Матываваць вучняў на даследаванне, крок за крокам накіроўваць работу і даводзіць яе да лагічнага завяршэння — задача не з лёгкіх. Безумоўна, і педагогу, і вучню радасна, калі іх сумесная дзейнасць, да таго ж, высока ацэньваецца і адзначаецца ўзнагародамі. У чым сакрэт такога поспеху? Як не памыліцца з тэмай і захапіцца работай?
Сёлета прайшлі традыцыйныя рэспубліканскія конкурсы работ даследчага характару (канферэнцыі) вучняў па 18 вучэбных прадметах, у рамках якіх была арганізавана работа адпаведных секцый. Для ўдзелу было пададзена больш за тысячу заявак. У выніку на заключным этапе вучні прадставілі 358 дакладаў. Па добрай традыцыі ў гэтым конкурсе ўдзельнічалі школьнікі з Расіі і Украіны. Адметна, што сёлета конкурсы праходзілі з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у дыстанцыйным фармаце. Юных даследчыкаў ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі з усіх рэгіёнаў краіны. Дыпломамі Міністэрства адукацыі адзначаны 154 даклады ( з іх 34 — І ступені, 48 — ІІ ступені, 72 даклады — ІІІ ступені).
Пераможцам рэспубліканскага конкурсу даследчага характару (канферэнцыі) па беларускай мове (секцыя “Лінгвістыка”) стаў адзінаццацікласнік Жырмунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці Уладзіслаў Юхневіч. Яго даследчая работа мае назву “Дынаміка развіцця антрапанімічнай прасторы беларускай народнай і літаратурнай казкі ў лінгвакультуралагічным аспекце (на прыкладзе чарадзейна-фантастычных казак)”. Кіраўнік — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Чаславаўна Квецень.
— Даследчая дзейнасць з навучэнцамі можа быць пабудавана па-рознаму, з ужываннем разнастайных метадычных прыёмаў, — адзначае В.Ч.Квецень. — На працягу даволі доўгага часу ў нашай сельскай установе адукацыі апраўдвае сябе даследчая дзейнасць, якая непасрэдна звязана з навуковым таварыствам навучэнцаў “Эўрыка”, у склад якога спачатку ўваходзіла секцыя юных філолагаў-даследчыкаў. Цяпер жа гэта лінгвакраязнаўчы клуб “СЛОВА.ВY”.
З часам клуб стаў цэнтрам і каардынатарам усёй даследчай работы ў школе, а яго нязменным кіраўніком з’яўляецца Валянціна Чаславаўна. На працягу апошніх гадоў на ніве даследчай дзейнасці “ўзгадавана” 5 стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (дыпломы ІІ і ІІІ ступеняў). У гэтым годзе ўжо шосты раз школе давялося быць у ліку пераможцаў рэспубліканскага конкурсу (канферэнцыі) работ даследчага характару, папоўніўшы скарбонку дасягненняў дыпломам І ступені.
Уладзіслаў Юхневіч з’яўляецца членам аб’яднання з 7 класа і на працягу ўсяго гэтага часу актыўна займаецца вывучэннем анамастычных назваў рэгіёна — самабытных і непаўторных, бо на тэрыторыі Воранаўскага раёна побач жывуць беларусы, палякі, літоўцы, што, безумоўна, наклала адбітак і на народную мову, мясцовыя назвы.
У 8 класе Уладзіслаў паспяхова прадстаўляў вынікі свайго даследавання па тэме “Гісторыя Жырмунскага сельскага Савета на аснове мікратапонімаў” на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Тапанімічныя даследаванні як сродак далучэння навучэнцаў да пошукава-даследчай краязнаўчай дзейнасці” ў рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Тады юнак быў удастоены дыплома І ступені Міністэрства адукацыі ў намінацыі “Сельскія населеныя пункты”. Пазней Уладзіслаў неаднаразова быў пераможцам абласнога конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) “Крышталёвая альфа”, абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Край Гарадзенскі” ў секцыі “Лінгвістыка”.
— Задума даследаваць мову казак, а дакладней, паходжанне назваў казачных персанажаў узнікла неяк нечакана, — расказаў Уладзіслаў Юхневіч. — Аднойчы мая малодшая сястра прынесла з бібліятэкі “Касмічную кнігу ў творах беларускіх пісьменнікаў”. Пагартаўшы яе, я спыніўся на назве казкі А.Марціновіча “Баба Яга Ракетная Нага”. Імя гераіні казкі мяне па-сапраўднаму здзівіла. Усё-такі звыклай была класічная назва гэтай казачнай гераіні — Баба Яга Касцяная Нага.
З гэтага і пачаліся першыя крокі ў даследаванні. Аб’ектам вывучэння сталі казачныя антрапаэтонімы ў беларускіх народных і літаратурных чарадзейна-фантастычных казках — імёны тых персанажаў, якія захоўваюць чалавечае аблічча нават у тым выпадку, калі валодаюць пэўнымі звышнатуральнымі фізічнымі здольнасцямі і па сваіх камунікатыўных паводзінах не адрозніваюцца ад людзей.
Дарэчы, казачны дыскурс прыцягваў увагу навукоўцаў яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Нядаўна аб’ектам вывучэння айчынных навукоўцаў стала беларуская казка. Аднак праблема даследавання імёнаў казачных персанажаў у беларускай народнай і аўтарскай казцы не з’яўляецца канчаткова вырашанай у айчыннай лінгвістыцы. Усё гэта сведчыць аб актуальнасці выбранай хлопцам тэмы даследавання.
Адметна, што яго даследаванне набыло і практычную значнасць. Апошнім часам мяняюцца месца і формы трансляцыі жанру казкі ў соцыуме. У медыяпрасторы дамінуе “галівудская” прадукцыя, а між тым у Беларусі ёсць свой цікавы вопыт прапаганды нацыянальнай казкі. У прыватнасці, гэта аўдыяпраект “Краязнаўчая казка”, праект “Беларускія народныя казкі для дзетак”, тэлепраграма “Калыханка”. Даследаванне натхніла настаўніцу і яе вучня на стварэнне настольнай гульні “Чароўны свет казак”.
— Няпроста падрыхтаваць даследчы праект: неабходна зацікавіць вучняў (выбраць або падказаць цікавую для іх тэму), падабраць адпаведную навуковую літаратуру, навучыць працаваць з інфармацыяй, прагледзець у інтэрнэце падобныя матэрыялы па выбранай тэме даследавання, — робіць выснову В.Ч.Квецень. — Самае ж галоўнае — прымусіць вучняў паверыць у свае сілы, даказаць, што іх выступленні будуць самымі змястоўнымі і цікавымі. Мая практыка паказвае: каб кіраваць працэсам даследавання, педагогу неабходна не толькі валодаць інфармацыяй і ўменнямі, але і ведаць дзяцей, іх сілы і магчымасці. Таксама важна быць творчай асобай, пастаянна займацца самаадукацыяй, мець актыўную педагагічную пазіцыю, імкненне да даследчай дзейнасці. Вучням даследчая работа дае магчымасць прапускаць увесь матэрыял праз душу і сэрца, вучыць слухаць і чуць, а самае галоўнае — дазваляе ўбачыць уласны рост!
Сёлета першае месца з Уладзіславам Юхневічам падзялілі адзінаццацікласніцы ліцэя № 2 Мінска Алена Грышукова і Марыя Яцэвіч. Дзяўчат у іх даследчай дзейнасці накіроўвала настаўніца беларускай мовы і літаратуры з кваліфікацыйнай катэгорыяй “настаўнік-метадыст” Алена Канстанцінаўна Пекач. Можна смела сказаць: кожны навучальны год для яе плённы і паспяховы. З заключнага (рэспубліканскага) конкурсу даследчых работ яе вучні заўсёды вяртаюцца з дыпломамі. Сёлета настаўніца паўтарыла свой рэкорд 2014 года: яе навучэнцы атрымалі дыпломы І ступені і па беларускай мове, і па беларускай літаратуры. Дарэчы, усяго ў ліцэістаў у гэтым конкурсе налічваецца ўжо больш за 60 дыпломаў рознай вартасці. З іх 12 — рэспубліканскага ўзроўню (6 — па мове і 6 — па літаратуры).
— Калі гаварыць пра сёлетнія праекты па беларускай мове, то варта адзначыць, што створаныя Аленай Грышуковай і Марыяй Яцэвіч прадукты сапраўды адметныя, — расказвае Алена Канстанцінаўна. — На платформе corpus.by Лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі нашы ліцэісткі стварылі графічнае адлюстраванне контуру асноўнага тону пункціраў Алеся Разанава з эфектам падманутага чакання. Таксама яны зрабілі праграмны прадукт “Эфект падманутага чакання ў пункцірах Алеся Разанава”, які размясцілі на платформе LearningApps.оrg.
Аб’ектам даследавання па тэме “Эфект падманутага чакання ў пункцірах Алеся Разанава” сталі пункціры пісьменніка з кнігі “Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж”. Прадметам даследавання быў эфект падманутага чакання ў пункцірах Алеся Разанава. Выбар тэмы абумоўлены найперш цікавасцю да самога эфекту падманутага чакання і да вывучэння моўных адзінак, якія ўтрымліваюць названы эфект і адлюстроўваюць спосаб бачання свету і вобраз мыслення пісьменніка. Асноўнай задачай было выяўленне стылістычных і сінтаксічных сродкаў выяўлення эфекту падманутага чакання ў пункцірах Алеся Разанава.
Адзінаццацікласнікі Ілона Дзюрава і Максім Агароднікаў выбралі для даследавання па беларускай літаратуры тэму “Духоўна-эстэтычныя каштоўнасці ў эсэ У.Караткевіча і Л.Рублеўскай”. Свой выбар юныя даследчыкі і іх настаўніца патлумачылі, па-першае, тым, што духоўна-эстэтычныя каштоўнасці — гэта аснова станаўлення і сталення асобы. Па-другое, ні ў якім іншым жанры, акрамя як у эсэ, так выразна не выяўляецца светапогляд пісьменніка. Ну і па-трэцяе, з нагоды 90-годдзя з дня нараджэння У.Караткевіча юныя даследчыкі хацелі выказаць яму бясконцую пашану за багатую спадчыну, якую ён пакінуў нашчадкам. Адметна, што Л.Рублеўская пераняла караткевічаўскія традыцыі, “зрабіла іх сваімі” (так яна сама адзначае ў інтэрв’ю юным журналістам з ліцэя). Акрамя таго, у беларускім літаратуразнаўстве няма даследавання духоўна-эстэтычных каштоўнасцей у эсэістыцы. Тым больш было цікава паглядзець, як пісьменнікі розных пакаленняў, часавых зрэзаў, навуковых школ, урэшце гендарных адрозненняў успрымаюць і асвятляюць пэўныя пытанні і праблемы. Усім гэтым і абумоўлены выбар тэмы даследавання.
Зразумець творчасць У.Караткевіча і Л.Рублеўскай юным даследчыкам дапамагалі вядомыя літаратуразнаўцы. Але спачатку яны вывучалі эсэ У.Караткевіча з 12 тома Збору твораў і эсэ Л.Рублеўскай з кнігі “Шыпшына для Пані”, выяўлялі духоўна-эстэтычныя каштоўнасці, якія вядуць да самаразвіцця і самаўдасканалення кожнага. У выніку атрымаўся цэлы комплекс та кіх каштоўнасцей, а самі каштоўнасці сталі каардынатамі, арыенцірамі, якімі хочацца кіравацца ў жыцці і якіх трэба дасягаць. Выяўленыя ў эсэ У.Караткевіча і Л.Рублеўскай каардынаты такія: шукаць святло ў сабе і ў наваколлі, спазнаваць дваістасць сусвету, ствараць храм у душы, цікавіцца выбітнымі людзьмі і беларускай літаратурай, адраджаць прыгажосць, вучыцца шчыраму каханню, быць дзейсным, цікаўным і вынаходлівым, ведаць карані свайго роду і народныя традыцыі, усім сэрцам любіць Беларусь, захоўваць і паляпшаць прыроднае асяроддзе…
Вучні стварылі два праграмныя прадукты: стыкерпак “Быў. Ёсць. Буду…”, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння У.Караткевіча, і праграмны прадукт “Эсэ У.Караткевіча і Л.Рублеўскай”, размешчаны на платформе LearningApps.org.
— Кожны год мае дарагія ліцэісты адкрываюць і спасцігаюць таямніцы лінгвістыкі і літаратуразнаўства, — зазначыла Алена Канстанцінаўна Пекач. — Дзякуючы зацікаўленасці, неймавернай працаздольнасці, адказнасці ў нас усё атрымліваецца. Я пераканана, што і ў дарослым жыцці яны (толькі стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітых навучэнцаў і студэнтаў з 2012 па 2021 год — 22) застануцца такімі ж дапытлівымі, энергічнымі, крэатыўнымі, зацікаўленымі, працавітымі і адказнымі.
У секцыі “Фізіка” за даклад “Мультыраторны лятальны апарат з шырокім спектрам магчымасцей” дыпломам І ступені быў узнагароджаны навучэнец 11 класа Ліцэя БДУ Аляксандр Міхалевіч.
Загадчык кафедры фізікі і астраноміі Ліцэя БДУ Леанід Рыгоравіч Марковіч расказаў, што яго вучань праявіў здольнасці да навукова-даследчай работы ў 10 класе, практычна з самага пачатку вучобы ў ліцэі. Тады ў верасні ў ліцэі адкрылася сучасная інжынерная лабараторыя, у якой Саша адразу ж “прапісаўся”. Ён з задавальненнем заставаўся там пасля ўрокаў, майстраваў машыны, дроны, нашпігаваныя электронікай для вырашэння розных прыкладных задач.
— Такая актыўнасць не засталася незаўважанай — на ліцэйскай навукова-практычнай канферэнцыі ў 2019 годзе Аляксандр заваяваў дыплом і атрымаў пуцёўку на рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю, — расказаў Л.Р.Марковіч. — Згодна з задумай юнага інжынера-канструктара, яго “вартавы дрон” быў абавязаны сачыць за ўзнікненнем пажараў у лясных масівах, а пры іх выяўленні і ідэнтыфікацыі — пакідаць метку і даводзіць разлікі МНС. Журы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі высока ацаніла праект нашага навучэнца і прысудзіла яму дыплом І ступені.
У 11 класе Аляксандр працягнуў распрацоўку сваёй лятальнай “разведвальнай станцыі”, павялічыў магутнасць рухавіка, час аўтаномнага палёту, удасканаліў “мазгі” дрона для надзейнасці пры ідэнтыфікацыі адкрытага агню.
— Усё гэта дапамагло сёлета паўтарыць поспех на рэспубліканскай навукова-даследчай канферэнцыі і зноў заваяваць дыплом І ступені, — дадаў Л.Р.Марковіч. — Добрае веданне англійскай мовы дапамагло юнаму даследчыку трапіць яшчэ і ў каманду Беларусі на рэспубліканскай канферэнцыі юных вучоных. І няхай пакуль узяць дыплом там не атрымалася, цярпенне і творчыя здольнасці абавязкова яшчэ прынясуць у будучыні плён. Работа над праектам прывіла Сашы такія важныя даследчыцкія якасці, як цікаўнасць, працаздольнасць, паслядоўнасць, дакладнасць і сабранасць. Саша карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод аднакласнікаў і ліцэістаў. Ужо зараз можна з упэўненасцю сказаць, што неўзабаве ў ВНУ яго актыўнасць працягнецца і ўпэўнена прывядзе да паспяховай абароны дысертацыі па выбранай тэме.
Прадстаўнік аргкамітэта рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) намеснік дэкана ФПМІ БДУ Барыс Валянцінавіч Задворны падкрэсліў, што вопыт даследчай дзейнасці і ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях вельмі каштоўныя. Відавочна, што пераможцы змаглі падрыхтаваць унікальныя, моцныя работы і змаглі іх годна прэзентаваць. У будучыні гэта дапаможа ім працягваць даследчую дзейнасць, абараняць вынікі сваёй работы, вучыцца і працаваць паспяхова. Важна навучыцца знаходзіць актуальную тэму, паказваць моцныя бакі, актуальнасць і навізну сваёй работы, правільна складаць тэзісы. Гэтыя задачы не з простых, але юным разумнікам і разумніцам яны па сілах.
Таццяна ШЫМКО.