У фокусе — прафесійныя і асабістыя якасці педагогаў: канкурсанты правялі ўрокі ў незнаёмых класах

- 10:42Учитель года

Ва ўдзельнікаў фіналу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” гарачыя дзянькі. Учора завяршылася асноўнае конкурснае мерапрыемства — правядзенне ўрока (заняткаў).

Час бяжыць. Зусім нядаўна на сцэне БДПУ было яркае адкрыццё і ўражальнае самапрадстаўленне (першае конкурснае мерапрыемства), падчас якога канкурсанты дэманстравалі свае прафесійныя здабыткі, уклад у развіццё адукацыі рэгіёна, дэманстравалі дасягненні педагагічнай практыкі рэгіёна ў цэлым. Прадстаўнічае журы конкурсу ацэньвала і форму падачы самапрадстаўлення, і якасць ілюстрацыйнай падтрымкі.

19 верасня на базе Акадэміі паслядып­ломнай адукацыі прайшло другое конкурснае мерапрыемства “Праектаванне ўрока (занятку)”. Як не раз адзначалася, адным з паказчыкаў майстэрства педагогаў з’яўляецца ўменне праектаваць сваю педагагічную дзейнасць. Падчас правядзення конкурсу “Настаўнік года” ацэньваецца праект урока (заняткаў), які з’яўляецца паказчыкам праекціровачнай кампетэнцыі педагога.

Удзельнікам конкурсу неабходна было на працягу дзвюх гадзін спраектаваць урок (заняткі) па прапанаванай журы тэме і пры гэтым звярнуць увагу на пастаноўку мэт і задач урока (заняткаў), рэалізацыю вучэбнага зместу, арганізацыю дзейнасці настаўніка (выхавальніка) на ўроку (занятках), дзейнасць навучэнцаў, кантрольна-ацэначную дзейнасць і інш.

20 і 21 верасня канкурсанты правялі ўрокі (заняткі) у незнаёмых класах (групах). Клас (група), вучэбны прадмет (адукацыйная галіна), тэма ўрока (заняткаў) былі вызначаны жараб’ёўкай, якая адбылася напярэдадні.

У працэсе правядзення ўрокаў (заняткаў) удзельнікі конкурсу дэманстравалі прафесійнае майстэрства ў пастаноўцы і рэалізацыі мэты і задач урока (заняткаў); з дапамогай сучасных метадаў (прыёмаў, тэхналогій), форм арганізацыі вучэбнай дзейнасці рэалізоўвалі прадметны змест, а таксама арганізоўвалі кантрольна-ацэначную і рэфлексіўную дзейнасць.

Пры правядзенні ўрока (заняткаў) і яго самааналізе немалаважнае значэнне ма­юць прафесійныя і асабістыя якасці педагога:

захаванне нарматыўных патрабаванняў да арганізацыі адукацыйнага працэсу;

стыль зносін, тэхніка маўлення, камунікатыўныя якасці педагога;

уменне кіраваць уласным эмацыянальным станам;

уменне ўзаемадзейнічаць у адукацыйным працэсе (арганізатарскія ўменні);

валоданне класам (групай): эмпатыя, адаптацыя ў незнаёмым класе (групе), уменне бачыць усіх і кожнага;

імправізацыя і кіраванне педагагічным працэсам па сітуацыі.

Нагадаем, што конкурс “Настаўнік года” праходзіць па прадметных намінацыях “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”, “Замежная мова”, “Руская мова і літара­тура, беларуская мова і літаратура”, “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”, “Хімія, біялогія”, “Пачатковыя класы”, “Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”, “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”. У кожнай з намінацый працуе кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзяць як настаўнікі, так і навукоўцы.

А ў канкурсантаў наперадзе “Выступ­ленне перад грамадскасцю”, якое прой­дзе на базе БДПУ, МДЛУ і філіяла Індустрыяльна-педагагічнага каледжа РІПА. Затым педагагічнае і псіхалагічнае тэсціраванне, майстар-класы, якія пройдуць на тых жа пляцоўках, што і выступленні.

Па выніках правядзення названых конкурсных мерапрыемстваў прадметнае журы ў кожнай намінацыі вызначыць аднаго пераможцу і двух лаўрэатаў. Пераможцы ў кожнай намінацыі стануць удзельнікамі суперфіналу (8 педагогаў), які адбудзецца 27 верасня ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі”.

Па матэрыялах сайта АПА падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА