Гаспадыня жніва

- 11:48Людзі адукацыі

Чацвёрты год запар настаўніца гісторыі Вышамірскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Рэчыцкага раёна Хрысціна Іванчыкава ўносіць свой уклад у жніво. Разам з бацькам Валерыем Дзмітрыевічам яна з раніцы да позняга вечара працуе ў полі.Некалі вядомы палітык Маргарэт Тэтчэр заўважыла: “Калі вы хочаце, каб нешта было сказана, даручыце гэта мужчыну, але калі вы хочаце, каб нешта было зроблена, даручыце гэта жанчыне”. У нашым выпадку можна, перафразаваўшы, сказаць: “Калі вы хочаце, каб нешта было зроблена выдатна, даручыце гэта педагогу”.

Сямейны экіпаж Іванчыкавых не так даўно пераадолеў паказчык у тысячу тон намалоту. Як кажа Хрысціна Валер’еўна, у жыцці яны бацька і дачка, а ў сумеснай працы — партнёры. Але бацька ўсё роўна любіць і беражэ сваю дзяўчынку, а таму даруе ёй “праколы”, якія іншым разам адбываюцца ў рабоце.

— Перад пачаткам кожнага сезона тата пытаецца ў мяне: “Можа, ты не пойдзеш?” Але адказ мой ён ведае ўжо загадзя, — расказвае настаўніца. — Тату застаецца толькі змірыцца. Затое колькі смешных гісторый у нашай сумеснай працы!

Хрысціна — жыццярадасная і вясёлая жанчына, з ёй лёгка і цікава, а яе пачуццё гумару спрыяе таму, што камбайнеры бачаць у ёй свайго чалавека. Хрысціна Валер’еўна прызнаецца, што ёй падабаецца калектыў мужчын. Па-першае, яны заўсёды стараюцца дапамагчы, па-другое, частуюць смачнымі цукеркамі. Ёй з імі весела, а для іх яна, маладая жанчына на камбайне, быццам маленькая дзяўчынка.
Насамрэч, праца хлебароба вельмі цяжкая, яна патрабуе вялікіх фізічных затрат, цярплівасці і вынослівасці. Але хіба праца педагога не такая ж складаная?

— Неяк я пажартавала з бацькі, што хачу працаваць з ім, а ён вазьмі ды і пагадзіся, — з усмешкай расказвае Хрысціна Іванчыкава. — Адступаць не было куды, села ў камбайн — і зразумела, што мне гэта падабаецца.

З таго часу кожнае жніво настаўніца вясковай школы ў свой летні адпачынак ідзе па новыя ўражанні ў поле. Тут сапраўды кожны раз нешта новае, нязведанае. Даводзіцца быць не проста напарнікам у кабіне вялікай машыны. Канечне, самую складаную працу бярэ на сябе бацька, але дачка стараецца не адставаць і, як яна жартуе, сямейным становішчам не карыстацца. Прадзіманне камбайна, прамазванне падшыпнікаў, устараненне лёгкіх паломак — ад усяго гэтага Хрысціну Валер’еўну ніхто не вызваляе. За чатыры гады яна ўжо вывучыла назвы дэталей і механізмаў, але прызнаецца, што і зараз для яе здаецца больш лёгкім запомніць даты гістарычных падзей.

— Адпачынак у настаўнікаў доўгі, трэба ж яго чымсьці запаўняць, — разважае наша гераіня. — А, што называецца, перавесці дух і набрацца сіл для новага навучальнага года я таксама паспяваю, бо інтэнсіўная праца ў час уборачнай доўжыцца ўсяго дзён дваццаць.

Калегі ганарацца Хрысцінай Валер’еўнай. Яна нарадзілася ў гэтым краі, сюды і вярнулася пасля заканчэння гістарычнага факультэта Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны і ўжо дзевяць гадоў выкладае дзецям гісторыю і грамадазнаўства, займаецца з імі ў гуртку “Юныя турысты-краязнаўцы”.

— Дзеці вельмі любяць і паважаюць Хрысціну Валер’еўну, аўтарытэтам карыстаецца яна таксама ў калег і бацькоў, — гаворыць дырэктар Вышамірскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Галіна Цеглянкова. — Нядзіўна, бо яна з тых педагогаў, пра якіх кажуць “настаўнік ад Бога”. Гэта творчы педагог, здольны ствараць крэатыўныя ўрокі.

Вядома, добры настаўнік павінен пастаянна вучыцца і развівацца. Для Хрысціны Іванчыкавай гэта адно з асноўных правіл. Яна з вялікім запалам удзельнічае ў прафесійных конкурсах, наведвае розныя курсы, якія дапамагаюць атрымліваць новыя веды і цікавы вопыт. А каб яе праца з дзецьмі будавалася толькі на добрых адносінах і ўзаемаразуменні, Хрысціна Валер’еўна завочна атрымала яшчэ адну адукацыю — псіхалагічную.

Зразумела, вучні ведаюць, што ў летні час іх настаўніца гісторыі працуе на камбайне. Такое захапленне педагога выклікае вялікую павагу ў дзяцей, бо яны не па чутках ведаюць працу хлебароба — амаль у кожнага з іх у сям’і нехта працуе ў гаспадарцы.

Дарэчы, сёлета ў Рэчыцкім раёне на жніве шчыруюць тры прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, і ўсе яны — настаўніцы сельскіх школ.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Леаніда ГАНІСЕЎСКАГА.