Гульня са смерцю

- 14:53Сацыяльны ракурс

Экстрэмальныя забавы: прага новых адчуванняў ці шлях да самагубства?

Сёння дзеля эфектнага сэлфі і жадання даказаць свету сваю крутасць многія маладыя людзі гатовы рызыкаваць здароўем і жыццём. Але за рызыкай і азартам часта стаіць дзіцячая залежнасць, глыбока ўкаранёнае пачуццё непаўнацэннасці і той ідэалізаваны вобраз, які мае чалавек пра самога сябе.

Грамадства шануе небяспечныя і рызыкоўныя ўчынкі, бо яны надаюць цікавасць жыццю, спрыяюць праяўленню інтэнсіўных эмоцый, а таксама стымулююць даследаванне невядомага і пазнанне ўсяго новага”, — пісаў псіхолаг Норман Файбероу, які лічыцца заснавальнікам у галіне вывучэння прычын самагубст­ва. У прыватнасці, ён вылучыў і апісаў такое паняцце, як “непрамое самаразбурэнне”, пры якім чалавек не ўсведамляе наступст­ваў сваіх паводзін або дзеянняў. Да іх адносяць і неапраўданую схільнасць да рызыкі, і няспынны азарт. Практыка паказала, што такія формы паво­дзін мо­гуць прывесці да смерці чалавека. Вывучыўшы прычыны паводзін, якія прыводзяць да самаразбурэння, навуковец прыйшоў да высновы, што ў шматлікіх выпадках грамадства спрыяе гэтаму: многія віды рызыкоўных дзеянняў лічацца сацыяльна прымальнымі, ім фактычна не аказваецца процідзеяння.

Пазней амерыканскі псіхолаг Эдвін Шнейдман вылучыў з ліку асоб, схільных да самагубства, такі тып, як “гульцы са смерцю”. Такія людзі свядома імкнуцца да неапраўданай рызыкі і ствараюць сітуацыі, пры якіх верагоднасць выжывання сумніўная. Важнай прычынай такіх паводзін многія навукоўцы лічаць адсутнасць значных мэт у жыцці.

Іван Паўлаў сцвярджаў, што жыццё перастае прывязваць да сябе, як толькі знікае мэта. Ён лічыў галоўным для чалавека не столькі дасягненне мэты, колькі само імкненне да яе, якое ён называў рэфлексам.

У камп’ютарных гульнях, якія сёння з’яўляюцца важным складнікам забаў, чалавек паглыбляецца ў выдуманы свет віртуальных вобразаў і падзей. Ён пачынае ўспрымаць сваё “Я” як множнае, з магчымасцю неаднаразова пераўвасабляцца, сустракацца са сваімі мінулымі і будучымі ўвасабленнямі і тагасветнымі сутнасцямі. Смерць пачынае ўспрымацца як іншая разнавіднасць жыцця. Паколькі жыццё ў такім свеце не мае канца, адсутнічае і трагедыя індывідуальнасці.

З іншых пазіцый вывучала гэтую праблему амерыканскі псіхолаг Карэн Хорні. Яна прыйшла да высновы, што калі б людзі з дзяцінства жылі ў атмасферы ўпэўненасці ў сабе і навакольным свеце, то яны б квітнелі. Аднак культура, рэлігія, палітыка і іншыя грамадскія сілы пастаянна ствараюць адчуванне трывогі. Ужо з дзяцінства многія людзі разглядаюць свет як варожае для жыцця асяроддзе. У іх фарміруецца асцярога, што яны непаўнацэнныя, калі не адпавядаюць нейкім стандартам, якія ўнушае ім іх акружэнне. Сёння адным з абавязковых стандартаў стала паглыбленне ў віртуальны свет з усімі атрыбутамі куплі тавараў і паслуг, сэлфі і камп’ютарных гульняў.

Выпадак, які адбыўся ў мястэчку Сосны пад Мінскам, калі юнак выканаў жаданне сяброў, пагадзіўшыся на роўпджампінг, і скокнуў з трубы кацельні, — класічны прыклад такога роду самагубства. Гэта адбылося з-за асцярогі не адпавядаць стандартам, якіх ад яго чакала сацыяльна значнае асяроддзе. Такія паводзіны могуць быць вынікам дзіцячай залежнасці, глыбока ўкаранёнага пачуцця непаўнацэннасці ці таго, што псіхолагі называюць ідэалізаваным вобразам, які мае чалавек пра самога сябе. Гэта фактычна самагубства, якое стала вынікам спалучэння ўнутраных характарыстык асобы і фактараў навакольнага асяроддзя. Па вызначэнні псіхолагаў: унутрана ён адчуваў сябе дзіцем, якое павінна выканаць волю дарослага.

На сённяшні дзень налічваюцца ўжо сотні асоб, якія здзяй­снялі падобныя скачкі з высокіх будынкаў, стварыўшы іх арганізатарам прыбытковую справу. Пра тое, якое значэнне маюць вышыня, з якой ска­чуць, і навакольная прастора, ніхто нават не задумваецца. Галоўнае — зручнасць (заплаціў — і скачы) без усялякіх інструкцый і падрыхтовак. Гэтаму спрыяе прага вострых уражанняў, важнай рысай якіх з’яўляецца пачуццё небяспекі, што заглушаецца верай у сваё шанцаванне: “У мяне ўсё будзе добра!”

Камп’ютарныя гульні і масмедыя культывуюць у лю­дзей містычную свядомасць, пры якой няма адрознення паміж натуральным або рэальным і звышнатуральным, тагасветным. Чалавек як мера ўсіх рэчаў і чалавечае жыццё як найважнейшая каштоўнасць страчваюць сваё значэнне. Знікае ўсведамленне супярэчнасцей. Такая свядомасць непранікальная для штодзённага вопыту, які набываецца ў працэсе жыцця. Яна грунтуецца на інтуіцыі, калектыўных уяўленнях і нагадвае “дзіцячую філасофію”.

Як паведамляюць у рэпартажах, арганізатары такіх забаў забяспечваюць 60 метраў вольнага падзення з вышыні, пасля чаго кліента падхоплівае страховачны трос. Аднак пра наступствы так званай кінетычнай траўмы ні­хто не тлумачыць. Справа ў тым, што, калі спрацоўвае страхоўка, бяспека чалавека, які падае з вышыні, залежыць ад адлегласці, якая застаецца да зямлі, і эластычнасці троса, што забяспечвае працягласць і эфектыў­насць тармазнога шляху. Паколькі жывы арганізм на 85% складаецца з вады, то такое цякучае асяроддзе i пасля тармажэння хвалепадобна працягвае рух у органах, аказваючы ціск на цвёрдыя тканкі. Адным з самых уразлівых з’яўляецца галаўны мозг, які мае жэлепадобную кансістэнцыю і да таго ж яшчэ з усіх бакоў акружаны вадкасцю — лікварам. Тармажэнне ў выпадку падзення вядзе да надрыву нервовых валокнаў, магчымы множныя разрывы капіляраў з кропкавымі кровазліццямі, парушэнні кровазвароту ў выніку турбулентных патокаў на фоне павышэння артэрыяльнага ціску. (Дарэчы, аналагічныя траўмы адчуваюць пры экстранным тармажэнні і байкеры.)

Пры бяспечным прызямленні чалавек, як правіла, мае не­прыемныя адчуванні, якія лічыць натуральнымі: яны прыхарошваюцца перажываннем вострых эмоцый. Аднак у наступныя дні самаадчуванне пагаршаецца, з’яўляюцца сімптомы страсення мазгоў — і шукальніку вострых адчуванняў даводзіцца звяртацца да ўрача па дапамогу, старанна хаваючы пры гэтым сапраўдныя прычыны сваёй немачы. Затрачваюцца немалыя сродкі на абследаванне, уключаючы дарагое МРТ, і лекары ламаюць галаву над прычынай такой паталогіі ў маладога чалавека. Наступствы адбіваюцца доўгі час і істотна ўплываюць як на разумовую працаздольнасць і памяць, так і на здольнасць крытычна ацэньваць сітуацыю. Магчымы і траўмы ўнутраных органаў: страўніка, печані, нырак, што з часам аказвае ўплыў на агульнае самаадчуванне.

Гульцы са смерцю свядома імкнуцца да неапраўданай рызыкі і ствараюць сітуацыі, пры якіх верагоднасць выжывання сумніўная. Важнай прычынай такіх паво­дзін многія навукоўцы лічаць адсутнасць значных мэт у жыцці.

Аднак магчымасць зрабіць сэлфі і зафіксаваць незвычайнае відовішча як доказ свайго поспеху і выключнасці для многіх з’яўляецца апраўданнем усіх рызык. У камп’ютарных гульнях, такіх як Steep ці Wingsuitflyer, яны ўжо кіравалі героем, апранутым у вінгсьют (касцюм-крыло), і перажылі столькі адчуванняў ад палёту, што такі скачок у рэальнай абстаноўцы для іх з’яўляецца лагічна неабходным. У камп’ютарных гульнях, якія сёння з’яўляюцца важным складнікам забаў, чалавек паглыбляецца ў выдуманы свет віртуальных вобразаў і па­дзей. Ён пачынае ўспрымаць сваё “Я” як множнае, з магчымасцю неаднаразова пераўвасабляцца, сустракацца са сваімі мінулымі і будучымі ўвасабленнямі і тагасветнымі сутнасцямі. Смерць пачынае ўспрымацца як іншая разнавіднасць жыцця. Паколькі жыццё ў такім свеце не мае канца, адсутнічае і трагедыя індывідуальнасці. Самаліквіда­цыя для часткі геймераў (па даных нашых апытанняў, каля 20% выпадкаў) становіцца прыцягальнай.

Вядомы псіхолаг Карл Густаў Юнг лічыў, што для чалавека ў першабытную эпоху былі характэрны магія, татэмізм і іншыя прымітыўныя вераванні. Сёння пра магію і татэмы мы рэгулярна атрымліваем інфармацыю як у віртуальным свеце, так і на тэлебачанні. Камп’ютарныя гульні і масмедыя культывуюць у людзей містычную свядо­масць, пры якой няма адрознення паміж натуральным або рэальным і звышнатуральным, тагасветным. Чалавек як мера ўсіх рэчаў і чалавечае жыццё як найважнейшая каштоў­насць страчваюць сваё значэнне. Знікае ўсведамленне супярэчнасцей. Такая свядомасць непранікальная для штодзённага вопыту, які набываецца ў працэсе жыцця. Яна грунтуецца на інтуіцыі, калектыўных уяўленнях і нагадвае “дзіцячую філасофію”. Адсут­насць ведаў і асабістай адказнасці ў людзей, якія прадастаў­ляюць небяспечныя забаўляльныя паслугі на фоне паўсюднай рэкламы экстрыму, ствараюць умовы, што падштурхоўваюць на здзяйсненне дзеянняў суіцыдальнага характару. Яны падвяр­гаюць небяспецы жыццё і здароўе сваіх кліентаў. У выніку сотні людзей, скарыстаўшыся такімі паслугамі, па няведанні наносяць велізарны ўрон свайму здароўю.

Кантроль за дзейнасцю, якая правакуе суіцыдальныя паво­дзіны, з’яўляецца прафілактыкай гібелі людзей і часткай сістэмы мер па абароне здароўя насельніцтва. Сумесныя дзеянні псіхолагаў, педагогаў, медыкаў і СМІ, накіраваныя на прафілактыку ў асяроддзі патэнцыяльных самагубцаў, маглі б прынесці вынікі і дапамагчы прадухіліць гібель людзей.

Кіра МЕЗЯНАЯ,
урач-псіхіятр.