Гэта найперш прафесійная пракачка: уражанні ад конкурсу «Настаўнік года»

- 13:10Учитель года

Конкурс прафесійнага майстэрства  “Настаўнік года” афіцыйна скончыўся. Пераможца вызначаны. Канкурсанты раз’ехаліся па сваіх установах адукацыі. Надышоў час рэфлексіі.

Упэўнена, многія, толькі даехаўшы дадому, асэнсавалі тое, што з імі адбывалася на працягу ўсіх конкурсных дзён. А яны былі напружанымі. Правільна аформіць абагульнены педагагічны вопыт, падрыхтавацца да самапрадстаўлення, спраектаваць урок (заняткі), правесці яго ў незнаёмым класе, высту­піць перад педагагічнай грамадскасцю і правесці майстар-клас — справа, пагадзіцеся, не з лёгкіх. Конкурсны марафон доўжыўся 10 дзён, кожны з якіх даводзілася не проста перажы­ваць, а аддавацца інтэлектуальна, маральна і фізічна.

Падчас узнагароджання

Зразумела, да фінішу дайшлі не ўсе. Згодна з конкурснымі правіламі, у суперфінал трапля­юць пераможцы ў кожнай намінацыі. Гэта восем педагогаў. Самых смелых, моцных духам, метадычна і арганізацыйна падкаваных, на якіх кладзецца яшчэ большая адказнасць. Вытрымаць унутраны і знешні націск вельмі цяжка. Тым больш што педагогі ад прыроды лю­дзі адказныя. Што гаварыць пра цяжар конкурсу. Але гэтая васьмёрка змагла.

Свой цяжар неслі і члены журы. Асаб­ліва хвалююча было працаваць тым, хто выбіраў пераможцу ў намінацыі. Помню, як мне трапілася на вочы рэфлексія члена прадметнага журы ў сацыяльных сетках, калі яго місія была скончана. Алена Волкава, настаўніца рускай мовы і літаратуры, намеснік дырэктара сярэдняй школы № 5 Салігорска, пісала, як нялёгка быць у журы, “бо за кожнай лічбай — чалавек, яго словы, эмоцыі, дзеянні”.

Я яшчэ дадала б амбіцыі, якія ў крытычнай сітуацыі мо­гуць раскрыць чалавека з нечаканага боку. У выніку, як адзначала тая ж Алена Іванаўна, мы можам быць сведкамі педагагічнай бездапаможнасці, непрыняцця іншага меркавання, саманадзейнасці, што таксама мела месца падчас конкурсу. Напэўна, гэта нармальна, бо педагогі — жывыя людзі, якія маюць права на эмоцыі і памылкі. Разабрацца больш дэталёва ў тым, што з імі адбывалася, дапаможа якраз рэфлексія (разважанні, накіраваныя на разгляд і аналіз самога сябе і ўласнай актыўнасці). Яна можа быць у рэжыме сам-насам і калектыўная.

Думаю, што ўсе пройдуць праз адну і другую. І спадзяюся, зробяць правільныя вывады — філасофскія. Інакш існуе вялікая верагоднасць паглыбіцца ў стан самаедства. А конкурс — гэта найперш прафесійная пракачка, магутная матывацыя да развіцця і творчасці, школа прафесійнага росту. Гэта не адзін раз адзначалі і адзначаюць канкурсанты розных гадоў.

Дарэчы, асаблівай прафесійнай пракачкай конкурс з’яўляецца і для тых, хто рыхтаваў канкурсантаў. А гэта абласныя інстытуты развіцця адукацыі, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі. Усе працавалі на мяжы сваіх магчымасцей, бо, як гаворыцца, стаўкі былі высокія. У выніку ўсё атрымалася, хоць, напэўна, па ходзе і ўзнікалі заўвагі з прапановамі, што зноў-такі нармальна. Немагчыма прадбачыць усе сітуацыі і рэакцыі.

Сваімі ўражаннямі ад убачанага і пачутага на суперфінале падзялілася член журы, начальнік каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ, пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэс­публікі Беларусь — 2011”, кандыдат педагагічных навук, старшыня журы ў намінацыі “Замежная мова” Інеса Зубрыліна:

— Суперфінал — гэта самы эмацыянальны этап конкурсу. Пераможца кожнай намінацыі павінен быў прадэманстраваць уменні вырашэння праблемных педагагічных сітуацый, правесці міні-ўрок на сцэне і падзяліцца з аўдыторыяй сваімі думкамі аб тым, што значыць выхаваць чалавека. Гэтая тэма для публічнага выступлення суперфіналістаў была выбрана невыпадкова. Настаўніку сёння трэба актыўна задзейнічаць выхаваўчы патэнцыял урока для фарміравання грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці моладзі, для паспяховага самаразвіцця і самарэалізацыі асобы. У гэтым бачыцца гуманітарная аснова забеспячэння ўстойлівага развіцця грамадства, наш уклад у будучыню краіны. Варта адзначыць, што ў большасці суперфіналістаў атрымалася ў працэсе выступлення наладзіць кантакт з аўдыторыяй, зрабіць уражанне на калег за кошт арыгінальнай падачы ключавых тэзісаў.

Вырашэнне праблемных педагагічных сітуацый патрабавала ад суперфіналістаў умення аператыўна аналізаваць прапанаваныя педагагічныя кейсы, аргументаваць канструктыўныя і рэалістычныя спосабы іх вырашэння, а таксама ўменні пераканаўча, паслядоўна, канкрэтна, абгрунтавана і выразна выкла­даць уласную пазіцыю. Некаторыя з канкурсантаў не змаглі сабрацца, засяродзіцца на дэталях прапанаванай сітуацыі, таму большасць адказаў насілі абагульнены характар.

Дастаткова яркімі былі міні-ўрокі суперфіналістаў. Практычна ўсе педагогі прадэманстравалі нестандартнасць і арыгіналь­насць ідэй, індывідуальнасць і зацікаўленасць, творчы падыход, а некаторыя нават змаглі здзі­віць. Пацвярджэннем гэтага стала ўключанасць педагогаў, якія былі ў ролі навучэнцаў, і апладысменты гледачоў.

Усё гэта дазволіла членам журы ўбачыць і ацаніць маштаб асобы суперфіналістаў, сілу іх ін­тэлекту, педагагічны кругагляд, маральныя якасці і каштоўнасныя арыенціры, прыклад любові да прафесіі і адданасці выбранай справе. Шчыра кажучы, ярка выяўленага лідара сярод суперфіналістаў не было: хтосьці быў мацнейшы ў інтэрпрэтацыі педагагічных сітуацый, хтосьці — у правядзенні міні-ўрока на сцэне. Таму інтрыга захоўвалася да апошняга.

З меркаваннем Інесы Ула­дзіміраўны пагадзіўся настаўнік-метадыст, настаўнік матэматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна, старшыня Рэспубліканскага клуба арганізатараў і ўдзельнікаў конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Крыштальны журавель” Іван Якіменка, член журы суперфіналу. Разам з тым Іван Віктаравіч звярнуў увагу, што клуб чакае папаўненне — яркае і самабытнае.

— Мэтай дзейнасці клуба “Крыштальны журавель” з’яўляецца стварэнне ўмоў для развіцця ініцыятывы творча працуючых педагогаў, павышэнне прэстыжу настаўніцкай прафесіі, распаўсюджванне педагагічнага вопыту, а таксама садзейнічанне прафесійным зносінам. Члены клуба праводзяць кансультацыі, семінары, творчыя майстэрні, майстар-класы, адкрытыя ўрокі. І, канечне, мы будзем рады ба­чыць у нашых радах фіналістаў, суперфіналістаў і, вядома, пераможцу конкурсу “Настаўнік года Рэс­публікі Беларусь — 2023”, — адзначыў Іван Віктаравіч.

Удзельнікі, пераможцы конкурсу адзначаюць, што ёсць жыццё да конкурсу і пасля яго. Дык вось, пасля конкурсу яно не менш яркае і творчае, бо мабілізаваныя ўнутраныя рэсурсы бу­дуць спрыяць далейшаму прафесійнаму росту.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота БелТА