Дзіцячы сад аграгарадка Мышкавічы Кіраўскага раёна пабудаваны па арыгінальным архітэктурным праекце, які не мае аналагаў у Беларусі. Чым жыве ўнікальная дашкольная ўстанова, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Спраектаваны вядомым эстонскім архітэктарам Томасам Рэйнам, у плане забудовы наш сад — адзіная такая ўстанова дашкольнай адукацыі ў краіне. Яе асаблівасць — у прасторных памяшканнях. У нас створаны ўсе ўмовы для пазнання малышамі навакольнага свету. Ёсць спартыўная і музычная залы, музей, уласны зімовы сад і вулічны амфітэатр, — паведаміла загадчыца Вераніка Асташова.
Дзіцячы сад пачаў працаваць з 1987 года, але яго матэрыяльная база адпавядае сучасным стандартам. Істотнае абнаўленне ўстанова атрымала ў рамках праекта “Вёска будучыні”: былі адрамантаваны дах, фасад, агароджа, устаноўлена якаснае надворнае гульнявое абсталяванне.
— Сёння сад наведваюць 100 хлопчыкаў і дзяўчынак. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць15 педагогаў, большасць з якіх маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Аднак больш важна тое, што сваю работу калектыў выконвае з душой, штодня акружаючы дзяцей клопатам і любоўю, — заўважыла Вераніка Леанідаўна.
Паводле яе слоў, да ўсіх выхаванцаў педагогі стараюцца знайсці індывідуальны падыход. Яны бачаць сваёй галоўнай задачай дапамагчы раскрыць патэнцыял кожнага дзіцяці.
— Заўсёды ўлічваем здольнасці і запатрабаванні выхаванцаў. У нас ёсць дзве групы для дзяцей з АПФР. Дзякуючы неабыякавасці педагогаў, гэтыя дзеткі праяўляюць сябе, усебакова далучаны да жыцця дзіцячага сада, — расказала Вераніка Асташова.
А жыццё ў гэтай дашкольнай установе творчае і актыўнае. Акрамя асноўных заняткаў, для выхаванцаў ёсць аб’яднанні па інтарэсах. Дзеці займаюцца харэаграфіяй, выяўленчым мастацтвам, спортам, LEGO-канструяваннем. А яшчэ сумесна з педагогамі яны з энтузіязмам удзельнічаюць у мерапрыемствах, праводзяць цікавыя даследаванні і эксперыменты, набываюць працоўныя навыкі.
— Імкнёмся выхоўваць дзяцей рознабакова развітымі асобамі, таму аднолькавую ўвагу ўдзяляем іх інтэлектуальнаму, фізічнаму, маральнаму, экалагічнаму і працоўнаму развіццю. Упор робім на грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне. У цяперашніх рэаліях, калі звонку нам пастаянна спрабуюць навязаць чужыя каштоўнасці, гэты кірунак работы становіцца як ніколі актуальным. Фарміраваць любоў да Радзімы неабходна з самага ранняга ўзросту, — падкрэсліла Вераніка Леанідаўна.
У рэчышчы нацыянальнай культуры і народных традыцый асабліва плённа працуе музычны кіраўнік Таццяна Гаўрыленка
Патрыятычныя пачуцці педагогі пачынаюць прывіваць выхаванцам з іх першых крокаў у дашкольнай установе. У групах створаны куткі нацыянальнай культуры і дзяржаўнай сімволікі, дзе сабраны тэматычныя альбомы, дыдактычныя дапаможнікі, лэпбукі. З дзецьмі рэгулярна праводзяцца гутаркі, падчас якіх яны даведваюцца пра прыроду, традыцыі і гісторыю роднай краіны. Больш падрабязна азнаёміцца са спадчынай продкаў дзеці могуць у міні-музеі “Беларуская хатка”.
— У музеі сабраны экспанаты, якія адлюстроўваюць побыт беларускіх сялян мінулых стагоддзяў. Памяшканне цалкам стылізавана і прасякнута духам старадаўніх часоў. Дзеці прыходзяць сюды на экскурсіі, а таксама на вучэбныя заняткі. Падабаецца малышам і ўдзел у правядзенні народных свят. Ярка і масава адзначаем Каляды, Масленіцу, праводзім абрад “Гуканне Вясны”. Ладзім шмат забаў і больш сучаснага фармату. Дзякуючы ўзаемадзеянню з бацькамі, мы арганізоўвалі конкурс-дэфіле беларускіх касцюмаў, конкурс “Сэлфі па-беларуску”, — расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Жанна Іваніцкая.
У патрыятычным выхаванні педагогі адштурхоўваюцца ад малога — вучаць дзяцей любіць сваю сям’ю, дзіцячы сад, вёску. І гэта дае вынікі. Малышы вельмі ганарацца тым месцам, дзе яны нарадзіліся. Выхаванка сада Каця Бегунова нават стварыла спіс “7 цудаў аграгарадка Мышкавічы”.
— Нашы дзеці сапраўды растуць патрыётамі, — падкрэсліла Вераніка Асташова. — У супрацоўніцтве з сям’ёй будзем працягваць рухацца па выбранай траекторыі работы: з дзіцячага сада выпускаць выхаванцаў разумнымі, добрымі, спагадлівымі, гатовымі да наступнай ступені навучання.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара