Гімназічны дзень здароўя

- 11:25Адукацыйная прастора

Дзень здароўя даўно стаў традыцыйным у рамках шостага школьнага дня ў большасці школ Беларусі. У мінулыя выхадныя, 16 верасня, гімназічны Дзень здароўя асабліва ярка і святочна прайшоў у Полацку. Пасля рэканструкцыі спартыўнай пляцоўкі полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны ўсе яе “жыхары” выйшлі палюбавацца на справу сваіх рук. Апошні летні месяц гімназісты, іх бацькі, а таксама работнікі ўстаноў адукацыі і нават шэфскіх прадпрыемстваў працавалі над добраўпарадкаваннем спартыўнага аб’екта. Дзякуючы фінансавай падтрымцы аддзела адукацыі Полацкага райвыканкама, новенькія бегавыя дарожкі ў Дзень здароўя запрашалі паспаборнічаць у хуткасці.

Лепшыя спартсмены гімназіі прайшлі пад гукі спартыўнага марша, ганарова несучы сцягі горада. Весела праехаліся па гладкім пакрыцці самыя маленькія аматары пакатацца на ролікавых каньках. Развяваўся на ветры сцяг Полацка ў руках лідара веласіпедыстаў, якія хутка прамчаліся пад зачараванымі позіркамі гледачоў. Гэта нашы дзеці! Не толькі разумныя і творчыя алімпіяднікі, але і мэтанакіраваныя, стойкія спартсмены.

На гэтым жа стадыёне адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны займаліся фізкультурай тагачасныя юныя палачане, сярод якіх была і ветэран педагагічнай працы Ніна Уладзіміраўна Азернікава, якая нядаўна адзначыла свой 90-гадовы юбілей і прыйшла парадавацца за новае пакаленне палачан. З удзячнасцю і хваляваннем жанчына ўспомніла ў прывітальнай прамове свайго настаўніка фізкультуры, сын якога, Сямён Яфімавіч Сушчын, полацкі трэнер, выхаваў двух пераможцаў Параалімпійскіх гульняў у фехтаванні — Мікалая Без’язычнага і Андрэя Праневіча.

Па рашэнні Полацкага цэнтра мясцовых ініцыятыў і дзякуючы фінансавай падтрымцы ў рамках рэалізацыі праекта “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (Белмед), які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізоўваецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, на гімназічнай спартыўнай пляцоўцы ўсталяваны турнікі, гімнастычныя брусы, упор для прэса, шведская сцяна, комплекс “Варкаўт”, а таксама трэнажоры “Вяслярны”, “Верхняя цяга”, “Эліптычны”.

Сапраўдны майстар-клас ад выпускніка гімназіі 2017 года Данііла Сафронава і яго сяброў прывёў у захапленне не толькі дзяцей і падлеткаў, але і шматлікіх бацькоў, бабуль і дзядуляў, якія прыйшлі на мерапрыемства. Свята прадоўжылася спаборніцтвамі класаў і сяброўскай сустрэчай па валейболе паміж зборнымі настаўнікаў і бацькоў. А дзеці яшчэ доўга не адпускалі лідараў маладзёжнага варкаўт-руху ў Полацку, якія ўжо паспелі стаць кумірамі.

Ганна ЦІМАФЕЕВА,
сацыяльны педагог полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны.