“Хрыстос маліўся аб адзінстве сваіх вучняў”

- 11:10Інфармацыйная гадзіна

У Рускай Праваслаўнай Царкве (РПЦ) не выключаюць, што разам з Рымска-каталіцкай Царквой (РКЦ) будзе створаны міжхрысціянскі Чырвоны Крыж: у падпісанай Папам і Патрыярхам дэкларацыі гаворыцца аб неабходнасці дапамагаць бежанцам. Аб гэтым паведаміў старшыня аддзела знешніх царкоўных сувязей мітрапаліт Іларыён (Алфееў).

Ён адзначыў, што ёсць шмат сфер, у якіх праваслаўныя і католікі могуць дзейнічаць разам. “Перш за ўсё гэта сферы, звязаныя з жыццём канкрэтных людзей, бедных, абяздоленых, бежанцаў”, — растлумачыў іерарх.
Мітрапаліт Іларыён таксама сказаў, што РПЦ і РКЦ будуць больш актыўна ўзаемадзейнічаць у пытаннях абароны сям’і і барацьбы з абортамі. “У нас ужо ёсць добрае ўзаемадзеянне з Папскім саветам па справах сям’і і сумесныя праекты, якія мы ажыццяўляем. Гэта правядзенне канферэнцый, прысвечаных тэматыцы абароны сям’і, процідзеянне абортам і г.д. Я думаю, што гэты напрамак мы будзем пашыраць”, — сказаў мітрапаліт.
Папа і Патрыярх у сумеснай дэкларацыі, падпісанай у Гаване на сустрэчы 12 лютага, абвясцілі непрыманне абортаў, эўтаназіі, аднаполых саюзаў.
Руская Праваслаўная Царква лічыць грахом выступленні часткі паствы супраць збліжэння хрысціян. “Калі нейкія нашы вернікі лічаць, што падзел паміж хрысціянамі — гэта норма, што ён павінен захоўвацца і паглыбляцца і што мы павінны ўсе свае сілы накіраваць на тое, каб ніколі ніякага збліжэння не адбылося, то наўрад ці іх варта супакойваць. Яны не супакояцца”, — сказаў мітрапаліт. Для таго каб зразумець памылковасць такой пазіцыі, ён прапанаваў звярнуцца да Евангелля, дзе расказваецца аб тым, як Ісус Хрыстос маліўся аб адзінстве сваіх вучняў.