Геалагічная “бронза” беларускіх школьнікаў

- 12:18Якасць адукацыі

Каманда “Юныя геолагі Беларусі” заваявала 3-е агульнакаманднае месца на I Міжнароднай палявой алімпіядзе юных геолагаў, якая праводзілася ў межах XI Усерасійскай адкрытай палявой алімпіяды юных геолагаў (міжнародны залік) у Кемераве (Сібірская федэральная акруга, Расійская Федэрацыя).

“Першаадкрывальнікі” — так называюць гэтых вучняў тыя, хто ведае аб поспеху беларускіх школьнікаў. Дзіцяча-юнацкі геалагічны рух у Расіі і краінах СНД мае гісторыю і традыцыі, а вось у нашай краіне ён толькі зараджаецца. У сёлетняй алімпіядзе прынялі ўдзел больш за 300 юных геолагаў з 35 каманд і ўпершыню каманда з Беларусі.

Пасля атрымання запрашэння прыняць удзел у алімпіядзе ў васьмі дзяўчынак і хлопчыкаў, навучэнцаў сярэдняй школы № 53 Мінска, пачалася гарачая пара падрыхтоўкі: тэарэтычныя і практычныя заняткі з выкладчыкамі геаграфічнага факультэта БДУ, супрацоўнікамі філіяла “Інстытут геалогіі” ДП “НПЦ па геалогіі” і ААТ “Белгорхімпрам”, палявая практыка на вучэбнай геаграфічнай станцыі БДУ “Заходняя Бярэзіна”, апісанне геалагічнага помніка прыроды, складанне геалагічнай справаздачы, падрыхтоўка малюнкаў, фотаздымкаў, вырабаў, калекцыі мінералаў і горных парод да выставы “Геалогія і мы”.

Кіраўнікамі каманды “Юныя геолагі Беларусі” выступілі загадчык кафедры глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сістэм геаграфічнага факультэта БДУ Дзмітрый Курловіч і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 53 Мінска настаўніца геаграфіі Жанна Гвозд.

Дзесяць дзён вельмі захапляльнай і сур’ёзнай барацьбы прынеслі радасці і засмучэнні, калі-нікалі проста не хапала практычных навыкаў, але ўпар-тасць навучэнцаў і жаданне быць лепшымі дазволілі ім стаць бронзавымі прызёрамі алімпіяды. Важна і тое, што медалі — вынік удзелу ў 12 геалагічных спаборніцтвах і 4 геалагічных конкурсах, а гэта значыць, што кожны ўдзельнік каманды павінен быў зрабіць максімум для агульнай перамогі. Заваяваць 1-е месца сярод замежных каманд у спаборніцтвах “Апісанне геалагічнага помніка” і выклікаць апладысменты ўсіх прысутных пасля прэзентацыі геалагічнага помніка рэспубліканскага прызначэння “Парк камянёў” атрымалася ў Арыны Мурашовай і Юліі Гаўрылюк. Лепшую геалагічную справаздачу паспяхова прэзентавала Настасся Краўчэня. Вызначыць усе радыеактыўныя анамаліі і скласці справаздачу ў конкурсе “Радыяметрыя” не выклікала цяжкасцей у Арцёма Ваўчка. Стаць другімі ў спаборніцтвах “Геалагічны маршрут”, “Палеанталогія”, “Шліхавое апрабаванне”, трэцімі ў спаборніцтвах “Гідрагеалогія” змаглі Іван Брыгас і Георгій Ісакаў. З пытаннямі аказання першай медыцынскай дапамогі і арганізацыі палявой стаянкі ў межах конкурсу “Тэхніка бяспекі” без праблем справіліся Паліна Іванова і Ягор Стаўраў.

Не падвялі каманду навучэнцы, якія прымалі ўдзел у геалагічных конкурсах. Арцём Ваўчок заняў 1-е месца ў намінацыі “Заняткі геалагічнага гуртка” конкурсу “Малюнак”, а Юлія Гаўрылюк заваявала 2-е месца ў намінацыі “Структуры горных парод” конкурсу “Выраб з каменя”.

У свабодны ад геалагічных спаборніцтваў і конкурсаў час вучні ўдзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах і творчых конкурсах. Школьнікі занялі 1-е месца сярод 35 каманд у спаборніцтвах па футболе і валейболе, выйгралі конкурс творчай самадзейнасці (намінацыя “Музычны жанр”), апынуліся другімі ў конкурсе візітовак каманд.

Асаблівай была сустрэча з землякамі — прадстаўнікамі грамадскай палаты саюза “Беларусь — Расія” і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Анатолем Міхайлавічам Церахавым. На Алеі Памяці сярэдняй школы № 12 Кемерава юныя геолагі Беларусі і актывісты грамадскай палаты пасадзілі кедр як сімвал сяброўства, узаемаразумення, памяці і веры.

Безумоўна, удзел у алімпіядзе юных геолагаў быў бы немагчымы без падтрымкі дарослых. Спонсарамі каманды “Юныя геолагі Беларусі” выступілі філіал “Інстытут геалогіі” ДП “НПЦ па геалогіі” , ДП “Белдзяржгеацэнтр”, асацыяцыя Расійскай Федэрацыі “Навукова-тэхнічны цэнтр інавацыйнага нетракарыстання”.

Алімпіяда завяршылася, але цікавасць да геалогіі толькі ўзрастае: усё смялей навучэнцы заглядваюць на геафак БДУ і думаюць пра выбар будучай прафесіі. А яшчэ ў кожнага з іх з’явіліся новыя сябры і новыя ўражанні, якія яны абавязкова захаваюць да наступнай алімпіяды юных геолагаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.