два гады шукаў бухгалтара з інваліднасцю. А колькі ў Мінску іпэшнікаў, маленькіх прадпрыемстваў, якія маюць патрэбу ў спецыялістах такога профілю. Павучыся ў каледжы на бухгалтара — і будзеш запатрабаваны. Бухгалтар жа можа працаваць і дома. У мяне ёсць таксама знаёмыя, якія скончылі курсы абутнікаў, адкрылі свае кіёскі і працуюць. Варыянтаў працаўладкавання на самай справе хапае.
Галоўнае — каб людзі не баяліся, не адчувалі сябе ахвярамі, а дзейнічалі. Асабліва прадузятых адносін я да сабе не адчуваю. Многія чыноўнікі, пераканаўся на ўласным вопыце, калі даведваюцца, што я на калясцы і збіраюся прыехаць да іх, каб перадаць нейкія дакументы, нават папярэдне спускаюцца ўніз на першы паверх ці сустракаюць мяне на вуліцы. Ставяцца з разуменнем. Невырашальных пытанняў не існуе, галоўнае — не сядзець склаўшы рукі, бо, як вядома, пад ляжачы камень вада не цячэ. Мне зараз 31 год, і я ў пастаянным пошуку новых ідэй, будую планы на перспектыву. Што тычыцца прафесійных планаў, думаю, напрыклад, адкрыць цырульню, ажыццявіць сваю даўнюю мару. Для гэтага неабходна знайсці памяшканне, адрамантаваць і абсталяваць яго так, каб цырульню маглі наведваць і людзі з інваліднасцю. Магчыма, адзін майстар будзе выязджаць і абслугоўваць дома. Кошт паслуг установім нізкі, таму што ў яго не будзе закладзена высокая плата за арэнду, высокі ПДВ і г.д. Так і зацікавім наведвальнікаў. А самае важнае для мяне, што паслугі будуць даступнымі і для людзей з інваліднасцю.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.