Гісторыя майго жыцця

- 14:38Сацыяльны ракурс

“Раскажы сваю гісторыю. Важны кожны” — ролікі з такім заклікам беларускія тэлегледачы хутка ўбачаць, а, магчыма, хтосьці ўжо бачыў на некаторых каналах. Гэта сацыяльная рэклама нацыянальнага сацыялагічнага даследавання, якое нядаўна стартавала ў Беларусі, — “Фарміраванне сям’і, стабільнасці сямейных адносін і нараджальнасці ў пераменлівых сацыяльна-эканамічных умовах жыцця беларусаў”.

Апытанне праводзіць Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пры падтрымцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА), Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) і ўрада Расійскай Федэрацыі.

Плануецца, што да 1 снежня падрыхтаваныя спецыялісты апытаюць 10 000 пастаянных жыхароў краіны ва ўзросце ад 18 да 79 гадоў. Адказы на пытанні аб эфектыўнасці сацыяльнай падтрымкі, размеркаванні абавязкаў у сям’і, змяненні сямейных адносін, сацыяльна-эканамічных умоў жыцця, аб тым, чаму жанчыны нараджаюць менш дзяцей, як пажылыя члены сям’і ўдзельнічаюць у выхаванні ўнукаў і інш., дапамогуць удасканаленню дэмаграфічнай палітыкі дзяржавы, захаванню яго дэмаграфічнай бяспекі на падставе навуковых даных.

“Надзейныя даныя — гэта ключ да дакладнага разумення стану канкрэтных груп насельніцтва”,— падкрэслівае каардынатар сістэмы ААН у Рэспубліцы Беларусь Санака Самарасінха. А калі згадаць, што ў 2015 годзе Беларусь стала ініцыятарам стварэння ў ААН групы сяброў сям’і, у якую зараз уваходзяць 25 краін, то цікавасць да такіх даследаванняў з нашага боку становіцца яшчэ больш зразумелай.

Апытальнік займае некалькі дзясяткаў старонак, адказ на якія зойме прыкладна паўтары гадзіны ці больш. Удзел у апытанні, зразумела, добраахвотны. Удзельнікам даследавання можа стаць любы жыхар краіны, выбраны выпадкова. У Брэсцкай вобласці плануецца апытаць 1425 чалавек, Віцебскай — 1283, Гомельскай — 1491, Гродзенскай — 1095, Мінскай — 1470, Магілёўскай — 1129, у Мінску — 2107 чалавек. Адабрана 96 кропак для правядзення даследавання. Гэта і вялікія гарады з насельніцтвам большым за 48 тысяч чалавек (іх 24), 32 малыя гарады і 40 сельскіх Саветаў. Адрасная выбарка (выбар канкрэтных адрасоў) зроблена на аснове інфармацыі, якую прадаставіў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Спецыялісты, якія праводзяць апытанне, маюць з сабой усе неабходныя дакументы, так што праверыць “хто ёсць хто” можна лёгка. Таксама інтэрв’юеры “ўзброены” планшэтамі, бо ўпершыню сацыялагічнае даследаванне ў Беларусі праводзіцца з выкарыстаннем электронных носьбітаў, па новай метадалогіі і ў такім вялікім фармаце. Арганізатары гарантуюць, што адказы на пытанні анкеты не падлягаюць раскрыццю і будуць выкарыстаны толькі ў абагульненым выглядзе.

У аснове даследавання знаходзіцца праграма Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН “Пакаленні і гендар”, якая пачата яшчэ ў 2001 годзе. Зараз яна ахоплівае ўжо 19 прамыслова развітых краін, дазваляе параўноўваць дэмаграфічныя працэсы і сямейныя адносіны ў розных дзяржавах, а таксама адсочваць змены ў сямейным жыцці рэспандэнтаў, бо інтэрв’ю праводзяцца кожныя 3 гады. Колькі хваль даследавання будзе ў Беларусі, сказаць цяжка, мы пакуль толькі пачынаем.

Марына ХІДДЖАЗ.