Геаграфічны “оскар” — на геафаку БДУ

- 10:39Якасць адукацыі

Фундаментальная работа беларускіх географаў “Геаграфічны атлас настаўніка” адзначана прэстыжнай прэміяй Рускага геаграфічнага таварыства “Крышталёвы компас”. Гэтая ўзнагарода — свайго роду геаграфічны оскар, які ўручаецца за выбітныя вынікі ў галіне геаграфіі, экалогіі, захавання і папулярызацыі прыроднай і гісторыка-культурнай спадчыны.

Прэмія “Крышталёвы компас” была заснавана Рускім геаграфічным таварыствам 5 гадоў назад. За гэты час на конкурс было пададзена 1204 праекты з 82 рэгіёнаў Расіі і 23 краін свету. Сёлета на атрыманне ўзнагароды прэтэндавала рэкордная колькасць работ — 389. Заяўкі на ўдзел паступілі не толькі з расійскіх рэгіёнаў, але таксама з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Індыі, Манака, Нарвегіі і ЗША.

Беларусы ўпершыню сталі ўладальнікамі “Крышталёвага компаса”. “Геаграфічны атлас настаўніка” быў прызнаны лепшым у намінацыі “Выданне”.

Прэстыжнай узнагароды ўдастоены Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускае геаграфічнае таварыства і РУП “Белкартаграфія”. Калектыў з дзвюх соцень аўтараў працаваў над атласам на працягу пяці гадоў. У рабоце былі задзейнічаны практычна ўсе супрацоўнікі геаграфічнага факультэта БДУ.

— Расіяне былі вельмі здзіўлены такой фундаментальнай работай, бо ў Расіі падобнага атласа няма, — расказвае загадчык кафедры агульнага землязнаўства і гідраметэаралогіі геаграфічнага факультэта БДУ, старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства, намеснік галоўнага рэдактара атласа Пётр Лопух. — У выданне ўключаны каля 700 карт, трэцюю частку якіх складаюць карты Беларусі. Па нашай краіне змешчаны арыгінальны матэрыял з актуальным зместам, усе звесткі прыводзяцца не раней за 2013—2014 гады.

Атлас прызначаны для школьнікаў, студэнтаў, выкладчыкаў і ўвогуле для ўсіх, хто цікавіцца геаграфіяй, картаграфіяй, эканомікай, дэмаграфіяй, прыродай і гаспадаркай Беларусі. Ён змяшчае навуковую інфармацыю аб Зямлі, фізіка-геаграфічных, палітычных і сацыяльна-эканамічных асаблівасцях асобных краін і рэгіёнаў, глабальных праблемах. Вялікі раздзел прысвечаны прыродзе, рэсурсам і гаспадарцы Беларусі.

— Эканамічныя карты ў атласе прадстаўлены ў адпаведнасці з Агульнадзяржаўным класіфікатарам нашай краіны па відах эканамічнай дзейнасці (раней выкарыстоўваўся галіновы прынцып), — тлумачыць Пётр Сцяпанавіч. — Атлас увязаны з вучэбнымі праграмамі ва ўстановах адукацыі і стане добрай падмогай настаўнікам у іх рабоце. Мы разлічваем, што ён будзе актуальным на працягу двух дзесяцігоддзяў.

Бібліятэчныя фонды беларускіх школ папоўніліся ўжо трыма тысячамі асобнікаў. Таксама 500 атласаў паступілі ў продаж.

Сёння “Крышталёвы компас” захоўваецца на геаграфічным факультэце БДУ. Зрэшты, сам компас — сярэбраны, але змешчаны на масіўнай крышталёвай аснове. Адметна, што ўсе “оскары” выконваюцца рускімі майстрамі ўручную, а таму кожны з іх — унікальны. Паводле задумы заснавальнікаў прэміі, гэта павінна падкрэсліць адметнасць кожнага праекта-пераможцы.

Гартаючы “Геаграфічны атлас настаўніка”, разумееш, што гэтае выданне сапраўды варта “оскара”. Пётр Сцяпанавіч Лопух кажа, што яму ўжо неаднойчы казалі: “Калі б у мяне ў дзяцінстве была такая кніга, я б, пэўна, паступіў на геаграфічны факультэт”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.