Праблема ўжывання і распаўсюджвання падлеткамі сінтэтычных курыльных сумесей у мінулым годзе набыла асаблівую актуальнасць. Але для таго, каб праблему вырашыць, яе ў першую чаргу неабходна было прызнаць. І калі органы ўнутраных спраў адкрыта гаварылі пра рэальныя правапарушэнні, звязаныя з ужываннем і распаўсюджваннем псіхатропаў школьнікамі і навучэнцамі, то ўстановы адукацыі першапачаткова замоўчвалі такія факты. Сёння сітуацыя мяняецца ў лепшы бок — прыкладаў актыўнага ўзаемадзеяння па гэтым пытанні школ і каледжаў з органамі ўнутраных спраў усё больш.
Станоўчым вопытам супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з ІСН з нашым выданнем падзяліўся начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Барысаўскага РУУС падпалкоўнік міліцыі Сяргей Уладзіміравіч ГАРЭЛІК.
Добрая ідэя не павінна стаць абсурдам
За 6 гадоў, з 2009 па 2014, у Барысаве было ўзбуджана 6 крымінальных спраў, звязаных з распаўсюджваннем наркотыкаў. А толькі за адзін 2014 год, калі ў краіне ўзрасла папулярнасць “дызайнерскіх” наркотыкаў — марак, спайсаў і міксаў — колькасць крымінальных спраў у горадзе, які і да гэтага лічыўся крымінальным, вырасла да 12. Акрамя таго, за мінулы год было выяўлена 15 фактаў перадазіроўкі псіхатропамі сярод падлеткаў ва ўзросце да 19 гадоў.
Па словах начальніка ІСН Барысаўскага РУУС падпалкоўніка міліцыі Сяргея Уладзіміравіча Гарэліка, менавіта ў мінулым годзе, як толькі сітуацыя з курыльнымі сумесямі ў краіне абвастрылася, і інспекцыя па справах непаўналетніх, і раённы аддзел па наркакантролі пачалі больш цесна супрацоўнічаць з установамі адукацыі. Як прызнаўся Сяргей Уладзіміравіч, органы ўнутраных спраў вельмі доўга імкнуліся да таго, каб школы, ліцэі і каледжы перасталі баяцца і пачалі з імі супрацоўнічаць больш актыўна.
— Упэўнены, раней кіраўнікі як школ, так і каледжаў, ліцэяў, якіх у Барысаве нямала, баяліся гаварыць пра праблему наркаманіі, асабліва калі гэта тычылася іх навучэнцаў, — расказвае начальнік ІСН. — У краіне ўжо даўно існавалі дакументы, якія давалі магчымасць установам адукацыі ўзаемадзейнічаць з органамі ўнутраных спраў. Але, на жаль, толькі ў апошні год узаемадзеянне набыло пастаянны характар. І прыемна, калі менавіта педагогі першымі пачынаюць біць трывогу, падазраючы сваіх навучэнцаў у сувязі з наркотыкамі. За апошні год, дарэчы, дзякуючы педагогам, выхавальнікам інтэрнатаў было ўзбуджана 9 крымінальных спраў (агульная колькасць — 12). Гэта даволі высокі паказчык, які сведчыць пра тое, што людзей, абыякавых да праблемы ўжывання маладымі людзьмі псіхатропаў, у нас, на шчасце, мала.
Як адзначыў падпалкоўнік міліцыі, сёння асноўная колькасць выпадкаў распаўсюджвання курыльных сумесей звязана з інтэрнэтам. І вядома, што для таго, каб набыць спайс ці маркі, якія на сённяшні дзень з’яўляюцца самымі папулярнымі і даступнымі сінтэтычнымі курыльнымі сумесямі, нават не трэба сустракацца з прадаўцом тавару. Як правіла, “закладкі” размяшчаюцца ў тайніках.
— Цяпер інтэрнэт даступны для кожнага падлетка, — працягвае Сяргей Уладзіміравіч. — І нават калі бацькі, напрыклад, забароняць дзіцяці “лазіць” па сетцы, яны ўсё роўна не будуць мець гарантыі таго, што іх дзіця, калі яно ўжо вырашыла паспрабаваць псіхатроп, не зробіць гэтага. У кожнага падлетка ёсць мабільны тэлефон, і праверыць, па якіх сайтах непаўналетнія “гуляюць”, на якія электронныя кашалькі кладуць грошы, проста так не атрымаецца. Для гэтага неабходна звяртацца да аператараў мабільнай сувязі, а ў бацькоў часта няма часу, каб настолькі дасканала сачыць за дзіцем.
Тым не менш ёсць верагоднасць, што ў бліжэйшы час доступ на тыя сайты, дзе яшчэ можна набыць псіхатропы, будзе поўнасцю закрыты. Актуальным і своечасовым з’яўляецца тое, што, згодна з Дэкрэтам № 6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркатычных сродкаў”, сёння ўжо нельга мець, ці заводзіць новыя ананімныя электронныя кашалькі, а таксама атрымліваць на іх грошы, якія незразумела за што пераведзены на пэўны адрас.
— Я ўпэўнены, што новы антынаркатычны дэкрэт дапаможа “збіць” тую псіхатропную хвалю, якой нашу краіну ў мінулым годзе літаральна “накрыла”, — працягвае начальнік ІСН Барысаўскага РУУС. — І, безумоўна, прыняцце новага дакумента, накіраванага на спыненне распаўсюджвання і ўжывання псіхатропаў, падштурхне нашы гарадскія, раённыя ўстановы адукацыі больш цесна супрацоўнічаць з наркакантролем, з ІСН. Дэкрэт № 6 накладае яшчэ большую адказнасць і на органы міліцыі, і на ўстановы адукацыі, таму што цяпер паводзіны і здароўе падлеткаў павінны быць на асаблівым кантролі.
Што тычыцца сённяшняга ўзаемадзеяння ІСН і ўстаноў адукацыі Барысава, то прафілактычная работа, як расказвае Сяргей Гарэлік, вядзецца, прычым даволі актыўна. І самым ідэальным варыянтам давядзення да моладзі інфармацыі наконт шкоднага ўздзеяння спайсаў з’яўляюцца рэальныя прыклады перадазіроўкі, распаўсюджвання псіхатропаў іх равеснікамі.
Вядома, што ўсплёск фактаў ужывання псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў назіраецца на працягу навучальнага года, калі на вучобу ў горад з’язджаюцца навучэнцы з іншых рэгіёнаў. Але і падчас канікул, са слоў Сяргея Гарэліка, у горадзе ёсць спайс-спажыўцы.
Так, нядаўна 17-гадовы падлетак быў затрыманы ў лесапаласе, у мяжы горада. Увагу супрацоўнікаў міліцыі прыцягнулі неадэкватныя паводзіны хлопца. Падыходзячы да маладога чалавека, прадстаўнікі міліцыі заўважылі, як падлетак дастаў з кішэні невялі скрутак і непрыметна выкінуў яго за спінай. Праведзеная экспертыза паказала, што на скрутку знаходзіліся адбіткі пальцаў менавіта гэтага хлопца. А медыцынскі агляд, лабараторныя тэсты паказалі, што затрыманы знаходзіўся ў стане наркатычнага ўзбуджэння. У адносінах да хлопца ўзбуджана крымінальная справа ў сувязі з захоўваннем наркатычных сродкаў.
— Адметна, што са школамі мы ўзаемадзейнічаем па двух кірунках, — працягвае Сяргей Уладзіміравіч. — І самае галоўнае ў нашай сумеснай рабоце, гэта не давесці добрую ідэю да абсурду. Проста хадзіць у школы і расказваць пра тое, што такое спайс і чаму яго небяспечна ўжываць — гэта не выйсце. Вялікі аб’ём інфармацыі па гэтым кірунку можа стаць рэкламай. Навучэнцам стане цікава, што гэта за спайс, чаму пра яго так шмат гавораць, і яны будуць шукаць магчымасць паспрабаваць забароненае. Як вядома, падлеткавы ўзрост — пераломны. І наша задача, задача сістэмы адукацыі — дапамагчы школьнікам, навучэнцам у гэты перыяд не зламаць сабе жыццё. Толькі прыклады з рэальнасці могуць аказаць уплыў на разуменне ўсёй сур’ёзнасці праблемы ўжывання і распаўсюджвання наркатычных сродкаў.
Бацькі павінны ведаць пра наркотыкі
Не менш важным кірункам узаемадзеяння школы і міліцыі з’яўляецца тое, што прадстаўнікі ІСН прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні школьных бацькоўскіх сходаў. Як заўважыў Сяргей Гарэлік, падлеткі не гатовы ўсё расказваць бацькам і навучэнцам вельмі цяжка і няёмка размаўляць з дарослымі на тэму наркотыкаў. Менавіта па гэтай прычыне інфармацыю, звязаную з наркотыкамі, да бацькоў даводзяць менавіта спецыялісты.
— У першую чаргу мы расказваем бацькам пра тое, па якіх прыметах можна вызначыць, што іх дзіця ўжывае наркатычныя сродкі, — працягвае падпалкоўнік міліцыі. — Паводзіны, псіхалагічны і эмацыянальны стан дзіцяці, калі ён ужывае псіхатропы, не паддаюцца ніякаму разуменню. І бацькі ні ў якім разе не павінны хаваць сваю праблему дома. Быў у нас такі выпадак, калі ў поле зроку міліцыі трапляў адзін і той жа хлопчык. У яго 2 разы былі знойдзены пакецікі з псіхатропамі. На дадзены момант у адносінах да непаўналетняга ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў), якая сёння знаходзіцца ў Следчым камітэце. Сам малады чалавек на сённяшні дзень знаходзіцца ў ізалятары.
Дарэчы, праваахоўныя органы звярнулі ўвагу на гэтага падлетка пасля таго, як ён трапіў з перадазіроўкай у рэанімацыю. Пасля, каб “вылечыць” сына ад залежнасці, бацькі па ўласнай ініцыятыве вырашылі аддаць яго на лячэнне ў спецыялізаваную ўстанову. Пасля выпіскі з медыцынскага цэнтра ў хлопца на працягу месяца назіраўся стан рэмісіі. А пасля ўсё пачалося нанова. Зноў тая ж кампанія, наркотыкі і, як вынік, яшчэ адна спроба вылечыцца ад залежнасці. Тым не менш гэта таксама не дапамагло. Прыехаўшы дадому, 17-гадовы школьнік зноў узяўся за старое.
— Зразумела, што трэці раз стаў апошнім, — пацвярджае Сяргей Уладзіміравіч. — Цярпенне на гэты раз скончылася нават у бацькоў. Зараз малады чалавек, які нават не паспеў скончыць школу, знаходзіцца ў СІЗА, і якая будучыня яго чакае, думаю, тлумачыць не трэба.
Па словах начальніка ІСН, акрамя школ, актыўна ўзаемадзейнічаюць з участковымі інспектарамі сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы горада. Так, у інтэрнаце аднаго з ліцэяў па ініцыятыве выхавальнікаў у адносінах да навучэнца быў састаўлены пратакол. Прычым не толькі з-за таго, што хлопец прыйшоў у інтэрнат у стане наркатычнага ўзбуджэння. Падчас вобыску ў пакоі, дзе жыў юнак, былі знойдзены некалькі пакецікаў з псіхатропамі. На сённяшні дзень навучэнец знаходзіцца пад арыштам у следчым ізалятары. Рашэнне аб тым, што чакае падлетка, у хуткім часе вынесе суд.
Палажэнне аб узаемадзеянні ІСН і ўстаноў адукацыі пачало працаваць, і гэта сведчыць пра тое, што праблема ўжывання падлеткамі сінтэтычных курыльных сумесей з’яўляецца ўжо прызнанай, агульнай бядой, страшнай хваробай. І, на жаль, імгненна вылечыцца ад гэтай хваробы немагчыма. Але намаганні і кіраўнікоў устаноў адукацыі, і супрацоўнікаў міліцыі павінны быць накіраваны на тое, каб як мага раней выявіць тых навучэнцаў, якія толькі “падселі” на “дызайнерскія” псіхатропы, і дапамагчы ім.
Наталля ДУБІК.