Гвалт над дзецьмі: дзе знайсці рэзервы для барацьбы?

- 14:40Сацыяльны ракурс

Праблема гвалту над дзецьмі з’яўляецца не менш сур’ёзнай з’явай, чым распаўсюджванне ці ўжыванне наркатычных сродкаў. І калі з псіхатропамі ў краіне вядзецца жорсткая і прынцыповая барацьба, то факты, калі дзеці становяцца ахвярамі ці сведкамі гвалту, вельмі часта замоўчваюцца. Тым не менш у 2016 годзе ў Беларусі было ўзбуджана 569 крымінальных спраў супраць палавой свабоды і недатыкальнасці непаўналетніх.

Пра тое, як дапамагчы і як насамрэч дапамагаюць дзецям — ахвярам гвалту, расказвае заснавальнік Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Разуменне”, дырэктар па міжнародных сувязях і развіцці, член камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Андрэй Міхайлавіч МАХАНЬКО.

— Андрэй Міхайлавіч, тое, што сёння называюць сямейнай медыяцыяй, вы распрацавалі яшчэ ў 2011 годзе. Але ў вас гэтая з’ява называецца больш глабальна — цэнтр сямейнага правасуддзя. Якія функцыі павінен ажыццяўляць цэнтр і чаму яго развіццё так і засталося на пілотным узроўні?

— Наш пілотны праект па стварэнні цэнтра падтрымкі сямейнага правасуддзя быў распрацаваны яшчэ 6 гадоў назад, але мы ў ім разгледзелі ўсяго толькі дзве справы, два выпадкі. Праект дзейнічаў на працягу трох месяцаў. І гэта быў вельмі цікавы і неабходны для нашай краіны эксперымент як тады, так і зараз. Нашы спецыялісты рабілі ўсё як трэба, гэта значыць, з кожным выпадкам працавала сур’ёзная сямейная міждысцыплінарная каманда. А сёння гэтым займаюцца спецыяльна навучаныя медыятары, як правіла, з ліку юрыстаў.

Уся работа цэнтра сямейнага правасуддзя заснавана на міждысцыплінарным падыходзе. Звернемся, напрыклад, да апытання, калі дзіця становіцца ахвярай злачынства. У такім выпадку з ім працуе міні-дысцыплінарная каманда, у якую ўваходзяць следчы і псіхолаг. Гэта аснова. Да гэтай каманды далучаецца і чалавек, які перадаў інфармацыю з дзіцячай лініі — прыняў інфармацыю наконт насілля (гэта адбываецца ў тым выпадку, калі на гарачую лінію паступіў званок ад самога дзіцяці), а таксама ўрач-псіхатэрапеўт ці клінічны псіхолаг, які праводзіць лячэнне і рэабілітацыю. Усе гэтыя спецыялісты дапамагаюць дзіцяці, а калі яны знаходзяцца пад адным дахам, гэта дае лепшы вынік. Мы падрыхтавалі сістэму, у якой будзе функцыянаваць дзіцячая тэлефонная лінія, пакоі апытання, цэнтр пошуку дзяцей, а таксама цэнтр сямейнага правасуддзя. Але пакуль ёсць пэўныя цяжкасці. Для таго каб паказаць, што Беларусі неабходна свая дружалюбная да дзяцей сістэма ўдзелу ў правасуддзі, мы разам з літоўцамі і амерыканцамі, у якіх багаты вопыт у гэтым кірунку, напісалі кнігу, у якой апісалі ўсе мадэлі, што існуюць у свеце. І наша аб’яднаная мадэль выглядае амаль што самай цікавай. Цяпер, каб усё ажыццявіць на практыцы, неабходна палітычная воля і зладжаная работа прафесіяналаў і тых, хто зацікаўлены ў абароне дзяцей ад гвалту.

— Больш чым два гады назад агульнанацыянальная дзіцячая лінія дапамогі перастала функцыянаваць. Тым не менш менавіта гэты інструмент прамой зваротнай сувязі быў найбольш дзейсным у вырашэнні праблем, звязаных з гвалтам над дзецьмі.

— Тэлефонная лінія перайшла ў падначаленне Міністэрства аховы здароўя. Зараз яе на пастаяннай аснове хочуць далучыць да гарадской гарачай лініі ў дзіцячым псіхіятрычным дыспансеры. Але гэта не выйсце, таму што абслугоўвае гарадская лінія толькі тэрыторыю Мінска. Сёння лінія існуе на сродкі сталічнага бюджэту. Як вынік — дапамогу могуць атрымаць толькі тыя, хто тэлефануе з тэрыторыі Мінска.

На цяперашні момант лінія не працуе. Раней, на першапачатковым этапе, калі агульнанацыянальная дзіцячая лінія дапамогі належала “Разуменню”, нам паступала 2500 тэлефонных званкоў за год. Напрыклад, Літва, у якой колькасць насельніцтва ў чатыры разы меншая, чым у Беларусі, прымала на сваю лінію 7,5—8 тысяч званкоў за аналагічны перыяд. А гэта значыць, што ў Беларусі, у якой колькасць насельніцтва 9,5 мільёна, магло б у перспектыве паступаць у 4 разы больш тэлефанаванняў. На пачатковым этапе 2,5 тысячы званкоў — гэта нармальная лічба. Нам не хапала рэкламы. Два гады назад, калі аддавалі лінію ў падначаленне адпаведным структурам аховы здароўя, мы думалі, што пачнём узаемадзейнічаць. Планавалася, што супрацоўнікам лініі дапамогі, якая адносіцца да дзяржаўнай структуры, будзе выплачвацца зарплата з бюджэту, а “Разуменне” будзе займацца ўсім астатнім: рэкламай, падрыхтоўкай спецыялістаў, якіх хацелі размясціць усіх разам, каб работа была больш зладжанай. Але, на жаль, не атрымалася.

Чаму гэтым ніхто не хоча займацца? Варта менш гаварыць і абяцаць, трэба браць і рабіць. І займацца гэтым павінны неабыякавыя людзі.

— Якія праблемы часцей за ўсё падштурхоўвалі тэлефанаваць на лінію даверу? І, згодна са статыстыкай, у якім узросце дзецям часцей за ўсё неабходна псіхалагічная падтрымка і дапамога?

— Нам тэлефанавалі дзеці пачынаючы са школьнага ўзросту, з сярэдняй школы. Самымі цяжкімі ў станаўленні дзіцяці з’яўляюцца перадпубертатны, пубертатны перыяды. Тады, калі дзеці пачынаюць адчуваць сябе незалежнай ад бацькоў асобай, калі назіраецца праяўленне падлеткавай эмансіпацыі. Увогуле, менавіта ў гэты час узнікае найбольшая колькасць канфліктаў. І самай маштабнай па сваім праяўленні з’яўляецца праблема ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей. Нядзіўна, што самы вялікі працэнт тэлефонных зваротаў — а гэта 24 працэнты званкоў — тычыўся менавіта дзіцяча-бацькоўскіх узаемаадносін. Акрамя гэтага, дастатковая колькасць зваротаў была і па тэме суіцыду. Безумоўна, калі дзеці тэлефануюць і пачынаюць гаварыць пра суіцыд, яны хочуць прадэманстраваць гатоўнасць да таго, каб пайсці з жыцця. Такім чынам, дзіця хоча звярнуць увагу на сябе, свае нявырашаныя праблемы. Парасуіцыд можа перарасці ў суіцыд, калі дзіцяці не будзе аказана своечасовая і кваліфікаваная дапамога. У нас у сярэднім было сем “гарачых” тэлефанаванняў у год, калі дзеці звярталіся па дапамогу, трымаючы ў руках жменю таблетак або стоячы на краі даху шматпавярховага дома. Здаралася і так, што аператар размаўляў з дзіцем на працягу больш чым чатырох гадзін. Вы толькі ўявіце, што рабілася ў галаве падлетка, які стаіць на даху на мяжы з жыццём і спрабуе прыняць правільнае рашэнне. Менавіта для таго, каб дапамагчы пазбегнуць такіх імпульсіўных учынкаў, працаваць з дзецьмі павінны прафесіяналы. Калі тэлефонная лінія працавала, дзеці давяралі нам, тэлефанавалі. А пасля, на жаль, пачаліся збоі. Пасля таго як тэлефон даверу “пераехаў”, яго развіццё, дзейнасць замарозіліся.

Увогуле, у Беларусі неабходна правесці карэнную рэформу па абароне дзяцей. Праблема дзяцінства — выхаванне, адукацыя, пытанні ўзаемадзеяння дзіцяці і сям’і — размеркавана па некалькіх структурах. Было б ідэальна звесці ўсе гэтыя дзіцячыя функцыі ў адно ведамства, стварыць кампактны дзяржаўны камітэт, які займаўся б выключна пытаннямі сям’і і дзяцей. Калісьці такая прапанова ўжо была вынесена на абмеркаванне, але справа да канца даведзена не была.

Калі парушаюцца правы дзіцяці, мы можам дайсці да любога ўзроўню вырашэння пытання, галоўнае, каб гэта было правільна пабудавана.

— Падчас штогадовага даклада Дзяржаўнага дэпартамента ЗША аб захаванні правоў чалавека ў 2016 годзе ў раздзеле аб дасягненнях Беларусі ў справе абароны дзяцей ад гвалту была адзначана дзейнасць вашай арганізацыі. У прыватнасці, заслужыла высокай ацэнкі ініцыятыва “Разумення”, па якой у краіне пачалі дзейнічаць дружалюбныя да дзяцей пакоі апытання. Што змянілася ў структуры абароны дзяцей ад гвалту з адкрыццём такіх пакояў? Як на заканадаўчым узроўні замацавана такая ініцыятыва?

— У параграфе па гвалце над дзецьмі ў дакладзе Дзярждэпартамента ЗША па захаванні правоў чалавека ў Беларусі адзначаны нацыянальны план дзеянняў, згодна з якім дзеці — удзельнікі крымінальнага працэсу апытваюцца з дапамогай псіхолага і інструментаў аўдыя- і відэасувязі. Дарэчы, менавіта па ініцыятыве “Разумення” ў краіне быў прыняты закон, згодна з якім дзіця, якое стала ахвярай або сведкай гвалту, павінна апытвацца ў спецыяльна абсталяваным дружалюбным да дзяцей пакоі апытання. Гэта ізаляваны пакой, які абсталяваны відэакамерай і адчувальным мікрафонам. Падчас правядзення апытання ў ім знаходзяцца толькі дзіця і псіхолаг. Астатнія ўдзельнікі працэсу назіраюць за ўсім у іншым пакоі, дзе ўсталяваны манітор. Пры гэтым яны могуць задаць сваё пытанне дзіцяці праз псіхолага, з якім усталявана сувязь. Такім чынам, дзіця пазбягае непрыемных для яго зносін з вялікай колькасцю незнаёмых і чужых людзей. У комплексе з пакоем для апытання праводзяцца і неабходныя судовыя экспертызы.

Апытанне павінна праводзіцца псіхолагам-інтэрв’юерам пад кантролем следчага. Суды прымаюць відэазапіс апытання ў якасці доказу, а гэта дае дзіцяці права не быць заслуханым у працэсе судовага пасяджэння, што, зразумела, дазваляе пацярпеўшаму быць абароненым ад паўторнай псіхалагічнай траўмы. Згадзіцеся, гэта вельмі правільна. Дзіця і так вельмі доўга і балюча перажывае ўвесь негатыў, які адбыўся з ім.

— Для таго каб граматна арганізаваць работу з дзіцем, якое стала ахвярай ці сведкай гвалту, вы арганізоўваеце трэнінгі па правядзенні апытанняў, дружалюбных да дзяцей. Раскажыце, калі ласка, у чым іх сутнасць.

— Перыядычна, як мінімум раз у паўгода, у нас праводзяцца трэнінгі, на якіх псіхолагаў і следчых вучаць правільна арганізоўваць інтэрв’ю дзяцей — ахвяр гвалту. 5 студзеня 2016 года ў нас змянілася крымінальна-працэсуальнае заканадаўства. З’явіўся артыкул 422-1 (частка 3), у якім напісана, што аўдыя- і відэаканферэнц-сувязь падчас правядзення следчых дзеянняў павінна прымяняцца ў адносінах да непаўналетніх. Гэта значыць, што легалізацыя пакояў апытання праведзена паводле заканадаўства, а не падзаконных актаў, як было раней.

Трэнінгі праводзяцца для таго, каб навучыць новых спецыялістаў, пачаткоўцаў, якія будуць потым садзейнічаць якаснай і бесперапыннай рабоце дружалюбных пакояў апытання.

Што тычыцца навучання, то яго праводзіць бліскучы псіхолаг, судовы эксперт, начальнік аддзела псіхолага-фізіялагічных даследаванняў галоўнага ўпраўлення судова-псіхіятрычных экспертыз цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Людміла Мун на аснове плана ўзаемадзеяння “Разумення” і Дзяржкамітэта. Сексуальныя злачынствы ў адносінах да дзяцей часта не суправаджаюцца цялеснымі пашкоджаннямі, здзяйсняюцца без сведкаў. У дзіцяці ў адносінах да дарослых застаюцца ў якасці доказу толькі словы, таму менавіта нашы апытанні дзяцей дапамагаюць атрымліваць поўную інфармацыю наконт злачынства. Дарэчы, падчас трэнінгаў, якія адбыліся напрыканцы сакавіка, нашы трэнеры пазнаёмілі спецыялістаў-пачаткоўцаў не толькі з асновамі дружалюбнага апытання дзяцей, але і з алгарытмам 10-крокавага пратакола апытання дзіцяці Томаса Лаяна.

Сёння, каб павысіць узровень эфектыўнасці работы, я рыхтую тэхнічнае дапаўненне да 5—6 аб’яднанага перыядычнага даклада Беларусі Камітэту ААН па правах дзіцяці па артыкулах 12 і 19, якія накіраваны на забеспячэнне права дзіцяці выказваць сваё меркаванне і быць пачутым і абарону дзіцяці ад насілля адпаведна. У гэтым дапаўненні будуць адлюстраваны ролі ўсіх ведамстваў, якія ў розных пытаннях адказныя за дзяцей.

Так, артыкул 12 напрамую тычыцца дзіцячай лініі. Мы павінны падняць гэтую тэму яшчэ раз і давесці да ладу сістэму дапамогі дзецям, якія сталі ахвярамі ці сведкамі гвалту. Увогуле, будзем гаварыць пра сучаснасць і сучасных дзяцей, якім неабходна дапамога. Сёння на дзяцей вялікі ўплыў аказвае вулічная культура. Нас не цікавяць падлеткавыя форумы, на якіх сядзяць дзеці ў ідэальна адпрасаваных кашулях з гальштукамі. Гэта не сучасныя дзеці — сучасныя дзеці іншыя. І патрэбы ў іх таксама іншыя. Сёння кожнае дзіця сядзіць у інтэрнэце, у прыватнасці ў папулярнай сетцы “УКантакце”. І менавіта інтэрнэт-кантэнт з’яўляецца інструментам, пры дапамозе якога можна наладзіць зваротную сувязь з падлеткамі, а таксама спытаць, чаго яны хочуць. Але яны нічога не адкажуць, таму што самі не ведаюць, што ім трэба. Дарослыя павінны прапанаваць варыянты. Але такія варыянты, якія будуць цікавымі, паўтаруся, для сучасных дзяцей. Прапануйце турпаход, палатачны лагер, квест у горадзе, дзе дзецям будзе цікава і падчас правядзення якога задавальненне атрымаюць і дарослыя таксама. Карацей кажучы, дарослыя павінны рабіць усё для таго, каб дзеці пачалі ім давяраць і не трымалі накоплены боль у сабе. Давер — галоўны інструмент, пры дапамозе якога будуецца адказнасць дзяцей і канчаткова — шчаслівае дзяцінства і асэнсаванае дарослае жыццё.

— Большасць бацькоў, педагогаў і псіхолагаў баяцца абмяркоўваць тэму сексуальнага гвалту больш, чым сама ахвяра. Узнікае ўражанне, што і хатні гвалт, і педафілія — тэмы, на якія накладзена табу. Тым не менш у 2015 годзе ў Беларусі былі ўзбуджаны 524 крымінальныя справы за ўчынкі супраць палавой свабоды і недатыкальнасці, а ў 2016 годзе іх колькасць дасягнула 569. Чаму грамадства заплюшчвае вочы на рэальныя праблемы? Дзе знайсці рэзервы для барацьбы?

— Не, не заплюшчвае. Мы бачым відавочны рост не саміх злачынстваў, а іх выкрыцця! І гэтага не трэба палохацца. Усе краіны ішлі да гэтага 25—30 гадоў, яшчэ з сярэ-дзіны 80-х, а мы пачалі толькі ў 2009 годзе. Ёсць яшчэ і пэўныя недарэчнасці. У нас часта гавораць пра так званы хатні гвалт над дзецьмі. Калі мы возьмем статыстыку МУС, то толькі 5% дзяцей сталі ахвярамі палавых злачынстваў у межах сям’і. Так, несумненна, 80% гвалтаўнікоў — знаёмыя дзецям людзі. Але некаторыя памылкова лічаць, што прырода гэтых з’яў — хатняга гвалту і педафіліі — аднолькавая і носіць гендарны характар. Але гэта не так. Прырода гвалту над дзецьмі ляжыць у сапраўднай педафіліі — сур’ёзным адхіленні ад нормы сексуальнага жадання, або ў палавой разбэшчанасці, якая часцей за ўсё назіраецца на фоне ўжывання алкаголю ці наркатычных сродкаў, у прыватнасці, спайсаў, якія сталі ў апошні перыяд папулярным і даступным псіхатропам. Дэкрэт № 6, які быў прыняты больш чым два гады назад, істотна змяніў сітуацыю, але я лічу, што аднымі антынаркатычнымі кампаніямі праблему не вырашыць.

У свеце ў адносінах да гэтай з’явы адбыліся некаторыя змяненні. Напрыклад, з 2013 года з аўтарытэтнага амерыканскага класіфікатара псіхічных захворванняў DSM-5 з раздзела, дзе змяшчаюцца адхіленні ад нормы палавой арыентацыі, выключаны ўсе “філіі”, у тым ліку і педафілія. Атрымліваецца, што сёння гэта варыянт сексуальнага жадання, які не з’яўляецца палавой ненармальнасцю да таго часу, пакуль не супярэчыць закону, і тады ён разглядаецца з юрыдычнага боку як злачынства. Але мы ўсе разумеем, што гэта больш шырокая праблема. Шкада, што, каб засцерагчы дзяцей ад яе, мы ўсе прыкладаем недастаткова намаганняў. Паўтараю, ад зін геніяльны чалавек ці каманда бліскучых прафесіяналаў могуць даць прыклад нават для ўсяго свету, як гэта робім мы ў “Разуменні”, але гэтага недастаткова. На ўстойлівасць пазітыўных змен павінна працаваць дзяржава, будавацца сістэма на ўсіх узроўнях. І ў ёй мусяць працаваць не выпадковыя людзі, а заўзятыя барацьбіты, якім не ўсё роўна і якія змогуць засцерагчы дзяцей ад гвалту.

Гутарыла Наталля ДУБІК.