Сёння, калі наша эканоміка развіваецца ў інавацыйных умовах, новага зместавага насычэння патрабуе і арганізацыя прафарыентацыйнай работы сярод моладзі. Галоўнае ў гэтым — скіраваць маладых людзей на выбар імі менавіта той прафесіі, якая запатрабавана на рынку працы. Ужо нельга абмяжоўваць гэтую работу звычайнай агітацыяй моладзі паступаць у тую ці іншую ўстанову прафесійнай адукацыі, а трэба імкнуцца да фарміравання ў выпускнікоў свядомага прафесійнага выбару. Аб новых падыходах у гэтым педагогаў Мінскай вобласці расказвае начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесiйна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама А.В.МАРЦІНКЕВІЧ.
— Алена Віктараўна, мяркуючы па анкетаванні, якое праводзіцца сёння ў школах нашай краіны, навучэнцы пры вырашэнні пытання аб выбары будучай прафесіі часцей за ўсё звяртаюцца да сваіх бацькоў, у меншай меры абмяркоўваюць гэтае пытанне з класным кіраўніком альбо з педагогам-псіхолагам. Пры гэтым практычна кожны дзясяты не абмяркоўвае пытанне свайго далейшага шляху ні з педагогамі, ні з бацькамі.
— Сапраўды, такая сітуацыя існуе сярод нашай моладзі. Пры тым, што на рынку працы зафіксавана каля 5 тысяч прафесій, але, мяркуючы па камплектаванні ўстаноў прафесійнай адукацыі, конкурс пры паступленні існуе толькі на адзінкавыя. І гэта не ад таго, што іншыя прафесіі не маюць перспектывы. Такая сітуацыя ўзнікае часцей за ўсё таму, што нашы школьнікі маюць мінімум інфармацыі пра іншыя прафесіі, выбіраюць яе не ўсвядомлена, а пад уплывам асяроддзя, сваіх аднакласнікаў. Акрамя таго, бацькі, у якіх склалася негатыўнае стаўленне да сістэмы прафесійнай адукацыі, імкнуцца аддаць сваіх дзяцей у больш прэстыжныя ўстановы, у першую чаргу ва ўстановы вышэйшай адукацыі, не задумваючыся аб тым, ці здольна іх дзіця засвоіць праграму вышэйшай школы.
Але трэба сказаць, што сітуацыя па прафесійнай арыентацыі нашай моладзі, па актывізацыі пазіцыі маладых людзей у выбары прафесіі істотна паляпшаецца з кожным годам. Сёння мы актыўна працуем над тым, каб сфарміраваць у нашых навучэнцаў усвядомлены прафесійны выбар пачынаючы з першай прыступкі навучання. Трэба адзначыць, што ў такім напрамку працуюць практычна ўсе навучальныя ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. Вялікі вопыт у гэтым кірунку назапашаны ў Барысаўскім, Валожынскім, Любанскім, Маладзечанскім, Нясвіжскім раёнах, дзе асаблівая ўвага ўдзяляецца арганізацыі мерапрыемстваў па сацыяльна-педагагічным і псіхалагічным суправаджэнні ў фарміраванні асобы навучэнцаў і іх прафесійным самавызначэнні. У гэтым працэсе задзейнічаны ў першую чаргу педагогі-псіхолагі, класныя кіраўнікі. Ні ў якім разе не трэба адмяжоўваць ад гэтага саміх бацькоў. Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне прафесійнага самавызначэння навучэнцаў уключае ў сябе цэлы комплекс напрамкаў прафарыентацыйнай дзейнасці, куды ўваходзяць прафесійная асвета, прафесійная дыягностыка, прафесійнае кансультаванне, накіраваныя на ўсвядомлены і самастойны выбар будучай прафесіі з боку школьнікаў і, безумоўна, з улікам індывідуальных асаблівасцей іх асобы. Ва ўстановах адукацыі праводзяцца факультатыўныя заняткі “Маё прафесійнае будучае” для навучэнцаў 9 класа. Работа вядзецца па аднайменнай вучэбнай праграме, зацверджанай Міністэрствам адукацыі.
С.А.Кісель, галоўны спецыяліст аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, прадставіла адзін з прыкладаў эфектыўнай работы па сацыяльна-педагагічным і псіхалагічным суправаджэнні ў прафесійным вызначэнні школьнікаў сярод устаноў адукацыі. У гімназіі № 1 Любані рэалізоўваецца праект, накіраваны на прафесійную арыентацыю выхаванцаў установы. Адметна, што ў гэтым актыўны ўдзел прымаюць не толькі педагогі і навучэнцы, але і іх бацькі.Так, іх інтарэсы аб’яднаны ў дыспуце па тэме “Выбар прафесіі: гэта мой выбар ці выбар бацькоў?”. Прафарыентацыйная работа з вучнямі пачынаецца ўжо на першай ступені навучання ў пачатковых класах, і педагог-псіхолаг імкнецца развіць у вучнях агульныя ўяўленні аб прафесіях, павысіць цікавасць да іх. Асноўнай мэтай работы ў гэтым напрамку з вучнямі на другой ступені навучання з’яўляецца актуалізацыя ў падлеткаў значнасці прафесійнай дзейнасці, аказанне дапамогі ва ўсведамленні імі сваіх інтарэсаў, магчымасцей, здольнасцей. Задача педагога-псіхолага ў самавызначэнні навучэнцаў на трэцяй ступені навучання — гэта фарміраванне ў іх усвядомленага выбару прафесіі. Гімназія №1, як і іншыя навучальныя ўстановы вобласці, выкарыстоўвае ў прафарыентацыйнай рабоце свой сайт. Напрыклад, там размяшчаюцца парады навучэнцам па выбары прафесіі, інфармацыя для бацькоў, як дапамагчы сваім дзецям у прафесійным самавызначэнні, матэрыялы бацькоўскіх сходаў па тэме “Роля сям’і ў працоўным выхаванні і жыццёвым самавызначэнні дзяцей”. У рубрыцы “Табе, выпускнік” размешчаны звесткі для тых, хто паступае: спісы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, дадзены спасылкі на неабходныя рэсурсы.
Пры тым, што сёння ўстаноўка Міністэрства адукацыі робіцца на больш шырокае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у прафарыентацыйнай рабоце, адзначу, што трэба актыўна выкарыстоўваць сайты ўстаноў адукацыі і даваць там пашыраную інфармацыю аб мерапрыемствах па прафарыентацыі, аб установах адукацыі для паступлення, аб прафесіях, па якіх там рыхтуюць. Уся інфармацыя павінна быць актуальнай і своечасова абнаўляцца.
Трэба сказаць, што ў кожным раёне вобласці створана свая арганізацыйная мадэль прафарыентацыйнай работы, у якую ўключаны не толькі сістэма адукацыі, але і іншыя галіны, органы мясцовага кіравання, грамадскія арганізацыі, работадаўцы.
— Сёння Мінская вобласць прадстаўляе выдатны вопыт арганізацыі прафарыентацыйнай работы паміж установамі прафесійнай адукацыі і дашкольнымі навучальнымі ўстановамі. Раскажыце, калі ласка, пра супрацоўніцтва паміж Маладзечанскім дзяржаўным каледжам і дашкольнымі ўстановамі горада.
— У рамках цеснага ўзаемадзеяння з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта сёння працягваецца работа, накіраваная на ўдасканаленне працоўнага выхавання, фарміраванне працоўных уменняў і ўяўленняў аб працы дарослых, выхаванне цікавасці да прафесій і ў дашкольных установах адукацыі.
У праекце па прафесійнай арыентацыі дашкалят выкарыстоўваюцца такія ўніверсальныя механізмы, як прафесійнае выхаванне дзяцей дашкольнага ўзросту праз прафарыентацыйную гульню. Менавіта такія формы арганізацыі прафарыентацыі выбралі педагогі і навучэнцы Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа.Тыдзень прафесійнага майстэрства ў дашкольнай установе пачынаецца са знаёмства дзяцей з рабочымі прафесіямі ў час майстар-класаў, якія праводзяць навучэнцы каледжа. У даступнай гульнявой форме дзеці атрымліваюць першыя веды і навыкі рабочых прафесій, такіх як швачка, слесар, кухар, сталяр. Акрамя таго, дашкольнікі могуць самі ствараць вырабы. Такія мерапрыемствы дазваляюць не толькі прыцягваць дашкольнікаў да працы, але і адначасова ствараць пазітыўны вобраз рабочых прафесій ужо з ранняга ўзросту.
— Як вядома, намеры нашых выпускнікоў у выбары прафесіі не заўсёды супадаюць з патрэбамі ў кадрах той мясцовасці, дзе яны жывуць. Асабліва гэта адчувальна, калі вобласць сталічная і цалкам апраўдана жаданне моладзі паехаць у Мінск, а не заставацца ў рэгіёне. Якія захады робяцца ў гэтым?
— Штогод праводзіцца папярэдні і канчатковы аналіз прафесійных намераў і працаўладкавання выпускнікоў. У вобласці распрацаваны комплекс мер па прапагандзе сярод моладзі вострадэфіцытных спецыяльнасцей, у якіх мае патрэбу сталічны рэгіён, і па працяглым замацаванні спецыялістаў на першым рабочым месцы. Неабходна праводзіць мерапрыемствы, асноўны акцэнт у якіх павінен быць зроблены на арыентацыю вучняў выпускных класаў на прафесіі, якія будуць запатрабаваны ў канкрэтным раёне ў бліжэйшыя пяць гадоў. Па плане правядзення прафарыентацыйных мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне неабходнымі кадрамі, ва ўсіх раёнах вобласці праходзіць “Фестываль прафесій” для вучняў выпускных класаў, куды запрашаюцца прадстаўнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, у якіх вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў, запатрабаваных у рэгіёне (спіс устаноў адукацыі ўзгадняецца з упраўленнямі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкамаў). Напрыклад, вядомая ў рэгіёне праблема недахопу педагагічных кадраў па некаторых вучэбных прадметах. Каб выкараніць гэты недахоп, мы завязалі супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка ў прапагандзе педагагічных спецыяльнасцей сярод выпускнікоў школ вобласці. У выніку такога ўзаемадзеяння з УВА наш рэгіён знаходзіцца сёння на першым месцы па колькасці выпускнікоў школ, якія паступілі ў БДПУ ў 2014 годзе на бюджэтную форму навучання, іх колькасць складае 241 чалавек (31% ад усіх, хто паступіў). Для стварэння цэласнай сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі (школа — УВА) адраджаецца практыка профільных (педагагічных) класаў. З мэтай павышэння прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій сумесна з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання аблвыканкама распрацаваны план правядзення прафарыентацыйнай работы сярод вучняў старшых класаў ва ўстановах адукацыі вобласці, каб скіраваць выпускнікоў школ на атрыманне прафесій сельскагаспадарчага профілю. Такія меры прыняты па кожнай галіне, якая мае патрэбу ў кваліфікаваных кадрах.
— Актуальнай з’яўляецца задача павышэння прэстыжу не толькі рабочых прафесій, але і саміх навучальных устаноў, што, безумоўна, спрыяльна паўплывае на прыём навучэнцаў у час уступнай кампаніі. Хто стане патэнцыяльным абітурыентам?
— Самай эфектыўнай формай папулярызацыі навучальных устаноў прафесійнай адукацыі з’яўляецца дзень адкрытых дзвярэй. Адметна, што ўсе нашы навучальныя ўстановы з кожным годам прыўносяць у правядзенне традыцыйных дзён адкрытых дзвярэй усё новыя рысы і знаходзяць эфектыўныя механізмы, каб вызначыць іх выніковасць. Напрыклад, нядаўна дзень адкрытых дзвярэй праводзілі ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы, у якім прынялі ўдзел кіраўніцтва аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама, дырэктары школ, прадстаўнікі швейнай фабрыкі “Дыната”, “Будсэрвісу-Маладзечна”, электрамеханічнага завода, Маладзечнагандлю, Маладзечанскага хлебазавода, прадпрыемства “Навіта”. Як бачна, пералік работадаўцаў даволі вялікі, што пацвярджае зацікаўленасць заказчыкаў кадраў у насычэнні кваліфікаванымі кадрамі сваіх прадпрыемстваў і арганізацый. Наймальнікі кадраў адзначылі высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі выпускнікоў каледжа, сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу для падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў.
У сваю чаргу педагогі прапанавалі ўдзельнікам сустрэчы пытанні анкеты аб тым, наколькі ім спадабалася наведванне каледжа, ці была інфармацыя аб дзейнасці ўстановы пераканаўчай для іх. Напрыклад, на пытанне анкеты “Якія моманты сустрэчы былі найбольш цікавымі?” удзельнікі дня адкрытых дзвярэй адказвалі, што ўразіла сучасная матэрыяльна-тэхнічная база каледжа, асабліва рэсурсны цэнтр, спадабаліся педагогі, выступленне агітбрыгады. А на пытанне “Якія вашы прапановы па арганізацыі сумеснай прафарыентацыйнай работы?” госці каледжа прапанавалі наведваць установу асобнымі класамі, праводзіць сумесныя экскурсіі па каледжы з бацькамі выпускнікоў, часцей выступаць агітбрыгадам ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, праводзіць дні адкрытых дзвярэй непасрэдна для бацькоў вучняў выпускных класаў.
У сваю чаргу Барысаўскі дзяржаўны каледж практыкуе ў сваёй прафарыентацыйнай дзейнасці нарады з дырэктарамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Барысава і Барысаўскага раёна. На іх звычайна прадстаўляецца прэзентацыя работы навучальнай установы, падводзяцца вынікі мінулагодняй прыёмнай кампаніі, адбываецца азнаямленне з кантрольнымі лічбамі прыёму на наступны год. Для дырэктараў школ падрыхтаваны буклеты “Мая прафесія — учора, сёння, заўтра”, раздатачны матэрыял, спецыяльны выпуск газеты “Веснік каледжа”. Педагогі праводзяць майстар-класы, навучэнцы прадстаўляюць валанцёрскую работу, творчыя аб’яднанні, музей каледжа, выступаюць члены агітбрыгады “Клічу ў сваю прафесію”. З мэтай правядзення прафарыентацыйнай работы сумесна з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў плануецца правесці мерапрыемствы “Рабочы чалавек — гэта гучыць горда” па павышэнні прэстыжу рабочага і іміджу спецыяліста. Работнікі каледжа плануюць выступіць перад калектывамі прадпрыемстваў Барысава і Барысаўскага раёна.
Цікавы вопыт Слуцкага дзяржаўнага каледжа па правядзенні прафарыентацыі моладзі. Акрамя кіраўніцтва, педагогаў установы, самі навучэнцы каледжа наведваюць школы па месцы жыхарства, удзельнічаюць у вечарах сустрэч з выпускнікамі, а таксама пры праходжанні вытворчай практыкі прыходзяць у школы і расказваюць вучням аб прафесіях, па якіх рыхтуе каледж. З мэтай поўнага і аператыўнага інфармавання выпускнікоў школ па пытаннях прыёму накіраваны лісты ў арганізацыі — заказчыкі кадраў для размяшчэння ўмоў прыёму і інфармацыі аб каледжы ў мясцовых СМІ.
Вілейскі дзяржаўны каледж рэгулярна прымае ўдзел у днях прафарыентацыі для выпускнікоў устаноў адукацыі рэгіёна. Адметнасцю каледжа ў такіх сустрэчах з’яўляецца рэальная дэманстрацыя прафесій, па якіх рыхтуе ўстанова, калі выпускнікі школ могуць непасрэдна пазнаёміцца з майстэрствам цырульнікаў, швачак, кухараў, якое паказваюць перад школьнікамі навучэнцы каледжа і іх педагогі.
Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа нараўне з традыцыйнымі формамі прафарыентацыйнай работы выкарыстоўвае новыя, сярод якіх рэалізацыя анімацыйных экскурсійных праграм для наведвальнікаў каледжа, выступленне агітдуэтаў “Мы вучымся тут”, правядзенне майстар-класаў для творчых спецыяльнасцей, віртуальных экскурсій, арганізацыя інфармацыйнай акцыі “Хочаш стаць настаўнікам — спытай у нас як”. У месцах масавых мерапрыемстваў навучэнцы-валанцёры каледжа распаўсюджваюць інфармацыйныя буклеты і стыкеры аб навучальнай установе і спецыяльнасцях, рэалізуюць сувенірную прадукцыю. Акрамя таго, вядзецца анкетаванне абітурыентаў, прапаноўваецца
інтэрактыўнае галасаванне на сайце “Якую спецыяльнасць я выбіраю і чаму?”. Такія формы прафарыентацыйнай работы даюць магчымасць прагназаваць і кантраляваць вынікі прыёму ў час уступнай кампаніі, скласці банк даных аб патэнцыяльных абітурыентах.
Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.