Глабальны фінансавы тыдзень

- 10:24Сацыяльны ракурс

У гэтыя дні ў краіне праходзіць Тыдзень фінансавай граматнасці, прымеркаваны да Міжнароднага дня фінансаў дзяцей і моладзі, які адзначаецца 16 сакавіка. Пачатак гэтай акцыі быў дадзены 9 сакавіка. У гэты дзень была праведзена святочная цырымонія адкрыцця таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы, старт якім даў сімвалічны званок у “біржавы” звон дзецьмі — будучымі патэнцыяльнымі ўдзельнікамі фінансавага рынку.

Фінансавай адукацыі дзяцей і моладзі сёння ва ўсім свеце ўдзяляецца вялікая ўвага — не толькі ў плане прафесійнай падрыхтоўкі, але і проста атрымання неабходных жыццёвых навыкаў. Гэта заканамерна: у сённяшнім свеце складана паспяхова арганізаваць сваё жыццё, не валодаючы навыкамі і ведамі зносін з фінансамі. Таму і Беларусь далучылася да гэтага сусветнага руху. Да святкавання падзеі актыўна рыхтуюцца банкі, асацыяцыі фінансавага рынку, іншыя зацікаўленыя арганізацыі. Запланаваны шэраг адукацыйных мерапрыемстваў для дзяцей і моладзі ў галіне фінансаў.
Упершыню Міжнародны дзень фінансаў дзяцей і моладзі адзначаўся ў 2012 годзе па ініцыятыве некамерцыйнай Міжнароднай арганізацыі фінансавай адукацыі дзяцей і моладзі CYFI (Children Youth Finance International). Асноўнай мэтай дзейнасці гэтай арганізацыі з’яўляюцца вырашэнне праблем дзяцей і моладзі ў галіне фінансаў, распрацоўка і распаўсюджванне даступных для дзяцей банкаўскіх паслуг і фінансавай адукацыі для ўсіх. У той год гэтае пачынанне падтрымалі ў 26 краінах свету, праз год Міжнародны дзень фінансаў святкавалі ўжо 80 краін, а ў 2014-м — больш за 100. Чакаецца, што ў сакавіку 2015-га да святкавання далучыцца яшчэ большая колькасць дзяржаў. Global Money Week — такую назву гэтая акцыя атрымала ў свеце.
Для Беларусі цяперашні Міжнародны дзень фінансаў дзяцей і моладзі і Тыдзень фінансавай граматнасці — трэція па ліку. І кожны раз у краіне праводзяцца тэматычныя адукацыйныя мерапрыемствы для падрастаючага пакалення. Сёлета старт Тыдню фінансавай граматнасці далі навучэнцы сталічных ліцэя № 2 і гімназіі № 7 — менавіта ім было дадзена права пачаць таргі на Беларускай валютна-фондавай біржы, празваніўшы ў сімвалічны “біржавы” звон. Тым самым маладыя людзі далучыліся да сусветнага руху: у мінулым годзе падобныя цырымоніі прайшлі на валютна-фондавых біржах у 23 дзяржавах свету, у тым ліку на вядучых сусветных біржах у Нью-Ёрку, Лондане і Бруселі. Акрамя таго, у ходзе мерапрыемства дзеці на свае вочы маглі пабачыць тое, што раней бачылі толькі з кіно — прафесійныя біржавыя таргі. Для навучэнцаў была прадстаўлена прэзентацыя пра работу біржы, праведзена экскурсія па будынку біржы, а таксама маладыя людзі ўбачылі, як пачаліся таргі, пазнаёміліся з біржавымі стратэгіямі і паспрабавалі сябе ў ролі маклераў і біржавых трэйдараў, выкарыстоўваючы прафесійныя жэсты.
У гэтыя дні азнаямляльныя мерапрыемствы з дзейнасцю вядучых фінансавых інстытутаў краіны праходзяць і для студэнцкай моладзі. Так, для студэнтаў, якія праходзяць у цяперашні час практыку ў Нацыянальным банку, Галоўнае ўпраўленне манетарных аперацый Нацыянальнага банка правяло шэраг азнаямляльных сустрэч і арганізавала наведванне Беларускай валютна-фондавай біржы і Рэспубліканскага цэнтральнага дэпазітарыя каштоўных папер.
Сярод запланаваных на рэспубліканскім узроўні на гэты час мерапрыемстваў і шэраг прынцыпова новых. Так, Нацыянальны банк сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі арганізаваў правядзенне анлайн-відэамерапрыемства “Размовы моладзі па ўсім свеце” з удзелам беларускай моладзі. Маладыя людзі з розных куткоў зямнога шара з дапамогай сучасных сродкаў камунікацый мелі магчымасць размаўляць на тэму фінансаў, дзяліцца вопытам кіравання асабістымі зберажэннямі.
Яшчэ адной значнай запланаванай ініцыятывай павінна стаць правядзенне трохдзённага вучэбнага трэнінгу па фінансавай граматнасці для настаўнікаў устаноў адукацыі Мінска па методыцы Міжнароднага фонду “Афлатун”. Педагогі асвояць спосабы арганізацыі і правядзення заняткаў з дзецьмі і моладдзю ад 6 да 18 гадоў, вывучаць метадалагічныя падыходы гэтай праграмы і атрымаюць неабходныя навыкі і веды для правядзення факультатыўных заняткаў па фінансавай граматнасці ў сваіх установах адукацыі.
Да гэтага варта дадаць, што сёння для педагогаў устаноў адукацыі краіны існуе шэраг магчымасцей для правядзення на месцах адукацыйных мерапрыемстваў па фінансавай граматнасці. Выдатным памочнікам у гэтай справе можа стаць адзіны партал фінансавай граматнасці насельніцтва, створаны Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь. На гэтым рэсурсе размешчаны і створаныя раней фінансавыя гульні, тэматычныя фільмы, разнастайная інфармацыя на тэму фінансаў.

Алена МАРКЕВІЧ.