Геакэшынг, шматпавярховая сталовая для птушак і модульны агарод: чым здзіўляе дзіцячы сад № 215 Мінска

- 12:00Дети — наше всё!, Проекты

Дзіцячы сад № 215 Мінска за сваю работу па экалагічным выхаванні дзяцей атрымаў дыплом І ступені з прысваеннем статусу “Зялёная школа”, паведамляе карэспандэнт  «Настаўніцкай газеты».

— Наш дзіцячы сад знаходзіцца ў лесапарку, дзе налічваецца больш за 150 найменняў дрэў і кустоў, жывуць вавёркі, прыходзяць нават зайцы і вожыкі з суседніх лясных масіваў, — адзначае загадчыца дашкольнай установы адукацыі Надзея Градовіч. — Не дзіва, што мы вырашылі развіваць напрамак экалагічнага выхавання.

У садзе працуюць па прынцыпе “Дзецям — гульня, прыро­дзе — дапамога”. Любіць прыроду малышоў вучыць само асяроддзе — дашкольная ўстанова ста­іць нібыта ў запаведніку, дзе можна праводзіць цікавыя экскурсіі, мэтавыя гульні, экалагічныя квесты.

— Займаемся нават геакэшынгам — модная гульня, калі нейкія прадметы хаваюць на мясцовасці, а потым дзеці іх шука­юць, — расказвае Надзея Васільеўна. — Гэта іх так захапляе! І робіць бліжэйшымі да прыроды — выхаванцы даведваюцца шмат новага з жыцця жывёл і раслін. Таксама развіваюць прасторавае мысленне — вучацца арыентавацца на тэрыторыі нашага сада па карце-схеме. У адукацыйным праекце “Зялёныя школы” мы ўдзель­нічаем з 2018 года, арганізавалі ўласную экалагічную сцежку, распрацавалі цікавыя маршруты. Тут ёсць станцыі “Каштанавая казка”, “Алея акацый”, “Нашы вербачкі”, “Падводнае царства”, “Бярозавы гай”, “Агарод” і іншыя. Кожная з іх пазначана яркай таблічкай. Чым, наогул, не батанічны сад? Мы шчаслівыя, што маем магчымасць выхоўваць нашых дзетак сярод такой прыгажосці. Дарэчы, у распрацоўцы маршрутаў прымалі ўдзел і самі выхаванцы старшых груп.

Цікаўлюся, як дзецям у такім малым узросце не толькі пры­віць любоў да прыроды, але і растлумачыць само паняцце “экалогія”, навучыць беражліва ставіцца да навакольнага свету? Адказ — толькі на ўласным прыкладзе. Сумесна з бацькамі выхавальнікі набылі міні-кантэйнеры, якія размясцілі ў групах. Зараз кожная дробязь — паперка ці пластыкавая шкляначка — знахо­дзіць сваё месца: малых вучаць правілам сартавання смецця, а таксама паўторнаму выкарыстанню адходаў. Пад кіраўніцтвам намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці Святланы Суліма праходзяць выставы вырабаў з другаснага матэрыялу “Навагодняя цацка сваімі рукамі”, “У гасцях у Лесуна”, “Сябры Жоўтага Чмяля”.

— Усё гэта паказвае і дарослым, і дзецям, што ў любой рэчы можа быць другое жыццё, — падкрэслівае Святлана Уладзіміраўна. — Нашы выхавальнікі робяць з паперы і пластыку персанажаў для міні-тэатра, розныя развіццёвыя гульні, нават цэлыя карціны з пластыкавых накрывак. Падключаюцца і бацькі — да акцый па зборы макулатуры і па азеляненні тэрыторыі. Зімой кожны год мы майструем хаткі для птушак і вавёрак. Асаблівая гордасць — наша шматпавярховая сталовая. Да гэтай кармушкі прылята­юць розныя птушкі, што дазваляе дзецям сачыць за імі, пазнаваць знаёмых і даведвацца пра новых. Але, як ні дзіўна, найчасцейшы ­госць тут — вавёрачка! Размяшчэнне птушыных домікаў пазначаем на карце-схеме нашай экалагічнай сцежкі.

— Я ведаю, што калі птушак не пакарміць некалькі дзён, то яны перастануць прылятаць сюды, — расказвае Міша са старшай групы. — Таму прыношу з сабой у сад арэхі, яблык ці кавалачак сала для сінічак.

Лепшы спосаб успрымання дзецьмі інфармацыі — візуальны. Таму выхаванцам рэгулярна паказваюць відэаролікі, як берагчы ваду, электраэнергію. У холах размяшчаюць цікавыя буклеты на экалагічную тэматыку, на стэндах — малюнкі дзяцей. З 2019 года сад прымае ўдзел у рэспубліканскім экасацыяльным дабрачынным праекце “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі” — кожны год тут збіраюць і здаюць да 70 кілаграмаў рознакаляровых накрывак!

— Мы распрацавалі цыкл заняткаў “Эка-Знайка-Навучайка”, — паведамляе Святлана Суліма. — Разам з малымі ладзім тэатральныя паказы “Нязнайка ў краіне электрапрыбораў”, “Церамок на новы лад”, “Тры парасяці”.

З захапленнем Святлана Ула­дзіміраўна расказвае і пра модульны агарод, які стварылі ў садку:

— Зямлю мы падзяляем на сектары — квадраты, ромбы, трапецыі, на іх і размяшчаем моду­лі-градкі. Самі модулі можна рабіць з любога матэрыялу, напрыклад, з дрэва. Модуль атрымліваецца крыху ўзнятым над зямлёй, што вельмі зручна, асабліва для дзяцей. Дзеці розных узроставых груп вырошчваюць розныя культуры.

Чаго толькі ні робяць у да­школьнай установе, каб разві­ваць экалагічную тэматыку, — нават ствараюць серыі кніг “Сакрэты беражлівых дашкалят”: “Сакрэты водазберажэння”, “Сакрэты цеплазберажэння”. У гэтыя работы ўвайшлі малюнкі дзяцей.

— У нашых педагогаў яшчэ шмат “зялёных планаў”, — адзначае Надзея Градовіч. — Бу­дзем працягваць увасабляць нашы экалагічныя ідэі ў жыццё!

Яслі-сад № 215 неаднаразова станавіўся пераможцам розных конкурсаў, у тым ліку экалагічнага напрамку. Ён заняў 1-е месца ў горадзе сярод дашкольных устаноў у конкурсе “Энергамарафон-2020”. А ў конкурсе “Формула саду” перамагалі неаднойчы: у 2021 годзе — у намінацыі “Сад насякомых”, у 2023 годзе — у намінацыі “З мінулага ў будучыню”. У гэтым годзе садок таксама ўдзельнічаў у рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны”.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі