Гаворыць і паказвае кніга

- 9:49Суразмоўца, Суразмоўца, Школьны падручнік

Першы крок у вялікае школьнае жыццё для маленькага вучня пачынаецца з вучэбнага дапаможніка “Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку”. Якія змяненні адчула выданне сёлета і як яго выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе — абмеркавалі ў Нацыянальным інстытуце адукацыі.

Працуючы над кнігай, аўтары вучэбнага дапаможніка Л.Ф.Кузняцова, В.І.Цірынава і Д.В.Аўчароў захавалі лепшыя традыцыі і асноўную ідэю выдання. “Мы імкнуліся не парушаць галоўны прынцып кніжнага дызайну — адзінс­тва афармлення і зместу кнігі, — падкрэсліла Л.Ф.Кузняцова. — Перад калектывам стаялі задачы: па-першае, стварыць вокладку, здольную прыцягнуць увагу патэнцыяльнага карыстальніка дапаможніка і якая б адлюстроўвала асноўную задуму выдання; па-другое, распрацаваць арыгінальны макет старонак кожнага раздзела; па-трэцяе, прадумаць набор шрыфтавога афармлення, па-чацвёртае, падабраць і ўзгадніць якасныя тэматычныя ілюстрацыі, добрую колераперадачу”. 

У абноўленым выданні зменена структура — змест згрупаваны ў 5 тэматычных раздзелаў: “Рэспубліка Беларусь — незалежная дзяржава. Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь”, “Прырода роднага краю”, “Спадчына”, “Народныя традыцыі і рамёствы”, “Сучасная Беларусь”. У дапаможніку не захаваны рэгіянальны прынцып арганізацыі матэрыялу, які прадугледжвае аповед аб значных аб’ектах у кожнай вобласці краіны.

Ірына Буторына, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка:

— Дапаможнік вельмі карысны, жывы і творчы. Нават педагогам, якія не заўсёды бачаць, як знайсці творчыя нітачкі для выкарыстання, на старонках змешчана добрая падказка. Вельмі здорава, што тут ёсць інтэрактыўны матэрыял, прымяняюцца магчымасці інфармацыйных тэхналогій. У далейшым выданне можна папоўніць даступным па ўзросце вучняў медыякантэнтам, напрыклад, аўдыя- і відэазапісамі песень, танцаў, прапанаваць матэрыял у дапамогу настаўніку, які можа стаць фізкультхвілінкамі. Акрамя таго, было б цікава арганізаваць конкурс на стварэнне настольнай гульні па матывах раздзелаў кнігі. Гэта было б цікава дзецям. Лепшыя распрацоўкі надрукаваць на старонках вядучых выданняў.

 

Падрабязней чытайце ў матэрыяле Наталлі Калядзіч у нумары ад 4 кастрычніка 2022 года.