Галоўны стымул — гэта вучні

- 12:01Людзі адукацыі

Жвава і эмацыянальна, узрушана і з бляскам у вачах праводзіць свае ўрокі настаўнік-метадыст, настаўнік біялогіі сярэдняй школы № 43 Гомеля Сяргей Рыгоравіч Дубкоў. Відаць, што ён атрымлівае задавальненне ад працэсу навучання, таму не дзіўна, што і вучні слухаюць яго адкрыўшы рот. Прызнацца, падчас гутаркі з Сяргеем Рыгоравічам я таксама трапіла ў палон яго педагагічнай энергетыкі.

Сяргей Рыгоравіч ДУБКОЎ,
настаўнік-метадыст, настаўнік біялогіі і хіміі сярэдняй школы № 43 Гомеля са стажам работы больш як 30 гадоў. Скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны па спецыяльнасці “Біялогія. Выкладчык біялогіі і хіміі”, аспірантуру пры кафедры заалогіі і аховы прыроды гэтага ж універсітэта. З’яўляецца ўдзельнікам, фіналістам і пераможцам шматлікіх конкурсаў педагагічнага майстэрства. Яго вучні многа разоў станавіліся прызёрамі навукова-практычных канферэнцый і розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды.
Дасканала валодае сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі і дыдактыкай сучаснага ўрока. Вядзе актыўную метадычную работу ў горадзе з настаўнікамі біялогіі і хіміі, чытае лекцыі ў Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, штогод дае па 8—10 адкрытых урокаў для настаўнікаў розных катэгорый, праводзіць навучанне і адкрытыя ўрокі для маладых настаўнікаў вобласці. Часта прымае ўдзел у выязных семінарах ГАІРА. Яго вопыт быў тройчы абагульнены ў горадзе і вобласці.
Настаўнік можа ганарыцца сваімі вучнямі: 28 яго выпускнікоў ужо працуюць урачамі розных спецыяльнасцей, 11 навучэнцаў — медсёстры лячэбных устаноў, 16 выпускнікоў — настаўнікі, дырэктары і намеснікі дырэктараў розных школ рэспублікі. Чатыры выпускнікі Сяргея Рыгоравіча абаранілі дысертацыі на званні кандыдатаў біялагічных і медыцынскіх навук.
Сам настаўнік таксама праводзіць навуковыя даследаванні і публікуецца па тэме дысертацыі “Жукі-капрафагі ў экасістэмах Беларускага Палесся” ў навуковых выданнях Рэспублiкi Беларусь. Паралельна займаецца падрыхтоўкай вучэбных зборнікаў па біялогіі для настаўнікаў і навучэнцаў сярэдніх школ. У друку — два яго зборнікі: вучэбна-метадычны дапаможнік па біялогіі для інтэнсіўнага навучання ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры і зборнік задач па агульнай біялогіі для 10—11 класаў, падрыхтаваны разам з І.В.Багачовай і І.Р.Клявец.
Акрамя таго, Сяргей Рыгоравіч прымае актыўны ўдзел у рабоце рэспубліканскіх і міжнародных педагагічных канферэнцый. Мае больш за 50 публікацый у педагагічных выданнях рэспублікі. Педагагічнае крэда настаўніка: “Да работы трэба падыходзіць з лёгкім сэрцам, ставіцца з пэўнай іроніяй і гумарам, якія дапамогуць змякчыць самыя напружаныя сітуацыі; выхоўваць у сяброўстве, вучыць з усмешкай, папракаць з любоўю і заўсёды памятаць, што неталенавітых дзяцей няма — ёсць нядобрасумленныя настаўнікі”.

— Сяргей Рыгоравіч, давайце пачнём з самага пачатку вашага настаўніцтва. Чым яно вас так прыцягнула? І чаму біялогія?
— У педагогіку я трапіў, як і ўсе з майго курса ў інстытуце, па размеркаванні. Па прафесіі я паляўніцтвазнавец. Заўсёды любіў жывёл, вельмі хацеў працаваць у заапарку. Але лёс усіх нас накіраваў у школу. Я трапіў у сельскую Грабоўскую сярэднюю школу. Гэта было ў 1981 годзе. І ўжо на першым месяцы працоўнай дзейнасці пасля двух тыдняў франтальнай праверкі мне быў вынесены вердыкт: прафесійна непрыгодны. Шок!
Я моцна перажываў, вырашыў адпрацаваць 3 гады і расстацца з адукацыяй. Але работа з дзецьмі ўцягнула. Жывыя зносіны з’яўляюцца лепшымі за ўсякія методыкі. Стаў пашыраць свой кругагляд, вывучаць псіхалогію, методыку выкладання, вопыт калег. Пачаўся прафесійны рост. Работа ў школе стала для мяне цікавай. Так ёй захапіўся, што падчас арміі (1983—1985 гады) не мог забыцца на педработу. Усе месяцы службы атрымліваў лісты і фота сваіх грабоўскіх вучняў, а вярнуўшыся да грамадзянскага жыцця, цвёрда вырашыў: стану добрым настаўнікам!
А чаму менавіта біялогія? Прырода, жывыя арганізмы, жыццё — гэта тое, што дае сілы, прыносіць радасць, упрыгожвае існаванне чалавека. Ды і як інакш: чалавек ― частка прыроды! Камусьці морква і смех — вітаміны, я для мяне пілюля — дзень на прыродзе за горадам, на рацэ, на моры.

— Да чаго прывяла ваша прага да самаўдасканалення? Што змянілася ў вас як настаўніку і чалавеку за гады выкладання ў школе?
— Многае. Перш за ўсё памянялася стаўленне да работы. Працаваць дзеля зарплаты я ўжо не магу, мне патрэбен вынік. І калі я бачу яго — значыць мэты дасягнуты. Я перастаў рабіць штосьці “для птушачкі”, я павінен бачыць свой прадукт на выхадзе. Інакш няма сэнсу ў працы настаўніка. Так, гэта праца на знос. Але што рабіць?
На жаль, ёсць і негатыўныя моманты. Прыйшлося спазнаць подласць асобных навучэнцаў і неразуменне некаторых бацькоў. Але гэта асабістае. Змяніўся характар. Я стаў больш жорсткім, патрабавальным да сабе і навакольных. Перастаў абяцаць, калі зрабіць не магу. Ненавіджу падман і здраду, двудушнасць і двайныя стандарты.

— Сёння нельга ўявіць урок без сучасных педагагічных тэхналогій і методык. Як вы да іх ставіцеся і якімі карыстаецеся?
— Эксперыментую з любымі інавацыямі. Калі ўрок і мае вучні выйграюць ад новых прыёмаў і тэхналогій, калі вучні з задавальненнем уключаюцца ва ўрочную дзейнасць — чаму не выкарыстоўваць? Нам вельмі падабаецца тэхналогія развіцця крытычнага мыслення і калектыўныя спосабы навучання, тэхналогіі і прыёмы практыка-арыентаванай адукацыі (даследчая дзейнасць).

— Сяргей Рыгоравіч, у такім выпадку вызначце, калі ласка, асноўныя складнікі вашага паспяховага ўрока.
— Сучасны ўрок па біялогіі павінен быць пазнавальным, навучальным, карысным для вучняў, практыка-арыентаваным. Пасля заняткаў любы павінен выйсці з кабінета і пракрычаць: “Эўрыка!”, “Я зразумеў …” , “Я навучыўся …”, “Я даведаўся …”, “Я змагу …”, “Да мяне дайшло …”.
На ўроку неабходна ажыццяўляць супрацоўніцтва з навучэнцамі, выкарыстоўваць інавацыйныя тэхналогіі, а настаўнік павінен разглядацца не як крыніца ведаў, а як калега, памочнік, кансультант. Урок павінен насіць выхаваўчы характар. Напрыклад, разгледзім схему ўрока ў 8 класе па тэме “Асяроддзе пражывання, знешняя будова і шкілет земнаводных”.
На працягу ўрока навучэнцы павінны даведацца і запомніць асаблівасці знешняй будовы амфібій у адпаведнасці з асяроддзем пражывання і асаблівасці шкілета земнаводных. Да канца ўрока яны павінны ўжо ўмець знаходзіць прыметы адаптацыі земнаводных да двух асяроддзяў пражывання (наземнага і паветранага), параўноўваць амфібій з рыбамі і сухапутнымі жывёламі. Тут жа ў вучняў працягваюць развівацца даследчыя кампетэнцыі, у групавой дзейнасці фарміруюцца іх камунікатыўныя навыкі, яны вучацца бачыць прыгожае вакол сябе.
Пасля арганізацыйнага моманту, аналізу і кантролю ведаў па тэме “Надклас “Рыбы” мы пачынаем знаёміцца са светам амфібій — цікавым і загадкавым светам земнаводных жывёл, прыстасаваных да пражывання ў водным і наземным асяроддзі. Глядзім слайды прэзентацыі аб земнаводных.
Падчас актывізацыі дзейнасці навучэнцаў, фарміравання матывацыі можна прапанаваць вучням адказаць на наступныя пытанні: чаму жывёл называюць амфібіямі, або земнаводнымі? чаму амфібіі могуць жыць і ў вадзе, і на сушы? якія ў амфібій узніклі прыстасаванні да пражывання ў вадзе і на сушы? ці ёсць у жаб прыметы, уласцівыя рыбам? чым жабы адрозніваюцца ад рыб?
“Я спадзяюся, што на сённяшнім уроку вы атрымаеце адказы на пастаўленыя пытанні. Не забывайцеся, што атрыманыя веды вам спатрэбяцца для выканання тэматычнага кантролю па тэме і ў вашым жыцці, таму што з земнаводнымі мы сустракаемся вельмі часта”, — звяртаюся да сваіх вучняў.
Падчас вывучэння новага матэрыялу, каб цікавей было працаваць, разбіваем клас на 4 групы і карыстаемся даследчым метадам атрымання новых ведаў. Заданні для кожнай групы запісаны на картках, якія ляжаць на сталах. Разам успамінаем этапы даследчай дзейнасці (глядзім слайды прэзентацыі) і пачынаем працаваць.
1 група
Задача: якія асаблівасці знешняй будовы дазваляюць земнаводным жыць у вадзе? Вылучыце гіпотэзу, меркаванні і паспрабуйце іх даказаць. Знайдзіце прыстасаванні амфібій да воднага асяроддзя пражывання.
2 група
Задача: якія асаблівасці знешняй будовы дазваляюць земнаводным жыць на сушы? Вылучыце гіпотэзу, меркаванні і паспрабуйце іх даказаць. Знайдзіце прыстасаванні амфібій да пражывання на сушы.
3 група
Задача: ці ёсць асаблівасці знешняй будовы земнаводных, падобныя да асаблівасцей рыб? Якія маюцца адрозненні класаў касцяных рыб і амфібій па знешняй будове? Вылучыце гіпотэзу, меркаванні і паспрабуйце іх даказаць.
4 група
Задача: ці ёсць асаблівасці будовы шкілета земнаводных, падобныя да асаблівасцей рыб? Якія адрозненні класаў касцяных рыб і амфібій па будове шкілета? Вылучыце гіпотэзу, меркаванні і паспрабуйце іх даказаць.
Час работы ў групе — 5 хвілін. Вывучаецца дыдактычны матэрыял, які ляжыць на стале, неабходны параграф вучэбнага дапаможніка, раздатачны матэрыял, прапанаваныя дапаможнікі і табліцы.
Наступным этапам з’яўляецца сацыялізацыя, калі ідзе абмеркаванне вынікаў даследаванняў у групах (2 хвіліны). Затым кожная група афішыруе вынікі пошукаў, робіць высновы. На гэтым этапе на кожную групу адводзіцца па 3 хвіліны — усяго12 хвілін.
Пасля ў нас адбываецца замацаванне атрыманых ведаў. Глядзім слайды прэзентацыі і праводзім франтальную гутарку па пытаннях:
* Якія адаптацыі дазваляюць амфібіям жыць у вадзе?
* Якія адаптацыі дазваляюць амфібіям жыць на сушы?
* У чым падабенства шкілетаў рыб і земнаводных?
* Чым адрозніваецца па будове шкілет амфібій ад шкілета касцяных рыб?
* У чым адрозненні будовы мышачнай сістэмы жабы і акуня?
* Як вы думаеце, пра што сведчыць падабенства ў знешняй будове земнаводных і рыб?
Падчас выхаднога кантролю дзеці выконваюць тэст.
У канцы ўрока агучваецца дамашняе заданне (паўтарыць параграф, адказаць на пытанні пасля яго), праводзіцца рэфлексія, падводзяцца вынікі ўрока і выстаўляюцца адзнакі. Вось прыкладна так.

— Дарэчы, якую ролю адводзіце дамашняму заданню, якое сёння выклікае шмат пытанняў, асабліва ў бацькоў?
— У першую чаргу яно неабходна тым, хто недапрацаваў на ўроку, каму трэба нешта паўтарыць. Я задаю яго ўсім, але з агаворкамі — для чаго. Усяму класу трэба памятаць, што пройдзены матэрыял неабходны для выканання самастойных, кантрольных і заліковых работ, але кожны вызначаецца самастойна наконт мэтазгоднасці сваёй падрыхтоўкі.

— І яшчэ адно ўрокаўтваральнае пытанне. Як ставіцеся да дысцыпліны, якую сёння вызначаюць гаджэты?
— Дысцыпліна — гэта асноўнае! Не будзе засваення ведаў без дысцыпліны. Іншая справа — трэба арганізаваць работу так, каб не было калі займацца глупствам. Ёсць навучэнцы, якія не жадаюць нічога рабіць. Тады я шукаю ім справу па інтарэсах, каб заняць хоць чымсьці карысным і прыбліжаным да тэмы ўрока (напрыклад, у мабільным інтэрнэце нешта знайсці і расказаць).

— Сяргей Рыгоравіч, хочацца спытаць і пра ролю самаадукацыі настаўніка. Яна стымулюе настаўніка ці прыгнятае пэўнымі рамкамі?
— Кожнаму — сваё. Камусьці мала адукацыі, а камусьці — больш, чым дастаткова. Мне заўсёды мала! Калі настаўнік перагарае, трэба сыходзіць. Я ўвогуле лічу, што настаўнікі павінны працаваць да 50 гадоў, а далей — куды заўгодна або на пенсію, калі не хочаш расці творча і прафесійна. Такі настаўнік становіцца проста гадзінадаўцам.

— А што хвалюе?
— Тое, што профільнае навучанне павінна быць ва ўсіх школах, пачынаючы з 9 класа, пры грунтоўным скарачэнні другарадных прадметаў.
Школьная адукацыя павінна быць цалкам практыка-арыентаванай. Мы павінны перагледзець мэтавыя ўстаноўкі ўрокаў. Напрыклад, галоўнае на ўроку — не атрыманне гатовага аб’ёму ведаў, а набыццё спосабаў і навыкаў самастойнага іх здабывання.
Безумоўна, мяне хвалюе статус настаўніка. Сёння бацькам дазволена ўмешвацца ў вучэбны працэс і нават у кіраванне справамі школы. Але так быць не павінна! Такое ўмяшанне зусім не супрацоўніцтва сям’і і школы.

— Адкуль чэрпаеце натхненне для работы?
— Галоўны мой стымул — гэта мае навучэнцы. А калі яны яшчэ і імкнуцца да новых ведаў, я на работу лячу. Сёння я не лічуся з часам, калі мая педагагічная дзейнасць запатрабавана. А яшчэ ў мяне ёсць прыклад самаадданых адносін да работы. Гэта мая мама, якая мае безліч розных узнагарод за сваю працу, мае школьныя настаўнікі (асабліва настаўніца біялогіі Алена Васільеўна Міхневіч), а таксама калегі і сябры, напрыклад, члены клуба “Крыштальны журавель”.

— Вялікі дзякуй за цікавую размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.