Хочацца працаваць і развівацца

- 12:57Людзі адукацыі, Рознае

Алена Юр’еўна Савіцкая — маладая настаўніца, якая выкладае англійскую мову ў сярэдняй школе № 218 Мінска.

У канцы мінулага года яна атрымала грант Мінгарвыканкама. Гэта першая ўзнагарода ў яе прафесійным жыцці. Чаму Алену Юр’еўну заўважылі? Яна практычна здзейсніла мару кожнага вучня — прыдумала, як аблегчыць цяжар дамашняга задання.

— Працуючы ў лінгафонным кабінеце, я актыўна выкарыстоўвала інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі пры арганізацыі вучэбных заняткаў: аўдыя- і відэафрагменты, прэзентацыі, падкасты, інтэрактыўныя практыкаванні. Я пераканалася, што ІКТ дазваляюць зрабіць урок больш разнастайным і цікавым, у разы павышаюць нагляднасць вучэбнага матэрыялу, павялічваюць матывацыю і дазваляюць індывідуалізаваць працэс навучання. Акрамя вучэбных заняткаў, вялікую ролю ў вывучэнні замежнай мовы, асабліва пры адсутнасці моўнага асяроддзя, адыгрывае дамашняе заданне. Аднак улічваючы тое, што вучэбная нагрузка на навучэнцаў дастаткова высокая, педагог павінен шукаць шляхі, каб, з аднаго боку, аблегчыць працэс самастойнай падрыхтоўкі вучняў да заняткаў, а з другога — зрабіць яго больш якасным і выніковым. Так узнікла ідэя стварыць дыстанцыйны курс, які, па сутнасці, з’яўляецца электронным памочнікам пры выкананні дамашніх заданняў, — патлумачыла сваю ідэю Алена Юр’еўна.

Услед за ідэяй узнік “Дыстанцыйны курс у сістэме MOODLE як сродак павышэння якасці выканання дамашніх заданняў па англійскай мове”, за які Алена Юр’еўна і атрымала грант, а таксама павагу калег і вучняў. Трэба адзначыць, што калектыў сярэдняй школы № 218 Мінска вельмі творчы і добразычлівы. Як заўважыла мая гераіня, ёй падабаецца працаваць у гэтай школе, бо побач з ёй — цудоўныя калегі і выдатная адміністрацыя, што ствараюць атмасферу, у якой хочацца працаваць і развівацца.

Курс выкананы ў каляндарным фармаце: вызначаны пачатак курса і колькасць тыдняў у ім. Сістэма стварае асобны раздзел для кожнага тыдня, у які настаўніца дабаўляе ўсе вучэбныя матэрыялы і заданні, якія тычацца гэтага тыдня.

У пачатку раздзела размяшчаюцца матэрыялы для паўтарэння вывучанага на ўроку. Гэта могуць быць граматычныя табліцы, схемы, відэаўрокі, а таксама прыклады вусных выказванняў, тэксты па краіназнаўстве і інш. Матэрыялы настаўніца расстаўляе ў лагічнай паслядоўнасці і суправаджае каментарыямі-інструкцыямі, якія дапамагаюць навучэнцам найбольш эфектыўна паўтарыць або вывучыць інфармацыю.

— Пройдзены матэрыял мінулых тыдняў працягвае знаходзіцца ў пастаянным доступе і можа быць выкарыстаны як даведнік пры падрыхтоўцы да іншых заняткаў. Для замацавання і праверкі засваення матэрыялу дабаўляю ў курс розныя заданні і тэсты. Тэхнічныя магчымасці сістэмы MOODLE дазваляюць размясціць тэсты з пытаннямі рознага віду.

Тэставыя заданні дазваляюць вучню паглядзець вынік непасрэдна пасля выканання тэста, прааналізаваць памылкі і самастойна ацаніць узровень валодання матэрыялам. Такім чынам, у навучэнцаў выпрацоўваецца адэкватная самаацэнка адносна сваіх ведаў. Для падтрымання цікавасці да працэсу вывучэння мовы заданні забаўляльнага характару размешчаны пад рубрыкай For fun (для забавы). Тут могуць быць крыжаванкі, інтэрактыўныя практыкаванні, конкурсы, жарты, песні, якія навучэнцы слухаюць, чытаюць або выконваюць анлайн у дадатак да звычайнага дамашняга задання.
Напрыклад, вывучаючы тэму “Знешнасць”, вучні могуць дадаткова паглядзець запіс шоу American Idol, гаворка пра якое ішла на ўроку. Граматычныя правілы зручна вывучаць з дапамогай урока-лекцыі. Правіла разбіваецца на некалькі маленькіх частак і паказваецца вучню паступова. У канцы кожнай часткі вучню прапаноўваецца адказаць на пытанне для праверкі засваення матэрыялу. Калі вучань адказвае на пытанне правільна, то пераходзіць да наступнай часткі правіла, а няправільны адказ адсылае яго на папярэднюю старонку для паўторнага вывучэння першай часткі. Такім чынам, тэма вывучаецца пакрокава.

Я таксама маю магчымасць дыстанцыйна праглядаць статыстыку выканання любога задання, аналізаваць усе памылкі і ўлічваць іх пры далейшай рабоце. Назіраючы за навучэнцамі падчас вучэбных заняткаў, вызначаю, якія прабелы ў ведах маюцца ў кожнага вучня або на якія вучэбныя тэмы неабходна звярнуць увагу. Далей распрацоўваю індывідуальнае заданне для пэўнага навучэнца і размяшчаю яго ў курсе. Тут жа знаходзяцца спасылкі на вучэбныя матэрыялы, неабходныя для выканання гэтага задання. У выніку хоць заданне і адрасавана толькі аднаму вучню, але прыродная цікаў-насць і жаданне праверыць сябе падштурхоўваюць і іншых дзяцей праглядзець і выканаць гэтае заданне, — падзялілася Алена Юр’еўна.

Яшчэ адным плюсам гэтага курса з’яўляецца тое, што дапамога бацькоў пры выкананні ўрокаў дзецям не патрэбна. Мяркую, што бацькі вучняў Алены Юр’еўны ўжо ацанілі вынаходку настаўніцы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.