Годныя перамогі юных хімікаў

- 11:01Адукацыйная прастора

У заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі прынялі ўдзел 38 вучняў 11 класаў з 7 рэгіёнаў. Асобнай камандай у складзе 5 чалавек выступала каманда Ліцэя БДУ. Па выніках алімпіяды 45 працэнтаў удзельнікаў узнагароджаны дыпломамі: трыма дыпломамі І ступені, пяццю дыпломамі ІІ ступені, дзевяццю дыпломамі ІІІ ступені.

Мацвей Навасёлаў (абсалютны пераможца) і яго настаўніца А.В.Каляда.

Як расказала кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэр­ства адукацыі Аляксандра Аляксандраўна Аляксеева, спаборніцтвы прайшлі на базе Мінскага гарадскога аздараўленча-адукацыйнага цэнтра “Лідар” і хімічнага факультэта БДУ. Падчас алімпіяды былі выкананы ўсе санітарна-супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы: каманды ў­дзельнікаў былі максімальна адасобленыя, падчас выканання заданняў вучні сядзелі праз парту адно ад аднаго ў шахматным парадку (не больш за 6 чалавек у аўдыторыі). Па жаданні дзеці надзявалі маскі. Для выканання практычнага тура на хімічным факультэце БДУ было задзейнічана больш лабараторый, чым звычайна.

У гэтым навучальным годзе алімпіяда праходзіць па абноўленых правілах. Тыражаванне алімпіядных заданняў ажыццяўлялася ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў. Дастаўлялі заданні да месцаў правядзення спаборніцтваў прадстаўнікі фельд’егерскай службы. Пасля кожнага алімпіяднага тура рабілася сканіраванне выкананых вучнямі заданняў і перадача іх у РІКВ.

Максімальная колькасць балаў, якую можна было атрымаць на алімпіядз­е, — 200: 30 — за тэст, 110 — за рашэнне задач, 60 балаў — за практыку. Абсалютным пераможцам, які набраў на алімпіядзе найбольшую колькасць балаў (178,87), стаў Мацвей Навасёлаў, навучэнец гімназіі № 10 Маладзечна. Максімальна магчымую колькасць балаў (60) за выкананне практычнага тура набраў Міхаіл Шрубок з гімназіі № 12 Мінска і атрымаў прыз міністра адукацыі. Паміж удзельнікамі алімпіяды разгарнулася напружаная барацьба. Напрыклад, розніца ў балах паміж дыпломам ІІ і ІІІ ступені складала шэсць сотых бала.

“Алімпіядныя заданні сёлета, як заўсёды, былі вельмі складаныя, выхо­дзілі далёка за рамкі школьнай праграмы. Былі прадстаўлены наступныя напрамкі: арганічная і фізічная хімія, біяхімія, радыяцыйная хімія, структурная хімія, кінетыка цвёрдафазных рэакцый і інш. Школьнікі справіліся вельмі добра, — адзначыў старшыня журы, кандыдат хімічных навук, дацэнт кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі хімічнага факультэта БДУ Віктар Мікалаевіч Хвалюк. — Першы алімпіядны тур — тэарэтычны — уключаў 20 тэставых пытанняў па ўсіх раздзелах хіміі, на якія трэба было адказаць за 45 мінут, і 5 задач, разлічаных на 4 гадзіны 15 мінут. Другі тур — практычны — праходзіў на працягу 4,5 гадзіны ў лабараторыях хімфака БДУ. У гэтым годзе вучням падчас практыкі была прапанавана арыгінальная задача. Звычайна арганічныя рэчывы атрымліваюць шляхам кіпячэння, а вучні павінны былі зрабіць гэта шляхам расцірання трох кампанентаў (бензальдэгіду, ацэтавоцатнага эфіру, мачавіны) і каталізатара (п-талуолсульфакіслаты). У выніку гэтага неабходна было сінтэзаваць 3,4-дыгідрапірымідзін-2(1Н)-он па рэакцыі Біджынэлі і ачысціць атрыманы прадукт метадам перакрышталізацыі. Нагадаем, што дыгідрапірымідзіноны з’яўляюцца шырока запатрабаванымі прадуктамі ў фармацэўтычнай прамысловасці пры вытворчасці лекаў — блакатараў кальцыевых каналаў, супрацьгіпертанічных прэпаратаў.

Міжнародная хімічная алімпіяда ў гэтым годзе павінна была прайсці ў Стамбуле (Турцыя), але з-за неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі ад вочнага этапу арганізатары адмовіліся. Абмяркоўваецца магчымасць правядзення дыстанцыйнай алімпіяды. Беларуская каманда рыхтуецца да міжнародных спаборніцтваў”.

З Мацвеем Навасёлавым, абсалютным пераможцам алімпіяды з гімназіі № 10 Маладзечна, займаліся дзве настаўніцы — Марыя Уладзіміраўна Садоўская і Аксана Віктараўна Каляда. Юнак прызнаўся, што ў 7 класе хімія яму не вельмі добра давалася і, каб палепшыць адзнаку, ён наведваў дадатковыя заняткі. Аднак матэматычнае мысленне Мацвея і ўпартая праца прынеслі станоўчыя вынікі. Ужо ў 8 класе яму прапанавалі займацца хіміяй на павышаным узроўні, удзельнічаць у алімпіядах. У 10 класе ён заваяваў дыплом
ІІІ ступені на заключным этапе алімпіяды па хіміі. Як расказала настаўніца Аксана Віктараўна Каляда, летась яшчэ адзін яе таленавіты вучань — Іван Мамчыц — стаў пераможцам Міжнароднай хімічнай алімпіяды. Іван і Мацвей сябруюць, яны заў­сёды падтрымлівалі адзін аднаго. Юнакі перамагалі на спаборніцтвах, таму што не стаялі на месцы, пастаянна развіваліся. Сёлета, дарэчы, на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды рыхтаваліся выступаць вучні Аксаны Віктараўны, якія займаюцца ў 9—10 класах. Такая пераемнасць і ўзаемападтрымка паміж дзецьмі, па меркаванні настаўніцы, вельмі важныя. Мацвей Навасёлаў плануе працягнуць навучанне на хімічным факультэце БДУ, магчыма, выбера спецыяльнасць, звязаную з фармацэўтыкай. Ваня Мамчыц, які цяпер вучыцца ў медыцынскім універсітэце на фармацэўта-правізара, і Мацвей часам жартуюць, што адзін з іх будзе ствараць лекі, а другі — вывучаць уздзеянне лекаў на арганізм чалавека.

Пераможцы заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі

Дыплом І ступені атрымалі: Мац­вей Навасёлаў, гімназія № 10 Мала­дзечна (настаўніца А.В.Каляда); Ягор Васілеўскі і Мацвей Кіслюк, Ліцэй БДУ (настаўнікі Вадзім і Віталь Матулісы).

Дыплом ІІ ступені атрымалі: Андрэй Крысанаў, гімназія № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава (настаўнік Р.В.Шкленік); Максім Стручысты і Настасся Шаляпіна, Ліцэй БДУ (настаўнікі Вадзім і Віталь Матулісы); Андрэй Куніцкі, Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй (настаўніца С.Г.Мельнікава); Карына Кузьміч, сярэдняя школа № 8 Ліды (настаўніца В.А.Грынцэвіч).

Дыплом ІІІ ступені атрымалі: Ва­дзім Папкоў, Гомельскі дзяржаўны абласны ліцэй (настаўнік С.М.Сергіенка); Піліп Жаваронак, гімназія № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага, уладальнік прыза старшыні Мінгарвыканкама за лепшае выступленне сярод мінчан (настаўніца М.Ю.Жагала); Дзмітрый Макуценя, гімназія № 3 Бабруйска (настаўніца Т.М.Васілеўская); Юлія Тулуп, гімназія № 39 Мінска (настаўніца Н.Ф.Прыгароўская); Дар’я Рылко, Ліцэй БДУ (настаўнікі Вадзім і Віталь Матулісы); Ірына Хахлова і Алена Барсукова, Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 1 (настаўніца А.М.Лось); Ілья Курыловіч, Вілейская гімназія № 1 “Логас” (настаўніца М.Д.Шаблыка); Даніэла Яноўская, гімназія № 4 Мінска (настаўніца Ж.І.Белаш).

Надзея ЦЕРАХАВА.