З першага верасня пачаў работу адзіны інтэрнэт-партал фінансавай граматнасці насельніцтва краіны. Стварэнне гэтага рэсурсу было анансавана супрацоўнікамі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь яшчэ ў мінулым годзе. І вось зараз любы жадаючы можа знайсці ўсю неабходную інфармацыю, звязаную з фінансамі, як кажуць, з дапамогай аднаго “кліка”.
Як паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнага банка, партал быў распрацаваны ў адпаведнасці з Планам сумесных дзеянняў органаў дзяржаўнага кіравання і ўдзельнікаў фінансавага рынку па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2013-2018 гады, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2013 года. Мэта яго стварэння і функцыянавання — павышэнне ўзроўню ведаў грамадзян Рэспублікі Беларусь аб фінансавых прадуктах і іх правільным выкарыстанні, а таксама папулярызацыя ідэі фінансавай граматнасці сярод насельніцтва, дзяржаўных і прыватных арганізацый.
Варта адзначыць, што ўдзельнікамі праекта па стварэнні і функцыянаванні гэтага партала выступае шэраг ведамстваў — ад Нацыянальнага банка і Міністэрства фінансаў да Міністэрства адукацыі і Нацыянальнай акадэміі навук. Акрамя таго, задзейнічаны і пэўныя прыватныя структуры. Такім чынам, партал абяцае рознабаковую, аб’ектыўную і правераную інфармацыю ў сферы фінансаў.
— Канцэпцыя работы інтэрнэт-партала прадугледжвае, што пастаўшчыкамі інфармацыі на гэты рэсурс стануць усе зацікаўленыя ўдзельнікі фінансавага рынку, — адзначаюць у Нацыяльным банку краіны. — Рэгулярна будзе абнаўляцца раздзел навін. Напрыклад, размяшчацца інфармацыя аб правядзенні мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці школьнікаў. Плануецца пастаяннае папаўненне рэсурсу новымі цікавымі матэрыяламі, размяшчэнне актуальнай інфармацыі.
Ужо зараз па адрасе http://www.fingramota.by размешчана самая розная інфармацыя ў сферы фінансавых паслуг. Тут можна даведацца, як правільна выбраць крэдыт, навучыцца кіраваць асабістымі фінансамі, пазнаёміцца з відамі страхавання, вывучыць падатковае заканадаўства. Акрамя таго, спецыяльны раздзел расказвае пра гісторыю грошай — з гэтага можна пачаць знаёмства малодшых школьнікаў з фінансамі.
Да таго ж на партале размешчаны кнігі, артыкулы, брашуры, відэаматэрыялы па фінансавай граматнасці, таксама прадстаўлены вынікі сацыялагічных апытанняў і даследаванняў па ацэнцы ступені доступу да фінансаў у Беларусі.
Адметна, што змешчаная на партале інфармацыя можа быць карысная людзям самых розных узростаў. Так, тут ёсць неабходная для дарослых інфармацыя па заканадаўстве ў сферы фінансаў, такія інструменты, як калькулятар крэдытаў ці ўкладаў. А для наведвальнікаў-дзяцей ёсць магчымасць загрузіць цікавыя гульні па тэматыцы фінансавай граматнасці. Ужо зараз даступны да скачвання гульні “Ведай свае грошы”, “Фінансавы футбол”.
Алена МАРКЕВІЧ.