Гаспадыня школьнага дома

- 9:47Людзі адукацыі

Яна стала педагогам у 19 гадоў. Пасля заканчэння Ваўкавыскага педагагічнага вучылішча Ала Іванаўна Галавенка пачала працаваць настаўніцай у першым класе. Выбар прафесіі быў жаданым. І вось ужо больш за 30 гадоў школа — родны дом для настаўніцы.

Свае першыя крокі ў прафесіі Ала Іванаўна ўспамінае з цеплынёй. Па-першае, навучэнцы першага класа — гэта сама непасрэднасць. І калі хто-небудзь з дзетак, забыўшыся, звяртаўся да маладзенькай настаўніцы: “Мама, паглядзі, мама, хадзі сюды!” — адчуванне адказнасці за іх павялічвалася. Па-другое, калектыў лідскай школы № 4, дзе Ала Іванаўна працавала на працягу 10 гадоў, стаў тым падмуркам, які дапамог зразумець, як трэба працаваць у школе і ўдасканальвацца.

— Вельмі хацелася працаваць, засвойваць новыя методыкі, фантазіраваць разам са сваімі навучэнцамі, — успамінае А.І.Галавенка. — І як было прыемна, калі праз шмат гадоў — тады я ўжо стала дырэктарам 12-й гродзенскай школы — мае першыя навучэнцы знайшлі мяне праз інтэрнэт. Такі падарунак памяці. Я іх таксама памятаю і люблю.

Яна і зараз ведае ўсіх навучэнцаў сваёй школы, а вучацца тут 650 вучняў.

Жаданне самаўдасканальвацца і вучыцца ніколі не пакідала педагога, таму А.І.Галавенка вырашыла прадоўжыць адукацыю і паступіла на філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

— Я добра памятаю сваіх настаўнікаў з Урцішскай школы, што ў Іўеўскім раёне, і вельмі ім удзячна. Але, напэўна, у кожнага навучэнца самым вялікім аўтарытэтам з’яўляецца ўсё ж такі адзін педагог. Для мяне гэта настаўніца рускай мовы і літаратуры Ганна Сяргееўна Ханчэўская, — успамінае Ала Іванаўна. — Я не проста захаплялася яе прадметам, мне падабалася, як яна вяла ўрок. Дома паўтарала яе рухі і марыла, як сама буду весці ўрок.

Другі этап прафесійнага жыцця Алы Галавенка звязана з гродзенскай школай № 12. Тут яна пачынала працаваць як настаўніца рускай мовы і літаратуры, пасля была завучам, і вось апошнія пяць гадоў — дырэктар. Калі прапанавалі гэтую пасаду, вагалася, але ж падтрымкай было тое, што Ала Іванаўна добра ведала магчымасці калег і патрабаванні школы. Да таго ж вельмі хацелася ўвасобіць у жыццё сваё бачанне школы як сапраўднага дома для навучэнцаў, іх бацькоў, а таксама педагогаў, школы, якая павінна развівацца і рыхтаваць дзяцей да адказнага жыцця праз актыўную дзейнасць на карысць навучэнцам, педагогам, грамадству. З 2016 года сярэдняя школа № 12 з’яўляецца членам асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”.

Больш за 30 гадоў у 12-й школе вучацца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Інклюзія — гэта магчымасць не толькі дапамагаць такім дзецям, але і ўсім астатнім навучэнцам бачыць іх праблемы і жыць побач, дапамагаць у сацыялізацыі. Гэта як лакмусавая паперка для нас, гаворыць Ала Іванаўна. Валанцёрскі рух “Школа чалавечнасці” рэалізаваў восем праектаў і адзначаны за перамогі ў конкурсах.

Пярвічная арганізацыя БРСМ школы два гады запар з’яўляецца лепшай у Гродне, а ў мінулым годзе стала лепшай у вобласці. Школьны атрад юных інспектараў руху — 8-разовы пераможца абласнога агляду-конкурсу, пераможца гарадскіх конкурсаў і алімпіяд па Правілах дарожнага руху, прызёр рэспубліканскіх злётаў.

Акрамя таго, школа № 12 тройчы станавілася пляцоўкай для рэалізацыі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў. Больш за восем гадоў рэалізоўвае праграмы экалагічнага выхавання, а ў 2014 годзе стала ўдзельнікам конкурсу праектаў “Энергаэфектыўная ўстанова адукацыі”, перамога ў якім дазволіла атрымаць матэрыяльную дапамогу ў памеры 3,5 тысячы еўра і на гэтыя грошы стварыць музей-лабараторыю “Школа руплівых гаспадароў”, якая зараз з’яўляецца цэнтрам экалагічнага выхавання і для жыхароў мікрараёна, выхаванцаў дзіцячых садкоў. На абласным і рэспубліканскім этапах конкурсу “Энергамарафон” 12-я школа займала 1-е і 2-е месцы. А зусім нядаўна “Школа руплівых гаспадароў” была адзначана спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў (больш падрабязна пра дзейнасць школы па выхаванні ў навучэнцаў прынцыпаў рацыянальных адносін да прыродных рэсурсаў чытайце на стар. 8 нумара).

У 2015 годзе школа прыняла актыўны ўдзел у рэалізацыі міжнароднага праекта My eco country, накіраванага на распаўсюджванне ведаў пра энергаэфектыўны лад жыцця, уключэнне дзяцей у даследчую і творчую дзейнасць па прапагандзе энергазберажэння, а нядаўна завяршыўся ініцыіраваны навучальнай установай праект міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва “Энергазберажэнне ў фармаце 5D”.

— Сёння настаўнік павінен быць генератарам ідэй — толькі тады ён будзе цікавы сваім вучням, — гаворыць Ала Іванаўна. — Вельмі зацікаўлена ў маладых настаўніках, яны нясуць новы зарад, новыя погляды, а мы са свайго боку дапамагаем ім не расчаравацца ў прафесіі. Люблю бываць на іх уроках і прашу паказаць усё самае лепшае, што ўмеюць маладыя настаўнікі. Цаню чалавечыя якасці: сумленнасць, адказнасць і, канечне, прафесіяналізм. Ала Іванаўна выкладае рускую мову і літаратуру ў 6-х класах. На пытанне, ці строгі яна настаўнік, адказвае, што лічыць важным даваць шанс кожнаму навучэнцу, не караць, а натхняць. Для школьнікаў гэта прынцып “адкладзенай адзнакі”, для педагогаў — праз добрае слова і падтрымку матываваць на лепшую работу.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Кастрычніцкага раёна Гродна Алена Адамовіч адзначае арганізатарскія якасці А.І.Галавенка, якія дапамагаюць школе не толькі ўдасканальваць вучэбны і выхаваўчы працэс, але і атрымліваць грошы на рэалізацыю шматлікіх праектаў і развіваць адукацыйнае асяроддзе ўстановы. А калега па школе Галіна Богдан дадае, што Ала Іванаўна — вельмі добры метадыст і педагог, чые ўрокі дзеці пачынаюць з “Ура!”, а заканчваюць “Ужо?”, гэта гаспадыня, якая клапоціцца пра дабрабыт школьнага дома 24 гадзіны ўсе 365 дзён года.

А на заканчэнне яшчэ адзін факт, які характарызуе школу і яе дырэктара: настаўнік беларускай мовы і літаратуры Павел Ушкевіч стаў пераможцам раённага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.