“Мяне з “Настаўніцкай” ужо не разліць вадою”

- 14:48"Настаўніцкай газеце" — 75

Чытаю…
Натхняюся…
Размаўляю…
Маёй любімай газеце рэпартаж-эсэ прысвячаю.

Я трымаю ў руках святочны нумар “Настаўніцкай газеты” ад 19 снежня 2020 года, а ў ім для нас, чытачоў, падарунак — газета — рэпрынтная копія № 2 ад 27 снежня 1945 года. Хваляванне-радасць перапаўняе душу, проста маўчаць не магу і ў газетнай прасторы для маіх думак дазволу прашу.

Як самы дарагі ўспамін

Усё самае добрае і светлае, з чым сустракаецца чалавек на сваім шляху, з гадамі не забываецца. Раз-пораз па­мяць высвечвае і першую пяцёрку ад строгага настаўніка, і сустрэчу-прызнанне ў каханні, і пацалунак — самы салодкі на свеце. А для мяне — гэта яшчэ і газета, якая, нібыта крынічка, у якой вадзіца — празрыстая, чыстая, наталяе душу і запрашае да новай сустрэчы. Ужо каторы раз пра гэта гавару, а ўсё таму, што ні дня без газеты пражыць не магу.

Першай была валожынская раённая газета “Працоўная слава”, дзе змяшчаліся і матэрыялы старшай піянерважатай Узбалацкай васьмігодкі Ганны Арцюкевіч. Жыццё ў школе было настолькі насычаным і цікавым, што пра ўсё хацелася напісаць. Ужо тады мне моцна пашанцавала на людзей, якія мяне акружалі, у каго я вучылася і каму па-добраму зайздросціла. Напэўна, калі б не Галіна Васільеўна Кароль — сапраўдны педагог, чулы чалавек, выдатны дырэктар, то з мяне і не атрымаўся б настаўнік. Мая гордасць — рэдактар Сямён Уладзіміравіч Ломаць, побач з якім жывіла душу гаючымі струменьчыкамі сапраўднага журналісцкага таленту. Асаблівыя словы ­ўдзячнасці за школу прафесійнага майстэрства хочацца сказаць Аляксандру Аляксандравічу Хазяніну, які не ­адзін дзясятак гадоў рэдагаваў “Маладзечанскую газету”, Уладзіміру Валянцінавічу Дубовіку — тады загадчыку аддзела сельскай гаспадаркі ў рэдакцыі, а ў хуткім часе дэкану факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. А вось, здаецца, Наталля Штэйнер перабірае невялікі стос бялюткіх канверцікаў, ад якіх так і вее раённымі навінамі, што даслалі няштатныя аўтары газеты. Заўсёды ўражвала і ўражвае смеласцю вобразнага мыслення, дакладным, напружаным паэтычным радком Валянціна Гіруць-Русакевіч.

Менавіта з “раёнкі” пачаўся мой шлях і да цябе, “Настаўніцкая газета”. І шчасце для мяне ў тым, што столькі гадоў са сваёй вернай сяброўкай іду па жыцці, а сёння з нагоды юбілею слова трымаю і ўсіх чытачоў газеты ў Краіну Таленту запрашаю. Няхай гэты рэпартаж-эсэ прыйдзецца даспадобы ўсім журналістам нашага прафесійнага выдання.

Не злічыць мар-жаданняў

Ведаеш, “Настаўніцкая”, а ў мяне столькі цудадзейных мар! І хто ведае, можа, з нагоды твайго юбілею і напярэдадні Новага года яны здзейсняцца?! Як жа хочацца зазірнуць у вочы галоўнага рэдактара Вадзіма Аляксандравіча Кнышава і зразумець, у чым жа сакрэт аўтарытэту яго як кіраўніка, а значыць, і ўсяго нашага прафесійнага выдання. Сустрэцца і пагутарыць з адказным сакратаром рэдакцыі, каб даведацца сакрэты такой нялёгкай, але вельмі-вельмі цікавай справы. Не злічыць мар-жаданняў. А ўсё-такі добра, што яны ёсць. А яшчэ абавязкова хочацца сказаць шчыры дзякуй усяму калектыву “Настаўніцкай газеты” — сапраўдным творцам у журналісцкім свеце. За працу. За талент. І проста за тое, што можна ў любы час патэлефанаваць у рэдакцыю, каб на іншым канцы провада пачуць прыгожую, спеўную, сакавітую беларускую мову.

Хіба гэта не моманты шчасця?! Хіба гэта не гонар, што вось ужо семдзесят пяць гадоў “Настаўніцкая газета” захоўвае вернасць роднаму слову. Адзінае рэспубліканскае выданне для настаўнікаў і пра настаўнікаў. Магчыма, прагучыць пафасна, але з дзяцінства я патрыётка сваёй Радзімы і заўзятая прыхільніца газетнага жыцця. Лёс распарадзіўся так: рускую мову люблю, а родную да грудзей прытульваю. Адчуць смак беларускага слова дапамагаеш ты, шаноўная “Настаўніцкая газета”. Вось чаму сёння з нагоды свята разам з белабародым Дзедам Марозам-штукаром і прыгажуняй Снягуркай усміхнуцца табе хачу.

Усміхнёмся таленту

Шаноўныя журналісты! Вы прывыклі ствараць настрой усім чытачам і прыносіць ра­дасць абсалютна ва ўсе ўстановы адукацыі. А сёння адпачніце. Сёння ВАША свята, сёння ўсе ВЫ — галоўныя віноўнікі ўрачыстасці. Бачыце, як шматлікая настаўніцкая сям’я радуецца вашым поспехам?

Хто ж яны, сапраўдныя творцы “Настаўніцкай” у журналісцкім свеце? Іх шмат, і ўсе яны розныя, але ўсе прыгожыя душой, шчодрыя сэрцам, а галоўнае — таленавітыя. Усміхнёмся таленту!

Шмат гадоў газету ўзначальвае Вадзім Кнышаў. Не пазайздросціш той напружанасці ў працы, якую штодня зазнаюць намеснікі рэдакцыі — Вераніка Клютчэня, Уладзімір Фалалееў, Вольга Дубоўская, Ігар Грэчка, Наталля Кастэнка.

Заўсёды трымаюць руку на пульсе часу і шчыруюць Святлана Нікіфарава, Настасся Хрышчановіч, Вольга Антоненкава, Галіна Сідаровіч, Ірына Івашка. Напэўна, для вас, як і для мяне, “Настаўніцкая” была, ёсць і будзе як глыток свежага паветра.

Разгарнуўшы свежы нумар газеты, я перш-наперш шукаю і вашы прозвішчы, дарагія Наталля Калядзіч, Надзея Церахава, Таццяна Шымко. Так, безумоўна, могуць сказаць многія настаўнікі, хто хоць аднойчы прыгарнуўся-прытуліўся да вашых радкоў.

Дзякуй вам, Ала Клюйко, за сакавітую, спеўную родную мову, якая, нібы ручаёк, бурліць са старонак выдання.

Зайздроснай здольнасцю ўлоўліваць дыханне школы валодаюць Марына Хідджаз, Наталля Сахно, Дар’я Рэва. Вы заўсёды на крок апярэджваеце чытача, каб заставацца для яго цікавымі.

Даўно сачу за творчасцю Сяргея Грышкевіча, Таццяны Пруднікавай, Ірыны Асташкевіч, Ірыны Анікевіч, Ганны Аўхімовіч і не перастаю ёй захапляцца. Дзякуй вам за радасць і хвіліны натхнення!

Пералічваць можна доўга. Стваральнікаў газеты шмат. Шчаслівага лёсу хачу ўсім пажадаць.

Вучымся ў цябе, газета

Хтосьці запярэчыць, а я ўжо даўно прыйшла да высновы: развіваць творчыя здольнасці дзяцей і вучыць чуйна адносіцца да слова трэба менавіта на матэрыялах-шэдэўрах. Разгарніце любы нумар “Настаўніцкай газеты” — і вы абавязкова знойдзеце артыкул ці замалёўку, верш ці рэпартаж, якія так шыкоўна ўпішуцца ў план урока ці стануць галоўнай іскрынкай пазакласнага мерапрыемства.

Вельмі часта думкі-разважанні вучняў кладуцца на паперу і становяцца “ўдзельнікамі” артыкулаў, рэпартажаў, эсэ. А потым, калі прыносіш на ўрок той нумар “Настаўніцкай газеты”, дзе надрукаваны матэрыялы пра нашу гімназію, то дзеці радуюцца. Так, пры вывучэнні паэмы “Мцыры” Міхаіла Юр’евіча Лермантава я пазнаёміла вучняў 7 “В” і 7 “Г” класаў з артыкулам “У думках… з Лермантавым”. Прыемна была здзіўлена тым, як доўга дзеці перачытвалі яго і бясконца паўтаралі: “Гэта ж трэба на цэлай старонцы гутарку весці… ды яшчэ з Лермантавым?!”

А потым яшчэ доўга адно аднаму “шчабяталі” пра тых вучняў, якія трымалі слова на старонках газеты. І ўсё пальчыкам паказвалі ўнізе, хто напісаў матэрыял… Здорава! Дзякуй, газета! Дзякуй за радасць.

Інфармацыйныя гадзіны ў нашай гімназіі праходзяць у адзіны дзень інфармавання — у панядзелак. І ў гэтай важнай справе памочнік і дарадчык — зноў газета. Радуе тое, што і навучэнцы актыўна ўдзельнічаюць у абмеркаванні таго ці іншага пытання. Многіх дзяцей бачу ў школьнай бібліятэцы і радуюся, з якой цікавасцю гартаюць старонкі газет і часопісаў. Не адзін раз даводзілася пачуць: “Скажыце, а пра нас у якой газеце напісалі?”

Успамінаю свой даўні выпуск 2005 года, а разам з ім літаратурна-творчы клуб “Крынічка”. Творчасць забяспечвае высокае напружанне і засяроджанасць, яднанне ўсіх духоўных сіл чалавека — думак, эмоцый, фантазіі, волі. Столькі задум-знаходак на рахунку аматараў роднага слова! І самыя цікавыя падказала ты, шаноўная газета.

Адзін з напрамкаў дзейнасці клуба — “Са звычайнага вучня — у юнага карэспандэнта”. Спачатку былі гутаркі пад рубрыкай “Тайны газетнага радка”, а затым гарталі твае старонкі, “Настаўніцкая”, і вучыліся ў цябе майстэрству пісаць. Шліфаваць слова, прызнаваліся дзяўчынкі і хлопчыкі, — цяжка. Аднак кожнаму хацелася пабыць у ролі карэктара, рэдактара-стыліста, галоўнага рэдактара. А потым прыйшлі першыя радасці: школьная газета “Нам-нам” друкавала нататкі, рэпартажы, вершы маіх вучняў. Дзеці спрабавалі свае сілы ў напісанні невялікіх апавяданняў, замалёвак і нават эсэ. А нядаўна, пахвалюся, у гімназію завітаў наш выпускнік Раман Арцёмаў са сваімі лірычнымі мініяцюрамі. Гэта ж трэба: цэлы сшытак! Вельмі прыемна!

Ужо тады я перака­налася, што такая пазакласная дзейнасць праз выкарыстанне медыйных жанраў перш за ўсё скіравана на творчасць, а значыць, у дзіцячых сэрцах заўсёды будзе гарэць агеньчык нат­хнення, незалежна ад таго, якой справай мае вучні будуць займацца ў жыцці.

Асобна хачу сказаць пра факультатыўныя заняткі. Перад вывучэннем той ці іншай тэмы спачатку раблю кароценькі агляд газет і часопісаў. І на самым пачэсным месцы ты, мая любімая, непаўторная “Настаўніцкая”. Дзецям падабаецца рубрыка “Самае цікавае ў СМІ”, і часта яны самі знахо­дзяць цікавыя матэрыялы. Праўда, хачу сказаць, што вучняў спачатку трэба навучыць, як чытаць і што чытаць. Калі гэтага не зрабіць, то яны прыйдуць на заняткі толькі з усялякімі навінамі-здарэннямі.

А гэтым разам агляд “Настаўніцкай газеты” я пачала са святочнага нумара ад 19 снежня 2020 года і падарунка да яе — рэпрынтнай копіі № 2 ад 27 снежня 1945 года. Трэба было бачыць здзіўленне ў дзіцячых вачах! Кожнаму хацелася пакратаць старонкі мінулага. Увагу дзяцей прыцягнулі такія нататкі, як “Канікулы ў школах”, “Навагоднія ёлкі”. Самыя цікаўныя адразу заўважылі, што канікулы ў той далёкі 45-ты год былі карацейшыя: з 30 снежня па 10 студзеня. Запомнілі дзеці і прозвішча першага рэдактара — Аляксея Крушынскага.

А старшакласнікам спадабаўся артыкул “Ушынскі аб роднай мове”.

Напрыканцы заняткаў вучні адрасавалі віншаванні ўсім супрацоўнікам “Настаўніцкай газеты” з нагоды 75-гадовага юбілею. На мой погляд, даволі вобразнымі атрымаліся пажаданні.

Караліна Калядка:

— Журналісты “Настаўніцкай газеты” нібы чараўнікі ў кожным радочку. Пішуць проста. Усё зразумела. Са святам!

Элін Сідарэнка:

— Я хачу быць настаўніцай, як мая мама, таму газету чытаю разам з ёй. Няхай здзейсніцца мая мара ў будучыні, а газета няхай радуе сваіх чытачоў у 2021 годзе цікавымі матэрыяламі.

Аляксандра Сабалеўская:

— Я люблю вершы. Наша Ганна Антонаўна заўсёды знаёміць з творчасцю настаўнікаў краіны. Добра было б, каб літаратурная старонка выходзіла кожны месяц!

Раман Шаўцоў:

— З юбілеем, газета! Казачнай зімы! Няхай у новым годзе ўсе жаданні здзейсняцца!

З юбілеем, сябры!

Вось так, шаноўная “Настаўніцкая газета”, свой 75-гадовы юбілей ты сустракаеш не толькі ў акружэнні педагогаў, кіраўнікоў сістэмы адукацыі, вядомых навукоўцаў, прадстаўнікоў шматлікіх грамадскіх арганізацый, цікавых аўтараў, удзячных чытачоў. Сёння вучні — іскрынкі майго шчасця— сталі іскрынкамі і твайго шчасця.

Семдзесят пяць! Семдзесят пяць!

З юбілеем, сябры! Так трымаць!

Пазітыву, святла і дабра!

                Заўсёды шпаркага пяра!

               Дажыць усім здаровымі

              Да юбілею стагадовага.

              А каму і праз пяцьдзясят

Новы юбілей сустракаць.

Хай будзе голас звонкім,

А сэрца — вечна маладое!

Мяне з “Настаўніцкай”

Ужо не разліць вадою!

Ганна ПЕРВАЯ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Дзяржынска Мінскай вобласці.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.