Гвалт у адносінах да “сваіх” дзяцей: хвароба, якую немагчыма кантраляваць?

- 15:23Сацыяльны ракурс

Сёлета ў Магілёўскім судзе разглядалася рэзанансная справа, звязаная з прыёмнай сям’ёй са Мсціслава, куды на выхаванне былі ўзяты хлопчык і дзяўчынка. На працягу чатырох гадоў дзеці падвяргаліся гвалту з боку прыёмнага бацькі і яго роднага сына. Усе акалічнасці злачынства сталі вядомы толькі нядаўна, калі на той момант яшчэ 13-гадовая дзяўчынка звярнулася па дапамогу ў медыцынскую ўстанову, дзе стала вядома, што яна цяжарная. Пасля нараджэння дзіцяці экспертыза пацвердзіла, што родным бацькам нованароджанага з’яўляецца прыёмны бацька дзяўчынкі. Згодна з рашэннем суда, бацьку прыгаварылі да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а яго сын атрымаў 19 гадоў турмы.

На жаль, гэта не адзінае гучнае злачынства супраць палавой свабоды і недатыкальнасці непаўналетніх у прыёмных сем’ях.

У Горацкім раёне бацька на працягу 5 гадоў падвяргаў сексуальнаму гвалту прыёмную дачку. Усё пачалося тады, калі малой было 7 гадоў. А калі дзяўчынцы споўнілася 13, мужчына пачаў размяшчаць у інтэрнэце відэаролікі, а таксама фота дачкі для таго, каб знайсці трэцяга партнёра. Сёння мужчына адбывае пакаранне — за кратамі ён правядзе 20 гадоў.

Аналізуючы такія выпадкі, хочацца атрымаць адказ на два самыя галоўныя пытанні. Па-першае, калі ў сем’ях, дзе выхоўваюцца прыёмныя дзеці, здараецца такое, значыць, не ўсё так “чыста” ў псіхалагічнай частцы працэдуры ўсынаўлення? У прыватнасці, цікавіць аб’ектыўнасць тэсціравання, якое праходзяць будучыя прыёмныя бацькі. Не менш цікавым з’яўляецца і пытанне, чаму ў абодвух выпадках маці прыёмных дзяцей нічога не заўважалі? Ці, можа, наўмысна маўчалі, баючыся разбурыць “ідэальную” сям’ю?

Для таго каб пачуць меркаванне спецыялістаў, даць ацэнку сямейным адносінам паміж бацькамі і прыёмнымі дзецьмі, а таксама паспрабаваць разабрацца, чаму ўвогуле такія выпадкі здараюцца, мы звярнуліся з пытаннямі да доктара псіхалагічных навук, прафесара кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка, крызіснага псіхолага Леаніда Абрамавіча ПЕРГАМЕНШЧЫКА і аспіранта Інстытута псіхалогіі Юрыя ВАРАНОВІЧА, які займаецца вывучэннем і даследаваннем пытанняў гвалту над дзецьмі.
У 2016 годзе ў Беларусі было ўзбуджана 569 крымінальных спраў супраць палавой свабоды і недатыкальнасці непаўналетніх. У 2015 годзе іх было менш — 500. Але гэта толькі 20% ад рэальнай статыстыкі. Астатнія 80% выпадкаў застаюцца нявыяўленымі.

Псіхалагічныя тэсты даюць фіктыўныя вынікі?

Як расказаў Юрый Варановіч, сексуальнае насілле ў адносінах да дзяцей можа мець шмат прычын і фактараў. “Патрэбна разумець адну метадалагічную ўстаноўку, — тлумачыць Юрый Валер’евіч. — Паводзіны, звязаныя з прымяненнем насілля, могуць быць звязаны з дзвюма групамі фактараў. Неспецыфічныя — гэта тыя фактары, якія могуць адказваць за проціпраўныя паводзіны ўвогуле. Зараз маецца на ўвазе не толькі насілле, але і іншыя проціпраўныя акты. Акрамя гэтага, ёсць спецыфічныя прычыны, якія правакуюць менавіта насілле сексуальнага характару. Такія прычыны вельмі часта звязаны з траўматычным вопытам чалавека, калі ён сам у дзяцінстве быў ахвярай насілля. Увогуле, сексуальны гвалт нярэдка звязаны з псіхапатычнымі расстройствамі асобы. Але мы павінны разумець наступнае. Клінічны педафіл, якому па медыцынскіх і псіхіятрычных крытэрыях можна паставіць дыягназ “педафілія”, не ўчыніць сексуальных дзеянняў у адносінах да дзіцяці, калі не будзе знаходзіцца пад уздзеяннем неспецыфічных фактараў. Такім фактарам можа быць, напрыклад, паніжаны ўзровень інтэлекту, калі чалавек не здольны прадбачыць наступствы і характар сваіх дзеянняў. Яшчэ часцей гаворка ідзе проста пра асобу, у якой не сфарміраваны такія якасці, як сацыяльная адказнасць і самакантроль. Менавіта па гэтай прычыне не кожны клінічны педафіл адважыцца на гвалт ў дачыненні да дзіцяці. Большая частка гэтых людзей з’яўляюцца сацыяльна адаптаванымі і добрымі людзьмі. Яны пакутуюць ад сваёй хваробы, але ў той жа час кантралююць яе. Таму адным з цэнтральных пытанняў з’яўляецца наступнае: як у дарослым чалавеку выявіць схільнаць да такіх проціпраўных паводзін? У гэтым выпадку мы павінны звяртаць увагу яшчэ і на тое, наколькі гэты чалавек адаптаваны на маральным, культурным, сацыяльным узроўні. Часцей за ўсё справа папросту ў тым, што ў чалавеку жывуць неспецыфічныя фактары. Некаторых людзей такія фактары падштурхоўваюць да забойства ці крадзяжоў, а іншых — да насілля. Таму пытанне, на мой погляд, заключаецца ў тым, наколькі чалавек як асоба можа сябе кантраляваць, наколькі глыбока ён увабраў у сябе і прыняў агульначалавечыя каштоўнасці і прынцыпы, якія паводзіны і ў якіх сітуацыях сталі для яго звычкай. Як лічаць псіхіятры, папуляцыя педафілаў ва ўсіх краінах была і ёсць прыблізна аднолькавая па колькасці, але ў розным культурным асяроддзі яна праяўляе сябе таксама па-рознаму.

На мой погляд, падчас псіхалагічнага адбору кандыдатаў у прыёмныя бацькі трэба таксама праводзіць вельмі падрабязны і скрупулёзны аналіз характарыстык на будучых маму і тату з боку розных людзей. Усе сабраныя характарыстыкі павінны быць дасканала прааналізаваны на прадмет разыходжанняў у паказаннях, а самі разыходжанні павінны быць вывучаны псіхолагамі. Самі па сабе псіхалагічныя тэсты нярэдка даюць вынікі, далёкія ад рэальных паводзін чалавека ў канкрэтнай сітуацыі. Толькі багатыя звесткі аб назіранні за адным і тым жа чалавекам з боку розных людзей у розныя перыяды часу і ў розных сітуацыях могуць наблізіць нас да больш-менш добрага разумення таго, ці можна гэтаму канкрэтнаму чалавеку даверыць гадаванне дзіцяці”.

Чаму бацькамі становяцца людзі з адхіленнямі?

“Я знаёмы і з інструментарыем, і з людзьмі, якія праводзяць псіхалагічнае кансультаванне тых, хто хоча стаць прыёмнымі бацькамі, — расказвае прафесар Леанід Абрамавіч Пергаменшчык. — Калі людзей з адхіленнямі можна выявіць, то выпадковыя сітуацыйныя здарэнні не так лёгка спрагназаваць. Але гэта не сведчыць аб тым, што псіхолагі знімаюць з сябе адказнасць за падобныя выпадкі.

Што тычыцца гвалту ў дчыненні да дзяцей, тут усё залежыць ад таго, якія эмацыянальныя адносіны пануюць у сям’і. Калі разглядаць выпадак, які адбыўся ў Мсціславе, то ў гэтай сям’і маглі быць дастаткова жорсткія адносіны: бацька галоўны, а значыць, будзеш рабіць тое, што ён скажа.

Такім чынам, у чым наша недапрацоўка — псіхолагаў і дзяржавы? Я бачу дзве прычыны. У нас сексуальнае выхаванне перайшло са школы ў інтэрнэт і тэлебачанне, і менавіта яны выхоўваюць дзяцей. Акрамя гэтага, у нас знізіўся бар’ер разумення такіх паняццяў, як добра і дрэнна. Калі раней гвалт жорстка асуджаўся, то зараз многія лічаць, што ахвяра сама вінавата, што над ёй здзяйсняюцца дзеянні сексуальнага характару. Ахвяра баіцца пра гэта камусьці сказаць. Чаму? Таму што гэта другасная траўма — прызнацца ў гвалце.

Калі ўзяць сіроцтва і сем’і-ўсынавіцелі, да апошняга часу гэта была закрытая суполка. Сем’і, калі ўсынаўлялі дзіця, нікому не расказвалі, што ў іх растуць не свае дзеці. Зараз многае мяняецца. І гэта правільна. Таму што сямейныя адносіны павінны будавацца на даверы.

У мяне ў практыцы быў выпадак, калі 16-гадовы хлопчык на працягу двух гадоў ужываў спайсы і маці з бацькам нічога зрабіць не маглі. Як аказалася, хлопчык быў няродным сынам, але бацькі не гаварылі, што ўсынавілі яго. Тым не менш атрымалася так, што хлопчык ужо ведаў, што з’яўляецца прыёмным дзіцем. На гэтай глебе ўзнікла дадатковае непаразуменне і недавер у сям’і. І менавіта такім чынам — ужываннем спайсаў — юнак выказваў пратэст, злосць на тое, што праўду сказалі не блізкія людзі, а знаёмыя”.

Як адзначыў прафесар, псіхалагічнае тэсціраванне ў працэдуры ўсынаўлення адкідвае большую частку тых, хто хацеў бы стаць прыёмнымі бацькамі. Застаецца частка, якая можа ўсынавіць дзіця.

“Псіхалагічнае тэсціраванне — гэта прагноз паводзін на аснове асобасных характарыстык, — тлумачыць Леанід Абрамавіч. — І цікава, як чалавек з такімі характарыстыкамі будзе сябе паводзіць. Неабавязкова, што калі будучы бацька, згодна з тэсціраваннем, мае нізкі ўзровень агрэсіі, то ён так і будзе сябе паводзіць. Насамрэч яго паводзіны будуць цалкам падпарадкоўвацца сітуацыі. Менавіта па гэтай прычыне ва ўсім свеце існуе такое паняцце, як псіхалагічнае суправаджэнне. У сем’ях, якія знаходзяцца ў групах рызыкі, павінен быць свой дамашні псіхолаг. Чалавек, які часта будзе прыходзіць у сям’ю і да якога можна будзе звярнуцца па дапамогу, які будзе ведаць, што адбываецца ў доме пэўных людзей. Сёння ў Інстытуце псіхалогіі функцыянуе цэнтр псіхалагічнай дапамогі замяшчальным сем’ям, і ў нас з сем’ямі даверныя адносіны. Калі звяртаюцца па дапамогу незнаёмыя людзі, мы павінны зразумець, што адбываецца ўнутры сям’і, таму што проста так, візуальна, нічога не бачна. Давайце зноў звернемся да апошняга выпадку, які стаў падмуркам да нашай размовы. Проста зайсці ў сям’ю і зразумець, што тут дзяцей падвяргаюць сексуальнаму гвалту, не атрымаецца. І выпадковым людзям, якія прыходзілі ў гэты дом, таксама гэтага не было бачна.

Тым не менш у дзяцей, якія сталі ахвярамі гвалту, падарваны базавы давер да свету, таму яны могуць паводзіць сябе агрэсіўна, яны баяцца эмацыянальнага кантакту, але, з іншага боку, якраз і маюць патрэбу ў эмацыянальным кантакце. І менавіта гэтая павышаная патрэба і адсутнасць мяжы паміж эмацыянальным і сексуальным кантактам не заўсёды могуць усведамляцца як гвалт, як нешта няправільнае. Дарэчы, рэакцыі дзяцей на сексуальны гвалт не заўсёды агрэсіўныя. Здараецца так, што актыўнае і бойкае дзіця становіцца замкнёным, яно ўсяго баіцца і адчувае сябе бездапаможным. Менавіта на гэта і неабходна звярнуць увагу і разабрацца ў прычынах. Прычым рабіць гэта трэба і бацькам, і настаўнікам.

Безумоўна, самым ідэальным варыянтам з’яўляецца адсутнасць гвалту ў сем’ях. Але такое немагчыма, на жаль. Мы можам толькі своечасова выявіць такія страшныя факты. І, для таго каб так адбывалася, у кожнай сям’і павінен быць свой псіхолаг. Трэба, каб было так: сёння сям’я атрымала на выхаванне дзіця, а заўтра да іх ужо прыйшоў псіхолаг”.

Уся адказнасць — на псіхолагах і настаўніках. А таксама бацьках

“Дзіця, якое стала ахвярай насілля, не зможа, калі вырасце, будаваць нармальныя міжасобасныя, сямейныя адносіны і, магчыма, увогуле не зможа і не захоча давяраць людзям, — працягвае дзяліцца вопытам Леанід Пергаменшчык. — Складанасць у тым, што, калі чалавек становіцца аб’ектам гвалту, ён не ажыццяўляе кантроль над сваім жыццём. Як вынік, ахвяра пачынае думаць, што ім павінны распараджацца.

Безумоўна, вылечыць ад траўмы дзіця можна, але такое лячэнне павінна быць сур’ёзным і вельмі доўгім. Важна, каб дзіця было адкрытым і хацела працаваць. Не менш важны інструмент — наяўнасць добрага псіхолага. На жаль, не кожнаму псіхолагу можна даверыць работу ў такім кірунку.

Калі мы бяром сацыяльных сірот да паступлення іх у новую сям’ю, то яны з самага пачатку баяцца новых адносін, яны баяцца быць пакінутымі і нікому не патрэбнымі. А значыць, іх псіхалагічны стан ужо нездаровы.

Але ці здольны мы вярнуць дзіця ў той псіхалагічны стан, у якім яно знаходзілася да моманту насілля? На жаль, гэта немагчыма. Важна гаварыць пра тое, наколькі мы можам згладзіць актуальныя і адтэрмінаваныя наступствы насілля. Такім чынам, у першыя моманты пасля гвалту дзіцяці патрэбна аказаць хуткую псіхалагічную дапамогу. Дзіця, як правіла, знаходзіцца ў хранічным псіхаэмацыянальным напружанні, прыходзіць да псіхолага з сімптомамі агрэсіі, а таксама з абвостраным пачуццём віны, страху, сораму. У дадатак да гэтага зніжаецца паспяховасць у вучобе.

І ведаеце, у чым адрозненне дзіцяці-сіраты ад дзіцяці з умоўна добранадзейнай сям’і? Тое дзіця, якое ўсынавілі, будзе баяцца абвінавачваць дарослага ў нечым, не кажучы ўжо пра сексуальны гвалт. Таму што страшней быць пакінутым яшчэ раз. А калі яно і раскажа пра тое, што з ім адбылося, яму могуць не паверыць. На жаль, такое здараецца. Маці можа не верыць нават роднай дачцэ, якая, напрыклад, пачне абвінавачваць айчыма ў тым, што ён праяўляе да яе сексуальную цікавасць”.

Як заўважылі псіхолагі, яшчэ адным важным момантам у рабоце з дзецьмі, якія падвергліся гвалту, з’яўляецца работа над аддаленымі наступствамі. Траўматычны вопыт пазбаўляе дзіця нармальнага сексуальнага развіцця. У яго фарміруюцца паталагічныя асацыятыўныя сувязі як адказ на ўсё тое, што звязана з мінулым. Акрамя гэтага, павышаецца рызыка дэпрэсіі і суіцыдальных паводзін у будучыні.

“У крызіснай псіхалогіі звяртаюць увагу на блізкае акружэнне ахвяры насілля: ці ёсць нехта, хто здольны пабудаваць з дзіцем правільныя, даверныя эмацыянальныя адносіны, — тлумачыць прафесар Пергаменшчык. — Выдатным варыянтам з’яўляецца сітуацыя, калі эмацыянальныя адносіны ў сям’і роўныя. І вельмі добра, калі ёсць той, каму дзіця давярае ўсе свае перажыванні. Псіхолагу важна працаваць праз таго чалавека, які выклікае давер у ахвяры.

Калі гаварыць пра маму, то вельмі цяжка паверыць у тое, што яна не ведала, што здзяйсняецца насілле. Яна ведала, але нейкім чынам апраўдвала дзеянні мужа і сына. Хутчэй за ўсё, баялася згубіць родных людзей, таму і замоўчвала тое, аб чым маўчаць нельга. І ўзнікае пытанне: хто з пазіцыі маці вінаваты? Дзяўчынка, якая стала ахвярай? Безумоўна, яна не вінавата. Але гэта разумеем толькі мы. Пераканаць прыёмную маму будзе немагчыма. Што тычыцца дзяўчынкі, добра, калі ў яе адразу з’явіўся псіхолаг, а калі яго няма? Гэтае дзіця засталося сам-насам са сваімі праблемамі і перажываннямі. Забыць такія выпадкі вельмі цяжка.

Асноўнай прыметай, што чалавек пазбавіўся псіхалагічнай траўмы пасля насілля, з’яўляецца тое, што ён можа гаварыць пра гэта як пра даўно забыты момант біяграфіі”.

Статыстыка прыводзіць несуцяшальныя даныя. Часта ахвярамі насілля з’яўляюцца і дзеці з біялагічных сем’яў. Менавіта па гэтай прычыне, як лічаць крызісныя псіхолагі, настаўнікі павінны звяртаць увагу на навучэнцаў, у якіх усё адлюстроўваецца ў паводзінах.

“Часта траўма можа наступіць тады, калі факт гвалту ўжо вядомы, — дзеліцца назіраннямі Юрый Варановіч. — Да моманту, пакуль усё замоўчвалася, гвалт не падаваўся няправільным. Вельмі важна, за кім і як назіраць. І настаўнікі павінны гэта ведаць.

У выпадку, калі гвалт адбыўся ў дачыненні да дашкольніка, гэта вельмі лёгка выявіць у змесце яго гульні. У паводзінах маленькіх дзяцей назіраецца больш спецыфічных прымет таго, што ў адносінах да іх здзяйсняецца насілле. З дашкольнікамі ў выпадку наяўнасці падазрэнняў можна разыграць сітуацыю ў сімвалічнай форме пры дапамозе гульні. Дзіця можа вылажыць шмат асноў для таго, каб перайсці да наступнага кроку — аказання псіхалагічнай дапамогі.

Малодшы школьны ці старэйшы школьны ўзрост больш складаны, і дзеці прадэманструюць неспецыфічныя прыметы, якія могуць сігналізаваць не толькі пра факты насілля, але і пра іншыя праблемы. Задача педагогаў — своечасова звяртаць увагу на змяненні ў паводзінах сваіх навучэнцаў і прыглядацца да сям’і. Нельга пакідаць дзіця сам-насам з бядой, як і нельга пакідаць разам з такімі бацькамі”.

* * *

Усынаўленне дзіцяці — працэс доўгі і складаны. І нягледзячы на ўсю скрупулёзнасць гэтай працэдуры, памылкі, на жаль, здараюцца. Хаця ва ўсынаўленні, як і ў выхаванні родных дзяцей, памылкі недапушчальны. Дзеці — гэта адлюстраванне нас саміх, таму, як кажуць, што пасееш, тое і пажнеш. Тым не менш многім падабаецца не бачыць праблемы, таму што гэта вельмі зручна. І калі з чужымі людзьмі ўсё зразумела, то ў абодвух выпадках пазіцыю маці — нічога не заўважаць — прыняць вельмі цяжка. Няважна, якое дзіця расце ў сям’і — сваё ці прыёмнае. Усыноўленыя дзеці таксама маюць права і павінны быць шчаслівымі. Менавіта для гэтага іх і аддаюць на выхаванне ў сем’і.

Наталля САХНО.