Гісторыя роднага краю — крыніца ўзбагачэння ведамі пра малую радзіму

- 11:58Адукацыйная прастора

Спадчына — гэта нацыянальны набытак любой дзяржавы. Гэта не толькі сучаснасць, але і будучыня краіны. Гісторыка-культурная спадчына нясе ў сабе грамадска значныя функцыі: палітычную, ідэалагічную, адукацыйную, прапагандысцкую. Уключаючыся ў сістэму сацыякультурнай памяці грамадства, спадчына ажыццяўляе яго сацыяльную прасторава-часавую сувязь, якая надае грамадству пэўную стабільнасць.

Наша ўстанова адукацыі з 2015 года працуе па інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі вуснагістарычных даследаванняў малавядомых старонак роднага краю як сродак фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў”. Мэта інавацыйнага праекта — фарміраванне сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў праз іх уключэнне ў дзейнасць па вывучэнні малавядомых старонак гісторыі роднага краю з выкарыстаннем метаду вуснай гісторыі. У рэалізацыі праекта ўдзельнічаюць 8 педагогаў-інаватараў.

Хочацца прапанаваць некаторыя метадычныя прыёмы вывучэння гісторыка-культурнай спадчыны, рэалізаваныя ў нашай установе адукацыі. Іх выбар залежыць перш за ўсё ад узросту навучэнцаў, узроўню іх падрыхтоўкі, мэт заняткаў, задач работы, якая праводзіцца.

Адным з прыёмаў з’яўляецца збор вуснай інфармацыі. Вусная гісторыя — гэта метад гістарычнага даследавання шляхам збору ўспамінаў людзей. Мяркуецца, што даныя, атрыманыя такім чынам, асабліва ад звычайных людзей — каштоўны матэрыял для правядзення ўрокаў гісторыі, літаратуры, выхаваўчых мерапрыемстваў. Найбольш эфектыўнымі метадамі для збору вуснай інфармацыі з’яўляюцца апытанне, анкетаванне, інтэрв’ю. Звычайна для анкетавання і апытання не патрэбна спецыяльная падрыхтоўка дзяцей, але неабходна карпатлівая работа па прадумванні пытанняў. Метад інтэрв’ю займае значна больш часу для падрыхтоўкі, таму што падчас размовы даводзіцца мяняць пытанні з улікам бягучых падзей, акалічнасцей, атмасферы і ўзросту таго, з кім ідзе гутарка. Варта памятаць, што вусная крыніца змяшчае двайную інфармацыю: факталагічную і ацэначную (меркаванне таго, хто апытваецца), таму магчыма скажэнне ці дапаўненне ўжо вядомых фактаў.

Наступны прыём — гэта ўрок-экскурсія. Добра прадуманая і арганізаваная экскурсія выхоўвае не павучаннямі, а прыкладам цікавай сумеснай работы, вынікам якой будуць глыбокія і трывалыя веды.

У рамках нашага інавацыйнага праекта вядзецца вялікая работа па напаўненні музея ўстановы адукацыі новымі фактамі і матэрыяламі, атрыманымі ў выніку інтэрв’юіравання рэспандэнтаў пра гісторыю ўстановы адукацыі, пра людзей, якія праславілі сваю малую радзіму. Музей установы адукацыі валодае велізарным адукацыйна-выхаваўчым патэнцыялам, таму што ў ім захоўваюцца і экспануюцца сапраўдныя гістарычныя дакументы. Важна эфектыўнае выкарыстанне гэтага патэнцыялу для выхавання навучэнцаў у духу патрыятызму, грамадзянскай самасвядомасці, высокай маральнасці.

Вялікая работа праведзена па зборы матэрыялу па гісторыі калгаса імя У.І.Леніна (цяпер ААТ “Натопа-Агра”), пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і пра воінаў, пахаваных у брацкай магіле Каменкі, пра гісторыю ўстановы адукацыі (у 2018 годзе сучаснаму будынку школы споўніцца 50 гадоў, а з моманту заснавання ўстановы адукацыі — 105 гадоў). Навучэнцы, збіраючы матэрыял, самі ствараюць гісторыю, клапатліва захоўваючы памяць пра школьнае жыццё, справы некалькіх пакаленняў выпускнікоў.

Сярод нашых землякоў нямала цікавых знакамітых людзей: Максім і Гаўрыла Гарэцкія, Дзмітрый Войтаў, Аркадзь Тарасевіч. Сабраныя матэрыялы класныя кіраўнікі актыўна выкарыстоўваюць на класных і інфармацыйных гадзінах. Акрамя збору матэрыялаў, навучэнцы таксама праводзяць практычную работу. Дапамагаюць прыбіраць тэрыторыі праваслаўнага храма Святога прарока Іліі ў вёсцы Слаўнае, брацкую магілу воінаў Вялікай Айчыннай у Каменцы і помнік у Курманаве.

Такім чынам, работа па вывучэнні гісторыі краю ва ўстанове адукацыі з’яўляецца адной з крыніц узбагачэння навучэнцаў ведамі пра малую радзіму, выхавання любові да яе і фарміравання грамадзянскіх кампетэнцый. Высокая матываванасць усіх зацікаўленых, мэтанакіраваная дзейнасць дапамогуць выхоўваць у навучэнцаў патрыятызм, актыўную грамадзянскую пазіцыю, перадаваць ім вопыт самастойнай сацыяльнай дзейнасці, шанаваць і паважаць традыцыі свайго народа, захоўваць культурныя каштоўнасці.

Наталля АЛЯКСЕЕНКА,
настаўнік-інаватар Курманаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.