У Мінску на базе гарадскога Палаца дзяцей і моладзі прайшоў 44-ы гарадскі злёт юных інспектараў руху “Зялёная хваля”, прысвечаны 100-годдзю МУС. Конкурс праводзіцца з мэтай прапаганды захавання правіл дарожнага руху сярод дзяцей і падлеткаў, прывіцця навыкаў бяспечных паводзін, а таксама папярэджання дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму.
Традыцыйна каманды кожнага раёна Мінска змагаліся за перамогу і права прадстаўляць сталіцу на рэспубліканскім этапе злёту, які пройдзе з 24 па 27 мая ў Барысаве.
У першы дзень злёту школьнікі спаборнічалі ў веданні правіл дарожнага руху, аказанні першай дапамогі, фігурным ваджэнні веласіпеда. Таксама юныя інспектары руху паказалі агітацыйна-мастацкія выступленні, ролікі аб рабоце атрада за бягучы навучальны год. У другі конкурсны дзень трэба было справіцца з адным з самых складаных этапаў злёту — ваджэннем веласіпеда ва ўмовах, аналагічных рэальнаму дарожнаму руху. Кожны ўдзельнік злёту праехаў па імправізаваным аўтагарадку, выкарыстоўваючы свае веды дарожнай разметкі і знакаў, сігналаў рэгуліроўшчыка і правіл руху. Пазней адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця і ўзнагароджанне ўсіх удзельнікаў злёту. У якасці ганаровых гасцей на цырымоніі прысутнічалі ветэраны органаў унутраных спраў, прадстаўнікі УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама і камітэта па адукацыі, шматлікія сацыяльныя партнёры свята.
У выніку ў мнагаборстве “Юны інспектар” перамагла каманда Савецкага раёна (сярэдняя школа № 53). У мнагаборстве “Юны прапагандыст” перамога дасталася Кастрычніцкаму раёну, які прадстаўлялі навучэнцы школы № 30.
Па выніках двух мнагаборстваў 3-е месца заняў атрад ЮІР сярэдняй школы № 81 Фрунзенскага раёна. 2-е месца — у хлопчыкаў і дзяўчынак з атрада з 53-й школы Савецкага раёна. Атрад з Савецкага раёна да гэтага 8 гадоў запар атрымліваў перамогу на гарадскіх злётах і 5 разоў станавіўся пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў юных інспектараў руху.
1-е месца ва ўпартай барацьбе заваявалі ўдзельнікі атрада ЮІР школы № 30 Кастрычніцкага раёна Мінска.
Вікторыя ЦАРУК,
старшы інспектар па АіП АДАІ Кастрычніцкага РУУС Мінска.