Глыбіня пазнання вызначаецца дыялагічнасцю адукацыйнага працэсу

- 9:30"Настаўніцкай газеце" — 75

Мікалай Іванавіч ЗАПРУДСКІ — прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт. Аўтар больш за 150 навуковых і метадычных работ. Галоўны рэдактар навукова-метадычнага часопіса “Фізіка”, ініцыятар і кіраўнік унікальнага летняга лагера для настаўнікаў, кіраўнік секцыі фізікі Беларускага педагагічнага таварыства, навуковы кансультант інавацыйных праектаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі (“Актыўная ацэнка”, “Мультыпрофільнае навучанне”, “Перавернутае навучанне” і інш.), пастаянны аўтар “Настаўніцкай газеты”.

 Мне прыемна віншаваць супрацоўнікаў газеты, яе чытачоў са слаўным юбілеем. Тут некалькі прычын.

Па-першае, з дзяцінства памятаю гэтае выданне ў нашым доме. Мае бацькі працавалі ў школе, маці — настаўніцай пачатковых класаў, бацька — дырэктарам. Мне было цікава браць прыклад з таты, які, калі прыходзіла пошта, перш-наперш чытаў “Настаўніцкую газету”. І я чытаў, праўда, спачатку не ўсё разумеючы. Хатнія “педсаветы” (дарослыя часта абмяркоўвалі школьныя справы), чытанне матэрыялаў з газеты пагружалі мяне і майго брата ў адукацыйную праблематыку. Нам станавілася цікава. І мы сталі настаўнікамі: ён — фізкультуры, а я — фізікі.

Па-другое, “Настаўніцкая” — мая настольная газета. Для маёй прафесійнай дзейнасці выкладчыка рэдакцыя прапануе шмат карысных матэрыялаў. Асабліва цікавыя публікацыі пра змест і вопыт укаранення ў школах адукацыйных інавацый. З мноства замежных кніг і артыкулаў можна даведацца, якія тэндэнцыі ў дыдактыцы зараз найбольш актуальныя. Мы бачым, што гэта праектнае, дыстанцыйнае, кааператыўнае, перавернутае навучанне, актыўная ацэнка, развіццё ў вучняў крытычнага мыслення, крэатыўнасці і інш.

Калі чытаю публікацыі ў нашай газеце, то бачу, што многія нашы ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ўводзяць гэтыя ж інавацыі ў адукацыйны працэс, знаходзяцца, як зараз кажуць, у трэндзе, адгукаюцца на выклікі часу. Дзякуючы газеце, я знаёмлюся з адпаведным вопытам і прапагандую яго кіраўнікам устаноў адукацыі падчас іх навучання ў АПА. Калі ведаеш, што адбываецца ў школах, трымаеш руку на пульсе, а слухачы курсаў павышэння кваліфікацыі ўспрымаюць цябе як дасведчанага чалавека, пра якога не скажуць “з Месяца зваліўся”. 

Газета шмат разоў была інфармацыйным партнёрам інавацыйных праектаў, да якіх я меў або зараз маю непасрэднае дачыненне. На старонках асвятляліся ход і вынікі ажыццяўлення інавацыйнага праекта па мультыпрофільным навучанні. Цешу сябе думкай, што інфармацыя пра гэты праект паспрыяла таму, што сярод вызначаных Міністэрствам адукацыі мадэляў профільнага навучання ёсць другі варыянт другой мадэлі, які найбольш набліжаны да нашай з Г.І.Дабрынеўскай мультыпрофільнай мадэлі. 

Дзякуй і за асвятленне ходу рэалізацыі ў нашых школах і гімназіях інавацый па медыяадукацыі, па перавернутым навучанні; дыстанцыйнага курса па актыўнай ацэнцы, які ўжо восем разоў ладзіла Таварыства беларускай школы. Лічу, што асабліва карыснымі былі матэрыялы настаўнікаў-ментараў гэтага дыстанцыйнага курса, калі па выніках кожнага з модуляў рэдакцыя друкавала дыялогі паміж настаўнікамі, якія вучацца, і настаўнікамі, якія вучаць. Вядома ж, глыбіня пазнання наўпрост вызначаецца дыялагічнасцю адукацыйнага працэсу. 

Калегі-журналісты, колькі імёнаў настаўнікаў-лідараў я адкрыў для сябе, дзякуючы вашым публікацыям! Зараз не толькі ведаю, але і ўзаемадзейнічаю з Мікалаем Жуковічам, Уладзімірам Зылевічам, Таццянай Катчанка, Святланай Мелехавец, Алай Лазіцкай, Алай Пазняковай, Таццянай Фадзінай, Інай Шымко і многімі іншымі. Ёсць уражанне, што вы маеце “педагагічны слых” і праяўляеце ўменне знаходзіць сапраўдных зорак, якія задаюць трэнды ў развіцці адукацыі. Публікацыі настаўнікаў — лідараў у інавацыях, журналісцкія нататкі пра іх ствараюць у маёй свядомасці адчуванне аптымізму і радасці ад таго, што ў беларускай школы ёсць будучыня. 

Як супрацоўніку АПА мне даспадобы, што наша ўстанова і газета маюць шчыльныя партнёрскія сувязі: выданне асвятляе і фінал конкурсу “Настаўнік года”, які праводзіцца ў акадэміі, і летнік-курсы настаўнікаў на базе Альхоўскай школы, і Калядны фестываль, і розныя міжнародныя праекты.

Вельмі добра, што “Настаўніцкая газета” асаблівую ўвагу ўдзяляе інавацыям у адукацыі. Уявіце сабе, што ўсе школы будуць працаваць выключна па ўстаноўленых нормах, якія, як правіла, дэ-юрэ вызначаюць тое, што ўжо існуе дэ-факта. Але ж жыццё мяняецца, дзеці становяцца іншымі, з’яўляюцца новыя тэхналогіі і сродкі навучання, а мы на гэта не рэагуем, бо нарматывы зафіксавалі іншае. Таму гонар і хвала тым, хто ўводзіць інавацыі ў адукацыйны працэс, якія працуюць на павышэнне прафесіяналізму педагогаў і якасці адукацыі вучняў.

Шмат карысных матэрыялаў прапануе сайт газеты. Вельмі зручная навігацыя дазваляе хутка знайсці патрэбны матэрыял. 

Мне як пастаяннаму чытачу газеты хацелася б, каб на яе старонках і на сайце больш увагі ўдзялялася практыцы дыстанцыйнага навучання, праектавання і правядзення вучэбных заняткаў. Было б карысна адкрыць рубрыку “Урок”, паколькі, па-першае, у адукацыйным працэсе школы галоўнае — гэта ўрок (так павінна быць!), а па-другое, большая частка работнікаў сферы адукацыі — гэта настаўнікі, для якіх урок — асноўная частка іх прафесійнай дзейнасці. 

Паважаныя калегі-журналісты, вялікіх Вам творчых поспехаў! 

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.