І адпачыць,і папрацаваць

- 9:28Планёрка ў рэгіёне, Суразмоўца, Суразмоўца

Летам гэтага года 180 навучэнцаў устаноў адукацыі Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў сумесна з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва будуць удзельнічаць у праграме “Другасная занятасць”. Пра гэта расказаў начальнік раённага аддзела адукацыі Анатоль Міхайлавіч Карпіцкі.

— Чым будуць займацца падлеткі?

— Перш за ўсё, гэта рамонты будынкаў школы, мэблі ў памяшканні школы, платоў, падлог. Моладзь бу­дзе добраўпарадкоўваць і азеля­няць тэрыторыю, саджаць дэкаратыўныя кусты. Плануецца асвоіць каля 110 000 рублёў са сродкаў абласнога бюджэту. У мінулым годзе ў такой праграме з поспехам прынялі ўдзел 90 юнакоў і дзяўчат.   

— Дзе яшчэ працуюць вашы вучні летам? 

— Мы запрашаем іх у лагеры працы і адпачынку. Заключаем дагаворы па працоўнай занятасці мола­дзі з Лепельскім лясгасам, дзе дзеці даглядаюць расліны, робяць праполку, паліў, абрэзку і г.д. Падобную занятасць прадастаўляюць нашы прадпрыемствы па аказанні жыллё­ва-камунальных паслуг і Лепельскі малочна-кансервавы камбінат. Ёсць вучні, гатовыя працаваць на агульную справу на бязвыплатнай аснове. У мінулым годзе гімназія імя І.М.Ерашова арганізавала палатачны лагер эколага-краязнаўчага профілю сумесна з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Дзеці ачышчалі лес, вадаёмы, вялі растлумачальную работу з насельніцтвам аб правільнай утылізацыі бытавых адходаў, недапушчальнасці выпальвання сухой расліннасці, дапамагалі састарэлым жыхарам вёсак, добраўпарадкоўвалі магілы загінуўшых воінаў. Вучні Слабадской сярэдняй школы праводзілі раскопкі стаянкі бронзавага веку ў палатачным лагеры сумесна з супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. 

— Вашы старшакласнікі атрымліваюць прафесіі? 

— Для вучняў 10—11 базавых класаў арганізавана прафесійная пад­рыхтоўка на базе Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа па прафесіі садоўніка 2-га разраду, слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання 1-га разраду і аператара электронна-вылічальных машын 4-га разраду. 

— Але ж большасць навучэнцаў, напэўна, выбірае шлях да паступлення ва ўніверсітэты?  

— Так, 87 працэнтаў старшакласнікаў вывучаюць прадметы на павышаным узроўні. Штогод у кожнай сярэдняй школе раёна адкрываюцца профільныя класы і фарміруецца адзін раённы 10 клас для вучняў, якія займаюцца на базавым узроўні. У гэтым навучальным годзе базавы клас быў адкрыты ў сярэдняй школе № 1.  

Летась Лепельскі раён заняў 1-е месца ў абласным рэйтынгу па выніках ЦТ.

— Раскажыце пра найбольш папулярны напрамак прафесійнай падрыхтоўкі ў раёне. 

— Сёлета ў нас працуюць два 10-я класы аграрнай накіраванасці і тры аграрныя групы. Адпаведнай падрыхтоўкай ахоплены 39 вучняў. У гімназіі імя І.М.Ерашова працуе міжшкольная профільная група аграрнай накіраванасці для адзінаццацікласнікаў пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Кацярыны Уладзіміраўны Шарко. Вучні гэтай групы ўдзельнічалі ў круглым стале, дзе размаўлялі са старшынёй Лепельскага райвыканкама М.Л.Кісялевічам, азнаёміліся з работай асноўных прадпрыемстваў АПК раёна, наведвалі ўстановы вышэйшай адукацыі, якія займаюцца падрыхтоўкай адпаведных спецыялістаў, а таксама паспяхова прадставілі свой раён на форуме класаў аграрнай накіраванасці ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці. У планах — адкрыццё міжшкольнай профільнай групы педагагічнай накіраванасці на базе сярэдняй школы № 3. 

— Ці радуюць вас вынікі паступлення выпускнікоў? 

— 76 працэнтаў з іх залічаны ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Летась Лепельскі раён заняў 1-е месца ў абласным рэйтынгу па выніках ЦТ. Выпускнік сярэдняй школы № 3 Іван Юшкевіч стаў уладальнікам 100-бальнага сертыфіката па хіміі. Гімназіст Сяргей Лапёнак як пераможца трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды атрымаў 100-бальны сертыфікат па біялогіі. Выпускнікі выбіралі тэхнічныя, медыцынскія, педагагічныя і эканамічныя спецыяльнасці. 

— Якія іншыя значныя падзеі для сістэмы адукацыі раёна адбыліся за апошні год? 

— У 2021 годзе была падпісана праграма супрацоўніцтва паміж аддзе­лам адукацыі і Лепельскім благачыннем Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы на 2021—2025 гады. З 1 верасня мінулага года чатыры нашы школы сталі ўдзель­нікамі рэспубліканскіх праектаў, яшчэ 12 устаноў пачалі рэалізоўваць абласныя праекты. Значнай падзеяй для раёна летась стала адкрыццё “Школы міру” на базе сярэдняй школы № 3 і ясляў-сада № 9.

Ва ўстановах адукацыі сёлета арганізавана работа валанцёрскіх (добраахвотных) атрадаў без уліку валанцёрскіх атрадаў БРПА і БРСМ, якія рэалізуюць 15 сацыяльных праектаў. Па рашэнні Віцебскага абласнога аддзя­лення Беларускага дзіцячага фонду вучаніцы сярэдняй школы № 1 Лепеля Лізавеце Клавовіч у 2021 го­дзе прысуджана штогадовая прэмія за высокія дасягненні ў галіне культуры і мастацтва. Для нас важна, што вопыт работы кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні гімназіі імя І.М.Ера­шова Андрэя Леанідавіча Зінкевіча быў прадстаўлены ў красавіку ў Полацку на абласным семінары-практыкуме з удзелам міністра адукацыі. 

На працягу 2021/2022 навучальнага года трое нашых вучняў займаліся ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. 5 дыпломаў заваявалі нашы школьнікі па выніках абласнога этапу XV Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон-2021”. Ганарымся мы і сваімі дашкольнікамі. На рэспубліканскім конкурсе экалагічных праектаў “Зялёная школа” дыплом І ступені Міністэрства адукацыі атрымала выхаванка Горскага ясляў-сада Дарына Зюзюн. Нядаўна ў рэспубліканскім конкурсе “Я — даследчык” выхаванец ясляў-сада № 6 Лепеля Дзямід Аўтушка ўзнагароджаны дыпломам І ступені ў намінацыі “Незвычайнае ў звычайным”. 

Надзея ЦЕРАХАВА.