Гастранамічны турызм? Цалкам магчыма

- 11:19Навіны рэгіёнаў, Рознае

На працягу апошніх гадоў паміж Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам харчавання і Плоўдзіўскім універсітэтам харчовых тэхналогій, што знаходзіцца ў Балгарыі, наладжана плённае супрацоўніцтва, якое спрыяе абмену навуковай, вучэбна-метадычнай інфармацыяй і павышэнню якасці адукацыі. У рамках дагавора паміж ВНУ з 2008 года ажыццяўляецца абмен студэнтамі і выкладчыкамі. Праграма абмену прадугледжвае арганізацыю практыкі на прынцыпах узаемнасці.

На мінулым тыдні дэлегацыя студэнтаў і педагогаў Плоўдзіўскага ўніверсітэта харчовых тэхналогій на працягу сямі дзён абменьвалася з магілёўскімі калегамі вопытам у галіне грамадскага харчавання, гасцінічнага і рэстараннага бізнесу, развіцця турызму. Як расказаў рэктар універсітэта Вячаслаў Шаршуноў, кожны дзень візіту адрозніваўся насычанай праграмай.
— Гасцей з Балгарыі азнаёмілі з галоўнымі славутасцямі Магілёва і Мінска, для іх арганізоўваліся лекцыі і абмен паведамленнямі на адпаведную тэматыку, майстар-класы па падрыхтоўцы асобных страў беларускай і балгарскай кухні, была праведзена нават кулінарная вечарынка ў аграсядзібе “Гасціны двор” Быхаўскага раёна, — паведаміў Вячаслаў Аляксеевіч.
Сумеснымі намаганнямі беларускія і балгарскія студэнты і выкладчыкі зрабілі нямала адкрыццяў у галіне вывучэння асноў правільнага харчавання. Вынікам візіту стаў таксама і шэраг новых ідэй і праектаў. Найбольш цікавы з іх — развіццё гастранамічнага турызму, бо разнастайныя стравы беларускай кухні цалкам здольныя здзівіць замежных турыстаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам харчавання.