Геаграфія з экалагічным ухілам

- 11:36Навіны рэгіёнаў

Навукова-тэхнічны прагрэс актыўна ўздзейнічае на прыроду. Дзякуючы яму паляпшаецца жыццё людзей, забяспечваюцца іх патрэбы. Але ў навакольным асяроддзі назіраюцца і непажаданыя змены. Адна з прычын — нізкая экалагічная дасведчанасць насельніцтва. Задача школы — выхоўваць у дзяцей адказныя адносіны да выкарыстання прыродных рэсурсаў, вучыць клапаціцца пра стан навакольнага свету.

У геаграфіі за школьны курс шмат тэм, звязаных з экалогіяй: “Глабальныя праблемы чалавецтва”, “Забруджванне і ахова навакольнага асяроддзя”, “Геаграфічная абалонка”, “Біясфера”, “Прыродныя ўмовы і прыродныя рэсурсы”. Геаграфія дазваляе разглядаць не толькі экалагічныя, але і глабальныя праблемы чалавецтва ў рэжыме “добра — дрэнна”.

Для кожнай вучэбнай тэмы распрацоўваю сістэму творчых заданняў, накіраваных на аналіз дзейнасці людзей, яе вынікаў і наступстваў для прыроды. Так, прапаноўваю дзецям запоўніць табліцу “Наступствы асушэння балот (станоўчыя і адмоўныя)”. Такія заданні вучаць іх аналізаваць, параўноўваць, абагульняць і рабіць высновы.

Фарміраванне адказных адносін да прыроды — складаны і працяглы працэс. Адна з задач экалагічнага выхавання — абарона прыроднага асяроддзя (падкормліванне жывёл, іх выратаванне; барацьба са смеццем). Пра ўтылізацыю смецця вяду гаворку на ўроках ва ўсіх класах, робячы акцэнт на яго асобным збіранні. Звяртаю ўвагу вучняў на скрынкі для смецця з рознай маркіроўкай. Дзеці расказваюць, ці прынята ў іх сем’ях раздзяляць смецце. Пры вывучэнні прыродных комплексаў у 6 класе прыводжу прыклад, што 60 кг макулатуры выратоўваюць адно дарослае дрэва. Дзеці падлічваюць, колькі дрэў захаваў клас за год і колькі можа захаваць за ўвесь час вучобы. Лічбы ўражваюць. Дзякуючы такім хітрыкам, удаецца далучыць больш вучняў да штогадовай акцыі па зборы макулатуры “Дапаможам гімназіі”.

Вялікую ролю ў фарміраванні экалагічнай культуры дзяцей адыгрывае вучэбны кабінет. Правільны догляд кветак, якія там знаходзяцца, дапамагае выхоўваць у вучняў беражлівыя адносіны да дзікіх раслін у прыродзе.

У школьным курсе геаграфіі экалагічныя праблемы разглядаюцца на глабальным, рэгіянальным і лакальным (краязнаўчым) узроўнях, таму гэты курс таксама можна падзяліць на 3 этапы. Першы — пачатковая геаграфія (6—7 класы), на вывучэнне якога адводзіцца гадзіна ў тыдзень. На гэтым этапе дзеці яшчэ не знаёмы з паняццем “экалогія”. Падводжу да яго падчас экскурсіі “План і карта”. Тэрмін “экалогія” замацоўваецца пры вывучэнні тэмы “Літасфера”, а затым пры знаёмстве з паняццямі “вычарпальныя і невычарпальныя рэсурсы”. На пытанне “Ці можна прадоўжыць існаванне вычарпальных прыродных рэсурсаў і як гэта зрабіць?” дзеці адказваюць па-рознаму, прычым часам даволі цікава і рацыянальна.

Пры вывучэнні тэмы “Горныя пароды” разглядаю пытанні пра наступствы здабычы карысных выкапняў, стыхійна распрацаваных месцаў здабычы пяску і гліны. Робячы на першы погляд бясшкоднае паглыбленне ў зямлі, людзі не задумваюцца, што праз некалькі гадоў тут можа ўтварыцца яр.

Другі этап — геаграфія мацерыкоў (8—9 класы), на якім неабходна развіваць навыкі даследчай дзейнасці, вучыць параўноўваць і абагульняць, знаходзіць прычыны, прагназаваць наступствы і рабіць высновы. Пры вывучэнні пэўнага мацерыка ці акіяна праводжу вялікую работу па даследаванні іх экалагічных праблем. Так, падчас знаёмства з прыродай Афрыкі высвятляем, чаму Сахара значна пашырыла сваю плошчу, а плошча вільготных экватарыяльных лясоў і саваннаў скарацілася; чаму зменшылася колькасць некаторых відаў жывёл, а асобныя віды зусім зніклі. Вялікую цікавасць у васьмікласнікаў выклікае творчая работа “Мой план выратавання афрыканскай саванны”. З лепшых работ афармляецца папка “Выратуем планету”.

Трэці этап — вывучэнне тэм “Гаспадарка” і “Глабальныя праблемы” ў 10—11 класах. Старшакласнікі, ужо ўмеючы аналізаваць, абагульняць і параўноўваць, ацэньваюць гаспадарчую дзейнасць чалавека ў Беларусі і свеце ў цэлым, не толькі ўсведамляюць наяўнасць экалагічных праблем, але і выяўляюць прычыны іх узнікнення, прапаноў-ваюць і абгрунтоўваюць шляхі іх вырашэння.

Вельмі папулярная ў старшакласнікаў канферэнцыя “Глабальныя праблемы чалавецтва”, за 2 тыдні да якой яны атрымліваюць індывідуальныя заданні-праекты і рыхтуюцца да іх абароны. Так, пры пошуку адказаў на пытанне “У выніку якіх працэсаў фарміруецца рэльеф?” увага дзяцей пры пералічэнні знешніх фактараў скіроўваецца на чалавечую дзейнасць. Затым з дапамогай прыкладаў пашыраюцца веды вучняў пра ўплыў чалавека на рэльеф (напрыклад, у Мехіка пры адпампоўванні падземных вод паверхня асела на 8 м з хуткасцю 150 см у год; вайна ў В’етнаме — гэта 21 млн варонак ад бомбаў).

Выкладанне геаграфіі немагчыма без практычных работ, якія развіваюць самастойнасць вучняў. Дзеці шукаюць адказы на пытанні, збіраюць неабходныя звесткі. Экалагічныя назіранні дазваляюць лепш пазнаць родны край. Адна з практычных работ у 11 класе тычылася ацэнкі геаэкалагічнага стану прыроды сваёй мясцовасці і мер па яе ахове.

На працягу многіх гадоў вучні пад маім кіраўніцтвам пішуць даследчыя работы на экалагічную тэматыку і паспяхова абараняюць іх на навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню (“Экалагічны стан возера Чырвонае”, “Магчымасці выкарыстання крапівы як новай сельскагаспадарчай культуры”, “Прымяненне соку алоэ як паскаральніка росту раслін”).

Заўсёды цікавымі з’яўляюцца мерапрыемствы ў рамках месячніка прыродазнаўчых навук. Летась вучні прайшлі па вялікай і малой экалагічных сцяжынах, дзе азнаёміліся з біялагічнай разнастайнасцю лясоў і ахоўнымі відамі раслін, удзельнічалі ў конкурсе газет і калажаў на экалагічную тэматыку.

Тамара ЦЮКІНА,
настаўніца геаграфіі гімназіі Ганцавіч.