“Гаўрош” быў лепшым

Удзельнікі аматарскіх тэатральных калектываў школ і гімназій Гродзенскай вобласці прынялі ўдзел у першым абласным аглядзе-конкурсе. Яго асаблівасць у тым, што ўсе гэтыя тэатральныя калектывы выступаюць на замежнай мове. 

— Да ідэі арганізацыі такога творчага мерапрыемства падштурхнула штогадовае правядзенне Рэспубліканскага фестывалю франкафонных аматарскіх тэатраў, — расказвае метадыст вучэбна-метадычнага аддзела Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ірына Каскевіч. — Інстытут разам з упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама ставіў на мэце ўдасканаленне іншамоўных камунікатыўных кампетэнцый навучэнцаў, азнаямленне з культурай краіны вывучаемай мовы, развіццё творчых здольнасцей дзяцей. Для ўдзелу ў конкурсе было пададзена 39 заявак, а фіналістамі сталі 12 калектываў са Слонімскага, Іўеўскага, Мастоўскага, Ашмянскага, Навагрудскага, Шчучынскага раёнаў і горада Гродна.

У журы агляду-конкурсу ўвайшлі не толькі настаўнікі замежнай мовы, але і майстры сцэны. Як і на “дарослых” фестывалях, пераможцы вызначаліся ў шматлікіх намінацыях, сярод якіх “Лепшая мужчынская і жаночая роля”, “Лепшае сцэнаграфічнае рашэнне”, “Лепшая праграмка”, “Лепшыя касцюмы” і, што не менш важна ў такім конкурсе, “Лепшае валоданне замежнай мовай”.

Лепшым спектаклем стаў We are going on a picnic у пастаноўцы тэатральнага калектыву The Pumpkins сярэдняй школы № 8 Слоніма. Як адзначыў дырэктар навучальнай установы Іван Міхальчэня, школа — не з паглыбленым вывучэннем замежнай смовы, але энтузіязм настаўніцы англійскай мовы Людмілы Барысік і жаданне дзяцей займацца творчасцю і добра валодаць англійскай мовай дазволілі дасягнуць такога добрага выніку.

Выступленне навучэнцаў са Слонімскага раёна ўвогуле было вельмі выніковым. Настасся Сініцкая з сярэдняй школы № 3 за ролю лісы Алісы з казкі Карла Калодзі “Прыгоды Пінокіа” адзначана як лепшая выканаўца жаночай ролі другога плана. Навучэнец гімназіі № 1 Марк Якубовіч адзначаны за лепшую мужчынскую ролю другога плана, а тэатральны калектыў гімназіі Domino стаў пераможцам у намінацыі “Лепшая праграмка спектакля”.

Навучэнка навагрудскай гімназіі № 2 Дар’я Сцяпанчанка і Максім Вярэніч з Ліпнішкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна прызнаны лепшымі акцёрамі.

Калі першы дзень школьныя тэатральныя калектывы выступалі на англійскай і нямецкай мовах, то французская мова гучала на другі дзень, калі праходзіў фестываль франкафонных аматарскіх калектываў. У яго журы, дарэчы, уваходзіла аташэ па супрацоўніцтве ў галіне французскай мовы Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Клэр-Эліз Юбер.

Лепшым спектаклем быў прызнаны “Гаўрош” у пастаноўцы калектыву “Люм’ер” сярэдняй школы № 8 Гродна, якім кіруе настаўніца французскай мовы Святлана Антропава. Дарэчы, Святлана Віктараўна з’яўляецца кіраўніком раённага рэсурснага цэнтра па французскай мове.

Для ўдзельнікаў фестывалю былі арганізаваны майстар-класы па акцёрскім майстэрстве.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.