Гармонія ў доме, гармонія ў жыцці

- 11:38Сацыяльны ракурс

Нацыянальны форум “Сям’я ХХІ стагоддзя” быў арганізаваны для таго, каб садзейнічаць захаванню ў беларускім грамадстве традыцыйных сямейных каштоўнасцей, умацаванню сямейных адносін, адказнасці за нараджэнне і выхаванне дзяцей. На гэтым мерапрыемстве, якое нядаўна адбылося ў Мінску, сабралася некалькі соцень удзельнікаў, многія з іх — педагогі або студэнты педагагічных спецыяльнасцей.

Ды і завадатарам правядзення нацыянальнага форуму стаў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка ў супрацоўніцтве з Беларускім саюзам жанчын, хаця маштаб мерапрыемства прадугледжваў далучэнне да падрыхтоўкі форуму іншых зацікаўленых структур. Так яно і атрымалася: суарганізатарамі выступілі міністэрствы адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, інфармацыі, аховы здароўя, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

— Форум падкрэслівае ролю сям’і, яе значнасць для грамадства і развіцця дзяржавы, — адзначыла намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Марыяна Акіндзінаўна Шчоткіна. — Калі мы параўнаем сям’ю мінулага стагоддзя, пачатку 2000-х і сям’ю 2017 года, то вымушаны будзем прызнаць, што гэта зусім розныя структуры. І мы не можам не ісці ў нагу з часам: трэба стварыць сітуацыю поспеху для кожнага чалавека: і для бацькоў, і для дзіцяці. Гэта задача не толькі дзяржавы, але і ўсяго грамадства. Але трэба разумець, што і ролю маці і жонкі, ролю таты і мужа ніхто не адмяняў.

М.А.Шчоткіна заўважыла і тое, што любы законапраект, які прымаецца або мяняецца сёння, так або інакш тычыцца інтарэсаў сям’і. Напрыклад, хутка парламент будзе разглядаць новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі, і гэта таксама важна для любой сям’і, бо адукацыйны працэс тычыцца кожнай сям’і, дзе ёсць дзеці або ўнукі. Або законы аб прадпрымальніцкай дзейнасці: іх удасканаленне мае важнае значэнне для многіх сем’яў, дзе бацькі, у тым ліку жанчыны, з’яўляюцца прадпрымальнікамі. Жанчын, дарэчы, у Беларусі больш за 53% насельніцтва, яны ж складаюць амаль палову актыўна занятых у эканоміцы беларусаў.

— Мы разумеем, што, нягледзячы на ўсе змены, пэўныя “шкляныя столі” для жанчын застаюцца: гэта прафесійная сегрэгацыя, разрыў у заработнай плаце, бо жанчыны ў асноўным працуюць у бюджэтнай сферы, — заўважыла М.А.Шчоткіна. — Але агульны прынцып гендарнай роўнасці замацаваны ў заканадаўстве, і гэта правільна. Гендарная экспертыза, якую ў свой час правёў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, пацвердзіла гендарную нейтральнасць беларускага заканадаўства. Цяпер самае галоўнае, каб усё гэта было рэалізавана на практыцы.

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Аляксеевіч Румак, выступаючы на пленарным пасяджэнні, нагадаў, што ў краіне сем’і з дзецьмі могуць атрымліваць розныя віды дапамог, ільготы і гарантыі, уключаючы фінансавую дапамогу пры будаўніцтве і рэканструкцыі жылля. І такая работа дае станоўчы вынік: Беларусь займае 25-е месца сярод 179 дзяржаў у рэйтынгу краін, спрыяльных для мацярынства і нараджэння дзяцей. Мы першыя па гэтым паказчыку сярод краін СНД. Напрыклад, Расія займае ў рэйтынгу 56-е месца, Украіна — 69-е, Азербайджан — 90-е.

— Важна, што прадастаўленне прававых гарантый пачынаецца яшчэ да нараджэння дзіцяці, — падкрэсліў А.А.Румак. — Гэта комплекснае медыцынскае суправаджэнне жанчыны падчас цяжарнасці, а таксама прадастаўленне водпуску па цяжарнасці і родах з выплатай дапамог. У адпаведнасці з Працоўным кодэксам, адпачынак па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў прадастаўляецца працуючаму бацьку або іншым працуючым сваякам дзіцяці, калі маці выходзіць на работу (вучобу), а таксама ў тым выпадку, калі яна з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, адвакатам, натарыусам, творчым работнікам або ажыццяўляе паслугі ў галіне аграэкатурызму.

Адной з задач форуму стала абмеркаванне вынікаў рэалізацыі сацыяльна-адукацыйнага праекта “Здаровая сям’я — здаровае грамадства”.

— Два гады назад наш універсітэт разам з Саюзам жанчын пачаў гэты нацыянальны праект, — расказаў рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук. — Чаму такая назва, думаю, зразумела: устойлівае развіццё грамадства залежыць ад галоўнай грамадскай ячэйкі — сям’і. Калі сям’я будзе здаровай, гарманічнай, гэта і будзе залогам устойлівага развіцця нашага грамадства. Рэалізоўваючы праект, мы вырашалі асноўныя задачы: правядзенне даследаванняў сярод школьнікаў, бацькоў аб іх стаўленні да сямейных каштоўнасцей, поглядах на сучасную сям’ю; інфармацыйна-асветніцкая работа — мы падрыхтавалі шэраг матэрыялаў вучоных, медыкаў для школьнікаў і студэнтаў па рэпрадуктыўным здароўі, фарміраванні здаровага ладу жыцця будучай сям’і, па паляпшэнні адносін дзяцей і бацькоў.

Напярэдадні Дня маці (14 кастрычніка) па ініцыятыве арганізатараў праекта “Здаровая сям’я — здаровая нацыя” ва ўсіх школах краіны прайшлі ўрокі сямейнага жыцця. Супрацоўнікі педуніверсітэта распрацавалі метадычныя рэкамендацыі і памяткі для старшакласнікаў да гэтага ўрока. Магчыма, сёлетнія ўрокі стануць пачаткам новай традыцыі, якая будзе спрыяць падрыхтоўцы моладзі да стварэння сям’і .

Што да даследавання, то падчас яго былі апытаны 529 старшакласнікаў і 136 студэнтаў, а таксама 167 бацькоў і педагогаў. Так, высветлілася, што старшыя школьнікі лічаць, што добранадзейнасць сям’і павінна засноўвацца на ўзаемаразуменні і каханні. Куды меншае значэнне маладыя людзі надаюць адказнасці і ўзаемнай падтрымцы. Значыць, ёсць што растлумачыць моладзі. Так думаюць і апытаныя бацькі, амаль 80% з якіх лічаць, што ў школе трэба вучыць таму, як стварыць шчаслівую сям’ю і выхоўваць дзяцей.

Акрамя таго, па словах рэктара педуніверсітэта, праводзячы даследаванні, арганізатары праекта прыйшлі да высновы, што ў школах краіны неабходна стварэнне бацькоўскіх універсітэтаў для сістэмнай работы з мамамі і татамі школьнікаў. Прычым прапаноўваецца зрабіць такія ўніверсітэты трохступеньчатымі: “Маё дзіця — малодшы школьнік”, “Маё дзіця — падлетак” і “Маё дзіця — старшакласнік”. Спецыялісты БДПУ ўжо распрацавалі праект бацькоўскага ўніверсітэта, каб вынесці яго на разгляд Міністэрства адукацыі.

Таксама А.І.Жук заўважыў, што сённяшнім школьнікам не хапае ведаў па псіхалогіі сямейных адносін. Таму і прапаноўваецца так або інакш вывучаць у школе псіхалогію асобы, псіхалогію сямейных адносін. Праекты адпаведных курсаў ужо распрацавалі спецыялісты педуніверсітэта. Хутчэй за усё, канечне, такое навучанне можа быць арганізавана ў выглядзе факультатываў, хаця падобныя факультатыўныя заняткі ёсць зараз для вучняў 10—11 класаў, як заўважыла намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Раіса Станіславаўна Сідарэнка. А праграму, прапанаваную БДПУ, у галіновым міністэрстве абавязкова разгледзяць, бо добрых прапаноў па такой важнай тэме многа не бывае.

— Ні адна ўстанова адукацыі, ні адзін нават самы таленавіты педагагічны калектыў не зможа цалкам рэалізаваць свае задачы, калі не будзе ўзаемадзеяння з сям’ёй, — сказала Раіса Станіславаўна. — З кожным годам жыцця дзіцяці ўзаемадзеянне бацькоў, сям’і і ўстановы адукацыі становіцца ўсё больш значным, усё больш важным.

Пры гэтым гарантыя і стымул развіцця ўстановы адукацыі — гэта практыка адкрытага ўзаемадзеяння з бацькамі. Такое ўзаемадзеянне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі мае дакладна пабудаваную сістэму: вывучэнне сям’і, яе інфармацыйных і іншых запатрабаванняў, выхаваўчага і культурнага патэнцыялу; уключэнне бацькоў у дзейнасць установы адукацыі як раўнапраўнага суб’екта і г.д. Свае асаблівасці ёсць у супрацоўніцтве іншых устаноў адукацыі (напрыклад, прафесійна-тэхнічных) з сем’ямі навучэнцаў, пра што таксама расказала Р.С.Сідарэнка.

Другая частка нацыянальнага форуму “Сям’я ХХІ стагоддзя” складалася з работы асобных секцый: “Узаемадзеянне сям’і і школы” (інавацыйныя формы ўзаемадзеяння сям’і і ўстановы адукацыі, фарміраванне педагагічнай культуры бацькоў, прафесійная падрыхтоўка педагогаў да работы з сям’ёй); “Сацыяльная абарона сям’і” (арганізацыя дапамогі і падтрымкі сям’і ў сістэме сацыяльнай абароны, развіццё форм сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай работы з сям’ёй і г.д.); “Падтрымка сям’і ў сродках масавай інфармацыі” (прапаганда сямейных каштоўнасцей і інш.).

Таксама падчас форуму адбылася прэзентацыя пераможцы Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года — 2017” сям’і Пятрушка з Гомельскай вобласці.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота прадастаўлены прэс-службай БДПУ імя Максіма Танка.