Хімічнае прыцяжэнне

Кабінет хіміі на чацвёртым паверсе Гродзенскай гарадской гімназіі — гэта не проста вучэбная адзінка навучальнай установы, а сапраўднае месца прыцяжэння юных аматараў хіміі.

Настаўнік хіміі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Гродзенскай гарадской гімназіі Віталь Тадэвушавіч Стаціна не першы год рыхтуе вучняў да ўдзелу ў алімпіядах па хіміі. У гэтым годзе яго выхаванцы на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды заваявалі тры дыпломы.

Яшчэ школьнікам Віталь і сам удзельнічаў у алімпіядах. Дзевяць гадоў ён вучыўся ў Міхалішкаўскай школе Астравецкага раёна, а пасля стаў навучэнцам хіміка-біялагічнага класа ліцэя ў Гродне. Дарэчы, з 15 чалавек з раёна, якія спрабавалі тады свае сілы, толькі пяць сталі ліцэістамі.


— Першыя дні і месяцы былі вельмі цяжкімі, але на маім шляху заўсёды сустракаліся настаўнікі-асобы, якія вучылі жыццю і, як зараз разумею, прафесіі, — успамінае Віталь Тадэвушавіч. — Цікавасць да новага, якога ў ліцэі хапала на кожным уроку, арганізацыя вучэбнага працэсу, калі трэба было здаваць сесіі, як ва ўніверсітэце, вельмі моцны клас, дзе былі і хімікі, і лірыкі, — усё гэта перамагала і раннія пад’ёмы, і самастойнае жыццё ў інтэрнаце аграрнага ўніверсітэта побач з дарослымі студэнтамі, і рэдкія паездкі дадому, па якім вельмі сумаваў. Але кожны такі прыезд суправаджаўся маім прыходам у родную школу, дзе, я адчуваў, мной ганарыліся, цікавіліся, як праходзіць вучоба ў ліцэі.

Спачатку Віталь думаў больш займацца біялогіяй, але першы ўрок хіміі ў 8-м класе Міхалішкаўскай школы так зацікавіў хлопца, што хімія заняла першае месца ў яго жыцці. Настаўніца Соф’я Міхайлаўна Севасцьян прадэманстравала на тым уроку некалькі доследаў. Адзін з іх заключаўся ў змяненні колеру рэчыва. Настаўніца з усмешкай паведаміла, што пакажа фокус, а ў канцы года вучні атрымаюць столькі ведаў, што самі змогуць адказаць на пытанне, як гэта атрымалася. Віталь Тадэвушавіч кажа, што такая методыка яму вельмі спадабалася, гэтым жа спосабам ён заахвочвае і сваіх вучняў сёння.

Віталь Стаціна паступіў на факультэт біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і скончыў яго з дыпломам з адзнакай, атрымаўшы кваліфікацыю “Біёлаг. Выкладчык хіміі і біялогіі”. І тут на сваім шляху ён сустрэў выкладчыка, якому ён удзячны за навуку быць даследчыкам. Кандыдат біялагічных навук Алег Созінаў, навуковы кіраўнік Стаціны, падводзіў сваіх студэнтаў да самастойнай работы, самастойнага пошуку. Пад яго кіраўніцтвам Віталь падрыхтаваў і надрукаваў пяць навуковых артыкулаў.

Пасля заканчэння ўніверсітэта малады спецыяліст атрымаў размеркаванне ў Астравецкую гімназію і паступіў у завочную магістратуру БДПУ імя Максіма Танка. Дырэктар гімназіі Вольга Лябецкая адразу прапанавала маладому спецыялісту выкладанне хіміі ў 9-м профільным класе, і ўжо ў першай чвэрці ён стаў рыхтаваць да раённай алімпіяды вучаніцу 9 класа Яўгенію Праўко, убачыўшы яе цікавасць да прадмета і жаданне працаваць. Дыплом на алімпіядзе Жэня атрымала, а яе настаўнік з таго часу заахвочвае і падтрымлівае адораных навучэнцаў. Пры гэтым ён кажа ім, што нястрашна чагосьці не ведаць, галоўнае — мець жаданне даведацца. Ужо праз адзін год работы ў гімназіі Стаціна атрымаў грамату аддзела адукацыі, а праз некалькі гадоў стаў лаўрэатам абласной прэміі “Чалавек года Гродзеншчыны”, быў узнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У Гродзенскай гарадской гімназіі, у якую Віталь Тадэвушавіч перайшоў у 2013 годзе, ён адразу пачаў працаваць з адоранамі навучэнцамі.

— Таленавітых дзяцей вылучае жаданне не проста атрымаць веды, а самому дайсці да іх разумення, — гаворыць Віталь Тадэвушавіч. — Хімія без практыкі немагчыма. Звычайна на доследах стаўлю ў пару, напрыклад, васьмікласніка і адзінаццацікласніка. Старэйшы адказвае за малодшага і вучыць яго. Каб падтрымаць і адзначыць паспяховую работу дзяцей, мы штомесяц прысвойваем званне “лепшы хімік-тэарэтык” і “лепшы хімік-практык”.

Трэба арганізаваць урок так, каб ён быў цікавы ўсім вучням, а настаўнік выклікаў у дзяцей пачуццё даверу. У гімназію я прыходжу дзесьці за гадзіну да пачатку ўрокаў, і мае вучні ведаюць, што гэты час — для іх. У суботу я ў гімназіі з 8 да 15 гадзін. Гэты час прысвячаю не толькі адміністратыўным справам, але і сваім вучням. Для мяне важна, каб дзеці станавіліся не проста адукаванымі спецыялістамі, а яшчэ і добрымі людзьмі.

Поспехі вучняў мяне акрыляюць. Трэба вучыцца разам са сваімі дзецьмі, толькі ісці на крок наперадзе.

А тое, што стаяць на месцы не дазволяць самі вучні, дакладна. Так, пяцікласнік Сяргей у сярэдзіне навучальнага года, пачуўшы па гімназічным радыё аб’яву аб правядзенні тыдня хіміі, звярнуўся да Віталя Тадэвушавіча з просьбай навучыцца хіміі. І настаўнік падтрымлівае інтарэс хлопчыка, раіць яму літаратуру, складае траекторыю пазнання гэтай навукі. Так што ў Стаціны з’явіўся яшчэ адзін вучань.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.