Гібкасць падыходу да адукацыі кожнага дзіцяці

- 11:10Спецыяльная адукацыя

БДПУ імя Максіма Танка прысвоены статус базавай арганізацыі СНД у сферы інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі. Адпаведнае рашэнне падпісана ў канцы верасня на пасяджэнні Савета Міністраў замежных спраў СНД у Душанбэ (Рэспубліка Таджыкістан). Распрацоўку канцэптуальных асноў і ажыццяўленне адукацыйнай, навуковай, вучэбна-метадычнай і практычнай дзейнасці ў кірунку падрыхтоўкі педагагічных кадраў да работы ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі забяспечвае Інстытут інклюзіўнай адукацыі БДПУ. Гутарым з яго дырэктарам — доктарам педагагічных навук дацэнтам Верай Валер’еўнай ХІТРУК.

— Скажыце, Вера Валер’еўна, як праходзіла працэдура прысваення ўніверсітэту статусу базавай арганізацыі СНД? Якія магчымасці і абавязкі з’явіліся ў Інстытута інклюзіўнай адукацыі ў сувязі з гэтым?

— Працэдура прысваення ўніверсітэту статусу базавай арганізацыі краін — удзельніц СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў у сферы інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі пачалася ў лістападзе 2016 года. У верасні 2018 года ў Душанбэ быў падпісаны адпаведны дагавор. На працягу двух гадоў зацікаўленыя бакі ў краінах СНД (на ўзроўні Савета Міністраў, міністэрстваў адукацыі і замежных спраў, устаноў адукацыі) узгаднялі пазіцыі, функцыі і задачы, якія павінна ўзя ць на сябе базавая арганізацыя, уносілі прапановы, дапаўненні, рабілі заўвагі да Палажэння аб базавай арганізацыі, якое ў далейшым дапрацоўвалася. Прапановы беларускага боку былі прыняты поўнасцю, не атрымалі ні адной заўвагі.

У БДПУ імя Максіма Танка, і ў першую чаргу ў нашага інстытута, з’явілася магчымасць трансліраваць спецыялістам з краін СНД уласны вопыт, пазіцыі, ідэі і разуменне інклюзіўных працэсаў у адукацыі. Перад інстытутам стаяць складаныя сацыякультурныя, гуманістычныя і прафесійныя задачы. У сувязі з гэтым адчуваем вялікую адказнасць. Краіны СНД знаходзяцца на розным узроўні нарматыўнага забеспячэння інклюзіўнай адукацыі, яе тэорыі і практыкі. Таму аказваць падтрымку іншым краінам мы павінны з улікам іх нацыянальных традыцый, асаблівасцей будовы сістэмы адукацыі кожнай з іх, праблемных пытанняў, якія не заўсёды падобныя на нашы, беларускія.

— Якімі напрацоўкамі мы можам падзяліцца з замежнымі спецыялістамі? Чым у сваю чаргу нас можа зацікавіць вопыт краін СНД?

— Адразу адзначу вопыт арганізацыі інтэграванага навучання і выхавання для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, які ў нашай краіне напрацоўваецца з 1995 года. З 1998 года ў праграмы падрыхтоўкі беларускіх педагогаў па вучэбнай дысцыпліне “Педагогіка” быў уведзены раздзел “Увя-дзенне ў карэкцыйную педагогіку” (24 гадзіны). Новыя стандарты падрыхтоўкі будучых настаўнікаў з’явіліся ў 2013 годзе, калі была ўведзена дысцыпліна “Тэорыя і практыка спецыяльнай адукацыі”. Усё гэта дазволіла значна паскорыць працэсы фарміравання ў педагогаў паважлівых, талерантных адносін да дзяцей з АПФР і прыняцця кожнага з іх. Важным дасягненнем беларускай сістэмы адукацыі з’яўляецца паступовае стварэнне нарматыўнай базы, якая тычыцца адукацыі асоб з абмежаваннямі. Эфектыўная і своечасовая дыягностыка парушэнняў развіцця ў дзяцей — яшчэ адзін нацыянальны прыярытэт. Гібкасць і пралангаваная паэтапнасць пераходу да інклюзіўнай адукацыі ў Беларусі дазваляе ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу глыбей разумець яго сутнасць.

Што такое інклюзіўная адукацыя? Замена інтэграванага навучання і выхавання або дадатковая новая форма арганізацыі адукацыйнага працэсу? Ці варта адмаўляцца ад інтэграванага навучання і выхавання? Беларускія спецыялісты прыйшлі да высновы, што інклюзіўная адукацыя павінна ўключаць у тым ліку і пэўныя мадэлі інтэграцыі. Самым галоўным у адукацыйным працэсе з’яўляецца дзіця. На розных узроставых этапах яму могуць быць прапанаваны розныя формы і мадэлі атрымання адукацыі, якія стануць для дзіцяці па-рознаму эфектыўнымі. Спачатку, напрыклад, яно наведвае спецыяльную групу дзіцячага сада, а пасля пераходзіць у клас інклюзіўнага навучання або інтэграванага навучання і выхавання. І тут важна забяспечыць мяккасць гэтага пераходу для дзіцяці, знайсці адпаведныя механізмы і інструменты.

У мяне ёсць вялікае жаданне ўбачыць і прааналізаваць як пазітыўны, так і негатыўны вопыт розных краін у рэалізацыі інклюзіўнай адукацыі, пазнаёміцца з іх нарматыўнай базай у гэтай сферы, з перашкодамі, з якімі яны сутыкаюцца, з механізмамі пошукаў выйсця ў вырашэнні праблем. Можна, напрыклад, пазнаёміцца з расійскім вопытам аказання дзецям ад нараджэння да 3 гадоў ранняй комплекснай дапамогі, ад эфектыўнасці якой залежыць якасць далейшай адукацыі дзіцяці. Цікавы вопыт у сферы інклюзіі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі ў Малдове, а таксама вопыт пераходу Арменіі ад дыягностыкі парушэнняў з пункту гледжання медыцынскага дыягназу да функцыянальнай дыягностыкі (згодна з Міжнароднай класіфікацыяй функцыянавання). Дзіця з адным і тым жа медыцынскім дыягназам можа па-рознаму функцыянаваць, што і павінна ў першую чаргу ўлічвацца пры вызначэнні яго адукацыйных патрэб і маршруту.

Інклюзіўнае асяроддзе, якое ствараецца ва ўстановах адукацыі, павінна ўлічваць асаблівасці і адукацыйныя патрэбы кожнага дзіцяці — не толькі з АПФР, але і адоранага, і білінгва, і таго, хто часта хварэе, і дзіцяці з сям’і мігрантаў, з сям’і, дзе прытрымліваюцца пэўных рэлігійных поглядаў, дзяцей з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і г.д. Чым жа вылучаюцца гэтыя дзеці? Якія ў іх асаблівыя адукацыйныя патрэбы? Адказ на гэтыя пытанні хацелася б знайсці ў навуковых даследаваннях і ў практычным вопыце іншых краін.

— Раскажыце, калі ласка, аб кадравым і навукова-даследчым патэнцыяле Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ.

— Навукова-практычная школа краіны ў кірунку спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі знаходзіцца менавіта ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі ўніверсітэта. У нашай вялікай прафесійнай сям’і 32 супрацоўнікі, якія маюць вучоную ступень доктара або кандыдата педагагічных або псіхалагічных навук. Тэма доктарскай дысертацыі, якую я абараніла ў 2016 годзе, — “Фарміраванне інклюзіўнай гатоўнасці будучых педагогаў ва ўмовах вышэйшай адукацыі”. Дацэнт кафедры тыфлапедагогікі інстытута Святлана Яўгенаўна Гайдукевіч сёння рыхтуе доктарскую дысертацыю, якая адлюстроўвае метадычныя аспекты агульнай прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка-дэфектолага і разуменне новых функцый і зместу дзейнасці настаўніка-дэфектолага з пункту гледжання дыверсіфікацыі адукацыйных маршрутаў дзіцяці з АПФР. У 2018 годзе Святлана Яўгенаўна атрымала грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на распрацоўку і ўкараненне вучэбна-метадычнага комплексу для падрыхтоўкі настаўнікаў-дэфектолагаў у галіне методыкі карэкцыйна-развіццёвай работы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўмовах дыверсіфікацыі іх адукацыі. Намеснік дырэктара Інстытута інклюзіўнай адукацыі Святлана Мікалаеўна Фяклістава плануе прыступіць да напісання доктарскай, у якой раскажа аб педагагічнай сістэме карэкцыйнай работы з дзецьмі з парушэннямі слыху.

Супрацоўнікі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ прымаюць удзел у кіраўніцтве эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасцю. У прыватнасці, у рэспубліканскіх эксперыментальных праектах “Апрабацыя праграмна-метадычнага забеспячэння карэкцыйных заняткаў па фарміраванні ў вучняў з парушэннямі зроку кампетэнцый прасторавага арыентавання і мабільнасці з дапамогай тэхналогіі GPS-навігацыі ў спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе (школе-інтэрнаце) для дзяцей з парушэннямі зроку” (2017—2019 гг.), “Дзейнасць псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі і псіхолага-медыка-педагагічнага кансіліуму” (2017—2021 гг.),“Ранняя комплексная дапамога дзецям з адхіленнямі ў развіцці” (2017—2021 гг.), “Апрабацыя праграмна-метадычнага забеспячэння зместу дашкольнай адукацыі дзяцей з парушэннямі зроку” (2018—2019 гг.). Працягваецца рэалізацыя інавацыйнага праекта “Укараненне трэнінгавай тэхналогіі работы з бацькамі навучэнцаў I ступені агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах фарміравання інклюзіўнай адукацыйнай прасторы” (2017—2019 гг.).

Трэці год у інстытуце праводзіцца навукова-даследчая дзейнасць у рамках дзяржаўнай праграмы “Тэарэтыка-метадалагічныя і метадычныя асновы забеспячэння ацэнкі якасці прафесійнай падрыхтоўкі настаўнікаў да работы ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання і інклюзіўнай адукацыі”. У інстытуце арганізуецца навукова-даследчая работа па забеспячэнні дзейнасці Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Распрацаваць навукова-метадычнае забеспячэнне фарміравання інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя ў выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі”.

— Якое міжнароднае супрацоўніцтва наладжвае Інстытут інклюзіўнай адукацыі ўніверсітэта?

— Інстытут інклюзіўнай адукацыі БДПУ з’яўляецца галоўнай арганізацыяй у Рэспубліцы Беларусь у сферы інклюзіі ў выкананні навуковых даследаванняў, у тым ліку сумесна з навуковымі і адукацыйнымі арганізацыямі краін СНД, а таксама выступае пляцоўкай для арганізацыі праграм навуковых стажыровак для ўніверсітэтаў-партнёраў з краін Садружнасці. Інстытут падтрымлівае цесныя сувязі з навуковымі і адукацыйнымі арганізацыямі Швецыі, Германіі, Нарвегіі, Нідэрландаў. Супрацоўніцтва ажыццяўляецца ў форме акадэмічнага абмену студэнтамі, выкладчыкамі, навуковымі супрацоўнікамі, у форме сеткавай магістарскай падрыхтоўкі, удзелу ў навуковых стажыроўках у партнёрскіх установах вышэйшай адукацыі. У прыватнасці, агульныя навуковыя даследаванні праводзяцца сумесна з Маскоўскім гарадскім педагагічным універсітэтам, Маскоўскім абласным педагагічным універсітэтам. Інстытут актыўна супрацоўнічае з грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі, якія прадстаўляюць інтарэсы людзей з інваліднасцю, у выкананні сацыяльна-адукацыйных праектаў.

Выкладчыкі інстытута ўдзельнічаюць у навукова-даследчай дзейнасці па асваенні грантаў Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў і Расійскага фонду фундаментальных даследаванняў, якія былі выдзелены на рэалізацыю праектаў “Псіхасацыяльная мадэль і механізмы пераадолення стыгматызацыі і негатыўных установак у педагогаў і бацькоў у працэсе адукацыйнай інклюзіі дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра (РАС)”, “Падрыхтоўка будучых педагогаў да праектавання карэкцыйна-развіццёвага асяроддзя інклюзіўнай адукацыі”, “Сістэматыка тэрміналагічнага апарату сучаснай парадыгмы адукацыі як метадалогія адбору зместу педагагічнай адукацыі”. Акрамя таго, атрыманы грант Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў і фонду фундаментальных даследаванняў Рэспублікі Арменія на праект “Крытэрыяльна-дыягнастычны інструментарый маніторынгу выніковасці і ацэнка якасці інклюзіўнай адукацыі”.

— Вера Валер’еўна, якую вучэбна-метадычную дапамогу могуць атрымаць педагогі ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ?

— Настаўнікі-дэфектолагі, педагогі-псіхолагі, настаўнікі-прадметнікі, бацькі, якія выхоўваюць асаблівых дзяцей, удзельнічаюць у рознага роду навучальных і метадычных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў Рэспубліканскім рэсурсным цэнтры інклюзіўнай адукацыі, які быў адкрыты на базе інстытута ў 2016 годзе ў партнёрстве з Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ). Навукоўцамі інстытута распрацаваны каля 90 адукацыйных праграм працягласцю ад 4 да 36 вучэбных гадзін, якія асвоілі ўжо каля 6 тысяч спецыялістаў. Навучанне праходзіць не толькі на базе рэсурснага цэнтра, але і непасрэдна ва ўстановах адукацыі. Практыкуецца выезд на месца мабільнай міждысцыплінарнай брыгады, у якую ўваходзяць супрацоўнікі інстытута і (пры неабходнасці) супрацоўнікі іншых арганізацый. Спецыялісты могуць вывучаць, напрыклад, магчымасці ўключэння канкрэтнага дзіцяці з парушэннямі развіцця ў адукацыйны працэс. Рэсурсны цэнтр праводзіць навучальныя мерапрыемствы і ў анлайн-рэжыме для спецыялістаў як нашай, так і іншых краін. Удзельнікамі такіх курсаў ужо сталі Казахстан, Украіна.

Сёлета ў інстытуце выпушчаны вучэбна-метадычны дапаможнік у 3 частках “Стварэнне спецыяльных умоў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі (першая ступень) з улікам інклюзіўных падыходаў”. У дапаможніку гаворыцца аб дзецях з АПФР з наступных пазіцый: кароткая педагагічная характарыстыка дзяцей у залежнасці ад парушэнняў развіцця; адаптацыя адукацыйнага асяроддзя да патрэб дзяцей; уключэнне дзіцяці ва ўзаемадзеянне з равеснікамі; уключэнне дзіцяці ў адукацыйны працэс. Гэтае выданне — дзейсны і вельмі лаканічны інструмент, які дапаможа кожнаму педагогу ў рабоце з асаблівымі дзецьмі. Спадзяёмся, што ён стане своеасаблівым задзелам у рабоце са спецыялістамі з краін СНД. Днямі ў інстытуце выйшаў вучэбна-метадычны дапаможнік для студэнтаў і педагогаў-практыкаў розных спецыяльнасцей “Інтэграванае і інклюзіўнае навучанне і выхаванне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”. Акрамя таго, выйшаў дапаможнік “Інклюзіўная адукацыя: трэнінгі ў рабоце з бацькамі”. Супрацоўнікі інстытута распрацоўвалі вучэбна-метадычнае забеспячэнне, якое тычыцца работы з дзецьмі з АПФР для сеткавай магістратуры “Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне інклюзіўнай адукацыі ў пачатковай школе” Балтыйскага федэральнага ўніверсітэта імя І.Канта.

— Якія новыя спецыяльнасці з’яўляюцца ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі ўніверсітэта? Ці ўлічваюць яны сучасныя тэндэнцыі ў адукацыі?

— У інстытуце ў 2017 годзе створаны дзве новыя адукацыйныя праграмы сеткавай магістратуры, якія тычацца аказання ранняй комплекснай дапамогі дзецям з парушэннямі развіцця і работы псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі. Гэтыя магістарскія праграмы рэалізуюцца сумесна з Маскоўскім гарадскім педагагічным універсітэтам. Акрамя таго, з 1 верасня 2018 года мы перайшлі на двухгадовую падрыхтоўку па магістарскай праграме “Карэкцыйная педагогіка”. Самым важным нашым набыткам з’яўляецца адкрыццё з 1 верасня спецыяльнасці магістратуры “Інклюзіўная адукацыя”, на якую запрашаем паступаць усіх педагогаў, незалежна ад атрыманай да гэтага спецыяльнасці.

Раней універсітэт вёў падрыхтоўку настаўнікаў-дэфектолагаў для работы ва ўмовах спецыяльнай адукацыі. Зараз мы павінны ўлічваць той факт, што дзіця можа аказацца ў любой адукацыйнай сітуацыі (у агульнаадукацыйнай школе (садзе) — ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі або спецыяльнай адукацыі, інтэграванага навучання і выхавання). Таму настаўнік-дэфектолаг павінен не толькі праводзіць карэкцыйную работу па выпраўленні парушэнняў у дзіцяці, але і ўмець працаваць з яго сям’ёй, а таксама з настаўнікамі-прадметнікамі, якія яго вучаць, з педагогам-псіхолагам (з пазіцыі кансультавання і метадычнай дапамогі). Размова аб інклюзіі — гэта размова аб індывідуалізацыі і персаніфікацыі асобы дзіцяці ў адукацыйным працэсе, калі педагог арыентуецца ў сваёй рабоце не на сярэдняга вучня, не на групу або клас, а на кожнае дзіця. А гэта ўжо своеасаблівая культура мыслення сучаснага педагога. І пачынаецца яна з талерантных адносін да дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

Супрацоўнікі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ сёння займаюцца распрацоўкай новага зместу падрыхтоўкі педагогаў да работы ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі, ствараюць своеасаблівую кластарную мадэль развіцця інклюзіўных працэсаў, механізмаў, якія забяспечаць іх эфектыўнасць, і ўніверсальных прадуктаў, якія змогуць прымяніць на практыцы спецыялісты, у тым ліку з-за мяжы.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.