Глеб Лапіцкі: Радзіма, сям’я, каханне, сяброўства, міласэрнасць, дабрыня — канстанты, на якіх будуецца жыццё

- 15:30Моя школа

Сённяшні госць нашай рубрыкі — генеральны дырэктар Цэнтра культуры “Віцебск”, дырэктар міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” Глеб Лапіцкі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Вытокі

— Якія ў вас асацыяцыі са словамі “мая школа”?

Школьнае сяброўства. Знаё­мы будынак па Маскоўскім праспекце ў Віцебску. Доўгія калідоры так і вабяць прабегчыся, хаця нельга, трэба трымацца паважна. Сталовая прасторная, нібыта плац­дарм. Гордасць: у нас крута! Мая родная сярэдняя школа № 31 (сёння носіць імя В.З.Харужай) мела моцны педагагічны калектыў і зай­здросную матэрыяльна-тэхнічную базу, уключаючы свой басейн. Безумоўна, успамінаюцца падзеі дзяцінства. Урокі жыцця, першыя творчыя поспехі. Калі браць глыбей, мая школа — тое вялікае, што нам перадалі нашы педагогі. Дырэктар Любоў Куцакова ў любой сітуацыі адстойвала інтарэсы вучня. Строга даводзіла, дзе ты не меў рацыі, аднак выключна сам-насам. Пры ўсіх накрычаць на дзіця, тым больш прынізіць, Любоў Аляксееўна не дазваляла ні сабе, ні іншым. Па ўласным вопыце скажу: паўтарыць парушэнне ўжо таму не хацелася, што сорамна было падвесці чалавека, які ў цябе верыць.

З цеплынёй успамінаю сваю першую настаўніцу Тамару Бонах, нашага класнага кіраўніка Паўла Кежу. Тамара Аляксандраўна спус­ку гультаям не давала і, разам з тым, была нязменна добразычлівай і справядлівай. Як ніхто іншы, яна ўмела простымі словамі растлумачыць самыя складаныя паняцці. Павел Анатольевіч быў для нас арыенцірам нават па-за межамі школы. Мы дружна хадзілі з ім у паходы, пільна сачылі за першымі выпускамі праекта “Зорны цырк”, бо наш настаўнік там паспяхова ўдзельнічаў. З цікавасцю слухалі яго аповеды пра сястру, знакамітую Марыю Кежа. На ўроках Валянціны Калоскінай мне часам здавалася: яшчэ крыху — і яна ўзарве гэты кабінет! Затое хімію, якую вяла Валянціна Аляксандраўна, мы сумнай ніколі не лічылі і паважалі. У прыватнасці, я з лёгкасцю здаў гэты прадмет на выдатна пры паступленні ў Віцебскую ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Прыхільнасць да біялогіі мне прывіла Таццяна Палякова. Далікатна і надзейна нас падтрымлівала школьны бібліятэкар Галіна Васюціна. Не тое, каб я быў апантаным чытальнікам, але ў біб­ліятэку хадзіў ахвотна. Галіна Міхайлаўна ўмела з кожным нала­дзіць даверлівыя адносіны, як з роўнымі. Нам імпанавала адчуваць сябе адказнымі і дасведчанымі.

— Мяркуючы па сказаным, вы не былі занадта паслухмяным вучнем…

Настаўнікаў слухаў уважліва, слухаўся не заўсёды. У мяне было звычайнае хлапечае дзяцінства, калі вопыт нярэдка здабываецца праз уласныя шышкі. У прамым сэнсе слова. Напрыклад, катэгарычна забароненае — падлавіць імгненне ды ўпотай ад дарослых з вышкі сігануць у басейн — вабіла нас неадольна. Так з сябрамі даскакаліся, што нажыў сабе страх вады. Потым навучыўся яго пераадольваць, нарматывы па плаванні на ўроках здаваў нармальна.

— Ці ёсць у вашай сям’і педагогі?

— Жонка Хрысціна працуе ў дашкольнай адукацыі, яна музычны кіраўнік у дзіцячым садзе.

Сугучнасць

— Што матывавала пасля школы паступаць у ветакадэмію?

— А ведаеце, тут школе належала другасная роля. І нават любоў да братоў нашых меншых не магу назваць вызначальнай. Проста ў мяне бабуля ў вёсцы жыла, працавала загадчыцай фермы. Назіраючы з маленства, наколькі ветурачы патрэбны людзям, я паступова нацэліўся на прафесію. Прычым ведаў самыя непрывабныя бакі работы сельскага ветурача, але гэта не адштурхнула. Пасля, ужо абітурыентам, са здзіўленнем адкрыў для сябе: аказваецца, ветэрынарыя мае разгалінаваную спецыялізацыю. У ветакадэміі даведаўся, што працуюць ветурачы і ў белых халатах, стэрыльных лабараторыях, на высокатэхналагічным абсталяванні.

— Наколькі захапіла выбраная прафесія?

Больш, чым захапіла — я яе палюбіў. Пасля заканчэння застаўся працаваць у ветакадэміі мастацкім кіраўніком Дома культуры і сумяшчаў творчую работу з ветэрынарыяй. Аперацыі рабіў, выкладаў тэрапію, аспірантуру скончыў. Мне гэта падабалася, бо адчуваў сугучнасць. Па сутнасці, ветэрынарыя — справа творчая. Плюс эмацыянальны складнік. Здараецца, выходзячы з аперацыйнай, дзе кот ці сабака адыходзіць ад наркозу пасля ўдалай аперацыі, ты ад гаспадароў адчуваеш эмоцыі, супастаўляльныя з аддачай тысячнай канцэртнай залы.

Творчы ўзлёт

— А памятаеце свой першы выхад на сцэну?

— Раней пры домакіраўніцтвах былі клубы па інтарэсах з гурткамі для ўсіх узростаў. Неяк склалася, што я ў клубе “Белая ладдзя” пачаў займацца пад кіраўніцтвам Галіны Калінінай. А ў школе мяне прыкмеціла ды ўзяла пад крыло настаўніца музыкі Наталля Лепля. Мы многа выступалі ў мікрараёнах па дварах — звычайная з’ява на той час, дзе-нідзе малыя вулічныя сцэны ў нашым горадзе дагэтуль захаваліся. У пэўны момант Наталля Пятроўна прапанавала паспрабаваць сілы ў раённым конкурсе. Дэбют быў удалы: я стаў пераможцам, мне грамату дырэктар уручыла на агульнашкольнай лінейцы — радасць неймаверная! Пасля яшчэ займаўся і выступаў у Палацы культуры чыгуначнікаў, далей у ветакадэміі працягнуў.

— З узнагарод, атрыманых па выніках розных конкурсаў, якія для вас самыя значныя?

— Шчыра кажучы, для мяне важнейшыя за ўзнагароды звязаныя з імі жыццёвыя гісторыі. Узяць хаця б перамогу на міжнародным конкурсе-фестывалі патрыятычнай песні “Вікторыя” ў студэнцкія гады. Можа, у маёй творчай біяграфіі ён не самы значны вакальна, але першы, куды я паляцеў на самалёце. Не без прыгод атрымалася: была затрымка рэйса на Калінінград, практычна адразу пасля прыбыцця давялося выходзіць на сцэну. А вушы цалкам заклала пасля пералёту, бо сам не ведаў і ніхто не падказаў, як з гэтым спраўляцца. Выступаў на адчуваннях, не дужа спа­дзяваўся на перамогу і ў выніку заняў 1-е месца. У маіх бацькоў не было такіх грошай, каб адправіць мяне на конкурс у няблізкі свет. Дзякуй, дапамагла з фінансаваннем вет­акадэмія, асабіста рэктар Антон Ятусевіч падтрымаў. У навуцы шмат хто дастойнейшы мае гонар называцца яго вучнямі, можа, я і не рызыкну. Аднак школу ў Антона Іванавіча прайшоў каштоўную: як асоба, кіраўнік ён для мяне быў настаўнікам.

Што ж да самай важкай маёй конкурснай узнагароды, то гэта прэмія Уладзіміра Мулявіна, атрыманая з рук Міхаіла Фінберга на Х фестывалі беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2009”.

Дарагі для мяне і спецыяльны прыз, уручаны дачкой Алены Абразцовай на конкурсе, прысвечаным творчасці Ганны Герман. На Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў у рамках “Славянскага базару ў Віцебску” я марыў трапіць, але ўдалося прайсці толькі да нацыянальнага фіналу. Затое спецыфіку, пэўныя праблемныя моманты на сабе выпрабаваў. Мы за апошнія гады з Міністэрствам культуры зрабілі фіналы больш празрыстымі. Раней збіралася камісія ў Маладзёжным тэатры эстрады, слухала выступленні і потым аб’яўляла, хто прадставіць Беларусь. Цяпер у нас адкрытае галасаванне, пашыраная лінейка суддзяў, трансляцыі ў прамым тэлеэфіры. Творчасць, у прынцыпе, вельмі суб’ектыўная рэч. Аднак у гэтым выпадку мы ўзровень суб’ектывізму імкнёмся знізіць да мінімуму.

Прызнанне і прызванне

— У працяг тэмы: вы неяк назвалі сябе няконкурсным артыстам. Чаму?

Быў перыяд, калі любіў удзельнічаць у творчых конкурсах. У свядомым узросце ўжо адносіўся неадназначна, азарт прайшоў. Па-першае, для канкурсанта прыя­рытэт — максімальна раскрыць свае магчымасці перад журы. Для мяне ж намнога каштоўнейшае адчуванне жывой зваротнай сувязі з аўдыторыяй: пагутарыць з людзьмі,  падзяліцца эмоцыямі, зрабіць сваю праграму, на канцэрце гледачоў з месцаў падняць. Менавіта гэта, па-мойму, сапраўднае прызванне артыста. Па-другое, мне ў конкурсах не падабаецца момант аб’яўлення пераможцаў. Гаворка не пра тое, калі сам не трапіў у іх лік: тут прыкра, але неабходна пера­жыць, зрабіць вывады і рухацца далей. Наадварот, здараецца, цябе прызналі пераможцам, а ты разумееш: вось гэты ўдзельнік быў мацнейшы, незразумела, чаму не ён! І так няёмка, крыўдна за чалавека, што ўласная перамога гарчыць.

Для развіцця выканаўцы конкурсы, несумненна, карысны рэсурс. Галоўнае, не скаціцца ў пагоню за дыпломамі. Не разумею бацькоў, якія без разбору хапаюцца за магчымасць адправіць дзіця на любы даступны конкурс, куды заўгодна — абы выйграць. Па-мойму, тут залежнасць фарміруецца, нібы ў казіно. Між тым узровень конкурсных мерапрыемстваў істотна адрозніваецца. Ёсць шмат адметных, цікавых, добра арганізаваных конкурсаў. Напрыклад, калі запрашае ў журы наш віцебскі турыстычна-інфармацыйны цэнтр “Ілва”, то іду ахвотна, бо ведаю: бездакорная якасць правядзення гарантавана. На жаль, гэта не правіла для ўсіх. Вось у сістэме адукацыі вельмі выразна вызначана: можаш называцца ўстановай адукацыі і ажыццяўляць адпаведную дзейнасць, калі прайшоў акрэдытацыю. У нас пакуль такой грунтоўнай заканадаўчай базы няма, над гэтым трэба працаваць.

— Вашы дзеці ў творчых конкурсах удзельнічаюць?

— У складзе нашых творчых калектываў. Абодва займаюцца харэаграфіяй: Арцём — у “Дамісольках”, Яраслаў — у “Зорцы”.

Пра гастролі і гледачоў

— З гастрольнымі канцэртамі, напэўна, вы аб’ехалі ўсю Беларусь?

— Спачатку Віцебшчыну, за перыяд работы ў абласной філармоніі. Часам у сельскай глыбінцы нас на сцэне было больш, чым гледачоў у зале. Запомніўся адзін выпадак — кранальны да слёз. Пасля канцэрта ўзбіраецца на сцэну бабуля: “Дзіцятка, адцвілі ў палісадніку кветкі, а не падзякаваць не магу. З душой рабіла, вазьмі, не пагрэбуй…” І працягвае банку агуркоў! Вясковыя жыхары — адны з найлепшых гледачоў, якія натхняюць працаваць.

Пасля пераходу ў апарат Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі мне насамрэч пашчасціла аб’ехаць усю краіну, у некаторых населеных пунктах па некалькі разоў выступалі. Гэта быў вельмі каштоўны вопыт зносін з людзьмі і арганізацыйнай работы. Зараз з мяне гастралёр так сабе, хаця зусім не адмовіўся ад гэтага. На маёй цяперашняй пасадзе па першым часе многія раілі развітацца са сцэнай дзеля правільнага іміджу: маўляў, калі кіраўнік спявае, выглядае несур’ёзна. Я не пага­джаўся. Добры галоўны ўрач той, хто ходзіць на дзяжурствы, дырэктар школы — хто вядзе ўрокі: хаця б па мінімуме, затое яны ў тэме. Мне сёння з усімі нашымі калектывамі, артыстамі лёгка размаў­ляць. Бо ведаю: калі на гастролях просіш па месцы пражывання чорныя шчыльныя шторы на вокнах — зусім гэта не капрыз. Проста ў шматдзённым туры ты выкарыстоўваеш кожную магчымасць, каб паспаць. У мяне даволі часта пытаюцца пра самыя складаныя пункты райдара. Ды няма іх. Райдар падобны да тэхнічнага задання ў прамысловасці. Калі хочаш, каб артыст выступіў якасна, значыць павінен па зададзеным аптымальным рэгла­менце ўсё зрабіць.

Школа кіравання

— Калі вы прынялі запрашэнне Міхаіла Орды на работу ў Мінск, з чым ішлі і што ўдалося ўвасобіць?

Гучыць неверагодна: пасля святкавання юбілею ВНУ ў рэгіёне ганаровы госць — старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі — запрасіў у сталіцу невядомага хлопца, арганізатара ўрачыстасці. А калі той прыехаў, паставіў перад калегамі: “Знаёмцеся, цяпер мы ўсе будзем танцаваць пад яго дудку”. Гэта напаўжартам, вобразна кажучы, але па сутнасці так. Сам бы не паверыў, каб не са мной адбылося. Асноўнай задачай Міхаіл Сяргеевіч вызначыў для мяне пошук і рэалізацыю новых творчых напрамкаў, я прапанаваў фармат спецпраектаў. Закруцілася па нарастаючай: ідэі развіваліся ў рэальныя планы, якія пачалі ажыццяўляцца, каманда сабралася моцная і творчая. Я ўвайшоў у глаўк па культуры і грамадскай рабоце апарату Савета Федэрацыі прафсаюзаў і неўзабаве яго ўзначаліў, стаў самым маладым у кіруючай структуры чатырохмільённай грамадскай арганізацыі. Мне 24 гады было на момант пераезду. Давер быў вялі­кі, адказ­насць і патрабаванні велі­зарныя.

— Якія з рэалізаваных спецпраектаў першымі ўспамінаюцца?

Складана выбраць, бо кожным праектам мы літаральна жылі. “Зорны шлях” зараз папулярны — яго арганізатары не хава­юць, што ён вырас з нашых “Новых імён Беларусі”. Фестываль “Нашы таленты табе, Беларусь” сярод прафсаюзных і ведамасных клубных устаноў культуры краіны — вялікі пласт, мы яшчэ кнігу выдалі пра ўсе нашы калектывы. Плюс мноства традыцыйных акцый і праектаў, “Нашы дзеці”, работа з ветэранамі, “Студэнцкая вясна”, міжнародны маладзёжны адукацыйны фестываль “Тэмп. Працай адзіная моладзь прафсаюзаў”: штодзённы, штохвілінны няспынны рух. Федэрацыя прафсаюзаў — эфектыўная школа кіравання, якая дала каласальны вопыт. Напрыклад, калі да цябе пастаянна звяртаюцца людзі са сваімі праблемамі, мільён можа быць не тваіх пытанняў, але табе іх усё роўна трэба вырашаць, таму што ты працуеш у гэтай структуры. Важны аспект — адміністрацыйны, школа ўзаемадзеяння, бо мы былі ў пастаянным кантакце з вертыкаллю ўлады, міністэрствамі і ведамствамі, кіраўнікамі буйных арганізацый. Вельмі ўдзячны людзям, з якімі працаваў у той час: і тым, з кім поруч мы ажыццяўлялі ідэі, і тым, хто дапамагаў, дыпламатычна і карэктна даваў слушныя парады, у каго я многаму навучыўся.

— Пераходзячы ад практыкі да класічнай адукацыйнай базы, давялося яе ўзмацніць? Дзе вучыліся?

— Безумоўна, давялося. Акрамя сваёй віцебскай альма-матар, я скончыў  Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Вымярэнні жыцця

— Вы строгі кіраўнік?

— Справядлівы. Калі мы дамовіліся, значыць зрабілі, па-іншаму не можа быць. Хаця да прыняцця рашэння мяне рэальна пераканаць нешта змяніць. І дастаткова часта так здараецца, асабліва з маімі старэйшымі калегамі, я вельмі ўважліва прыслухоўваюся да іх.

— Раскажыце пра сваю цяперашнюю каманду…

Калектыў Цэнтра культуры “Віцебск”, па маім меркаванні, гэта суперкаманда. У той жа час яна вельмі няпростая. Бо тут кожны творца — асоба, характар, прафесіянал, з чым трэба лічыцца. Для мяне гонар працаваць з гэтымі людзьмі, я ім давяраю, што­дзень у іх вучуся. Несумненна, зладжаная работа Цэнтра культуры — вынік дзейнасці ўсяго калектыву, ад ахоўніка на вахце да кіраўніцтва. Умоўна кажучы, наш сантэхнік змог бы працаваць без дырэктара, а вось дырэктару без яго цяжка. Увогуле, гаспадарчыя клопаты з прыходам на цяперашнюю пасаду ператварыліся ў неад’емную частку майго існавання. Пакуль Віцебск рыхтаваўся да па­дзейнага летняга сезона — побач са “Славянскім базарам” на яго календары адзначаны, напрыклад, святкаванне 1050-годдзя горада, правядзенне ХІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, дзе нашы пляцоўкі зноў жа сярод вядучых, — белая каска і роба сталі для мяне такім жа звыклым адзеннем, як дзелавы касцюм. Затое пераключэнне дзейнасці не дае патануць у руціне. У гэтым, напэўна, і ёсць жыццё.

— Па назве вашага сёлетняга сольніка да дня нараджэння: чым вымяраецца жыццё?

У нашым хутказменлівым свеце мы трымаемся за канстанты, на якіх жыццё будавалася стагоддзямі, — Радзіма, сям’я, дзе­ці, каханне, сяброўства, міласэрнасць, дабрыня. Па вялікім рахунку, як бы ні гучала банальна, жыццё вымяраецца людзьмі і вернасцю. А ў рабоце яшчэ ступенню адказнасці.

— Калі не сакрэт, як праводзіце вольны час?

Увесь свой рэдкі вольны час аддаю сям’і. Большую яго частку мы праводзім на дачы — раней бы не падумаў, што буду з задавальненнем даглядаць памідоры ды бульбу! А так па сітуацыі. Нядаўна Арцём прыдумаў, што хоча ўбачыць жырафу. Значыць, трэба знайсці час і адвезці сына ў Маскву, бо найбліжэйшая жырафа жыве ў Маскоўскім заапарку.

У дэпутацкай дзейнасці і як дэлегат Усебеларускага народнага сходу якія задачы перад сабой ставіце?

— Я не прыхільнік гучных ініцыятыў, якія, па сутнасці, невыканальныя і таму непатрэбныя нікому. Насамрэч глабальнае збіраецца з вырашэння канкрэтных, важных для людзей, прыватных пытанняў. Напрыклад, у заканадаўчай дзейнасці як рэальна ўдаскана­ліць работу з ветэранамі? Неабходна вярнуцца да тэмы рэгулявання дзейнасці ў культуры, уключаючы гастрольны і адукацыйны складнікі. Культура — гэта наша гісторыя, ідэалогія, тут не павінна быць няпэўнасці і абыякавасці. Бо па кожным з вектараў, ад адукацыйнага да забаўляльнага, мы працуем з людзьмі, іх пачуццямі. Часам самае правільнае — аб’ектыўна па­даць інфармацыю, не прыхарошваючы і не замоўчваючы, проста факты без залішніх інтэрпрэтацый. Трэба, каб твая аўдыторыя адчула жу­дасць вайны? З’ездзіце ва Уручча, пабачце тры ямы, дзе забітыя людзі ў дзесяць слаёў закапаны, і раскажыце, як тут на расстрэлах нелю­дзі ставілі маці, а насупраць дзіця — і ў яго стралялі першым…

Зразумела, што трэба праца­ваць у сваёй сферы комплексна. Як кіраўнік установы я абавязаны думаць не толькі пра песні і танцы, але і пра тую ж аплату працы. Таму сваёй задачай лічу не хаджэнні з заклікамі падняць зарплату работнікам культуры, а найперш стварэнне такіх умоў, каб дастойна зарабіць пры жаданні мог кожны ў калектыве. Дзяржава для гэтага прадастаўляе магчымасці. Дэлегатам Усебеларускага народнага сходу я быў тройчы, штораз у новым для сябе статусе: як студэнт, кіраўнік установы і цяпер як член Савета Рэспублікі. На VІІ Усебеларускім народным сходзе ўзнімаліся важныя для развіцця грамадства тэмы, выносіліся на абмеркаванне пытанні нацыянальнай бяспекі. Але канцэптуальныя дакументы — яны зноў жа з часцінак выкрышталізаваліся, з надзённых для людзей і дзяржавы пытанняў. Адкуль узнікла тэма біялагічнай бяспекі? Па канкрэтнай ініцыятыве наш губернатар Аляксандр Субоцін — адзін з аўтараў. Прызналі прапанову актуальнай і ўключылі ў канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Калі мы ўсе рухаемся ў адным напрамку, то і грамадства ў цэлым ідзе наперад.

— “Славянскі базар” на парозе. Чытачы мяне не зразумеюць, калі не запытаюся ў дырэктара фестывалю, якія сюрпрызы нас чакаюць?

Гэты фестываль 33-і па ліку. Накладваем дзве тройкі — атрымліваецца сімвал бясконцай творчасці. “Славянскі базар у Віцебску” заўсёды чуйна  рэагуе на водгук нашых гледачоў. Захоўваючы лепшыя традыцыі, мы развіваемся і крочым разам са сваёй публікай, зусім рознай па творчых перавагах, узросце. Чакаюцца, напрыклад, вялікія опэн-эйры і джаз на аргане. У рамках новай ініцыятывы “Саюзная дзяржава — дзецям” правядзём майстар-класы па пушкінскім вершаскладанні і пісьме пяром, а завершыцца ўсё “Казкай пра цара Салтана”. Гэты спектакль убачаць выхаванцы дзіцячых дамоў, інтэрнатаў, дзеці з мнага­дзетных сем’яў. З тэатральных сюрпрызаў таксама будуць “Гамлет” на беларускай мове, спектакль, прысвечаны Людміле Зыкінай. Відаць, мушу спыніцца і запрасіць да нас: лепш адзін раз убачыць і намнога лепш далучыцца. А мы пастараемся стварыць незабыўнае свята.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота Дзмітрыя ОСІПАВА і з архіва героя