Галоўнае ў школе — дзеці і іх інтарэсы!

- 11:06Людзі адукацыі

“Усе дзеці ў чымсьці таленавітыя. Не даецца вучоба, затое ёсць добрыя вынікі ў творчасці або спорце. Важна стварыць умовы, каб кожнае дзіця адчула сябе асобай паспяховай, шчаслівай і гарманічнай. Таму ўпэўнена, што галоўнае ў школе — гэта дзеці і іх інтарэсы! — гаворыць дырэктар бараўлянскай сярэдняй школы № 3 Ганна Пятроўна Каралевіч. — Мой прафесійны выбар не быў выпадковым, бо я вельмі люблю дзяцей. Напэўна, ні адна прафесія ў свеце не дорыць такі багаты спектр эмоцый, якія атрымлівае педагог, назіраючы за вынікамі сваёй упартай працы, за тым, як сталеюць яго вучні”.

За добрасумленную плённую працу, прафесіяналізм, творчую ініцыятыву, высокую якасць арганізацыі адукацыйнага працэсу, значны асабісты ўклад у адра­джэнне беларускай нацыянальнай культуры Ганна Пятроўна атрымала гэтымі днямі Падзяку Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.

Ганна Каралевіч — жыхарка Мінскага раёна, нара­дзілася і вучылася ў школе аграгарадка Лясны. Скончыла лінгвістычны каледж Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, а ў 2011 годзе — БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя. Беларуская мова і літаратура”. Пачынала педагагічную дзейнасць як настаўніца пачатковых класаў у Дубаўлянскай сярэдняй школе. Затым на працягу 10 гадоў працавала ў Бараўлянскай сярэдняй школе, якую калісьці сама cкончыла. Стала ў ёй намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. З 2018 года ўзначаліла ўстанову-новабудоўлю — бараўлянскую сярэднюю школу № 3 у Ляскоўцы.

“У гэтым навучальным годзе да нас прыйшоў 1451 вучань, — расказала Ганна Пятроўна. — Сярод іх ёсць дзеці з АПФР: з цяжкімі парушэннямі маўлення, сіндромам Даўна, расстройствамі аўтыстычнага спектра, парушэннем апорна-рухальнага апарату, у тым ліку дзеці, якія перамяшчаюцца на калясках. Усіх сваіх вучняў мы інтэгруем у агульнаадукацыйны працэс, аказваем ім усебаковую дапамогу. Для кожнага асаблівага вучня распрацаваны індывідуальны адукацыйны маршрут. У школе створана ўніверсальнае безбар’ернае асяроддзе”.

Школа ўдзельнічае ў міжнародным праекце па інклюзіўнай адукацыі сумесна з дабрачыннай арганізацыя­й “Карытас”, у сацыяльна-значным праекце “3D-сэрца” сумесна з дабрачынным фондам Аляксея Талая. Ва ўстанове рэалізуецца праект Беларускага Чырвонага Крыжа пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, тэхнічнай падтрымцы дацкага Чырвонага Крыжа і ў супрацоўніцтве з органамі ўлады “Пашырэнне ўдзелу грама­дзянскай супольнасці ў прыняцці рашэнняў па пытаннях сацыяльнай інтэграцыі ў Беларусі”. У міні-праекце “Свет без межаў” прымаюць удзел сем’і, якія выхоўваюць дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, дзеці з інваліднасцю, педагогі, адміністрацыя школы. Мэтай праекта з’яўляецца аказанне гэтым сем’ям псіхасацыяльнай падтрымкі сродкамі АРТ-тэрапіі і рэабілітацыйных заняткаў па фізічнай культуры і здароўі. У рамках праекта былі створаны валанцёрскі атрад “Мы-разам”, сямейны клуб “Мама-лэнд”, ініцыятыўная група з ліку педагогаў і бацькоў.

Заўважым, што калектыў школы вельмі малады, як і яго дырэктар Ганна Пятроўна. Палова педагогаў — увогуле маладыя спецыялісты. Іх сярэдні ўзрост складае 28 гадоў. Вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю пакуль маюць 10 працэнтаў педагогаў. Каб вучыць моладзь, патрэбны вопытныя кадры, і дырэктар заўсёды рада прыняц­ь іх на работу. Ганна Пятроўна стварае спрыяльную, добразычлівую атмасферу ў школе, далучаючы педагогаў да разнастайнай дзейнасці з улікам іх здольнасцей і захапленняў, стварае ўмовы для дасягнення высокіх вынікаў. Педагогі і навучэнцы школы ўдзельнічаюць і перамагаюць у конкурсах, аглядах, спаборніцтвах на рэспубліканскім, абласным, раённым узроўнях. Сярод дасягненняў адзначым дыплом I ступені Міжнароднага педагагічнага конкурсу “Педагогіка ХХІ стагоддзя: вопыт, дасягненне, методыка”; дыплом лаўрэата Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі для навучэнцаў “Будучыня за табою”; перамогу ў рэспубліканскім кубку па КВЗ ААТ “Беларуськалій”; дыплом ІІ ступені рэспубліканскага конкурсу “Пасябруй са спортам”; дыпломы І ступені абласных конкурсаў “Педагагічная алімпіяда”, “Педагагічная ІТ-мазаіка”, “Кубак губернатара Мінскай вобласці”; дыпломы пераможцаў абласных конкурсаў “Мы ў адказе за перамогу”, “Малады лідар Міншчыны”, “Настаўнік года Мінскай вобласці — 2019”.

Ва ўстанове прапаноўваецца шырокі спектр адукацыйных паслуг. На базе 10 класа арганізавана профільнае навучанне, дзе на павышаным узроўні вывучаюцца англійская мова, матэматыка, гісторыя Беларусі. Для базавых 10 класаў прадугле­джана прафесійнае навучанне цырульніцкаму мастацтву і спецыяльнасці “Разьбяр па дрэве”. У школе абсталяваны майстэрні па апрацоўцы дрэва і металу. У рамках праекта “Інжынерная школа” праводзяцца заняткі па вывучэнні праграмавання, канструявання, электронікі. Пачынаючы з 1-га класа дзеці вучацца іграць на музычных інструментах (фартэпіяна, гітара, саксафон, баян, акардэон, цымбалы, скрыпка, ударныя ўстаноўкі). З гэтага навучальнага года адкрыліся класы з дадатковай адукацыяй, у якіх дзеці займаюцца харэаграфіяй і вакалам. Ганна Пятроўна вядзе ў пачатковых класах факультатыў “Развіццё творчых здольнасцей”, дзе выкарыстоўвае ЛЕГА-канструяванне.

У 2020/2021 навучальным годзе ў школе працуюц­ь 13 спартыўных секцый і аб’яднанняў па інтарэсах фізкультурна-­спартыўнай накіраванасці, у якіх займаецца каля 570 навучэнцаў. Вялікай папулярнасцю карыстаецца секцыя чырлідынгу, а таксама заняткі брэйк-дансам, футболам.

Бараўлянская сярэдняя школа № 3 адзіная ў Мінскім раёне паспяхова рэалізуе рэспубліканскі праект “Тата-зала”. Мэта праекта — зблізіць маладых татаў са сваімі дзецьмі, актывізаваць іх на сумеснае баўленне часу, прыцягнуц­ь да заняткаў спортам. У рамках праекта маладыя таты (да 31 года), якія пражываюць або працуюць у Мінскім раёне, члены БРСМ, могуць уваходзіць у клуб і бясплатна атрымліваць увесь спектр паслуг, што прадастаўляюцца спартыўнай базай школы. Узначальвае клуб і распрацоўвае спецыяльныя праграмы трэніровак пяціразовы чэмпіён свету па гіравым спорце майстар спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа Ігар Сігневіч. Заняткі праходзяць кожную суботу ў спартыўных і трэнажорных залах школы. З 1 верасня 2019 года да заняткаў былі запрошаны і мамы з дзецьмі. Спартыўнае аддзяленне “Мама-зала” ўзначаліў чэмпіён свету па гандболе майстар спорту міжнароднага класа Максім Няхайчык.

Ганна Пятроўна зацікаўлена ў тым, каб выхоўваць вучняў сапраўднымі беларусамі. У рамках рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкі па праекце “Апрабацыя інтэрактыўных тэхналогій фарміравання грамадзянска-патрыятычных і гуманістычных каштоўнасцей навучэнцаў у пазавучэбнай дзейнасці” (2019—2022 г.) ва ўстанове развіваюцца праекты “Кола беларускіх свят”, “Я — беларус маленькі”, “Хочам быть разам”, “Быць здаровым — здорава!”, “Па прыступках будучыні”, “Гартаючы старонкі вайны”, “Беларусь у дыялогу нацыянальных культур”.

Надзея ЦЕРАХАВА.