Хто працуе, таму шанцуе

- 11:45Брэстчына

Тое, што на Брэстчыне жывуць працавітыя людзі, — факт, у якім мы з калегамі пераканаліся падчас прэс-туру. І гэта пры тым, што яшчэ не наведалі Століншчыну, дзе практычна на кожным падворку ёсць парнік, а ў тых парніках працавітыя палешукі кожны год вырошчваюць сотні тон агуркоў. Не завіталі мы і на Лунінеччыну, дзе на клубнічных плантацыях бацькі з маленства прывучаюць сваіх дзяцей да працы. Аднак і наведвання сярэдняй школы № 2 Кобрына цалкам хапіла, каб пераканацца, што Брэстчына — працавіты край.

Дасягненні, пра якія расказваў нам калектыў установы на чале з дырэктарам Аляксандрам Яўгенавічам Кудраўцавым, сведчаць пра адно: такіх вынікаў магчыма дасягнуць толькі дзякуючы штодзённай актыўнай, напружанай працы, як фізічнай, так і інтэлектуальнай. “Хто працуе, таму шанцуе”, — гавораць у народзе. Хаця што значыць шанцуе? А магло і не пашанцаваць? Не, у таго, хто працуе, заўсёды ўсё атрымліваецца. Калі шчыра, самааддана працуеш, абавязкова будзе поспех, дабрабыт. Адным словам, трэба працаваць, што і робіць калектыў настаўнікаў і вучняў 2-й кобрынскай школы. У гэтым журналісты “Настаўніцкай газеты” пераканаліся ў першыя хвіліны знаёмства з навучальнай установай.

Пачалося знаёмства з экскурсіі па спартыўнай зале. Толькі працавітымі рукамі настаўнікаў і тэхнічных работнікаў можа быць створана такая цудоўная спартзала. Нават не зала, а манеж — настолькі нас уразілі памеры гэтага спартыўнага памяшкання. Тут і валейбольная, і футбольная, і баскетбольная пляцоўкі, і месца для заняткаў турызмам. Нядзіўна, што ў манежы з раніцы і да позняга вечара не сціхаюць галасы і судзейскія свісткі. Стапрацэнтная занятасць вучняў 2-й кобрынскай школы ў дадатковай адукацыі забяспечваецца ў тым ліку дзякуючы спартыўнаму манежу, тым гурткам і секцыям, якія працуюць на яго базе.

Ганарыцца калектыў школы не толькі памерамі спартзалы, але і спартыўнымі дасягненнямі, якія, безумоўна, былі б немагчымы без якаснай трэніровачнай базы. Пачынаючы з 2010 года ў раённай спартакіядзе работнікаў адукацыі кобрынская школа № 2 рэгулярна становіцца пераможцай. Дзякуючы манежу, установа зарабляе і добрыя пазабюджэтныя сродкі. У тым ліку на гэтыя сродкі ў 2008 годзе быў праведзены капітальны рамонт будынка школы (аднаго з найстарэйшых у Кобрыне, які пачаў узводзіцца яшчэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя). Ганарацца настаўнікі і вучні таксама дасягненнямі ў спартыўным турызме. Вучні з’яўляюцца членамі раённай каманды і рэгулярна ўдзельнічаюць у абласных турыстычных спаборніцтвах.

Усе дзеці — даследчыкі па сваёй прыродзе, у іх ёсць прага да прыгод, таму важна правільна скіроўваць гэтую прагу, што ўмела і робяць кобрынскія настаўнікі. Нездарма іх дэвізам з’яўляюцца такія словы: “Не ўсе дзеці геніяльныя, але ўсе таленавітыя”. А яшчэ ўсе вучні сярэдняй школы № 2 Кобрына працавітыя. Праяўляецца гэтая якасць у акцыі “Збяром макулатуру разам”. Кожнага хвалюе праблема нерацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, кожны разумее, што ўся непатрэбная папера павінна быць зноў перапрацавана і выкарыстоўвацца паўторна. Перапрацоўка металалому таксама мае вялікае эканамічнае і экалагічнае значэнне. Штогод калектыў 2-й кобрынскай школы ўдзельнічае ў абласным конкурсе “Захавай дрэва — збяры макулатуру!”. У канцы года ў актавай зале ўстановы праходзіць узнагароджанне ўдзельнікаў акцыі па зборы другаснай сыравіны. Самым актыўным ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаюцца памятныя сувеніры.

Самы спрыяльны час для прывіцця працавітасці — гэта лета. Канечне, многае залежыць ад бацькоў, але і школа не павінна заставацца ў баку ад такой справы. Чатыры гады запар на базе ўстановы працуе летні лагер працы і адпачынку “Працуючая краіна 52/24”. Колькасць дзяцей у лагеры штогод павялічваецца. “Мы не адразу прыйшлі да такога выніку. Усё новае заўсёды выклікае насцярожанасць, аднак, дзякуючы зладжанай рабоце педагагічнага калектыву, прадуманай арганізацыі вольнага часу, лагер працы і адпачынку сёння карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод падлеткаў і іх бацькоў. Праз такі лагер мы прывіваем дзецям працоўныя навыкі, якія абавязкова спатрэбяцца ў дарослым жыцці. Гэта і добраўпарадкаванне прысядзібнай тэрыторыі, і рамонт будынкаў, і догляд раслін”, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Аляксандраўна Вышынская.

На летніх канікулах праз дзейнасць лагера ў падлеткаў фарміруецца каштоўнаснае стаўленне да матэрыяльнага асяроддзя, хлопцы і дзяўчаты вучацца рацыянальна арганізоўваць і праводзіць вольны час, развіваюцца іх камунікатыўныя навыкі. Каб быць залічаным у лагер, неабходна ўдасканальвацца, працаваць над сабой (калі падлетак курыць, значыць, ён павінен пазбавіцца гэтай звычкі; калі ў яго слабая паспяховасць у вучобе, значыць, павінен падцягнуцца). Падлеткі вучацца працаваць, як дарослыя, атрымліваюць заработную плату, ім уручаецца працоўная кніжка і страхавое пасведчанне, яны вучацца самастойна распараджацца заробленымі грашыма. У 2016 годзе лагер стаў пераможцам у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе ў намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэй”.

У лагера працы і адпачынку нездарма арыгінальная назва. 52/24 — гэта геаграфічныя каардынаты сярэдняй школы № 2 Кобрына. Калі вы хочаце пераканацца, што на Брэстчыне жывуць працавітыя людзі, — калі ласка, прыязджайце. Геаграфічныя каардынаты, куды ехаць, вы ведаеце.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.