Галоўны талент — любоў да дзяцей

- 14:27Навіны рэгіёнаў

“Людзей нецікавых у свеце няма”, — сказаў паэт Яўген Еўтушэнка. І меў рацыю. Дастаткова азірнуцца вакол — і можна ўбачыць, колькі цікавых і таленавітых людзей жыве побач.

У сярэдняй школе № 9 Кобрына працуе надзвычай творчы і захоплены педагог Галіна Іванаўна Барысюк, якая з’яўляецца цьютарам у адным з інтэграваных класаў. Кажуць, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Галіна Іванаўна малюе, піша вершы, рукадзельнічае… Амаль у кожным кабінеце пачатковых класаў можна сустрэць малюнкі гэтага педагога. Сцены актавай залы таксама ўпрыгожаны мастацкімі творамі Г.І.Барысюк. Што да вершаў, то часам здаецца, што яна літаральна размаўляе імі. Галіна Іванаўна — аўтар зборніка вершаў для дзяцей “Летні дожджык” і размалёўкі “Азбука ў малюнках”. Але самы галоўны талент педагога — любоў да дзяцей!

Жыццёвы шлях Г.І.Барысюк — гэта шлях нястомнай працы, самаўдасканальвання і адданага служэння любімай справе — выхаванню дзяцей. Галіна Іванаўна нарадзіла і выхавала трох сыноў і дзвюх дачок, за што ўзнагароджана ордэнам Маці. Нягледзячы на тое, што ў доме пяцёра сваіх дзяцей, яна амаль на кожныя канікулы брала хлопчыкаў і дзяўчынак з мясцовага дзіцячага дома, прычым ніколі не дзяліла дзяцей на сваіх і чужых. Выхоўвала ўсіх так, каб яны выраслі годнымі людзьмі і знайшлі сваё месца ў жыцці. Любові і пяшчоты жанчыны хапала на ўсіх. І нават сёння, калі ўсе дзеці ўжо выраслі, стварылі ўласныя сем’і і набылі прафесію, яны з цеплынёй успамінаюць тыя моманты, калі побач з імі была Галіна Іванаўна.

Працоўную дзейнасць Г.І.Барысюк пачынала выхавальніцай у дзіцячым садку. Потым перайшла ў ЦКРНіР, дзе займалася з дзецьмі-інвалідамі. Гэта было надзвычай цяжкае выпрабаванне, але ў сваім рашэнні Галіна Іванаўна не вагалася.

— Асаблівыя дзеці больш спагадлівыя, чулыя і добрыя, чым здаровыя, — гаворыць педагог. — Работа ў ЦКРНіР цалкам змяніла мой светапогляд.

Пра вялікае і добрае сэрца жанчыны сведчыць і тое, што яна шмат гадоў займалася валанцёрскай дзейнасцю. Вось і сёння яна зноў знаходзіцца побач з тымі, каму неабходна дапамога: выхоўвае дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, якія вучацца ў інтэграваным класе.

Гледзячы на Галіну Іванаўну, не здагадаешся, колькі добрых спраў яна зрабіла за сваё жыццё. А сіл і энергіі ў яе яшчэ шмат. Такіх людзей трэба цаніць і вучыцца ў іх. Галіна Іванаўна заўсёды адкрыта для новых знаёмстваў, бо лічыць, што няма большага шчасця, чым бескарысна дапамагаць людзям.

Маргарыта ГАПАНЮК,
выпускніца сярэдняй школы № 9 Кобрына.